Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наступствы ліквідацыі Дзяржаўнага камітэту ў справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў для беларускага замежжа.


Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі праходзіць рэарганізацыя дзяржаўных структураў. У сьпіс зьліквідаваных трапіў і Дзяржаўны камітэт у справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў, які займаўся таксама кантактамі з замежнымі беларусамі. Нягледзячы на тое, што тытульная нацыя ў камітэце была прыраўнаная да нацыянальных мяншыняў, беларусы замежжа пераадолелі сваё незадавальненьне бо на першае месца ставілі канкрэтную працу, а не структуру, якая будзе гэтай працай апекавацца.

Ад сярэдзіны 90-х камітэт актыўна дапамагаў замежным беларусам. Але, як і паўсюль, на ягоную дзейнасьць моцна паўплывалі палітычныя зьмены ў краіне. Рэжым Лукашэнкі пачаў спробы выкарыстаць дыяспару ў сваіх мэтах, асабліва ў краінах былога СССР.

У часе апошніх двух зьездаў беларусаў сьвету камітэт у справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў з пэўным посьпехам адкрыта займаўся расколам сярод беларускай дыяспары.

Што ж азначае ліквідацыя Дзяржаўнага камітэту ў справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў для беларускай дыяспары? Як успрымаюць гэтую падзею ў Беларусі і замежжы?

Гаворыць прэзыдэнт Згуртаваньня беларусаў сьвету Анатоль Грыцкевіч.

(Грыцкевіч: ) “Вялікіх пачуцьцяў няма. З гэтым камітэтам пасьля апошняга зьезду мы не пасьпелі пачаць супрацоўнічаць. Камітэт гэты – тыповая чыноўніцкая структура. Яго ліквідуюць, але будзе нейкі дэпартамэнт у міністэрстве ці другім камітэце, будзе праводзіць тую самую палітыку. Ён раней атрымаў заданьне правесьці зьезд суайчыньнікаў, па зьвестках, гэта будзе ў першай палове наступнага году. Там будуць прадстаўлены тыя беларускія суполкі замежжа, якія былі створаныя ў апошні год-два спэцыяльна, каб падтрымліваць дзяржаўную палітыку. Што тычыцца камітэта, дык асабліва плакаць няма чаго. За апошнія месяцы такіх кантактаў проста не было. Дарэчы, мы ня толькі для гэтага камітэту, але і для 12 міністэрстваў і камітэтаў прапанавалі свае праекты, разаслалі ва ўсе адрасы, у тым ліку і адміністрацыю прэзыдэнта і Савет міністраў. Пакуль што яны нам не адказалі”.

Мы зьвярнуліся і ў сам Дзяржаўны камітэт у справах рэлігі і нацыянальнасьцяў, які атрымаў магчымасьць працаваць яшчэ два месяцы, каб падрыхтавацца да рэарганізацыі. Даць інтэрвію нашай рэдакцыі яны адмовіліся, але паведамілі, што цяпер Аляксандар Лукашэнка разглядае іхную прапанову пра стварэньне падобнага камітэту пры Савеце міністраў. Але такая прапанова не знаходзіць падтрымкі ў суполках, якія супрацоўнічалі з камітэтам. Гаворыць Мікола Буры з Рыгі:

(Буры: ) “Я лічу, што калі вернецца да міністэрства культуры, напрыклад, будзе аддзел, дык там могуць вырашацца толькі пытаньні культуры, а як будуць іншыя справы, трэба ж глядзець на супрацоўніцтва з беларусамі ў замежжы больш шырока. Гэтая рэарганізацыя зьніжае ўзровень працы. Дзяржаўны камітэт мае права выхаду на прэм’ер-міністра, а калі гэта будзе толькі нейкі аддзел пры міністэрстве, то праца ў гэтым напрамку ня будзе эфэктыўнай, як была раней. Сёньня можна ўспрымаць станоўча тое, што кіраўніцтва дзяржавы вядзе працу па скарачэньні чыноўнага апарату. Гэта вельмі добрая зьява, але, як кажуць, каб з вадой ня выкінуць і дзіця”.

Вядома, што камітэт апошнім часам усяляк спрыяў тым беларусам у замежжы, якія ўхвалялі палітыку беларускіх уладаў і пазьбягаў кантактаў з апазыцыйна настроенай дыяспарай. Гаворыць кіраўнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Чэрскага Алег Рудакоў.

(Рудакоў: ) “Мне здаецца, што на сёньняшні момант у нашай краіне зусім адсутнічае хоць нейкая спрыяльная нацыянальная палітыка. Сёньня дзяржава ўвогуле не разумее, ці патрэбная ёй дыяспара, і ўвогуле, ці трэба падымаць беларускую культуру. На самай справе, дыяспара – гэта моцная сіла. Краіны, якія зразумелі гэта, робяць многа па ўмацаваньні сваёй дыяспары ў сьвеце, а гэта значыць – свайго іміджу і аўтарытэту за мяжою. Наша Іркуцкае таварыства беларускай культуры ўжо прызвычаілася працаваць без падтрымкі нашай дзяржавы. Мы самі здолелі сваімі справамі падняць у Іркуцку свой аўтарытэт і аўтарытэт нашай нацыі, але, на жаль, не дзяржавы. Бо за 5 гадоў існаваньня нашага таварыства мы ніводнага праекта з афіцыйнымі структурамі не ажыцьцявілі. Той Камітэт па справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў з намі ніяк не ўзаемадзейнічаў. Можа яны лічылі, што нейкія там патрэбна было ўзяць ад нас палітычныя замовы, што мы будзем пашыраць славянскае братэрства. Мы ўзаемадзейнічаем з рознымі арганізацыямі, зь некаторымі бізнэсоўцамі ў Іркуцку. Стварылі нават Беларускі гандлёвы дом, але зь Беларусьсю пакуль што не гандлюем. Ніякіх стасункаў у нас з гэтым камітэтам не было. Былі спробы, я прыходзіў да іх, мы размаўлялі, нават да нечага быццам бы дамаўляліся, але далей гэтага не ішло. Ня так даўно паблізу ад нас, ва Ўлан-Удэ, праходзіла навукова-практычная канфэрэнцыя, прысьвечаная пытаньням аб’яднаньня Расеі і Беларусі. Праводзіў яе расейскі бок. Ад Іркуцкай вобласьці паехалі прадстаўнікі ўладаў і я як прадстаўнік беларускай дыяспары. Я прачытаў там даклад, ён выглядаў, як радыкальны. Я не казаў пра аб’яднаньне Расеі і Беларусі, а канкрэтна, як наладзіць стасункі ў галіне навукі, адукацыі, эканомікі, культуры. Гэта былі канкрэтныя прапановы, як трэба ўзаемадзейнічаць Беларусі з беларускай дыяспараю ў Забайкальлі. Шмат каму мае прапановы спадабаліся, але прадстаўнікі зь Беларусі, якія прыехалі, выказалі зьдзіўленьне”.

Зь беларусамі Іркуцку кантакты не атрымаліся, але зь некаторымі іншымі суполкамі камітэт меў больш пасьпяховае супрацоўніцтва. Свае меркаваньні да факту ліквідацыі камітэту выказвае старшыня беларускай суполкі “Прамень” з Латвіі Мікола Буры.

(Буры: ) “Лічу, што на працягу апошніх гадоў, калі стварылі Камітэт па справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў, праца пайшла ў добрым накірунку, праца зь беларусамі замежжа. Лічу, што ліквідацыя гэтай установы можа вельмі адмоўна ўплываць на каардынацыю дзеяньняў па кансалідацыі беларусаў замежжа. Дзяржкамітэт быў ініцыятарам распрацоўкі закону аб суайчыньніках у замежжы. Цяпер мы вельмі хвалюемся, хто ж далей будзе займацца гэтай справаю.
Камітэт многа дапамагаў, многія пытаньні мы вырашалі зь ім. Была дапамога ў правядзеньні культурных мерапрыемстваў, дапамога мэтадычнай літаратурай, каардынацыя ўсіх справаў, напрыклад, падключэньне міністэрства культуры, дзеяньні іншых структураў замыкаліся на камітэце. Можна было б вырашаць пытаньне аб зьмене кіраўніцтва. Але камітэт актыўна працаваў зь беларусамі замежжа, выносіў нашыя праблемы на дзяржаўны ўзровень. Дапамога была”.

Магчымай прычынай ліквідацыі камітэту, які ўсё ж вёў пэўную працу зь беларускай дыяспарай, сталася незадаволенасьць кіраўніцтва дзяржавы вынікамі гэтай працы. Супрацоўнікі камітэту так і ня здолелі загітаваць усё беларускае замежжа на падтрымку палітыкі беларускіх уладаў. Некалькі разоў дзяржава беспасьпяхова плянавала правесьці свой кангрэс суайчыньнікаў, які павінен быў бы падтрымаць Лукашэнку. Не ўдалося таксама перашкодзіць і Згуртаваньню “Бацькаўшчына” правесьці два апазыцыйныя рэжыму зьезды беларусаў сьвету. Аднак прэзыдэнт Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Анатоль Грыцкевіч лічыць, што гэтыя прычыны не паўплывалі на пастанову Лукашэнкі.

(Грыцкевіч: ) “Гэта тыповая чыноўніцкая перабудова з мэтаю проста скараціць колькасьць міністэрстваў і камітэтаў. Я ня бачу нічога, што магло б раздражняць, ён вельмі старанна выконваў усё тое, што яму загадвалі. Напрыклад, на трэці зьезд беларусаў сьвету некаторым не давалі візы, іншым ня раілі ехаць, напрыклад, з Расеі і Ўкраіны – пралукашэнкаўскім арганізацыям. Ён рабіў тое, што трэба для ўлады”.

Дзейнасьць камітэту не задавальняла ў беларускай дыяспары многіх. Практычна, камітэт ня меў ніякіх кантактаў з заходняй эміграцыяй, якая не прызнае рэжыму Лукашэнкі. Ці можна станоўча ацэньваць адсутнасьць дзяржаўнай структуры для працы з дыяспарай? Гаворыць Анатоль Грыцкевіч:

(Грыцкевіч: ) “Патрэбная, зразумела. Але, я ня бачу пакуль што такога пробліску. Калі нешта новае будзе, то будзе такая ж чыноўніцкая структура, што загадаюць, тое і будуць рабіць.
Я не чакаю ад структураў гэтай улады нейкай дапамогі, перашкоды могуць быць, можна ўсяго чакаць ад іх. Але будзем спадзявацца, што розуму ў кагосьці там хопіць, каб зрабіць нешта добрае”.

Кіраўнік іркуцкага таварыства беларускай культуры Алег Рудакоў таксама лічыць, што дзяржава павінна надаваць больш увагі дыяспары і мець для гэтага адпаведную службу.

(Рудакоў: ) “Я быў на трэцім зьезьдзе беларусаў сьвету і таксама рабіў даклад пра ўзаемадзеяньне зь беларускай дыяспараю ў сьвеце. Там я казаў, што павінен быць асобны камітэт, які б наладжваў стасункі зь беларусамі замежжа. Былы камітэт займаўся больш унутранымі справамі – рэлігіяй і нацменшасьцямі ў Беларусі. Я нават лічу, што павінен быць адзін зь міністраў ці намесьнік старшыні Савету міністраў, які адказваў бы за справы з дыяспараю, бо гэта, падкрэсьліваю, моцная сіла. Праз дыяспару можна праводзіць і палітычныя, і эканамічныя пытаньні і культурнае ўзаемадзеяньне. Адпаведная структура павінна быць, але яна павінна быць рэальнай, працаздольнай”.

А тым часам беларускія суполкі, якія не знаходзяць паразуменьня з дзяржавай, кантактуюць у Беларусі зь іншымі арганізацыямі і атрымліваюць ад іх дапамогу. Ізноў гаворыць Алег Рудакоў.

(Рудакоў: ) “У Беларусі мы супрацоўнічаем ў галіне інфармацыйнага абмену са Згуртаваньнем беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, з Таварыствам беларускай мовы, з Навукова-асьветным цэнтрам імя Скарыны, які ўзначальваў Адам Мальдзіс, з Таварыствам “Радзіма,” з дапамогай якога аднойчы адпраўлялі нашага мастацкага кіраўніка на курсы ў Беларусь”.

У праграме “Сусьветная беларуская супольнасьць у ХХІ стагодзьдзі”, якую прыняў трэйці зьезд беларусаў сьвету ў сёлетнім ліпені, ставіцца пытаньне пра стварэньне асобнага Дзяржаўнага камітэту ў справах дыяспары. Але выглядае, што заместа кроку насустрач, беларускія ўлады зрабілі крок назад. Тым часам суседнія зь Беларусяй краіны, прыкладам Украіна, мае Дзяржаўны дэпартамэнт у справах нацыянальнасьцяў і эміграцыі, а Расея – цэлы шэраг дзяржаўных службаў, сярод якіх – Урадавая камісія ў справах суайчыньнікаў пад кіраўніцтвам віцэ-прэм’ера Хрыстэнкі, Дэпартамэнт у справах суайчыньнікаў і правоў чалавека пры міністэрстве замежных справаў, Росзарубежцэнтар пры ўрадзе Расейскай Фэдэрацыі і адпаведныя службы ў іншых міністэрствах.


XS
SM
MD
LG