Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычны канфлікт у Малдове і ягоныя прычыны вачыма беларусаў з Кішынэва


Ганна Сурмач, Прага

Удзельнікі: Уладзімер Дзяржыцкі й Вячаслаў Ігнаценка

Гісторыя нядаўняга палітычнага канфлікту ў Малдове, адной з галоўных прычынаў якога сталася моўная сытуацыя ў краіне, можа быць важнаю для Беларусі ў сэнсе разуменьня ўласных праблемаў.

Як вядома, летась у канцы сьнежня група дэпутатаў-камуністаў малдоўскага парляменту выступіла з прапановай надаць статус другой дзяржаўнай мовы ў краіне – расейскай. Намеры ўладаў выклікалі моцны пратэст малдоўскага грамадзтва, асабліва моладзі. У Кішынэве адбыліся масавыя мітынгі й дэманстрацыі.

Пра гэтыя падзеі ды іншыя аспэкты жыцьця ў Малдове мы размаўляем з кішынэўскімі беларусамі.

Уладзімер Дзяржыцкі, лекар па прафэсіі, доўгі час кіраваў тамтэйшай беларускай суполкай, а цяпер зьяўляецца яе ганаровым старшынёю. Ягоны малодшы калега, сябра суполкі мастак Вячаслаў Ігнаценка набыў адукацыю ў Менску і 10 гадоў таму пераехаў у Кішынэў, адкуль паходзіць ягоная жонка.

Нашу размову пачынае Ўладзімер Дзяржыцкі, ён нагадвае пра тое, што на пачатку 1990-х, калі Малдова атрымала незалежнасьць, нацыянальныя пытаньні пачалі вырашаць там без канфліктаў. Але менавіта моўнаму пытаньню не надалі дастатковай увагі.

(Дзяржыцкі: ) “Кожны, хто на дзень незалежнасьці жыў у Малдове, мог атрымаць грамадзянства, у гэтым сэнсе ў Малдове не было праблемаў. Беларус, які хацеў мець малдоўскае грамадзянства, павінен быў пайсьці ў паліцыю і там запісаць гэта ў сваім пашпарце.

Але паўстала моўная праблема. Канстытуцыя Малдовы абвясьціла дзяржаўнай малдоўскую мову. Між тым, значная частка насельніцтва не валодала малдоўскай мовай”.

(Карэспандэнтка: ) “Якая менавіта частка?”

(Дзяржыцкі: ) “Малдова – гэта каля 4 млн. насельніцтва, 40% размаўляюць на расейскай мове. 35% насельніцтва Малдовы – гэта не малдаване. На першым месцы з гэтых немалдаванаў, каля 600 тыс., – украінцы, каля 500 тыс. – расейцы, каля 100 тыс. – баўгары, столькі ж – гагаузы, потым ідуць габрэі й нарэшце, каля 20 тыс., –беларусы. Частка малдаванаў не валодае малдоўскай мовай”.

(Карэспандэнтка: ) “Больш чым за дзесяць гадоў незалежнасьці моўную праблему Малдове, як бачым, не ўдалося вырашыць. І яе ўзяліся па-свойму вырашаць сёньняшнія ўлады?”

(Дзяржыцкі: ) “На парлямэнцкіх выбарах у Малдове больш як палову галасоў атрымалі камуністы.

Рэалізуючы сваю праграму, новы міністар адукацыі аб’явіў, што з новага навучальнага году ў школах пачнуць вывучаць расейскую мову. Гэта выклікала вострую рэакцыю. На чале стала партыя, якая штодня пачала выводзіць на галоўны пляц Кішынэва даволі шмат студэнтаў і вучняў. У кожным разе, гэта тысячы й тысячы людзей на пляцы”.

Спадар Дзяржыцкі мае на ўвазе Хрысьціянска-дэмакратычную народную партыю начале з Юрыем Рошкам – гэтая партыя выступае за далучэньне Малдовы да Румыніі, яе лічаць арганізатарам акцый пратэсту.

Удакладнім таксама, што справа ішла ня проста пра вывучэньне расейскай мовы як замежнай, але пра наданьне ёй статусу дзяржаўнай побач з малдоўскай. Наш другі суразмоўца Вячаслаў Ігнаценка дадае:

(Ігнаценка: ) “Апошні прэзыдэнт Варонін (як гавораць, камуніст – хаця да яго таксама ўсе былі камуністы, яны ж не маглі зьмяніцца) – у ягонай перадвыбарнай кампаніі быў такі пункт, дзе расейская мова павінна была стаць другой дзяржаўнай. Яго большасьць за гэта і падтрымала, таму, што расейскамоўных вельмі многа”.

Спадар Дзяржыцкі лічыць, што ўлады спрабавалі ўвесьці зьмены таму, што гэтага патрабуе сытуацыя.

(Дзяржыцкі: ) “Гэта мова актуальная зараз, пакуль што актуальная. Што да моладзі, то ў мяне ўнук ходзіць у малдоўскую школу, добра размаўляе і ніякіх праблемаў ня мае. І такіх прыкладаў многа”.

Спадар Ігнаценка выказаў сваю думку:

(Ігнаценка: ) “Ведаеце, гэта ўсё да выбараў ідзе, каб замуціць тую ваду”.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Вячаслаў маеце на ўвазе блізкія выбары ў мясцовыя органы ўлады. Але, моўная праблема існуе. На Ваш погляд, чаму так сталася, што за такі доўгі час дзяржаўная мова ў краіне не зрабілася галоўнай? Ці эфэктыўна было арганізаванае яе вывучэньне? Чаму шмат хто не авалодаў малдоўскай?”

(Ігнаценка: ) “Сапраўды, не авалодалі. І я скажу – чаму. На мой погляд, яны так рэзка ўзяліся, а на справе ў дзіцячых садках было ўсё на прымітыўным узроўні, у школе – таксама. Мой сын ходзіць у расейскамоўную школу. Ён ня ведае малдоўскай мовы, бо выкладчыкі абы-як ставяцца, ня могуць данесьці”.

Спадар Дзяржыцкі распавядае пра свой досьвед:

(Дзяржыцкі) “Я сам хадзіў два ці тры гады на курсы вывучэньня мовы, жонка ў мяне малдаванка, але вынік нулявы. Мы лічым, што арганізацыя вывучэньня мовы стаяла на нізкім узроўні”.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Уладзімер, а школьная адукацыя ці адпавядае нацыянальнаму складу насельніцтва?”

(Дзяржыцкі: ) “Школы тут у нас такія. Большасьць – малдоўскія, ёсьць школы расейскія, ёсьць – баўгарскія, дзьве школы – габрэйскія”.

Спадар Ігнаценка сьцьвярджае, што няма праблемы з расейскамоўнымі школамі.

(Ігнаценка: ) “Расейскамоўныя школы ёсьць, ліцэі ёсьць, я ведаю, так у Кішынэве. У малдоўскіх школах расейскую мову не вывучаюць. У расейскіх вывучаюць гісторыю румын і, вядома ж, малдоўскую мову”.

(Карэспандэнтка: ) “Выглядае, што ў Малдове ўважліва ставяцца да патрэбаў нацыянальных мяншыняў”.

(Дзяржыцкі: ) “Можна сказаць, што так. Хоць часам і паўставалі нейкія канфлікты, але ўсё вырашалася. Сярод немалдоўскага насельніцтва ніхто ня кажа, што ня трэба ведаць мову, але для людзей сталага веку гэта невырашальная праблема”.

(Карэспандэнтка: ) “А як з маладзейшымі, з тымі, хто працуе? Ці могуць яны атрымаць працу бязь веданьня дзяржаўнай мовы?”

(Дзяржыцкі: ) “Чалавек, калі ён не валодае мовай, то яму няма працы, ва ўсякім разе – кіраўнічай працы”.

Вячаслаў Ігнаценка тут мае асабісты досьвед:

(Ігнаценка: ) “Амаль ва ўсіх дзяржаўных установах ужо расейскамоўныя не працуюць. Маю жонку пры канцы 1991 году проста звольнілі з працы, з тэлебачаньня, і ўсё – таму што яна расейскамоўная. Праходзілі тыя курсы, усё роўна ўсіх звольнілі”.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Вячаслаў, як Вы лічыце, ці патрэбныя гэтыя зьмены, каб надаць расейскай мове дзяржаўны статус?”

(Ігнаценка: ) “Можа дзяржаўнай і не, але каб у школах вывучаць. Яны сказалі, што ў другіх школах ці ВНУ – гэта дабраахвотна няхай вывучаюць. Ня хочуць, дык і ня трэба, навошта іх прымушаць”.

Падзеі ў Малдове мелі ня толькі моўны кантэкст. Гаворыць спадар Дзяржыцкі:

(Дзяржыцкі: ) “Там яшчэ было адно пытаньне. У школах тут вывучалі гісторыю румынаў. Лічаць, што малдаване – гэта румыны і гісторыя румынаў вывучаецца. А камуністы вырашылі, што не гісторыю румынаў трэба вучыць, а вучыць гісторыю Малдовы. Калісь была адзіная дзяржава румынаў, а пасьля 1812 году адышла Бэсарабія да Расеі. Гэта ня можа быць падставаю, каб вучыць гісторыю румынаў, а не гісторыю Малдовы”.

(Карэспандэнтка: ) “Гэтыя баталіі на палітычным полі – на якім эканамічным фоне яны адбываюцца, як сёньня жывецца ў Малдове?”

(Ігнаценка: ) “Я са свайго пункту гледжаньня кажу: камуніст, ці хто, усе яны тут былі, праз гэта ўсе прайшлі, а лепш ня стала. Тут усё горш і горш. Толькі гэтай зімой больш-менш мы ў кватэрах саграваліся, у нас жа ніхто іх не абаграваў, трошкі грэлі, каб трубы не патрэскалі, вады гарачай не было, толькі зараз яна зьявілася. Гэта ў самым Кішынэве – а ў раённых цэнтрах, дык там гавораць, што вады ніколі ня бачылі”.

(Карэспандэнтка: ) “А як беларусы ў Малдове спраўляюцца з моўнымі праблемамі?”

(Дзяржыцкі: ) “Ёсьць беларусы, якія кіруюць вялікімі працоўнымі калектывамі, яны валодаюць і расейскай, і беларускай (можа ня так актыўна, але чытаюць), і малдоўскай мовамі. Генэральны дырэктар буйнога прадпрыемства, якое вырабляе малдоўскія віны – Шагойка, генэральны дырэктар трыкатажнай фабрыкі родам зь Віцебску”.

(Карэспандэнтка: ) “І на завяршэньне, спадар Уладзімер, яшчэ да Вас пытаньне. Вы бачыце, як у Малдове выглядае сытуацыя з гэтым двухмоўем, якое не існуе дэ-юрэ, але ёсьць у рэальнасьці. У Беларусі – яно існуе ў поўным варыянце – дэ-юрэ і дэ-факто. Ці можна параўнаць гэтыя сытуацыі?”

(Дзяржыцкі: ) “У нас двухмоўе такое, што непараўнальна з Малдовай. У Малдове няма такой дыскрымінацыі мовы і нават тады, калі быў Савецкі Саюз, хто хацеў, вучыўся на малдоўскай мове”.

Каб ня сталася з моваю тытульнай нацыі так, як у Беларусі, і выходзілі на вуліцы шматтысячныя натоўпы ў сталіцы Малдовы. Улады краіны мусілі пайсьці на саступкі, вырашана, што расейскую мову будуць вывучаць толькі тыя, хто жадае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG