Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў Галяндыі


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Людміла Кальмаева, Алена Кальмаева, Алег Трыфаненкаў

Як вы думаеце, што лучыць беларусаў і жыхароў Галяндыі?

Паслухаем мастачку Людмілу Кальмаеву, якая ўжо 10 гадоў жыве ў гэтай адной з самых заможных краінаў Эўропы, у мястэчку Арнэмаўдэн на беразе Паўночнага мора.

(Людміла Кальмаева: ) “Бульбу яны ядуць, калі вы Ван Гога ўспомніце, у яго ёсьць карціна пра тых, якія ядуць бульбу”.

Маецца на ўвазе знакамітае палатно галяндзкага жывапісца Вінсэнта Ван Гога “Едакі бульбы”, напісанае ў 1885 годзе.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Людміла, але ўсё ж найбольш вядомай нацыянальнай страваю галяндцаў ёсьць сыры?”

(Людміла Кальмаева: ) “Вядома, сыроў вельмі шмат, яны іх ядуць ня так, як мы – бутэрброды ці неяк інакш, яны рэжуць сыры на кавалкі і падаюць на стол да віна ці да іншых напояў”.

Людміла Кальмаева трапіла ў Галяндыю, калі выйшла замуж за галяндца ангельскага паходжаньня Брайена. Гісторыя іх сужэнства была не зусім звычайнай.

(Людміла Кальмаева: ) “Мая маці займалася радыёаматарствам, і ён таксама быў радыёаматарам, яны пазнаёміліся ў эфіры. Потым ён пісаў лісты, ён вельмі цікавіўся нашай краінаю і папрасіў дазволу, каб прыехаць, Ён прыехаў, і мы сустрэліся.

Спачатку жылі ў Менску , а потым ён мне кажа, што, можа, хочаш у Галяндыю паехаць. Я падумала, што цікава паглядзець другую краіну. А яшчэ такая думка ўзьнікла, што калі чалавек жыве ў адной краіне, ён быццам бы адно жыцьцё мае, а калі ён у другую паедзе – усё мяняецца, і гэта магчымасьць пражыць яшчэ адно жыцьцё”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Людміла, вы былі прафэсійнай мастачкаю ў Беларусі. Ці давялося займацца творчай працаю і на чужыне?”

(Людміла Кальмаева: ) “Тут давялося пачынаць, як студэнтцы, на вуліцы сядзець і партрэты маляваць. Было вельмі цяжка спачатку, ты павінен сам сабе стварыць спачатку асяродзьдзе. Мяне ніхто ня ведаў, а калі я пачала на вуліцы партрэты маляваць, то людзі мяне пачалі пазнаваць і ўжо крычаць мне: “О, прывітаньне, Людміла, ты добрыя партрэты робіш”. І так я займела шмат сяброў і знаёмых. Гарадок маленькі, і я там вельмі хутка стала вядомай”.

(Карэспандэнт: ) “Ці Вы далучыліся там да творчай грамадзкасьці?”

(Людміла Кальмаева: ) “У іх ня так, як у нас – творчы саюз. Калі я прыехала, адразу пацікавілася, дзе там прафэсійныя мастакі, як яны рэгіструюцца. Я зарэгістравалася, для мяне гэта было лёгка, бо там прафэсійным мастаком лічыцца той, хто мае вышэйшую адукацыю і працуе ў гэтай галіне, зарабляе грошы сваёй працай. Я хоць і невялікія грошы зарабляла, але займалася толькі гэтым. Але ж, гэтая рэгістрацыя адно азначае, што ты ўжо лічышся ў сьпісах і табе дасылаюць інфармацыю, больш нічога”.

(Карэспандэнт: ) “А пэрсанальныя выставы, ёсьць нейкая дапамога мастакам?”

(Людміла Кальмаева: ) “Сам усё шукаеш. Выставу зрабіць – памяшканьне шукаеш. Я кожны год некалькі выставаў раблю, калі ёсьць нешта новае – стараюся адразу паказаць.

Я маю майстэрню і даю прыватныя ўрокі. Майстэрня ў галяндзкім млыне. Я вельмі доўга шукала, цяжка знайсьці, чакала доўга, пакуль рамантавалі гэты млын. Урэшце рэшт атрымала яго, ужо год там сяджу і вельмі, вельмі шчасьлівая”.

Алена Кальмаева – пляменьніца сп. Людмілы Кальмаевай – прыехала ў Галяндыю паўтара году таму ў гасьціны да цёткі. На Радзіме Алена мела спэцыяльнасьць мэдычнай сястры і 4 гады адвучылася ў Акадэміі спорту па спэцыяльнасьці рэабілітоляга. З такой падрыхтоўкай яна хутка знайшла працу па вядомай міжнароднай праграме AUPAIR і стала даглядаць дзяцей у адной галяндзкай сям’і. Паступова авалодала моваю і пачала думаць аб навучаньні.

(Алена Кальмаева: ) “Паслала свае дакументы у вышэйшую школу. У іх ёсьць некалькі узроўняў адукацыі, прыкладна тры ўзроўні – адзін вельмі нізкі, другі больш высокі – гэта як бы сярэдне-прафэсійная адукацыя, і самы высокі – вышэйшая прафэсійная адукацыя. Я падала свае дакумэнты на вышэйшую адукацыю. Я ужо была мэдсястра, таму мяне прынялі, але выхадцаў з былога СССР ня вельмі ахвотна прымаюць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці трэба было здаваць нейкія экзамэны?”

(Алена Кальмаева: ) “Здача ўступных экзаменаў, як правіла, не практыкуецца. Пасылаеш свае дакумэнты, навучальная ўстанова разглядае, наколькі яны падыходзяць, Адзінае, калі яны лічаць тваю папярэднюю адукацыю недастатковай, тады прапануецца здаць некалькі ўступных экзамэнаў. Яны патрабуюць, каб ты або здаў экзамэн па мове, або патрабуюць дакумэнты аб тым, што ты раней здаваў недзе экзамен па ангельскай”.

(Карэспандэнт: ) “За навучаньне мусіце плаціць, якія прыкладна кошты?”

(Алена Кальмаева: ) “Навучаньне платнае, гледзячы дзе, некаторыя ўнівэрсытэты бяруць адразу поўны кошт навучаньня за год – гэта каля 5-6 тысяч эўра плюс кошт падручнікаў, жытла, харчаваньня і г.д. Некаторыя ўнівэрсытэты бяруць такі ж самы кошт з нашых, як і з галяндцаў, гэта прыкладна 1300 эўра за год. Кнігі каштуюць прыкладна 1 тысячу”.

(Карэспандэнт: ) “Як бачна, трэба мець сродкі, каб вучыцца”.

(Алена Кальмаева: ) “Вельмі складана было, амаль год адпрацавала па AUPAIR, усе грошы, якія я атрымлівала на кішэнныя расходы, я беражліва зьбірала. Як раз той сумы, якая сабралася за год, было дастаткова, каб заплаціць за год навучаньня і кнігі.

Галяндзкая сям’я пажылых людзей была ня супраць, каб я жыла ў іх, мне ня трэба было плаціць за харчаваньне і пражываньне, я павінна была дапамагаць ім па гаспадарцы”.

(Карэспандэнт: ) “Ці маюць студэнты магчымасьць працаваць?”

(Алена Кальмаева: ) “Працаваць студэнты, у тым ліку і замежнікі, могуць ня больш за 10 гадзін на тыдзень. Але ў мяне такое навучаньне, якое прадугледжвае навучаньне і працу, графік заняткаў пабудаваны так, каб студэнты маглі працаваць.

Я змагла знайсьці працу ва ўстанове, якую можна параўнаць з нашай паліклінікаю, але не кліенты прыходзяць туды, а мы едзем да кліентаў. Такім чынам можна зарабляць, кожны месяц патрошку, і ў мяне будзе чым заплаціць за наступны год навучаньня”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Алена, пакуль вы – студэнтка, а ў будучыні – якая магчымасьць будзе працаваць?”

(Алена Кальмаева: ) “Тут мэдсёстраў не хапае, як і паўсюдна ў Эўропе, але выхадцаў з былога СССР ня вельмі ахвотна бяруць.

Для працы трэба, каб працадаўца выклікаў па спэцыяльным запрашэньні, і пасьля трэба рабіць дазвол на працу. Я знаходжуся тут па дазволу на навучаньне”.

(Карэспандэнт: ) “Вы сказалі, што выхадцаў з былога СССР ня хочуць браць на працу, можа, справа тут у горшай падрыхтоўцы?”

(Алена Кальмаева: ) “Што да мэдычнай адукацыі, то ў нашай краіне, я лічу, яна даецца на добрым узроўні. Адукацыя нашых мэдсясьцёр такая ж самая, калі ня лепшая.

Што да дыплёмаў мэдычных, то лекараў яны ўвогуле не прызнаюць, ні ў якой ступені. З дыплёмам мэдсястры тут можна працаваць нянькаю ці па дагляду, пры гэтым яшчэ трэба валодаць мовай. Як мэдсястрою працаваць, то – не і не. Я падавала свае дакумэнты таксама, але – не, адмова”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Алена, вы як іншаземка ў Галяндыі што можаце сказаць пра стаўленьне там да чужынцаў?”

(Алена Кальмаева: ) “У цэлым я лічу, што яны вельмі добразычліва і прыветна ставяцца да іншаземцаў, як ў ніякай іншай з эўрапейскіх краінаў”.

Добрыя адносіны беларуска Алена Кальмаева адчувае да сябе і ў сваім мястэчку Борсэлэ на ўзьбярэжжы Паўночнага мора, дзе цяпер жыве.

Яшчэ адзін студэнт зь Беларусі, Алег Трыфаненкаў, трапіў у Галяндыю па запрашэньні на вучобу ў кансэрваторыю, што ў горадзе Гронінген. Гэтае запрашэньне ён, піяніст, студэнт Беларускай акадэміі музыкі, атрымаў пасьля таго, як пасьпяхова выступіў на адным зь міжнародных конкурсаў.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Алег, ці не цяжка Вам спраўляцца з новай сыстэмаю навучаньня?”

(Трыфаненкаў: ) “Гэта ня проста, але ёсьць шмат плюсаў. Вучыцца тут нашмат лягчэй, тут больш пэрспэктываў і магчымасьцяў. У сваёй краіне мы аказваемся абсалютна незапатрабаванымі людзьмі, якія нікому не патрэбныя”.

(Карэспандэнт: ) “Вы сказалі, што вучыцца там лягчэй, як у такім выпадку выглядае здалёк сыстэма музычнай адукацыі ў Беларусі?”

(Трыфаненкаў: ) “Сыстэма музычнай адукацыі ў нас значна лепшая, тут практычна адсутнічае пачатковая музыкальная адукацыя, а ў нас яна вельмі, вельмі добра разьвітая.

Тут больш шансаў чаго-небудзь дасягнуць, людзі тут больш цікавяцца клясічнай музыкай, у іх для гэтага больш магчымасьцяў”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта азначае, што музыкантам там прасьцей знайсьці працу, як яны пачуваюцца там ўвогуле?”

(Трыфаненкаў: ) “Калі гаварыць пра музыкантаў, якія граюць на інструмэнтах, што патрэбныя ў аркестры, то, сапраўды, працу дастаць можна, калі выйграць конкурс на вакантнае месца.

Музыкант, незалежна ад таго, галяндзец ён ці замежнік, калі ён, напрыклад, працуе ў аркестры, ён атрымлівае ўсе гарантыі нароўні з грамадзянамі Галяндыі. Ён мае добрае мэдычнае страхаваньне, ён не павінен плаціць нічога, страхоўка аплочвае ўсё, улучна з мэдыкамэнтамі, нават супрацьзачатачныя таблеткі. Як правіла, музыкант, які працуе ў аркестры, мае пажыцьцёвы кантракт, які можна перапыніць толькі з прычыны прафэсійнай непрыдатнасьці альбо па ўласным жаданьні”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Алег, пэўна, вы цікавіцеся і палітычным жыцьцём у Галяндыі. Як грамадзтва там успрымае нядаўняе забойства вядомага палітыка Піма Фартайна, на пахаваньне якога ў мінулую пятніцу прыйшлі дзясяткі тысяч чалавек?”

(Трыфаненкаў: ) “Тут кажуць, што гэта самая буйная палітычная падзея ў жыцьці Галяндыі пасьля другой усясьветнай вайны. У яго было не настолькі шмат прыхільнікаў, але Галяндыя зараз знаходзіцца ў поўным шоку, і ўсе як адзін гавораць, што які б чалавек ні быў, забіваць – гэта апошняя справа”.

(Карэспандэнт: ) “Магчыма, каб усё беларускае грамадзтва падобным чынам ставілася да зьнікненьня сваіх вядомых палітыкаў, такім маладым людзям, як вы ці нашая папярэдняя суразмоўца Алена Кальмаева, не даводзілася б пакідаць сваю Бацькаўшчыну, дзе моладзь ня можа рэалізаваць свае магчымасьці?”

(Трыфаненкаў: ) “Я хачу сказаць пра сябе. Гэта, сапраўды, немагчымасьць самарэалізацыі, а па-другое, я абсалютна не хаваю сваіх меркаваньняў: у Беларусі жыве адзін чалавек, зь якім я не хачу жыць у адной краіне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG