Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы Сыбіру: людзі і лёсы


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Алена Сіпакова, Рыгор Красоўскі, Уладзімер Якавенка

Лёс краіны, як у кроплі вады, адбіваецца і ў чалавечых лёсах яе дзяцей. Сёньня мы размаўляем зь беларусамі, якія жывуць у прыбайкальскім горадзе Іркуцку. Яны – прадстаўнікі тыповых плыняў беларускага руху ў Сыбір, якое пачалося яшчэ з паходаў Ярмака і працягнулася ахвярамі вызвольных паўстаньняў, эканамічнага заняпаду беларускіх земляў, войнаў, сталінскіх рэпрэсіяў ды савецкай кадравай палітыкі.

Напачатку прапануем знаёмства з гісторыя сям’і перасяленцаў, якую сёньня прадстаўляе студэнтка Іркуцкага пэдагагічнага ўнівэрсытэту Алена Сіпакова. Алена расла пры бабулі, якая памятала свой род.

(Сіпакова: ) “Усё, што я ведаю, гэта ад маёй бабулі, яна з 1928 году, нарадзілася ўжо тут. Яе бацька і маці са сваімі братамі і сёстрамі прыехалі сюды пасьля 1925 году з Магілёўскай вобласьці. Яны ехалі ў пошуках зямлі, у Беларусі ў іх не было сваёй зямлі. Зь іх вёскі ўжо былі людзі, якія сюды прыехалі раней, першыя перасяленцы прыехалі ў 1910 годзе, па іх расповедах яны таксама сюды прыехалі.

На пасяленьне іх накіравалі ў вёску Марынінск. Гэтая вёска цалкам створана перасяленцамі зь Беларусі. Беларусам давалі месцы, там быў лес, яны самі яго карчавалі, самі плянавалі вуліцы, будавалі сабе хаты, адзін аднаму дапамагалі будавацца, спачатку адной сям’і збудуюць, пасьля другой”.

Вось гэтак “талакою” і будавалася беларуская вёска Марынінск у Заларынскім раёне, чатыры гадзіны язды ад Іркуцку. Мінулай восеньню Алена наведала гэтае месца, дзе некалі жыла сям’я ейнага прадзеда Навума Кузьмянкова.

(Сіпакова: ) “У вёсцы я была першы раз, зайшла ў двор, дзе жыў мой прадзед і дзе потым з бацькамі жыла мая бабуля, я хацела знайсьці якія-небудзь экспанаты – бо калі беларусы сюды прыехалі, яны прывезьлі сюды сваё рамяство, сваю культуру, вырошчвалі лён, каноплі. Прадзед мой быў добры майстра, ён і боты шыў і валёнкі валяў, пчальнік ў яго быў. Ткацкі станок быў, мая прабабуля вельмі дасканала валодала гэтым майстэрствам, у яе былі прыгожыя вырабы. Прадзед мой быў вясёлым чалавекам, умеў пажартаваць, у той жа час ён быў фізычна вельмі моцным, мог куль саломы перакінуць праз страху”.

Беларусы прывезьлі з сабою ня толькі рамёствы, але і сваю культуру ўзаемаадносінаў у сям’і, свой лад жыцьця.

(Сіпакова: ) “Бабуля таксама адзначала, што ў яе бацькоў былі вельмі цёплыя ўзаемаадносіны, яны ніколі ня сварыліся, дзед ніколі матам ня лаяўся. Добрыя адносіны ў яго былі і да дзяцей, і да жонкі. Заўсёды перад ядою яны за сталом маліліся. Уся радня былі музычныя людзі, з пачуцьцём гумару, былі здаровыя, у іх не было ніякіх дрэнных звычак”.

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Алена, а што яшчэ цікавага распавядала Ваша бабуля?”

(Сіпакова: ) “Яна мне распавядала, у якія гульні яны гулялі. Калі яны былі малыя, як не было доўга дажджу, яны рабілі “пахаваньне жабы”. Знаходзілі жабу, прыбіралі яе, сьпявалі песьні, аплаквалі яе, потым хавалі. Пасьля гэтага абраду быццам бы павінен быў пайсьці дождж. Я памятаю, што яна мне яшчэ распавядала пра “гуканьне вясны”. Гушкаліся на арэлях, ляпілі галёпы, песьню сьпявалі “Вясна красна”, на страху залазілі, хадзілі па дварах, касьцёр палілі і яйкі смажылі”.

(Карэспандэнт: ) “Якая асноўная праца карміла беларускіх перасяленцаў?”

(Сіпакова: ) “Асноўнае рамяство, якім займаліся беларусы, – гэта лясныя працы. Карчавалі лес і сплаўлялі па рацэ, гандлявалі лесам, сьлюдою займаліся. У 1936 годзе пачалі стварацца калгасы”.

Праўнучка беларускіх перасяленцаў Алена Сіпакова зараз вывучае беларускую мову і актыўна працуе ў беларускай суполцы.

(Сіпакова: ) “Сваёй мэтаю зараз лічу этнаграфічныя экспэдыцыі. Тут у нас шмат раёнаў, куды перасяляліся беларусы. Я, вядома, пачала з таго раёну, дзе мае карані. У пэрспэктыве трэба аб’ехаць Іркуцкую вобласьць, тут было каля 30 паселішчаў беларусаў. Хочам арганізаваць музэй у Іркуцку”.


* * *
Рыгор Красоўскі мае даўнюю мару – знайсьці сваіх родных у Беларусі, дзе ён ніколі ня быў. Ягоны дзед пакінуў бацькаўшчыну падчас рэвалюцыі й грамадзянскай вайны. Рыгор ня ведае, як гэта было, але ўспаміны дзеда сьведчаць, што сталася гэта не па добрай волі. У 1930-я гады дзед трапіў у жорны рэпрэсіяў.

Спадар Рыгор распавядае:

(Красоўскі: ) “Ён раней служыў тэлеграфістам у штабе 5-й арміі пад камандаваньнем Блюхера, потым працаваў у Новасібірску на галоўпаштамце. Быў арыштаваны ў лютым 1938 году, а ў маі быў расстраляны, у 1957 годзе рэабілітаваны”.

Бацьку спадара Рыгора і ягонай бабулі дасталося ня лёгкае жыцьцё, сем’і “ворагаў народу” былі ізгоямі ў тагачасным савецкім грамадзтве. Некалькі гадоў таму бацька трагічна загінуў якраз у дзень нараджэньня свайго сына. Спадар Рыгор у нашай размове з сумам заўважыў, што іхную сям’ю быццам перасьледуе злы лёс. Драматызму хапае і ў ягоным жыцьці.

(Красоўскі: ) “Я сам быў рэпрэсаваны ў 1985 годзе. Я захапляўся паездкамі і зьбіральніцтвам рэліквіяў, зьвязаных з гісторыяй нашага гораду. У 1985 годзе, 12 ліпеня, да мяне раптоўна прыйшлі супрацоўнікі міліцыі разам з супрацоўнікамі музэю. Усю маю маёмасьць апісалі й канфіскавалі ўсё, а мне далі сем гадоў. Пасьля мяне пад падпіску вызвалілі, пасьля таго, як я шэсьць месяцаў прасядзеў у Іркуцкім СІЗО. У 1990 годзе мяне рэабілітавалі з-за адсутнасьці складу злачынства. Далей я стаў змагацца за справядлівасьць, браў актыўны ўдзел у сэмінарах па правох чалавека. Да гэтага часу я змагаюся і патрабую кампэнсацыі за прычыненыя мне страты”.

Рыгор Красоўскі лічыць, што прычынаю судовага перасьледу сталася ягоная незалежнасьць і грамадзкая актыўнасьць. На завяршэньне нашай размовы мы спыталіся ў спадара Рыгора, ці займае яго сёньняшняе жыцьцё Беларусі?

(Красоўскі: ) “Так, я цікаўлюся – разумееце, голас продкаў, крыві. Мяне пастаянна трывожыць думка, што адтуль мая радня, адтуль наша кроў пайшла. Я лічу, што абавязаны там, у Заходняй Беларусі, пад Городняй, знайсьці хоць некага з нашых родных. А я ведаю, што нашай радні многа. Бацька мой расказваў, што там цэлы населены пункт быў з адных Красоўскіх”.


* * *
Спадар Якавенка мае беларускія карані па бацькоўскай лініі. Ягоны бацька паходзіць з гораду Слаўгараду на Магілёўшчыне, да вайны вывучыўся на ваеннага лётчыка, ажаніўся зь дзяўчынаю са Сталінграду, дзе й нарадзіўся іхны адзіны сын Уладзімер. Па часе лёс наканаваў хлопчыку пабачыць радзіму бацькі. Уладзімер Якавенка ўспамінае:

(Якавенка: ) “Калі пачалася вайна, бамбілі Сталінград, уся мая радня па лініі маці загінула, бомба папала якраз у дом. Засталіся толькі маці, я і ейная сястра. І вось маці сабралася і пайшла – якім чынам яна прайшла, я не магу сказаць, але яна прайшла праз пазыцыі савецкіх войскаў, празь нямецкія войскі й прыйшла да бацькоў мужа, майго бацькі, у Беларусь, немцы ўжо былі там. Яна ўладкавалася на працу ў камэндатуру, добра ведала нямецкую мову, умела друкаваць. Там яна працавала да таго часу, пакуль немцы не даведаліся, што яна зьяўляецца жонкай афіцэра. Пасьпелі мясцовыя партызаны яе, ейную сястру, мяне і бацькоў майго бацькі пераправіць у лес. Так мы трапілі ў партызанскі атрад старшага лейтэнанта Дзямідава. Гэты лейтэнант пасьля вайны быў міністрам культуры Літвы”.

(Карэспандэнт: ) “Такім чынам, вам удалося выратавацца з дапамогаю партызанаў, а што было далей?”

(Якавенка: ) “У 1943 годзе, калі савецкія войскі наступалі ў Беларусі, яны кінуліся ў гэтую “кашу”, папалі ў кацёл паміж нямецкімі й нашымі войскамі і там амаль усе загінулі. Пасьля вайны быў такі фільм “Трое выйшлі зь лесу” пра лёс гэтага партызанскага атраду. Загінула там і мая маці.

Перад тым, як ісьці на злучэньне са сваімі, партызаны адправілі зь лесу нас усіх – старых, дзяцей і жанчын. Мы трапілі да немцаў. Там нічога страшнага не было. Хутка прыйшлі нашы войскі. У Слаўгарадзе арганізавалі дзіцячы дом – я трапіў туды разам зь сястрою маці, мая цётка старэйшая за мяне ўсяго на сем гадоў. Былі мы там да 1946 году, пакуль бацька нас не знайшоў.

У 1981 годзе я пабываў у гэтым дзіцячым доме, дырэктарам быў там наш ранейшы дырэктар, ён мяне пазнаў. Мы зь ім разам шукалі магілку маёй маці, знайшлі”.

(Карэспандэнт: ) “Ці памятаеце Вы сваю маці, з Вашага аповеду яна выглядае даволі гераічнай жанчынай – з двума малымі дзецьмі яна адважылася шукаць паратунку не за Ўралам, а ў акупаванай Беларусі?”

(Якавенка: ) “З фотаздымка яе, дзе я сфатаграфаваны зь ёю 14 чэрвеня 1941 году. Калі яна загінула, мне было трохі больш за тры гады, і я яе ня памятаю. Бацька ажаніўся другі раз, на гераічнай жанчыне – яна ўсю вайну адлятала на самалёце, тыя “начныя ведзьмы” – знакаміты жаночы полк начных бамбардоўцаў”.

Бацька забраў сына на сваё новае месца службы, і далейшае жыцьцё Ўладзімера Якавенкі ўжо не было зьвязанае зь Беларусьсю. Спадар Уладзімер працягвае:

(Якавенка: ) “Бацька завёз мяне пад Ленінград. Потым я паступіў у Маскоўскі энэргетычны інстытут, скончыў яго і па разьмеркаваньню паехаў на будаўніцтва Брацкай ГЭС. Калі гаварыць коратка пра месцы працы, то я працаваў у буйной будаўнічай арганізацыі “Брацкгрэсстрой”, якая пабудавала Брацкую ГРЭС, Усьць-Ілімскую, Брацкі алюмініевы завод, некалькі гарадоў – Брацк, Жалезнагорск, мы пабудавалі й Бярозаўскую ГРЭС. Я там адпрацаваў больш як 20 гадоў. 11 гадоў адпрацаваў на Брацкім алюмініевым заводзе, зь іх шэсьць гадоў – камэрцыйным дырэктарам. У 1992 годзе стаў першым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Іркуцкай вобласьці. Працаваў амаль шэсьць гадоў, у 1997 годзе адышоў”.

Цяпер спадар Якавенка – старшыня рады дырэктароў аднаго з найбуйнейшых банкаў – “Байкал Анэксім Банк”. Калі ў Іркуцку стварылася беларуская суполка, ён стаў дабрадзеем аб’яднаньня. Менавіта ён, а ня банк, ахвяруе на беларускія справы грошы. За ягоныя сродкі выдаецца і бюлетэнь-газэта “Маланка”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Уладзімер, большасьць вашага жыцьця прайшла далёка ад Беларусі. Што сёньня для Вас і Вашых дзяцей краіна, адкуль ідуць карані Вашага роду?”

(Якавенка: ) “Я цікаўлюся ўсім, што адбываецца ў Беларусі. Працэсы там ідуць ня простыя... У мяне двое дзяцей. Сын, калі вучыўся ў школе, інакш як беларусам сябе нідзе не запісваў, калі яму пашпарт першы выдавалі, ён напісаў – беларус. Беларус, і ніяк іначай!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG