Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі пантэон у замежжы: ушанаваньне памяці дзеячоў БНР


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Уладзімер Палупанаў (Францыя), Раіса Жук-Грышкевіч (Канада), Віталь Кажан (ЗША), Міхась Лужынскі (Аўстралія)

Набліжаецца 25 сакавіка – угодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Доўгі час ідэі БНР перахоўваліся ў беларускім замежжы, бо і сама рада БНР пасьля ад’езду зь Беларусі працягвала сваю дзейнасьць на эміграцыі.

Бальшыні з тых, хто падтрымліваў на чужыне ідэю незалежнасьці Беларусі, так і не давялося вярнуцца на Бацькаўшчыну, яны знайшлі супачын у чужой зямлі. Як ушаноўваецца іх памяць, хто апякуецца беларускім пантэонам у замежжы – пра гэта наша сёньняшняя перадача.

Пачаць трэба з Прагі, дзе ад 1923 году знайшла прыстанак Рада БНР.

20 гадоў сталіца Чэхаславакіі была палітычным цэнтрам беларускай эміграцыі. У Празе працавалі й скончылі свой жыцьцёвы шлях два прэзыдэнты БНР – Пётра Крэчэўскі й Васіль Захарка. Абодва яны пахаваныя на старых Альшанскіх могілках, недалёка ад цэнтру Прагі. Могілкі ўпрыгожваюць арыгінальныя помнікі з партрэтамі прэзыдэнтаў і выявамі Пагоні. Даглядаюць іх сябры беларускай суполкі “Скарына”.

Так адбываецца толькі з 1995 году, а ў камуністычныя часы патаемна могілкі парадкавала спадарыня Анастасія Булыга, адна зь нямногіх сяброў беларускай грамады ў Празе, каму ўдалося ацалець пасьля рэпрэсіяў.

Як вядома, пасьля сьмерці Васіля Захаркі ў сакавіку 1943 году абавязкі старшыні Рады БНР перайшлі да вядомага беларускага дзеяча ў Францыі – Міколы Абрамчыка. Ён памёр у Парыжы ў 1970 годзе. Дзе пахаваны гэты беларускі прэзыдэнт, ці ўшаноўваецца тое месца? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да сябра беларускай суполкі ў Францыі Ўладзімера Палупанава.

(Палупанаў: ) “Амаль у самым цэнтры Парыжу знаходзяцца знакамітыя могілкі Пэр Ляшэз, дзе пахаваныя вядомыя ў сьвеце асобы, мастакі, кампазытары, палітычныя дзеячы, шмат эмігрантаў. Сярод іх і ведамы наш прэзыдэнт Беларускай Народнай Рэспублікі, які найдаўжэй захоўваў мандат прэзыдэнта, Мікола Абрамчык.

Магіла знаходзіцца недалёка ад уваходу, у даволі прэстыжным месцы, побач знаходзіцца пахаваньне, здаецца, жонкі ведамага мараплаўцы Ляпэрузы.

Мы бываем там 25 сакавіка, ускладаем кветкі, узгадваем Міколу Абрамчыка. Як хто прыедзе зь Беларусі, дык цікавяцца”.

(Карэспандэнт: ) “Зразумела, што знакаміты Пэр Ляшэз – прэстыжнае месца, але за зямлю там трэба плаціць пэўна нямала. Як гэтае пытаньне вырашаецца адносна магілкі Абрамчыка?”

(Палупанаў: ) “Наколькі вядома, быў выкуплены гэты кавалак зямлі, дзе пахаваны наш прэзыдэнт, на 70 гадоў. Далей патрэбна будзе рабіць нейкія захады. Магчыма, што сытуацыя зьменіцца палітычна ў нашай краіне – і стаўленьне да гэтых людзей, якія зрабілі шмат для Беларусі, але памерлі на эміграцыі, будзе іншае, і тады трэба, каб дзяржава парупілася.

Скажам, у цывілізаваных краінах гэта ўсё робіцца праз амбасады. Амбасада апякуецца магіламі, даглядае іх – і калі бываюць нацыянальныя сьвяты, то прадстаўнікі амбасады заўсёды там ускладаюць кветкі”.

(Карэспандэнт: ) “Уладзімер, ці ўпарадкаваная Абрамчыка магіла, ці ёсьць там нейкі помнік?”

(Палупанаў: ) “Помніка няма, звычайная такая пліта і ўсё. Фактычна і надпісу няма. Але мы ўжо ведаем, дзе яна знаходзіцца, паказваем. Гэта ж трэба сабраць сродкі, трэба зрабіць. Патрэбна, каб нехта ўзяў на сябе такую ініцыятыву – сабраць грошы і зрабіць.

Відавочна, што справа ўпарадкаваньня магілы Міколы Абрамчыка – гэта ня толькі клопат беларусаў Францыі, яна патрабуе ўвагі ўсіх, каму дарагія ідэалы БНР”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Уладзімер, а хто яшчэ зь дзеячоў БНР пахаваны ў Францыі?”

(Палупанаў: ) “Уладзімер Шыманец – ён быў сябра Рады БНР, памёр у канцы 1970-х гадоў, пахаваны ў тым горадзе, дзе жыў – Сартрувіль, 30 кілямэтраў ад Парыжу, там жыве ягоны сын.

Мастак Уладзімер Шыманец быў адным зь міністраў ураду БНР, ён – бацька сёньняшняй старшыні Рады БНР спадарыні Івонкі Сурвіллы”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Уладзімер, мусім вярнуцца зноў на Пэр Ляшэз, бо мы не згадалі пра тое, што магілка Міколы Абрамчыка – не адзіная беларуская”.

(Палупанаў: ) “Там пахаваная знакамітая асоба беларускага паходжаньня, хоць у даведніках напісана – скандынаўскага альбо польскага. Я маю на ўвазе паэта Гіёма Апалінэра, сапраўднае прозьвішча якога – Кастравіцкі”.

(Карэспандэнт: ) “Цікава, а які надпіс на ягоным помніку?”

(Палупанаў: ) “Напісана – “Апалінэр”, а ніжэй напісана – “Кастравіцкі”. Гэта пацьвярджае ягонае паходжаньне”.


***
Наступнікам Міколы Абрамчыка на пасадзе старшыні Рады БНР стаў доктар Вінцэнт Жук-Грышкевіч, які жыў у Канадзе. Ён ачольваў гэтую пасаду да 1989 году. Пра ягонае служэньне беларускай справе і ўшанаваньне памяці гэтага дзеяча гаворыць удава спадарыня Раіса Жук-Грышкевіч.

(Жук-Грышкевіч: ) “Зьместам душы Вінцэнта Жук-Грышкевіча была любоў да Бацькаўшчыны-Беларусі, любоў, якая дыктавала яму абавязак служэньня беларускай вызвольнай справе.

Дзяржаўная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчаная Актам 25 Сакавіка 1918 году, была, як ён казаў, пуцяводнай зоркай ягонага жыцьця і павінна ёю быць для ўсяго беларускага народу.

Памёр Вінцэнт Жук-Грышкевіч 14 лютага 1989 году, пахаваны на беларускім могільніку пры Царкве Жыровіцкай Божай Маці ў Нью-Брансўіку ў ЗША. На ягоным помніку выява Пагоні, узоры заставіц з “Малой падарожнай кніжыцы” Францішка Скарыны і надпіс”.

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Раіса, а чаму пахаваньне адбылося ў ЗША, а ня там, дзе вы жылі, ў Бэры, што недалёка ад Таронта?”

(Жук-Грышкевіч: ) “Ён хацеў быць пахаваным на беларускіх могілках, ён верыў, што беларускія могілкі патрэбныя. Яшчэ пры жыцьці ён заплаціў усе пахавальныя выдаткі”.

(Карэспандэнт: ) “Вы самі даглядаеце магілку?”

(Жук-Грышкевіч: ) “Кожны год езьдзіла на провады, як сьвяцілі магілкі. Так, ведаеце, як паломніцтва было, бо там жа многа нашых людзей пахавана”.

(Карэспандэнт: ) “А як у Канадзе, беларускіх могілак там няма?”

(Жук-Грышкевіч: ) “У Канадзе ўсе пахаваныя ў розных кутках. Мікола Ганько пахаваны на канадыйскіх могілках у Таронта. Па ўсёй Канадзе рассыпаныя”.


***
Найбольш актыўнай часткай Рады БНР былі амэрыканскія беларусы. Паслухаем аднаго з старэйшых радных – спадара Віталя Кажана зь Нью-Ёрку, які зьяўляецца скарбнікам Рады БНР з 1949 году і ўжо 53 гады вядзе там фінансавыя справы.

(Кажан: ) “Перада мною ляжыць сьпіс сяброў Рады БНР за 1951 год. Гэты сьпіс напісаны рукою пакойнага старшыні Рады БНР Міколы Абрамчыка. У гэтым сьпісе 123 сябры Рады на той час. Тады ў ЗША быў 51 сябра, у Нямеччыне – 27, у іншых краінах Эўропы было па некалькі чалавек, у Аўстраліі – 10 чалавек. З гэтых 123 сяброў на сёньня жывыя толькі 20 асобаў”.

(Карэспандэнт: ) “Пэўна, Вы ведалі кожнага зь іх асабіста?”

(Кажан: ) “Мне як скарбніку Рады БНР былі добра вядомыя многія зь сяброў Рады, як доктар Аляксандар Орса і ягоная жонка Наталья – пэдагогі, арганізатары Беларускай гімназіі ў Нямеччыне; доктар Вітаўт Тумаш – лекар і вядомы навуковец; Антон Адамовіч – знаўца літаратуры й гісторыі, добры пісьменьнік; Лявон Савёнак – журналіст, пісьменьнік; Аўген Каханоўскі – добры палітык, былы старшыня ўраду БНР; доктар Войтанка – лекар і сьвятар, шмат працы ўлажыў дзеля аднаўленьня Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Міхась Міцкевіч – пэдагог, аўтар школьных падручнікаў, брат Якуба Коласа; доктар Станіслаў Грынкевіч; доктар Язэп Малецкі; доктар Вінцэнт Жук-Грышкевіч; Натальля Арсеньнева, паэтка, аўтарка гімну “Магутны Божа”; генэрал Францішак Кушаль, у якога я асабіста быў ад’ютантам. Працягваць пералік гэтых былых сяброў Рады можна было б далей і далей, сапраўдных беларускіх патрыётаў было шмат больш.

У вялікай бальшыні яны знайшлі прытулак на вечны адпачынак на беларускіх могілках у Нью-Брансўіку, штат Нью-Джэрзы. Вечная ім памяць!”

(Карэспандэнт: ) “Могілкі ў Нью-Брансўіку – найбольш ведамы беларускі пагост у замежжы”.

(Кажан: ) “Сягоньня там ужо сотні магіл. Помнік, напрыклад, Аляксандра Орсы – вы ня знойдзеце ў гэтым раёне на могілках такіх прыгожых помнікаў, як там. Гэтыя могілкі даглядае адмысловы камітэт пры Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царкве, што ў Нью-Брансўіку, у Гайлэнд-парку.

Нядаўна было паседжаньне царкоўнай рады, і там ішла гутарка, у выніку якой пастанавілі дакупіць яшчэ паважны кавалак зямлі для гэтых могілак. На сёньня, як яны кажуць, яшчэ ня трэба, але ў будучыні можа быць патрэбным, а ёсьць нагода”.

У ЗША асобныя беларускія могілкі ёсьць яшчэ ў Саўт Рывэры пры Царкве сьв. Эўфрасіньні Полацкай. Беларускую дзялянку на могілках маюць нашы суродзічы ў Кліўлендзе, там пахаваны вядомы дзеяч БНР, які быў пэўны час старшынём ураду і міністрам замежных спраў – Аўген Каханоўскі, таксама – радны Аляксандар Лук’янчык ды іншыя.

У Чыкага беларусы ня маюць асобных могілак, але менавіта ў гэтым горадзе пахаваныя вядомыя дзеячы БНР Язэп Варонка і Янка Чарапук, магілкі якіх даглядаюць тамтэйшыя беларусы.


***
Спадар Віталь Кажан згадаў пра тое, што ў Аўстраліі на пачатку 1950-х быў ужо дзясятак сяброў Рады БНР. Мы зьвярнуліся да аднаго са старэйшых радных там спадара Міхася Лужынскага з Сыднэю. Ён успамінае:

(Лужынскі: ) “Першым старшынём Аўстралійскага сэктару Рады БНР быў Мікола Нікан. Ад Аўстралійскага сэктару Рады рассылаліся мэмарандумы да фэдэральных і штатавых палітыкаў, бралі ўдзел у арганізацыі акцыяў за вызваленьне паняволеных народаў, працавалі ў радыёвяшчаньні ў Сыднэі й Пэрце.

Мікола Нікан жыў і пахаваны ў Мэльбурне. У гэтым горадзе на могілках ёсьць беларуская сэкцыя, якую даглядае мясцовая беларуская грамада. Там знаходзіцца і магіла вядомага беларускага паэта Алеся Салаўя.

Апошнім старшынёю Аўстралійскага сэктару рады БНР быў Станіслаў Нарушэвіч, ён памёр у 2000 годзе, пахаваны на беларускай сэкцыі могілак у Сыднэі. Новага старшыню сэктару Рады БНР у Аўстраліі ўжо не абіралі”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Міхась, узгадалі старшыняў, а сябры Рады?”

(Лужынскі: ) “А радныя, прыпомню тых, хто ад нас ужо адышлі – Трысмакоў, доктар Малецкі, доктар Мілянцэвіч, інжынэр Каранеўскі, Кастусь Сіткоўскі, магістар права Аляксандар Калодка, Мікола Скабей. Усе яны знайшлі вечны супачын у аўстралійскай зямлі, але на тых яе лапіках, што за свае заробленыя грошы купілі нашы суродзічы на тамтэйшых пагостах – каб памяць пра іх не згубілася ў чужым краі”.

У суботу, 23 сакавіка, беларусы, якія жывуць у Чэхіі, зьбяруцца на Альшанскіх могілках у Празе, каб ушанаваць памяць пахаваных там старшыняў Рады БНР. І так у гэтыя сьвяточныя дні будзе адбывацца паўсюдна, дзе сьпяць вечным сном змагары за незалежнасьць Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG