Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антытэрарыстычная вайна вачыма беларусаў трох кантынэнтаў.


Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Маральна ўзрушаная Амэрыка, занепакоеная Эўропа і ўстрывожаная Аўстралія. Прыблізна так можна ахарактарызаваць пачуцьці нашых суайчыньнікаў, якія жывуць на гэтых трох кантынэнтах. Жывуць пад уражаньнем падзеяў 11 верасьня ў Злучаных Штатах і разам з усім сьветам перажываюць іхныя наступствы.

Сям’я ўсясьветнавядомага навукоўца ў галіне касьмічных дасьледаваньняў, грамадзяніна Злучаных Штатаў Барыса Кіта жыве на двух кантынэнтах. Два сыны зь сем’ямі – у Амэрыцы, а сам навуковец – у Эўропе. Як выглядае зь Нямеччыны пастанова ЗША распачаць антытэрарыстычную вайну. Гаворыць Барыс Кіт:

(Кіт: ) “Я думаю, што ўсе гэтыя рашэньні амэрыканскага прэзыдэнта і амэрыканскага народу ёсьць правільныя, Амэрыка ж доўгія гады цярпела ад тэрарызму. Прыйшоў момант, калі трэба было нешта рабіць. Вайна, якую абвесьціў прэзыдэнт Амэрыкі, ёсьць справядлівая і слушная”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Барыс, мы пачулі вашую думку і ведаем думку нямецкага ўраду, які адназначна падтрымаў антытэрарыстычную вайну. Але ці ўсе ў Нямеччыне падзяляюць гэтыя погляды?”

(Кіт: ) “Наагул, можна сказаць, што насельніцтва Нямеччыны ставіцца пазытыўна таму, што Нямеччына мае цесныя сувязі з Амэрыкай, нават сямейныя. У ЗША жыве 14 мільёнаў грамадзян нямецкага паходжаньня. У нас тут ідуць усялякія дыскусіі. Большасьць насельніцтва стаіць за падтрымку Амэрыкі. Але, тут ёсьць і шмат эмігрантаў арабскага паходжаньня. Гэтыя людзі не зусім згаджаюцца з урадам і робяць дэманстрацыі. Асабліва актыўная моладзь – левая, радыкальная”.

А цяпер перанясемся ў Паўночную Амэрыку. Беларускі пісьменьнік, грамадзянін Канады Кастусь Акула лічыць, што жыхары кантынэнту рашуча настроеныя на адпор тэрарыстам:

(Акула: ) “У Канадзе і ў Амэрыцы мы, фактычна, як адна краіна, разам будзем усімі магчымымі спосабамі змагацца з тэрарыстамі. Усё гэта робіць адмоўны ўплыў на эканоміку абедзьвюх краінаў, людзі трацяць працу, сытуацыя ўплывае на фінансавыя біржы ў нас і ў ЗША. Так што грамадзтва ўспрымае даволі адважна, прымаючы на сябе пэўны кантроль, каб змагацца. Супроць бамбардаваньня амэрыканцамі ў Афганістане ніхто паважны ў Канадзе не выступае”.

Са спадаром Акулам мы размаўлялі ў тыя хвіліны, калі ён зьбіраўся ісьці на чарговы зьезд канадыйскіх беларусаў:

(Акула: ) “38 зьезд беларусаў Канады адбываецца раз у два гады, пераабіраем усе ўлады. Летась і пазалетась да нас тут быў прыплыў новых беларусаў, цяпер, відаць, ён ужо ня спыніцца”.

Беларуская эміграцыя павялічваецца. Людзі адважваюцца мяняць жыцьцё пры рэжыме на жыцьцё пад небясьпекай тэрарыстычных акцыяў, бо ў гэтым жыцьці на баку чалавека стаіць дзяржава.

Яшчэ на пачатку антытэрарыстычнай вайны ўрад краіны-кантынэнту Аўстраліі, адначасна з урадамі Францыі, Нямеччыны і Канады заявіў пра гатовасьць узяць удзел у ваенных дзеяньнях ЗША і Вялікай Брытаніі супраць тэрарыстаў і іхных памагатых.
Як успрынялі гэтую пастанову аўстралійцы? Гаворыць кіраўнік беларускай рэдакцыі сыднэйскага радыё Вячаслаў Елькановіч:

(Елькановіч: ) “10 лістапада ў Аўстраліі адбудуцца выбары ў фэдэральны парлямэнт. Тое, што ўрад паабяцаў усебаковую дапамогу амэрыканцам, у тым ліку і вайсковую, падвысіла шанцы цяперашняй урадавай кааліцыі застацца пры ўладзе і на наступны тэрмін. Пераважная бальшыня аўстралійцаў выказвае падтрымку ўраду. Між тым становішча ў краіне не такое адназначнае, як выглядае і як бы хацелася. Аўстралія, як вядома, краіна эмігрантаў. Мусульманскае насельніцтва тут даволі значнае. Далёка ня ўсе мусульмане падтрымліваюць дзеяньні Злучаных Штатаў і Вялікабрытаніі ў Афганістане. Больш за тое, на гэтых днях стала вядома, што аўстралійская выведка разам з фэдэральнай паліцыяй выявілі тут ня менш за 100 асобаў арабскага паходжаньня, якія маюць цесныя дачыненьні да такіх арганізацыяў, як Хамаз ды Аль Каіда. Цікава, што бальшыня зь іх або нарадзіліся ў Аўстраліі, або маюць статус поўнага грамадзянства. Штотыдзень у Аўстраліі адбываюцца дэманстрацыі пацыфістаў. Адначасова ўрад заклікае не дапусьціць расавай і міжрэлігійнай міжусобіцы. Ад 11 верасьня тут ужо падпалена каля 20 культавых установаў – мячэцяў і цэркваў. Напрыклад, на ўкраінскай царкве ў Сыднэі ноччу намалявалі графіці “Сьмерць хрысьціянам і габрэям”. У нядзелю, 14 кастрычніка, быў зачынены Сыднэйскі міжнародны аэрапорт, бо там знайшлі пакет зь невядомым парашком, які быў накіраваны на аналіз, ці няма бактэрыяў сібірскай язвы. Потым перадалі па радыё і тэлевізіі, што небясьпекі няма. Паліцыя ўвяла ў дзеяньне мэханізмы бясьпекі, якія існавалі ў Сыднэі пад час леташніх алімпійскіх гульняў. Усё гэта, зразумела, нэрвуе людзей, але панікі няма, проста людзі сталі больш асьцярожныя”.

(Карэспандэнт: ) “Ці закранулі падзеі некага з аўстралійскіх беларусаў?”

(Елькановіч: ) “Працу тут праз гэта ніхто пакуль ня страціў. Але, у многіх беларусаў ёсьць сваякі ў Злучаных Штатах і мы вельмі хваляваліся за іх. У некаторых беларусаў дзеці працуюць там, таксама гэта было небясьпечна”.

(Карэспандэнт: ) “Як успрымаюцца ў Аўстраліі зараз дзеяньні антытэрарыстычнай кааліцыі ў Афганістане?”

(Елькановіч: ) “З тэрарызмам змагацца трэба, гэта чума ХХІ стагодзьдзя. Калі гэтую хваробу запусьціць, то далей выратавацца будзе шмат цяжэй. Аўстралійскі друк у большасьці прытрымліваецца гэтай думкі. Але, гэтае пытаньне вельмі цяжкое. Аўстралія – шматкультурная краіна, арабскае насельніцтва тут значнае і таксама ўплывовае. Таму газэты і радыё, тэлебачаньне выступаюць вельмі і вельмі асьцярожна, разам з урадам заклікаюць не дапусьціць расавай і міжрэлігійнай міжусобіцы. Для Аўстраліі, можа як не для якой іншай краіны, гэта можа мець найгоршыя наступствы. Урад нам кажа, што тое, што можа спатрэбіцца ад Аўстраліі – гэта нашыя караблі, якія ўжо выйшлі і стаяць у раёне дыслякацыі амэрыканскага флёту, таксама нашыя самалёты-дазапраўшчыкі, якія могуць вельмі дапамагчы, і калі трэба будзе, Аўстралія прадаставіць свой спэцназ”.

(Карэспандэнт: ) “Блізкім суседам Аўстраліі ёсьць пераважна мусульманская Інданэзія. Менавіта на інданэзійскіх параплавах кіруюцца апошнім часам уцекачы з мусульманскіх краінаў да берагоў пераважна хрысьціянскай Аўстраліі. Як выглядае гэтая сытуацыя?”

(Елькановіч: ) “Так, Інданэзія ёсьць краінаю, дзе жыве самая большая колькасьць мусульманскага насельніцтва ў сьвеце, і яна вельмі блізка. Праблема ў тым, што апошнім часам асабліва многа да Аўстраліі стала даяжджаць нелегальных імігрантаў у пераважнай бальшыні з Афганістану, Пакістану, Ірану і Іраку. Цяпер урад прыкладае ўсе намаганьні, каб не дапусьціць нелегальных эмігрантаў на тэрыторыю Аўстраліі таму што, як кажа ўрад, сярод сапраўдных уцекачоў могуць быць і сябры тэрарыстычных арганізацыяў. Урад пайшоў на вялікія фінансавыя затраты, каб разьмясьціць гэтых нелегальных эмігрантаў не на тэрыторыі Аўстраліі, а на тэрыторыі, напрыклад, Науру, Папуа Новая Гвінэя.
Але, гэтыя нелегальныя імігранты на караблях амаль штотыдзень падплываюць да берагоў Аўстраліі і нашыя ваенна-марскія сілы вымушаныя прымаць удзел у апэрацыях, каб не дапусьціць іх высадкі на берагах Аўстраліі”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі небясьпечныя гэтыя ўцекачы для вашай краіны?”

(Елькановіч: ) “Напрыклад, адзін з самых апошніх выпадкаў. Калі фрэгат “Адэляйда” перахапіў каля выспы Раства судна, поўнае іракскіх і афганскіх уцекачоў, яны пачалі кідаць сваіх дзяцей у ваду у знак пратэсту, бо фрэгат не падпускаў іх да берагоў Аўстраліі. Пасьля таго, як фрэгат выратаваў гэтых дзяцей і некалькіх жанчынаў і вымусіў гэтую шхуну інданэзійскую адыйсьці ад берагоў, уцекачы нешта зрабілі на шхуне і яна пачала тануць. Маракі фрэгату вымушаныя былі ратаваць уцекачоў і пераняць іх на свой борт.
Цяпер стала вядома больш падрабязна пра той першы выпадак з нарвэскім караблём, што стаў шырока вядомы міжнароднай прэсе. Памятаеце, бежанцаў тады перавозіў іншы аўстралійскі фрэгат “Манура”, цяпер ён прыйшоў у Сыднэй і стала вядома, як паводзілі сябе гэтыя бежанцы на караблі, як яны там разьбівалі мэблю, нанесьлі пашкоджаньні маёмасьці. Як справядліва зазначылі прадстаўнікі ўраду Аўстраліі і апазыцыі, што калі бежанцы ўцякаюць са сваіх краінаў, дзе іх прыцясьняюць і пагражаюць іх жыцьцю, то першае, пра што думае бежанец, гэта як захаваць сваю сям’ю, сваіх дзяцей. А калі гэтыя людзі, каб дасягнуць сваёй мэты, а іх не цікавіць іншая краіна, кідаюць сваіх дзяцей у ваду, тут ужо паўстаюць пытаньні, а ці сапраўдныя гэта бежанцы і ці сапраўды яны толькі хочуць уратаваць свае сем’і?”

На прыканцы размовы Вячаслаў Елькановіч распавёў пра выпадак, які паказвае, наколькі рэальнай ёсьць пагроза тэрарызму і для далёкай Аўстраліі

(Елькановіч: ) “У Сыднэі ёсьць самы высокі будынак, дзе разьмешчаныя адвакацкія канторы, вельмі важныя офісы і кансулят Злучаных Штатаў. Недзе за тыдзень да падзеяў у ЗША ў файе будынку была заўважаная група людзей арабскага паходжаньня, якія здымалі на відэа файе, лесьвіцы, ліфты і г.д. Калі іх папрасілі адыйсьці, дык яны не прыслухаліся. Але, калі зьявілася паліцыя, яны зьніклі. Тады гэтаму інцыдэнту не прыдалі ніякай увагі. І толькі цяпер, калі стала вядома, што здарылася ў ЗША, прыпомнілі сыгнал гэтай адвакаткі, якая тады патэлефанавала ў паліцыю і паведаміла пра выпадак. Цяпер фэдэральная паліцыя пачала весьці расьсьледаваньне, каб знайсьці гэтых людзей”.

Розныя падставы змушаюць людзей пакідаць сваю радзіму. Сёньня выразна заявіў пра сябе новы тып уцекачоў – уцекачоў-тэрарыстаў, якія выяжджаюць са сваёй Бацькаўшчыны зусім ня ў пошуках лепшай долі. Як бароняцца ад такіх эмігрантаў эканамічна і дэмакратычна разьвітыя краіны сьвету? Ці падвышаецца ступень жорсткасьці іх эміграцыйнага заканадаўства? Пра гэта – у наступным выпуску перадачы “Беларускае Замежжа”.
XS
SM
MD
LG