Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ЗША: жыцьцё пасьля трагедыі.


Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Тэма вайны. Пасьля трагедыі 11 верасьня яна запаланіла старонкі пэрыядычных выданьняў, радыё- і тэлеэфіры, сталася актуальнай у размовах паміж людзьмі. Сярод беларускай эміграцыі ў ЗША ёсьць людзі, якія ўжо аднойчы перажылі ваеннае ліхалецьце. Цяпер яны найбольш хвалююцца за лёсы сваіх дзяцей і ўнукаў, у чыё жыцьцё ўваходзіць слова “вайна”.

Сям’я Андрусышыных жыве ў самым цэнтры Нью-Ёрку. У дзень трагедыі Юля і Паўло былі на сваім лецішчы “Мой родны кут”. Установа, дзе працуе іхны старэйшы сын, знаходзіцца недалёка ад Усясьветнага Гандлёвага Цэнтру. Гаворыць маці Юлі Андрусышынай Яніна Каханоўская:

(Каханоўская: ) “З нашай сям’і быў толькі мой унук старэйшы – Юрка. Мы пазванілі да яго ў хату, яго ўжо не было, але жонка сказала, што ён быў дома, як гэты выбух адбыўся, таму што ішоў на другую зьмену. Але як гэта сталася, ён адразу апрануўся і паехаў. Потым мы ўжо яго і ня бачылі. Знаем толькі, што ён працуе, што жывы і гэта нас супакойвае”.

Сп. Яніна перажыла другую ўсясьветную вайну, была ў Менску ў час, калі яна пачыналася. Яна прыгадвае, што і ў той час людзі ня верылі, што небясьпека вайны магчымая.

(Каханоўская: ) “Мы там, насельніцтва, спачатку не разумелі і не адчувалі. Тады была моцная прапаганда савецкая. Нам раздавалі адгазьнікі на выпадак небясьпекі, але адначасна казалі, што на нашай тэрыторыі мы ваяваць ня будзем – і людзі сьвята гэтаму верылі”.

Кацярына Вініцкая з Лос-Анджэлесу таксама перажыла вайну ў Беларусі. 11 верасьня яна адчула такое самае пачуцьцё страху, якое было 22 чэрвеня 1941 году.

(Вініцкая: ) “Трудна нават выказаць, як мы адчуваем сябе, пачуцьцё такое – замерзшае. Ня ведаем, куды і ў які бок гэта ўсё пойдзе. Відаць, што людзей гэта страшэнна ўстрасло. Раптам бачыш нейкую асьцярожнасьць вялікую, якое раней не было. Амэрыканцы заўсёды адчувалі сябе свабодна, яны даражылі незалежнасьцю, нават пратэставалі, калі ішлі ў самалет, што там замнога іх аглядалі”.

Сын Кацярыны і Яраслава Вініцкіх, унук вядомага аўтара кнігі пра беларускую эміграцыю ў Нямеччыне часоў другой Усясьветнай вайны – Аляксея Вініцкага, служыць у рангу маёра ў марской пяхоце Злучаных Штатаў.

(Вініцкая: ) “Яго яшчэ нікуды не адправілі, яшчэ ня мае загаду, мы сядзім і чакаем. Калі мы пытаемся, ён адказвае, што ўсё вельмі добра”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Кацярына, у гэтай сытуацыі, ці лічыце вы, як маці вайскоўца, што ЗША мусяць адказаць на тэракты акцыяй помсты?”

(Вініцкая: ) “Я не магу выказацца за адно ці другое. Шкода зроблена Амэрыцы нявінна зусім і сказаць, што на гэта ня трэба рэагаваць, я не магу. Але, калі рэагаваць, то яшчэ большая бяда можа быць.
Пачуцьцё такое, што сяджу, як маці, чакаю, што будзе далей”.

(Карэспандэнт: ) “Але вы ўжо аднойчы былі ў падобнай сытуацыі...”

(Вініцкая: ) “Ён быў у Пэрсыдзкай затоцы, на фронце там. Ён перажыў гэта і мы таксама, дзякуй Богу, вярнуўся здаровы і цэлы”.

Сёньня ў войску ЗША служаць і іншыя людзі зь беларускіх сем’яў. Магчыма, некаторыя зь іх будуць беспасярэдне ўдзельнічаць у антытэрарыстычных апэрацыях Злучаных Штатаў.

У Бостане, адкуль 11 верасьня выляцелі два самалёты, кіраваныя пілётамі-самагубцамі, існуе аддзел Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня. Сёньня мы размаўляем са старшынём аддзелу Раманам Кардонскім, які падчас нападу знаходзіўся на працы ў сваёй фірме.

(Кардонскі: ) “Адразу быў проста шок, потым пачалася паніка, бо шмат у каго хтосьці працуе ў Нью-Ёрку, ёсьць родныя. У нас у адной супрацоўніцы дачка працавала ў Сусьветным гандлёвым цэнтры і зараз лічыцца ў ліку загінуўшых. Мы вельмі сябруем з адной амэрыканскай сям’ёй, яны жывуць у Нью-Гемпшыры. Іх сусед быў менавіта той пілёт, які пілятаваў адзін з самалётаў. Ён польскі эмігрант ці нашчадак польскіх эмігрантаў, а магчыма – і беларускіх. Ён быў пілётам рэйсу № 11, таго першага самалёта, які атакаваў вежы ў Нью-Ёрку. Яны прыходзілі суцяшаць гэтую суседку, у якой загінуў муж, яму было 42 гады. Для бостанцаў гэта быў падвойны ўдар. Было пачуцьцё сораму перад іншымі амэрыканцамі, бо два самалёты ўзьляцелі адсюль. Нават мне было сорамна, я шмат разоў вылятаў з нашага лётнішча і паглядзеў, што security там фактычна не было”.

(Карэспандэнт: ) “А якая была рэакцыя людзей пасьля першага шоку?”

(Кардонскі: ) “Першая рэакцыя ў амэрыканцаў, як я заўважыў, пасьля таго, як шок праходзіў, у іх адразу памкненьне дзейнічаць, штосьці рабіць. Што, напрыклад, зрабілі мы. Шмат супрацоўнікаў паехалі ў Чырвоны Крыж здаваць кроў”.

(Карэспандэнт: ) “І Вы таксама?”

(Кардонскі: ) “Вядома, у чарзе пастаяў і здаў. Літаральна за паўдня ўжо ўсе банкі крыві былі перапоўненыя. Шмат людзей, якія не змаглі здаць кроў, як мая жонка, яны ахвяравалі грошы. Я таксама ахвяраваў. Пытаўся ў некаторых беларусаў тут, хто мае сталую працу – кожны ахвяраваў. Не было ніякай агітацыі, ніхто нікога не заклікаў. Я мяркую, што гэта было памкненьне 90 адсоткаў амэрыканцаў”.

Гэтую думку падцьвярджае і Яніна Каханоўская, калі гаворыць пра рэакцыю жыхароў Ню-Ёрку:

(Каханоўская: ) “Тут, у Нью-Ёрку, людзі вельмі мужна захоўваюцца. Шмат дабравольцаў пайшло памагаць. Крыві не хапае – зараз жа пайшлі здаваць. Гэта багатая краіна, сьведамая краіна, гэта ж не Савецкі Саюз”.

Але вернемся да размовы з Раманам Кардонскім.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Раман, Вы эмігрант, які нядаўна асталяваўся ў Злучаных Штатах. Ці адчулі вы нейкія зьмены ў адносінах да вас пасьля 11 верасьня?”

(Кардонскі: ) “Усё ж мы неяк пачуваліся эмігрантамі. І тут я раптам проста адчуў, што я сябра гэтай вялікай амэрыканскай сям’і, што я – адзін зь іх. Стаўленьне нейкае было такое братэрскае. Гэта падзея, магчыма, яна ўзьвяла нейкія муры там дзесьці, але тут гэты нябачны мур, які нас усё ж такі адмяжоўваў ад амэрыканцаў, магчыма мы самі будавалі яго ў сваёй сьведамасьці, ён рухнуў. Неяк гэта падзея павярнула амэрыканцаў. Яны перасталі быць унутрана засяроджанымі, яны павярнуліся да сьвету”.

(Карэспандэнт: ) “А ці было нешта такое, што вас асбліва ўразіла ў гэтыя дні?”

(Кардонскі: ) “Цікавы быў выпадак. Калі я глядзеў, я амаль сваім вачам ня верыў. Выступаў былы памочнік дырэктара ФБР і ён сказаў, што небясьпека будзе, пакуль у сьвеце існуюць такія дыктатарскія рэжымы, якія гандлююць зброяй і падтрымліваюць тэрарызм, у ліку іншых такіх краінаў ён назваў Беларусь”.

Нагадаем нашым слухачам, што апошнім часам у Беларусі былі распрацаваныя: новы танк, новы – паводле заявы канструктараў – лепшы ў сьвеце аптычны прыцэл, а таксама мадэль новага дзьвюхасабовага самалёту СМ-1, якім, у часе сёлетняй выставы ўзбраеньняў у Менску, асабліва зацікавіліся прадстаўнікі ўзброеных сілаў Расеі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Лівіі ды Паўдзённай Карэі.

Але вернемся да размовы з Раманам Кардонскім.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Раман, як адчуваюцца ў Бостане наступствы трагедыі?”

(Кардонскі: ) “Гэтыя падзеі адбіваюцца на жыцьці кожнага з нас і паўсядзённа. Імкліва паляцелі уніз каціроўкі акцыяў. Тое, што людзі накаплівалі гадамі, літаральна на вачах пачало абясцэньвацца. Пачалося звальненьне з працы з многіх кампаніяў, якія працуць у галіне страхаваньня. Рэзка зьменшылася колькасьць вылетаў, адбылося скарачэньне і там. Ведаю ўжо некалькі людзей, якія згубілі працу толькі з-за таго, што адбылося”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць сярод іх беларусы?”

(Кардонскі: ) “Так, беларусы – сябры нашага аддзелу БАЗА. Хтосьці зь іх працаваў у страхавой кампаніі. Я ведаю чалавека, які працаваў непасрэдна ў аэрапорце. Я так зразумеў, што ён страціў працу не з-за таго, што быў дрэнны прафэсіянал, а таму, што стала больш увагі надавацца бясьпецы і на ўсіх эмігрантаў пачалі коса паглядаць, асабліва там, дзе пытаньні бясьпекі выносяцца на першае мейсца. Мяркую, што гэта вельмі нэгатыўна адаб’ецца на тых людзях, якія плянавалі прыехаць у Злучаныя Штаты”.

Неспакой адносна эканамічных наступстваў трагедыі 11 верасьня адчуваецца і ў сям’і Кацярыны Вініцкай.

(Вініцкая: ) “Я скажу нават прыклад у нашай сям’і. Дачка наша мае працу такую, што ёй вельмі многа трэба лятаць у другія гарады. Зараз яна мела ляцець у Тэхас, Нью-Джэрзі, але яна сказала свайму кіраўніку, што яна ня пойдзе ў самалёт. Яна думае, што патрэбна мяняць працу, якая была вельмі добрая”.

А цяпер яшчэ адно пытаньне да Рамана Кардонскага.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Раман, вы сказалі, што да вас, як да новых эмігрантаў, стаўленьне амэрыканцаў палепшылася, а ці зьмяніліся іхныя адносіны да асобаў арабскага паходжаньня?”

(Кардонскі: ) “Былі тут некалькі эксцэсаў. Напрыклад, у мяне калега, ягоная жонка працуе ў інтэнсіўнай тэрапіі. Туды трапілі два арабы, якія падчас, калі гэта паказвалі па тэлевізары, выказвалі радасьць. Жанчыны на іх накінуліся”.

(Карэспандэнт: ) “Ці азначае гэта, што амэрыканцы прагнуць помсты, як людзі ставяцца да магчымай акцыі адплаты?”

(Кардонскі: ) “Яны ня ставяцца да акцыі адплаты так, што там павінны спляжыць Афганістан. Але людзі ня могуць зразумець простую рэч: калі ёсьць доказы супроць гэтага чалавека... Яго ж не зьбіраецца ўрад Злучаных Штатаў забіваць, яго хочуць прыцягнуць да суду, калі яны хочуць прыслаць міжнародных назіральнікаў, калі ласка, суды ў нас адчыненыя. Стаўленьне такое, што тыя , хто вінаватыя ў гэтым злачынстве, яны павінны быць пакараныя. І гэта ёсьць агульнае, што аб’ядноўвае ўсіх амэрыканцаў”.

Да словаў Рамана Кардонскага хочацца дадаць, што найперш грамадзянаў Злучаных Штатаў аб’ядноўвае пачуцьцё патрыятызму. Які ён гэты патрыятызам у амэрыканскіх беларусаў і якім чынам ён ужываецца побач зь беларускім патрыятызмам? Пра гэта – у наступным выпуску перадачы “Беларускае замежжа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG