Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна супраць тэрарызму пагражае вайной супраць эмігрантаў.


Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага


Розныя падставы змушаюць людзей пакідаць сваю Радзіму. Сёньня выразна заявіў пра сябе новы тып уцекачоў – уцекачоў-тэрарыстаў, якія выяжджаюць са сваёй Бацькаўшчыны зусім ня ў пошуках лепшай долі. Шмат хто зь іх уліваецца ў плыні звычайных уцекачоў. Як бароняцца ад такіх эмігрантаў эканамічна і дэмакратычна разьвітыя краіны сьвету? Ці падвышаецца ступень жорсткасьці іхнага эміграцыйнага заканадаўства? Пра гэта мы гаворым з нашымі суайчыньнікамі з тых заходне- і цэнтральна-эўрапейскіх краінаў, у якіх праблемы наплыву ўцекачоў стаяць асабліва востра.

Гаворыць Мікола Пачкаеў зь Вялікай Брытаніі:

(Пачкаеў: ) “Брытанскае заканадаўства адносна прыёму ўцекачоў пачало трансфармавацца яшчэ перад тэрарыстычнымі нападамі ў ЗША, хаця гэтыя напады, напэўна, стануцца каталізатарам таго, што заканадаўства зробяць яшчэ больш жорсткім. Праблема ўцекачоў была важнаю тэмаю яшчэ на апошніх выбарах. Кансэрватыўная партыя закідала ўраду, што дзяржаўная палітыка ў гэтай галіне заахвочвала ўцекачоў імкнуцца ў Брытанію. Тут патрэбна ўдакладніць, пра якую менавіта эміграцыю ідзе гаворка. Справа ў тым, што ў Брытаніі існуюць вялікія асяродкі выхадцаў з былых брытанскіх калёніяў. Вельмі часта магчымасьць знайсьці працу праз пасярэдніцтва сваіх сваякоў ці знаёмых з гэтых асяродкаў якраз і прываблівала тысячы выхадцаў з найбяднейшых краінаў Азіі. Канечне, такія матывы ня могуць разглядацца, як легітымныя з пункту гледжаньня ўраду. Каб абмежаваць прысутнасьць эмігрантаў, была ўведзена сыстэма прымусовай дыспэрсіі, гэта значыць, што ім не дазвалялася сяліцца у Лёндане і іншых буйных гарадох, уцекачоў адсылалі адразу на поўнач краіны”.

Мусульмане ў Вялікай Брытаніі нібыта жартам называюць Брэдфард другім Ісьлямабадам. Вялікія мусульманскія дыяспары існуюць таксама ў Манчэстары, Літцы і іншых местах краіны, дзе традыцыйна разьвівалася лёгкая прамысловасьць і прыежджых ахвотна бралі на працу ў якасьці таннай працоўнай сілы... Днямі ў заходнім друку зьявіліся паведамленьні, што дзясяткі грамадзянаў Вялікай Брытаніі мусульманскага веравызнаньня ваююць на баку Талібану.

Цяпер улады краіны змушаныя пачаць тэрміновы перагляд іміграцыйнага заканадаўства. Напрыклад, з мэтай падвышэньня кантролю за нелегальнай эміграцыяй брытанскія ўлады, як і ўлады Злучаных Штатаў, мяркуюць увесьці ідэнтыфікацыйныя карты. Мікола Пачкаеў працягвае:

(Пачкаеў: ) “Ня так даўно быў уведзены паскораны парадак разгляду справаў і дэпартацыі. Стала шырэй ужывацца практыка ўтрыманьня кандыдатаў на прытулак у спэцыяльных лягерох. Аднак, такія захады выклікалі крытыку з боку праваабарончых арганізацыяў. Падзеі 11 верасьня выразна зьмянілі балянс у гэтай барацьбе на карысьць брытанскага ўраду. Высьветлілася, напрыклад, што прытулак тут атрымалі некалькі тэрарыстаў. Так, у Лёндане жыве ісьлямскі духоўны лідэр, асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня за тэрарызм у сваёй краіне, які заклікае мусульманаў да падтрымкі бін Лядэна. Паводле новых зьменаў у заканадаўстве цяпер асобы, заўважаныя ў сувязях з тэрарыстычнай дзейнасьцю, ня будуць мець права прасіць прытулку. Парлямэнт таксама плянуе скасаваць артыкул 5 заканадаўства па правах чалавека. Замежных візіцёраў і тых, хто просіць прытулку, можна будзе затрымліваць на неабходны тэрмін бяз санкцыі суду, толькі па падазрэньню ў сувязях з тэрарызмам. Брытанскі ўрад актыўна выступае за хутчэйшае ўвядзеньне агульнаэўрапейскай сыстэмы прыняцьця і апрацоўкі заяваў на палітычны прытулак”.

Арабскі тэрарыст Махамэд Атта, які 11 верасьня скіраваў першы самалёт у будынак Усясьветнага гандлёвага цэнтру, прыехаў у Злучаныя Штаты з Прагі. Гэты трывожны сыгнал, а таксама новая палітычная сытуацыя ў сьвеце змусілі ўрад найбольш прывабнай для чужынцаў эўрапейскай краіны Чэхіі зьмяніць сваё лібэральнае заканадаўства на больш жорсткае. Адпаведны закон мусіць быць прыняты неўзабаве. Што ў ім новага? Гаворыць юрыст Чэскага Гельсынскага камітэту Паўла Градэчна:

(Градэчна: ) “Новае ёсьць тое, што дзяржаўныя органы будуць мець больш магчымасьцяў адмовіць у прытулку тым, хто ня мае для таго дастатковых падставаў. Для іх прадугледжваецца больш паскораная працэдура разгляду заяваў ад 7 да 30 дзён. Паўторную заяву на прытулак у выпадку атрыманьня адмовы на першую заяву, можна будзе падаваць толькі праз два гады. Зь існуючага закону будзе зьнята пазыцыя, якая дазваляла легальна працаваць ад моманту падачы заявы на прытулак. Пра дазвол на працу можна будзе зьвяртацца да ўладаў толькі праз год. Новы закон прадугледжвае выдачу сацыяльнай фінансавай дапамогі ад дзяржавы толькі на працягу 3 месяцаў. У выніку жадаючыя на прытулак, якія хацелі б адыйсьці зь лягеру, каб жыць прыватна, мусяць здабываць сродкі самі, але яны ня змогуць працаваць, бо праца будзе забароненая”.

Чакаецца, што зьмены закрануць і парадак прыезду палітычных уцекачоў у краіну. Паводле дзейнага заканадаўства палітычны прытулак у Чэхіі ня можа атрымаць чалавек, які прыехаў з дэмакратычнай краіны. Пры гэтым ня ўлічваўся пераезд праз дэмакратычную краіну транзытам. Цяпер паняцьце транзытнай краіны касуецца.

(Градэчна: ) “Заява кожнага, хто прыедзе ў Чэхію не самалётам, можа быць не прынята, як неабгрунтаваная таму, што ўсе суседнія нам краіны зьяўляюцца бясьпечнымі з пункту гледжаньня Міністэрства ўнутраных справаў”.

60% жыхароў такой паліткарэктнай краіны як Галяндыя выступаюць за высылку з краіны мусульманаў, што падтрымліваюць тэрарызам. У той самы час, пятая частка галянцаў, якія прыехалі туды з Марока і атрымалі ў гэтай НАТАўскай краіне грамадзянства, выступаюць за джыгад супраць Злучаных Штатаў. Паводле прагнозаў, праз 20 гадоў бальшыню жыхароў Гаагі будуць складаць мусульмане.

Гэткай самай лібэральнай да ўцекачоў была да апошняга часу і Бэльгія. Гаворыць Ігар Лазарчук, які нядаўна атрымаў там палітычны прытулак.

(Лазарчук: ) “Шмат што зьмянілася пасьля 11 верасьня. Напрыклад, ёсьць зьмены ў адносінах да палестынцаў, камісарыят па справах уцекачоў зараз можа запытваць іншыя ўлады, ці былі людзі, якія прасілі прытулак, удзельнікамі якой небудзь групоўкі –Хамас ці Хэзбаллы. Камісарыят па справах уцекачоў падрыхтаваўся да гэтай лавіны. Зараз у газэтах пішуць, што яго аддзелы пашыраныя і там працуюць не толькі тыя людзі, што ведаюць Жэнэўскую канвэнцыю, але і людзі зь міністэрства ўнутраных справаў – сьледчыя, а таксама і людзі, можа быць, з разьведак. У сувязі з тым, што вялікі наплыў уцекачоў у Бэльгію, у пачатку гэтага году ў Бэльгіі зьмянілася заканадаўства ў бок абмежаваньня. Калі раней працэдура разгляду справы ўцекача магла доўжыцца год-два, то зараз – 6 месяцаў. Раней чалавека маглі выпусьціць зь лягеру і даць яму хату, каб ён мог жыць у іншым месцы, то зараз пакуль ён не атрымае першы станоўчы адказ, ён вымушаны жыць у гэтым спэцыяльным цэнтры для ўцекачоў”.

Як бачым, чужынцы ў Бэльгіі, да вырашэньня іхных справаў, будуць жыць ізалявана. Ігар Лазарчук працягвае.

(Лазарчук: ) “Учора прадстаўнікі нашага Беларускага цэнтру і іншых арганізацыяў мелі сустрэчу з Галоўным камісарам па справах уцекачоў. Там ставілася пытаньне пра ўцекачоў з былых рэспублікаў Савецкага Саюзу. Таксама будзе больш жорсткае стаўленьне. У Бэльгіі могуць таксама зараз правяраць дакумэнты на станцыях, у мэтро. Калісьці яны запрасілі сюды на працу шмат людзей мусульманскага веравызнаньня. У іх цяпер дзеці з бэльгійскімі пашпартамі. У пашпарце напісана, што ён грамадзянін Бэльгіі, але ў галаве ён грамадзянін Марока ці іншай мусульманскай краіны. І вось гэта зразумелі ўлады і зараз гэтая псыхалёгія вельмі мяняецца, трэба даказаць, што ўсе – адзін народ”.

Францускае грамадзянства маюць 4 мільёны 400 тысячаў алжырцаў, мараканцаў і іншых выхадцаў з мусульманскіх краінаў. Яны ўяўляюць сабой немалую палітычную сілу і, магчыма, таму Францыя, пасьля заявы ў падтрымку дзеяньняў антытэрарыстычнай кааліцыі, праяўляе відавочную стрыманасьць у канкрэтных дзеяньнях... Ці плянуе гэтая краіна нейкія абмежаваньні для ўцекачоў? Гаворыць Лявон Шыманец з Парыжу.

(Шыманец: ) “Сёньня пра гэтыя пытаньні ні ў прэсе, ні на тэлебачаньні не гаворыцца. Можа быць, што ёсьць нейкая акцыя з боку дзяржавы супраць тэрарызму, каб ён не пашыраўся у краіне, каб людзі, якія прыяжджаюць сюды, не былі тэрарысты, каб яны былі пад кантролем.

Францыя такая краіна, што яна баіцца парушаць гэтыя пытаньні. Як толькі нешта скажацца супроць бежанцаў, адразу тут ёсьць рэакцыя з усіх бакоў, больш якраз з боку арабаў. У Францыі былі таксама акты тэрарыстаў у 1995 годзе. Дзяржава падтрымлівае абсалютна Амэрыку і акцыю супроць тэрору. Але тут жыве такі антыамэрыканізм, я ня ведаю, калі гэта пачалося. Гэты антыамэрыканізм мае тут сілу. Каб у Францыі такі самалёт разьбіў Эйфэлеву вежу ці Луўр, то рэакцыя тут была б зусім іншай”.

Пад рэальнай пагрозай уцякацкай плыні, зьвязанай з вайной у Афганістане, апынулася і Расея. Днямі ўрад краіны заявіў пра намер зьмяніць эміграцыйнае заканадаўства, а 18 кастрычніка Дзяржаўная Дума прыняла новы закон пра грамадзянства, які прадугледжвае значныя абмежаваньні для тых, хто хоча жыць у Расеі.

Сёньня ў Эўропе жыве прыкладна 20 млн. выхадцаў з краінаў Азіі і Афрыкі, зь іх – у Нямеччыне – 3.2 млн. мусульманаў, Брытаніі - 2,4 млн, Італіі - 700 тыс., блізу 400 тыс. – у Гішпаніі і нават у Швэцыі – 300 тыс. У мінулым годзе прытулак у краінах Эўразьвязу папрасілі 390 тыс. асобаў з Цэнтральнай Азіі, пераважна – Афганістану, Ірану і Іраку.

На сёньня Эўразьвяз ня мае агульнаэўрапейскай сыстэмы прыняцьця і апрацоўкі заяваў на палітычны прытулак, што магло б аблегчыць кантроль за эміграцыяй, каб у лік уцекачоў не траплялі тэрарысты.
Няма таксама сыстэмы каардынацыі і сумесных праграмаў інтэграцыі чужынцаў у эўрапейскае грамадзтва, што дапамагло б пазьбегнуць ізаляцыі нацыянальных абшчынаў і далучыць іх да сыстэмы маральных каштоўнасьцяў эўрапейскіх народаў, свой выбар жыць сярод якіх яны зрабілі самі.

Да гэтага варта дадаць, што і ў Беларусі ўцекачы з мусульманскіх краінаў зусім ня рэдкасьць. Але сёньня нашая краіна выпала з агульнаэўрапейскага палітычнага і юрыдычнага кантэкстаў. Эўропа ўпарадкуе эміграцыйныя пытаньні, а Беларусь можа застацца сам-на-сам з новымі праблемамі, якія так нечакана і востра паставілі перад сьветам брутальныя тэракты супроць ЗША.
XS
SM
MD
LG