Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Успаміны блізкіх людзей пра вядомых беларускіх дзеячаў у замежжы


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельніцы: Раіса Жук-Грышкевіч (Канада), Вольга Сяднёва (ЗША), Галіна Войцік (Вільня)

Размова з трыма музамі беларускай эміграцыі, якім наканаваў лёс быць поплеч зь вядомымі ў беларускай гісторыі людзьмі. Яны былі жонкамі, а цяпер засталіся ўдовамі. Паслухаем іхныя ўспаміны. Спадзяемся, што гэтыя фрагмэнты-замалёўкі дададуць нешта новае да знаёмых вам вобразаў.

Першую нашу суразмоўцу, спадарыню Раісу Жук-Грышкевіч, добра ведаюць на эміграцыі і ў Беларусі як шматгадовую старшыню Каардынацыйнага камітэту беларусаў Канады. Жыцьцёвыя дарогі зьвялі яе некалі зь беларускім хлопцам, а ў будучыні – прэзыдэнтам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Вінцэнтам Жук-Грышкевічам.

Спадар Вінцэнт з маладосьці аддана служыў беларускай справе і яшчэ зь віленскага незалежніцкага асяродку быў знаёмы зь сястрою спадарыні Раісы – Валянцінай Пашкевіч, будучай аўтаркай ангельска-беларускага слоўніка. Усе яны трое па вайне аказаліся на чужыне. Паслухаем спадарыню Раісу:

(Жук-Грышкевіч: ) “Калі ён прыехаў у Канаду, дык найперш ён шукаў Валю, знайшоў. Калі мы пазнаёміліся, то я адразу заўважыла, што гэты чалавек зусім іншы ад тых сяброў, якіх я знала. На твары Вінцука адразу быў відаць зьмест і інтэлігентнасьць, зьмест душы ў твары. І як ён гаварыў – павольна, дакладна, прыгожа. Адным словам, мне адразу ён спадабаўся, як нейкі надзвычайны чалавек. Мы сталі сустракацца”.

Далейшы лёс маладой пары зьвязаны з пачаткам дзейнасьці Беларускай службы Радыё Свабода, якое мела тады назву Радыё “Вызваленьне”.

(Жук-Грышкевіч: ) “Рада БНР і Мікола Абрамчык дамаўляліся з амэрыканскім камітэтам, каб мець беларускую сэкцыю ў Радыё “Вызваленьне”. Арганізаваць справу ён паслаў адразу Вінцука, бо ведаў, што ён добры арганізатар. Тады мы пажаніліся і ён паехаў у Нямеччыну, у Мюнхен, я пасьля далучылася да Вінцука. Ён быў добрым кіраўніком, і яго запрасілі застацца на другі год, пасьля другога году мы вярнуліся ў Канаду”.

Спадарыня Раіса згадала пра тое, што яе муж з выгляду быў сур’ёзны і стрыманы, але па натуры гэта быў рухавы, сьмелы, няўрымсьлівы чалавек, якога вабіла ўсё незвычайнае. Вось фрагмэнт зь іхнага жыцьця ў Канадзе:

(Жук-Грышкевіч: ) “На лета мы езьдзілі ў адпачынак на Фрэнч Рывэр. Там была вельмі цікавая дзікая прырода. Берагі высокія, гарыстыя, рака бурная, вельмі глыбокая. Вінцук наймаў лодачку, звычайную. Мы ўдвох сядаем, я ня ўмею плаваць, баюся, а Вінцук упэўнены такі ў сабе, не баіцца ніякіх бураў. Лавілі рыбу”.

Усё жыцьцё сям’і Вінцэнта і Раісы Жук-Грышкевічаў прайшло ў клопатах пра захаваньне беларускага жыцьця на эміграцыі й непасрэдна ў Канадзе. Спадарыня Раіса распавяла пра гісторыю беларускага сьцяга ў Таронта, што вывешваўся штогоду каля ратушы. Арганізатарам гэтай справы быў спадар Вінцэнт.

(Жук-Грышкевіч: ) “У 1970 годзе прыйшла думка папрасіць дазволу, каб узьняць на 25 Сакавіка бел-чырвона-белы сьцяг ля ратушы ў Таронта. Дамовіліся, дэлегацыя беларуская занесла адпаведнага памеру бел-чырвона-белы сьцяг, прадстаўнік улады прыняў яго афіцыйна – і 25 сакавіка ад усходу да захаду сонца ён узьвіваўся. У газэтах мы падалі праклямацыю пра 25 Сакавіка як Дзень незалежнасьці Беларусі. Камуністы канадыйскія выказалі пратэст супроць гэтага. З таго часу кожны год сьцяг быў узьняты 25 сакавіка і друкавалася праклямацыя, але гаварылася ўжо пра “Беларускі дзень”.

31 год бел-чырвона-белы сьцяг перахоўваўся і ўздымаўся. У гэтым годзе мы папрасілі, нам сказалі: “Добра, але ў нас няма сьцягу”. Як няма сьцягу? Праз 31 год ён перахоўваўся, а цяпер ён зьнік? Перад 25 Сакавіком царква пазычыла нам сьцяг, і наш старшыня занёс яго, каб вывесілі”.

Гістарычным сымбалем былі асьвечаны і апошнія хвіліны жыцьця прэзыдэнта Рады БНР Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Ягоная ўдава прыпамінае:

(Жук-Грышкевіч: ) “У апошнюю ноч перад сьмерцю ён быў ужо амаль непрытомны, і ён раптам кажа: “Які вялізны бел-чырвона-белы сьцяг!” Тады я гэта так запомніла і як толькі ён памёр, я заказала зрабіць гэты вялізны бел-чырвона-белы сьцяг і паставіла яго ў пахавальным доме перад труною.

І пасьля, як прыяжджала кожны год адведаць яго магілку ў ЗША, кожны раз я прывозіла новы бел-чырвона-белы сьцяг, і кожны раз праз цэлы год ён там стаяў”.


* * *
Вольга Сяднёва, удава паэта і празаіка Масея Сяднёва, сустрэлася са сваім будучым мужам на пачатку эмігранцкага жыцьця, калі беларускія ўцекачы жылі ў лягерах дэпартаваных асобаў у Нямеччыне. Гаворыць Вольга Сяднёва:

(Сяднёва: ) “Калі я была ва ўнівэрсытэце ў Марбургу, наша група студэнтаў езьдзіла па лягерох, мы сьпявалі беларускія песьні. У лягеры Міхельсдорф я спаткалася зь ім”.

Празь некаторы час дзяўчына атрымала ад будучага паэта прапанову рукі й сэрца, але са шлюбам давялося пачакаць. Яны пабраліся ўжо ў ЗША, куды выехалі кожны паасобку. Па словах Вольгі, напачатку іх сямейнае жыцьцё складалася даволі цяжка, не было працы. У гэтай сытуацыі яна аказала добрую падтрымку мужу.

(Сяднёва: ) “Выпадкова я знайшла ў газэце аб’яву, што патрэбныя людзі, якія могуць выкладаць расейскую мову ва ўнівэрсытэце. Ён паслаў сваю заяву, яму прыслалі выклік, і мы паехалі ў Індыяну. Там пражылі сем гадоў.

У Нью-Ёрку быў зьезд выкладчыкаў, ён паехаў туды. Там з Радыё Свабода прыйшоў чалавек, які ўзяў у Масея інтэрвію, паслаў гэтае інтэрвію ў Мюнхен. У Мюнхене яго праслухалі й сказалі, што такі чалавек ім патрэбен”.

Так спадар Масей трапіў на працу ў Беларускую рэдакцыю Радыё Свабода, а потым зрабіўся яе кіраўніком.

(Сяднёва: ) “Там прабылі 16 гадоў, потым вярнуліся назад. Ён ужо пайшоў на пэнсію”.

Для Масея Сяднёва далей настаў час, калі ён мог цалкам аддаць сябе літаратурнай творчасьці.

(Сяднёва: ) “Ён сядзеў па 8–10 гадзін за сталом і пісаў. Напісаў “Ачышчэньне агнём”, “І гэты дзень надышоў”, “А часу больш, чым вечнасьць” і скончыў “Рамана Корзюка” – гэты апошні раман ён доўга пісаў, перарабляў. Усе гэтыя кнігі мы выдалі”.

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Вольга, а што яшчэ было ў ягоных творчых задумах?”

(Сяднёва: ) “Безумоўна, ён увесь час думаў, што ён напіша яшчэ больш, але, як аказалася, што на працягу апошніх пяці гадоў ён ня мог ужо пісаць. Пачне пісаць і кідае. Сэрца яго ўжо амаль не працавала, не было руху ў арганізьме, і ён ня мог пісаць. Ён мучыўся тым, што ён страціў магчымасьць пісаць. Ён страшэнна змагаўся за жыцьцё, ня думаў, што памрэ, ня мог сабе ўявіць”.


* * *
Сёлета ў сакавіку мог бы адзначыць 80-годзьдзе вядомы беларускі дзеяч Лявон Луцкевіч, старэйшы сын аднаго з пачынальнікаў новага беларускага Адраджэньня Антона Луцкевіча. Аднак яго ня стала ў ліпені 1997 году.

Лявон Луцкевіч і ягоная жонка Галіна Войцік, дачка пісьменьніцы Зоські Верас, абодва вырасьлі ў Вільні, належалі да адной беларускай грамады, але да сужэнства прыйшлі толькі праз доўгія гады. Сыны рэпрэсаванага бальшавікамі Антона Луцкевіча пасьля вайны таксама апынуліся ў сталінскіх лягерах. Распавядае Галіна Войцік:

(Войцік: ) “Знаёмыя мы былі даўно. Калі мне ў 1939 годзе было 12 гадоў, а яму – 17, так ніхто не зьвяртаў увагі. Але пасьля ў 1944 годзе мы сустрэліся на сьвяткаваньні 25-годзьдзя Віленскай беларускай гімназіі, мы тады бліжэй пазнаёміліся. А як яны вярнуліся, ён і брат Юрка, з Калымы, так мы бачыліся вельмі часта. Але кожны быў заняты сваімі справамі. Я займалася германістыкай, езьдзіла на канфэрэнцыі. Толькі ў 1970 годзе мы пажаніліся, пасьля Лявон нават казаў: “І чаго мы чакалі?”

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Галіна, што Вам запомнілася зь ягоных успамінаў пра бацьку?”

(Войцік: ) “Лявон расказваў, як бацька, укладаючы іх спаць, чытаў ім напамяць “Іліяду” Гамэра ў арыгінале, альбо Вэргілія ці Авідыя на лацінскай мове”.

Зразумела, што вярнуўшыся з Калымы ў савецкую Вільню, Лявон Луцкевіч прадаўжаў лічыцца “ворагам народу”, нават у канцы 1980-х ён яшчэ ня мог браць чыннага ўдзелу ў беларускім грамадзкім жыцьці. І тут на дапамогу прыходзіла жонка Галіна, яна згадвае:

(Войцік: ) “Калі арганізавалася першая суполка – “Сябрына”, то тады пры рэгістрацыі ў гарвыканкаме, гэта быў 1988 год, сказалі, што зарэгіструюць толькі без Луцкевічаў. Так што ён трымаўся тады ў цяньку, хаця ён пісаў і выступленьні, і прамовы, артыкулы.

Пасьля быў устаноўчы сход Таварыства беларускай культуры, выступаў там ня ён, выступала я. Нават некаторыя артыкулы ён друкаваў пад маім прозьвішчам. Але пасьля з канца 1989 году ўжо выступаў сам. Быў сакратаром ТБК, старшынём Таварыства беларускай школы, сакратаром Асацыяцыі беларусістаў Літвы”.

Ня гледзячы на перашкоды, спадар Лявон рабіў сваю адраджэнскую справу, працягваў тую працу, дзеля чаго аддалі свае жыцьці ягоны бацька і дзяцька – браты Антон і Іван Луцкевічы. Мала знойдзецца сярод нацыянальна сьведамай беларускай інтэлігенцыі тых, хто ў 1980-я гады не наведваў “Лясную хатку” пад Вільняю, дзе жыла Зоська Верас. Сама гаспадыня ўжо не магла прымаць гасьцей, гэта рабілі з усёй шчырасьцю Галіна і Лявон.

(Войцік: ) “Вельмі шмат маме дапамагаў, фактычна быў яе сакратаром, друкаваў, рабіў фота. Прыяжджалі самыя розныя людзі, з усёй Беларусі, з Польшчы. Пасьля, як мамы не было, то ўсе гэтыя людзі прыяжджалі ўжо да нас. Ён быў вельмі гасьцінны”.

(Карэспандэнт: ) “Там, у “Лясной хатцы”, а пасьля ў вандроўках па Вільні зь дзядзькам Лявонам фармавалася і высьпявала новае пакаленьне беларускіх адраджэнцаў, якія паступова ўзялі на сябе цяжар змаганьня за новую Беларусь. Лявон Луцкевіч пабачыў і абвяшчэньне незалежнасьці, і 1996 год, калі яна трапіла ў небясьпеку. Спадарыня Галіна, ці верыў ён, што Беларусь застанецца незалежнай?”

(Войцік: ) “Ведаеце, ён якраз верыў. Вельмі добра пра гэта напісаў Алег Аблажэй у нэкралёгу – што трэба вучыцца гэтай веры ў дзядзькі Лявона”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG