Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ва Ўкраіне: палачанка з Палтавы


Ганна Cурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнічае Іна Дзідык – паэтка, журналістка, старшыня беларускай суполкі “Агніца”.

Птушкай лячу нястрымнай,
Клеткі прыдумалі людзі.
Для ўсіх і паўсюль Айчына,
Ветру вольныя грудзі.

Коласам вырасту ў полі,
Крыламі ветру.
Сьценам і даху ніколі
Не стрымаць волі ветразя.

Безьліч стварэньняў саткана ўва мне...

Гэта радкі зь верша “Лясная панна” Іны Дзідык. Яна аўтарка трох паэтычных зборнікаў, апошні зь якіх і мае гэткую загадкавую назву “Лясная панна”. Іна Дзідык – сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Кніжкі яе выходзілі ў Беларусі, але сама аўтарка жыве ў суседняй Украіне.

Спадарыня Іна – адна з тых 400 тысяч беларусаў, для якіх Украіна стала другой радзімаю. Беларусы сёньня жывуць ва ўсіх рэгіёнах гэтай краіны. На поўначы на этнічных землях яшчэ можна сустрэць цэлыя беларускія вёскі, многія падаліся ў савецкі час на працу ў індустрыяльныя цэнтры, іншыя выехалі па асабістых прычынах, як наша сёньняшняя госьця. 15 гадоў таму яна вышла замуж за ўкраінскага хлопца і за мужам пераехала з Полацку ў Палтаву.

Палачанка Іна Дзідык даволі хутка адаптавалася на новым месцы, вывучыла ўкраінскую мову настолькі дасканала, што стала прафэсійнай журналісткай, з 1994 году яна сябра Саюзу журналістаў Украіны. Яе запрасіла на працу мясцовая радыётэлекампанія “Лтава”.

(Дзідык: ) “На тэлебачаньні прафэсійна я тут працую ўжо тры гады. А раней, калі я працавала ў Цэнтры сацыяльных службаў для моладзі прэс-сакратаром, я ўжо пачала рабіць перадачы на сацыяльную тэматыку. Празь нейкі час пасьля гэтага мяне запрасілі на тэлевізію”.

(Карэспандэнт: ) “Іна, я ведаю. што Ваша праца на тэлевізіі ўжо ад пачатку была вельмі пасьпяховай, Вы нават сталі пераможцай конкурсу тэлевізійных праграмаў у 1999 годзе ва Ўжгарадзе, дзе бралі ўдзел ня толькі ўкраінскія студыі, але і зь іншых краінаў”.

(Дзідык: ) “Я зрабіла паэтычную перадачу. Гэта была перадача як бы ад першай асобы – я там чытала сама вершы, распавядала пра сваё жыцьцё, як я сюды трапіла, яна атрымалася такая філязофска-паэтычная. На яе зьвярнулі ўвагу. Цудоўна мяне сустрэлі. Дарэчы, там галоўным рэдактарам Ужгарадзкага тэлебачаньня ў той час быў таксама беларус, мы доўга зь ім гаварылі.

На гэтым конкурсе я стала ляўрэаткай у намінацыі “Найлепшая аўтарская работа”. Не спадзявалася на такое”.

(Карэспандэнт: ) “У гэтай перадачы Вы расказалі пра сябе як беларуску, ці ня стала яна першым крокам да адкрыцьця беларускай праграмы, якую Вы зараз вядзеце на тэлебачаньні?”

(Дзідык: ) “Гэтак і было. Калі я рабіла гэтую перадачу, я падумала, што для беларусаў абавязкова трэба нешта такое зрабіць, у мяне ёсьць такая магчымасьць, я жыву як бы ў дзьвюх культурах – у Палтаве і ў Менску, і трэба выкарыстаць гэтую магчымасьць, што я працую на тэлебачаньні, ведаю дзьве мовы.

Вырашыла распрацаваць такі цыкль перадачаў. Параілася з нашымі прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Палтаве. Мы маем тут сваё аб’яднаньне “Агніца”. Мяне падтрымалі сябры, і мы падрыхтавалі праект, які называецца “Ўкраіна–Беларусь”, які прадугледжваў стварэньне гэтых перадачаў пра Ўкраіну і Беларусь – на гэтым перакрыжаваньні.

Праект падтрымала наша кіраўніцтва, генэральны дырэктар тэлекампаніі “Лтава”.

(Карэспандэнт: ) “Згаданая беларуская суполка “Агніца” ўжо даўно існуе ў Палтаве, Вы зьяўляецеся яе нязьменнай старшынёю. Ведаюць пра гэта аб’яднаньне і ў Беларусі. Ці мелі Вы падтрымку ў справе падрыхтоўкі праграмы зь Менску?”

(Дзідык: ) “У Менску я пазнаёмілася з айцом Уладзіславам Завальнюком, пробашчам Касьцёлу сьвятых Сымона і Алены. Ён мяне таксама падтрымаў з гэтым праектам і нават абяцаў дапамагчы арганізаваць камандзіроўку. У нас не такая багатая тэлекампанія, каб фінансаваць поўнасьцю праект, асабліва замежныя паездкі.

Гэтымі сумеснымі намаганьнямі ўсё атрымалася зрабіць. Мы езьдзілі мінулым летам з нашым апэратарам у Беларусь і здымалі сьвята Будслаўскай Божай Маці.

Тады мы зрабілі яшчэ перадачу пра Лошыцкі парк у Менску, зрабілі невялікую замалёўку пра Менск”.

(Карэспандэнт: ) “Ці часта беларускія перадачы выходзяць?”

(Дзідык: ) “Яны ідуць рэгулярна, пэрыядычнасьць – два разы на месяц. А яшчэ мы паказваем перадачы “Белвідэацэнтру” ў нашым гэтым цыклі. Цыкль называецца “Пра Беларусь зь любоўю”.

(Карэспандэнт: ) “Хто пераважна глядзіць перадачы, якую маеце аўдыторыю?”

(Дзідык: ) “Я так адчуваю, што глядзяць і тыя, і другія – беларусы і ўкраінцы. Украінцам таксама цікава даведацца пра Беларусь, нашыя перадачы ідуць дзьвюма мовамі, спалучэньне беларускай і ўкраінскай, цудоўна атрымліваецца”.

(Карэспандэнт: ) “Ва Ўкраіне існуе Ўсеўкраінскі зьвяз беларусаў, магчыма, што яны падтрымліваюць Вас? Ці маеце зь імі сувязі?”

(Дзідык: ) “Ірына Аржахоўская кіруе гэтым аб’яднаньнем, я ў Кіеве зь ёю пазнаёмілася. Я ім зрабіла некалькі копіяў сваіх перадачаў”.

(Карэспандэнт: ) “Ваша суполка “Агніца” ўваходзіць у гэтае аб’яднаньне?”

(Дзідык: ) “Не ўваходзім. Я проста ня знаю”.


Тут варта прыпыніцца, каб растлумачыць, што сёньня ва Ўкраіне беларускі рух перажывае не найлепшыя часы. Усе праблемы абедзьвюх дзяржаваў непасрэдна закранаюць і беларускую дыяспару.

Усеўкраінскі зьвяз беларусаў быў створаны летась, ён аб’яднаў 18 суполак пераважна з усходняй і цэнтральнай Украіны. Зьвяз ствараўся пры падтрымцы беларускай амбасады ў Кіеве і схільны да супрацоўніцтва зь беларускімі ўладамі. Па гэтай прычыне ў яго не ўвайшлі тыя беларускія арганізацыі, якія настроеныя апазыцыйна да рэжыму Лукашэнкі.

Сёньня мы назіраем раскол сярод беларусаў ва Ўкраіне, няма дастаткова ўплывовай аб’яднаўчай структуры. Нацыянальна-культурнае жыцьцё беларусаў разьвіваецца павольна, няма прытоку новых сілаў, якія далучаліся б да беларускіх суполак. Іна Дзідык пацьвярджае гэтую выснову:



(Дзідык: ) “Няма, канечне, – таму што беларусы падзеленыя палітычна – тыя бэнээфаўцы, другія – лукашэнкаўцы. Мне здаецца, што справа яшчэ ў тым, што ў беларусаў мэнталітэт пасіўны. Скажам, у нас як была, так і застаецца невялікая колькасьць беларусаў, якія ўваходзяць у “Агніцу” і актыўна бяруць удзел ва ўсіх нашых справах. А многа такіх, што не выяўляюцца, а тут у нас тысячы, тысячы беларусаў”.

(Карэспандэнт: ) “Іна, а цяпер хочацца запытаць, як украінцы ставяцца да Вашай беларускасьці, да Вашай тэлевізійнай праграмы, ці адчуваеце незадаволенасьць Вашай актыўнай беларускай дзейнасьцю?”

(Дзідык: ) “Не, незадаволенасьці няма, наадварот. У мяне нават пытаюцца, калі я зраблю наступную перадачу, падтрымліваюць. Для мяне тут цудоўныя ўмовы, ніхто мне ня чыніць ніякіх перашкодаў. Адзінае, калі б была большая фінансавая падтрымка. З-за гэтых фінансавых праблемаў я проста не магу нікуды выехаць і зьняць перадачы. Мне дужа хочацца пра Купалу зрабіць фільм, якраз угодкі”.

(Карэспандэнт: ) “А дома, у сям’і, Вы ўжо ўкраінка, ці ўсё ж застаецеся беларускаю?”

(Дзідык: ) “Канечне, беларуска. Зразумела, што беларуска. І сын ведае, што я – беларуска. Сын у мяне чытае па-беларуску вольна”.

(Карэспандэнт: ) “Іна, немагчыма не закрануць у нашай размове і актуальную тэму – мінулыя выбары ў парлямэнт. Ваша праца на тэлебачаньні, кантакты зь людзьмі дазваляюць мець уяўленьне пра палітычную актыўнасьць грамадзтва ва Ўкраіне. Як украінскую сытуацыю можна параўнаць зь беларускай?”

(Дзідык: ) “Мне здаецца, што ва Ўкраіне людзі ўсё ж больш актыўныя, больш цікавяцца палітыкаю. Мне здаецца, што людзям больш-менш цікава, хто прыйдзе да ўлады”.

(Карэспандэнт: ) “Вядома, што ў Беларусі падчас выбарчай кампаніі апазыцыйныя партыі не дапускаліся да сродкаў масавай інфармацыі, а як гэта выглядала ў вас – бо ёсьць інфармацыя ў прэсе, што падобныя факты былі і ва Ўкраіне?”

(Дзідык: ) “У нас на тэлебачаньні быў выдзелены спэцыяльна час, у які кандыдаты ў дэпутаты маглі прадставіць сваю праграму. Канечне, больш магчымасьцяў было для такіх, як блёк “За адзіную Ўкраіну”. Але я думаю, што нельга казаць пра тое, што апазыцыйныя партыі не маглі ніяк сябе прадставіць. Яны маглі займацца агітацыяй і распаўсюдам сваёй інфармацыі, у тым ліку і праз сродкі масавай інфармацыі”.

(Карэспандэнт: ) “А як вынікі выбараў могуць адбіцца на жыцьці беларускай дыяспары ва Ўкраіне, чаго вы чакаеце ад новага парлямэнту?”

(Дзідык: ) “Мы так усе спадзяемся, што будуць нейкія перамены. Што найбольш балюча? Мабыць, тое, што мы ня маем ніякага фінансаваньня. Атрымліваецца, што мы не патрэбныя ні тым, ні тым. Нашыя суполкі ва Ўкраіне практычна не фінансуюцца Ўкраінай, і з боку Беларусі няма дапамогі. Так што мы ня можам ніадкуль мець фінансавай падтрымкі, нават для гэтых маіх тэлеперадач. Я лічу, што трэба, каб іх бачылі па ўсёй краіне, каб мы выходзілі ня толькі ў Палтаве, але і для ўсіх абласьцей Украіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG