Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпіяда ў Солт-Лейк-Сыты і беларуская каманда вачыма замежных суайчыньнікаў


Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Алімпіяда ў Солт-Лейк-Сыты і беларуская каманда вачыма замежных суайчыньнікаў

Удзельнікі: Пётра Мурзёнак (Канада), Тацяна Адамовіч (ЗША), Міхась Навумовіч (Францыя)

Спартовы фэст у Солт-Лейк-Сыты аб’яднаў беларусаў у адзіную зацікаўленую грамаду незалежна ад таго, дзе хто жыве. Амаль на ўсіх кантынэнтах яны пільна сачылі за спаборніцтвамі алімпійцаў, дзе як роўную сярод роўных прадстаўлялі Беларусь ужо трэці раз беларускія спартоўцы.

У нашай перадачы пра свае ўражаньні ад Алімпіяды і ўдзелу ў ёй беларускай каманды распавядаюць некаторыя з тых замежных суродзічаў, хто шчыра жадаў посьпеху беларускім спартоўцам, а разам з тым і сваёй Бацькаўшчыне.

Паслухаем Пятра Мурзёнка з новай эміграцыі ў Канадзе, які зараз узначальвае Згуртаваньне беларусаў у гэтай краіне. Як вядома, беларускім хакеістам на Алімпіядзе давялося змагацца з канадыйскай камандай – пераможцай сёлетніх гульняў. Дарэчы ўспомніць, што генэральным мэнэджэрам канадыйскай зборнай зьяўляецца знакаміты хакеіст Ўэйн Грэцкі, бацька якога паходзіць зь Беларусі.

(Мурзёнак: ) “Найбольш важнай, напэўна, была перамога беларускай хакейнай зборнай над швэдамі. Тут яна нарабіла многа шуму. Думаю, што менавіта дзякуючы гэтаму наша краіна будзе больш вядомай у сьвеце. У Канадзе карэспандэнты пачалі нас, беларусаў, шукаць напярэдадні гульні зь іх камандаю. Бралі інтэрвію ў нашых людзей, было апублікаванае інтэрвію са сп. Івонкай Сурвіллай. У Таронце тэлебачаньне здымала перадачу.

Сабраліся беларусы, калі ішла гульня Канада-Беларусь, прыехала здымачная група і здымалі цэлую гадзіну, як беларусы перажываюць за сваю каманду і паказалі гэта па тэлевізіі. У мяне былі званкі з радыё, прасілі інтэрвію”.

(Карэспандэнт: ) “Якія былі Вашыя ўражаньні ад таго матчу Беларусь-Канада?”

(Мурзёнак: ) “Можна сказаць, што нашыя змагаліся, як маглі, даволі прыстойна выглядалі. Мала атакавалі, але добра абараняліся. Канадыйцы, вядома, мацнейшая каманда за беларускую, але на спаборніцтвах часам важная ня толькі моц, але і дух, і беларусы стараліся трымацца прыстойна. Я веру ў гэтую каманду, веру, што яна павінна паказаць сябе яшчэ лепш. Лічу, што тое, што яны ўвайшлі ў паўфінал – гэта вялікі посьпех”.

Сп.Мурзёнак выказаў сваё меркаваньне пра выпадак з допінгам у беларускай камандзе. Ён лічыць, што гэта сьведчыць пра слабы, непрафэсійны антыдопінгавы кантроль унутры самой беларускай зборнай.

(Мурзёнак: ) “Сыстэма кантролю ў моцных камандах значна лепшая, і зараз наяўнасьць допінгаў кантралюецца там індывідуальна. Тое, што ловяць такія каманды, як наша ці расейская, азначае, што сыстэма кантролю вельмі кепская. Але допінгі – забароненыя, і гэта трэба прымаць прыстойна, а ня так скандаліць, як некаторыя каманды.

Напрыклад, у Канадзе быў такі выпадак. Быў спрынтэр Бэн Джонсан, які на стомэтроўцы ўзяў “золата”, але, калі ў яго ўзялі аналізы і знайшлі нейкія лекі, то мэдаль у яго забралі і забаранілі выступаць. Больш таго, усе канадыйцы, грамадзтва асудзілі гэта. Грамадзтва павінна нармальна рэагаваць, а не паводзіць сябе як Дзяржаўная дума Расеі, якая прымае нейкія рашэньні, каб ня ўдзельнічаць у закрыцьці Алімпіяды, бо ў некага там допінг знайшлі і быццам бы да іх чапляюцца”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Пётра, як агулам Вы ацэньваеце ўзровень беларускай каманды на Алімпіядзе?”

(Мурзёнак: ) “Я скажу так: посьпехаў вялікіх няма, апроч гэтага хакейнага матчу са швэдамі. Напэўна, Беларусь магла выступіць і лепей. Чаму так адбываецца?

Спорт перш за ўсё – гэта адлюстраваньне эканамічнага разьвіцьця краіны. На жаль, наша сытуацыя эканамічная ня вельмі спрыяльная, таму і вынікі ў спорце таксама невялікія. Паглядзіце – хто наверсе, хто больш за ўсё мэдалёў узяў – Нямеччына, ЗША і маленькая Нарвэгія, па колькасьці залатых мэдалёў яна нават на адзін мэдаль мае больш, чым ЗША і Нямеччына, а Нарвэгія зьяўляецца зараз высокаразьвітай краінаю.

Тут у нас параўноўваюць, колькі атрымліваюць спартоўцы Канады і Беларусі. Падлічылі, што гадавая зарплата зборнай Канады складае 120 млн. даляраў, у сярэднім кожны атрымоўвае 6 млн. А наша ўся каманда атрымоўвае недзе 900 тыс. даляраў. Так што гэта таксама адлюстроўвае стан нашага спорту”, – мяркуе Пётра Мурзёнак, старшыня Згуртаваньня беларусаў Канады.

А зараз вы пачуеце меркаваньні пра беларускую зборную на Алімпіядзе прафэсійнай спартоўкі, фэхтавальніцы Тацяны Адамовіч з Лонг-Айленду, што пад Нью-Ёркам.

(Адамовіч: ) “Я думаю, што ўвогуле беларуская каманда ў зімовай Алімпіядзе добра сябе паказала. Беларуская хакейная каманда напалохала амэрыканцаў, калі выйграла першы пэрыяд матча зь іхнай камандай. Беларусь так многа паказвалі па тэлевізіі, што людзі будуць ведаць, што ёсьць такая краіна Беларусь”.

Сп. Тацяну, пэўна, у Беларусі памятаюць многія. У 1960-я гады яна мела прозьвішча Барэйка, была чэмпіёнкаю рэспублікі па фэхтаваньні. У 1968 г. дзяўчыну паклікаў у жонкі малады амэрыканец, продкі якога паходзілі зь Беларусі. Мы запыталіся ў былой чэмпіёнкі Беларусі, чаго, на яе думку, не хапае беларускім спартоўцам, каб мець лепшыя посьпехі?

(Адамовіч: ) “Я думаю, што трэба шмат грошай, каб спартоўцы езьдзілі ў іншыя краіны і спаборнічалі часьцей. Таксама трэба наймаць трэнэраў зь іншых краінаў. Я тут ужо даўно, мне цяжка судзіць, як там спартоўцы жывуць цяпер, але, калі я трэніравалася, заўсёды хацелася лепш паесьці, каб было больш вітамінаў, каб можна было і адпачыць перад трэніроўкамі. Трэба ўмовы для разьвіцьця спорту, для спартоўцаў”.

У ЗША Тацяна зьбіралася пакінуць вялікі спорт і стаць хатняю гаспадыняю, але муж параіў ёй наведаць мясцовы фэхтавальны клюб, і яна не ўтрымалася, каб не пачаць ізноў трэніравацца. Тацяна Адамовіч распавядае пра сваю спартовую кар’еру на чужыне.

(Адамовіч: ) “Потым я выйграла спаборніцтвы, стала чэмпіёнкай Амэрыкі і трапіла на Алімпіяду. Была чэмпіёнкай Амэрыкі па жаночай рапіры, пяць разоў на першынстве сьвету за Амэрыку фэхтавала, стала чэмпіёнкай вядомых міжнародных спаборніцтваў у Нью-Ёрку. Шмат разоў сустракалася на чэмпіянатах сьвету з нашымі беларускамі, маімі каляжанкамі – Бяловай, Самусенкай. Яны выступалі за СССР, і я зь імі фэхтавала”.

(Карэспандэнт: ) “Вы маеце на ўвазе, што спаборнічалі зь імі як суперніца? Як Вам пачувалася ў такіх сытуацыях?”

(Адамовіч: ) “Такія сумныя думкі ў галаву лезьлі, калі я выходзіла на дарожку фэхтаваць са сваімі. Быў цікавы выпадак. У Вене фэхтавала з Аленай Бяловай. Яна ўжо была чэмпіёнкаю Алімпіяды, і ўсе прыйшлі да дарожкі паглядзець, як яна фэхтуе з амэрыканцамі, а людзі ня ведалі, што я беларуска.

Я пачала выйграваць, але потым я зразумела, што нельга выйграваць у сваёй сяброўкі, бо яны ў такім становішчы, што яна потым ня будзе ў камандзе. Я падумала, што для мяне гэта перамога не такая важная, і я аддала ёй бой, яна выйграла. Потым трэнэры Ларыса Германцэвіч і Бокун падышлі да мяне і сказалі: “Цяпер мы ведаем, што ты наша”. Шкада, што я прайграла, але я гэта зрабіла спэцыяльна”.

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Тацяна, як далей склаўся Ваш лёс у амэрыканскім спорце?”

(Адамовіч: ) “У 1975 годзе я пакінула спаборніцтвы і прадоўжыла вучыцца. Я скончыла ў Беларусі інстытут фізкультуры і 3 курсы журналістыкі, я была спартовай журналісткай. Тут я пайшла ва ўнівэрсытэт, каб атрымаць магістэрскую ступень у спорце, правучылася два гады, і тады я стала прафэсарам ва ўнівэрсытэце.

Акрамя гэтай працы я адчыніла свой клюб – “Заля Тані”. Я маю шмат таленавітых спартоўцаў, і я іх многіх натрэніравала для алімпійскай каманды ў Амэрыцы, некалькі чалавек ў алімпійскай камандзе – па тры, па дзьве Алімпіяды фэхтавалі мае маладыя спартоўцы. Ёсьць чэмпіёны Амэрыкі, унівэрсіядаў”, – распавяла Тацяна Адамовіч, былая чэмпіёнка Беларусі, а цяпер вядомая амэрыканская спартоўка і трэнэр, сябра Амэрыканскай асацыяцыі фэхтаваньня.

Старэйшае пакаленьне беларускай эміграцыі ў свае маладыя гады шмат увагі надавала фізычнаму выхаваньню і спорту. Многія беларускія асяродкі мелі свае спартовыя каманды. Заўзятым спартоўцам быў і вядомы беларускі дзеяч у Францыі Міхась Навумовіч.

Спадар Міхась назіраў за выступленьнямі беларускай каманды, асабліва хакейнымі матчамі з удзелам суродзічаў. Вядома, што зборная Беларусі перамагла на гэтай Алімпіядзе хакейную зборную Францыі. Гаворыць Міхась Навумовіч:

(Навумовіч: ) “Так, у Францыі ўвесь час гаварылі пра гэта, што беларуская хакейная дружына выйграла ў французаў. Я цешыўся, ясна, хоць я ўжо напалову француз, напалову беларус, але Беларусь – на першым месцы.

Тут многія французы блытаюць Беларусь з Расеяю. Гэтая думка ў Францыі існуе здаўна, тут шмат расейскай эміграцыі. Але вядома, што французаў пабілі беларусы, яны так і гаварылі – беларусы. Ясна, што цяпер усё ж прывыкаюць, але ўвогуле францускі народ усё яшчэ блытае беларусаў з расейцамі. У сьведамасьці французаў не існуе яшчэ гэтай розьніцы”.

Спадар Міхась выказаў сваё стаўленьне да хакейнай формы беларускіх спартоўцаў, якая выклікае непажаданыя асацыяцыі.

(Навумовіч: ) “У чырвоным такім, савецкім. Такую вопратку надзелі на сябе, нядобра”.

А вось што спадар Навумовіч лічыць асноўнай прычынай няўдач беларускай каманды:

(Навумовіч: ) “Слаба выступіла, таму што яна слаба падрыхтаваная, няма дынамікі ўнутранай, дынамікі духу. Дынаміка духу патрэбная, яе ў нас забіваюць, вынішчаюць, каб яна не ўзрасла, гэтая дынаміка нашага духу беларускага”.
XS
SM
MD
LG