Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як успрымаюцца вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у беларускім замежжы?


Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Янка Запруднік, Сямён Шарэцкі, Яўген Груша, Міхась Навумовіч, Вітаўт Кіпель

“На вялікі жаль, за фасадам выбараў Лукашэнка змог зрэжысаваць сваю бессэнсоўную перамогу”. Гэтыя словы прадстаўніка Дзяржаўнага дэпартамэнту Злучаных Штатаў Філіпа Рыкера адлюстроўваюць погляд бальшыні заходніх назіральнікаў за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі. На аснове гэтага погляду Захад будзе вызначаць сваю далейшую палітыку ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі.

А як успрынялі вынікі выбараў заходнія грамадзяне – прадстаўнікі беларускай дыяспары? Напачатку мы зьвярнуліся да вядомага беларускага дзеяча Янкі Запрудніка зь Нью-Ёрку.

(Запруднік: ) “Вынікі ня розьняцца ад тых, якія былі падчас парлямэнцкіх выбараў летась. Прырода рэжыму не зьмянілася, таму і вынікі такія самыя. Адбыліся выбары пад прымусам і застрашваньнем. Таму гэтыя лічбы – 75%, 15% , гэта ўсё штучнае. Безумоўна, Лукашэнка мае за сабою частку электарату, гэтага ніхто не аспрэчвае. Але, увесь сьвет аспрэчвае вось гэтыя афіцыйныя адсоткі. Ідэі Ганчарыка-Домаша, тае дэмакратычнае кааліцыі, якая ішла на выбары, карыстаюцца ў Беларусі шмат большаю падтрымкаю, чым гэтыя 15%.
З боку ўраду ідзе хлусьня. Сёньня я атрымаў прэсавы камунікат ад беларускай амбасады ў Вашынгтоне, у ім ёсьць спасылка на Кіма Кільюнена, гэта каардынатар групы назіральнікаў ад АБСЕ, якая пацьвярджае ягонае задавальненьне тым, што выбары адбыліся спакойна, трэба разумець, што, быццам, нармальна. Тым часам агенцтва Assotiated Press падае словы таго ж самага Кільюнена, які сказаў, што працэс быў крыху свабодны, але несправядлівы. Іншыя агенцтвы таксама падаюць заявы назіральнікаў, якія ні як не супадаюць з афіцыйнымі паведамленьнямі ўрадавых сродкаў інфармацыі зь Менску. Гэтая хлусьня павінна быць найперш неяк расшыфраваная. Трэба вывесьці на паверхню сапраўдны стан рэчаў. Трэба задакумэнтаваць, як гэтыя выбары адбываліся ў сапраўднасьці”.

(Карэспандэнт: ) “Як успрынялася беларусамі ЗША вестка пра тое, што Лукашэнка надалей застаецца ва ўладзе?

(Запруднік: ) “Гэтая вестка – гэта шок. Было крыху спадзяваньне на моцную заяўку дэмакратычных сілаў. Але шок гэты перажывецца. Мы перажылі шок у 1995 годзе. Трэба глядзець на шырокі працэс разьвіцьця беларускай нацыянальнай сьведамасьці, станаўленьня палітычнай культуры. Я думаю, што падаць духам ня трэба, трэба працаваць. Раней, ці пазьней Беларусь выйдзе на шляхі да лепшага жыцьця”.

Старшыня разагнанага Лукашэнкам Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Сямён Шарэцкі вымушаны быў ад’ехаць у эміграцыю і жыве зараз у амэрыканскім горадзе Кліўлэндзе. Мы папрасілі яго выказаць сваё меркаваньне пра выбары.

(Шарэцкі: ) “Вынікі даволі сумныя. Гісторыя яшчэ ня ведае такога выпадку, калі ў час панаваньня дыктатуры былі б выбары свабодныя, дэмакратычныя. Так здарылася і ў Беларусі. Канечне, ніякіх там дэмакратычных выбараў не было. Народ ня мог выказаць сваю волю, сваё жаданьне, больш таго, ён нават ня ведаў праграмаў іншых кандыдатаў, у першую чаргу сп. Ганчарыка, якому не была дадзеная поўная магчымасьць выступіць і выказацца перад людзьмі, каб яны сапраўды ўсё ўзважылі і выбралі таго, каго хацелі б.

Выбараў не было, было галасаваньне. Я думаю, там хапала фальсыфікацыі ды іншых парушэньняў”.

(Карэспандэнт: ) “Якім, на Ваш погляд, будуць далейшыя крокі Лукашэнкі?”

(Шарэцкі: ) “Цяжка падумаць, як павядзе сябе дыктатар далей. Я думаю, што ён не супакоіцца, пачне новую хвалю ўціску на дэмакратаў. Але гэта будзе садзейнічаць толькі аб’яднаньню ўсіх нас.
Ён пойдзе да канца, да той пары, пакуль сам сябе не зжыве. Гэта, канечне, здарыцца. Усе дыктатуры – часовыя, яны не могуць доўга трымацца”.

“Беларусь завісла ў паветры,” – кажа Старшыня Фэдэральнай Рады беларусаў Аўстраліі сп. Яўген Груша:

(Груша: ) “Несапраўдныя выбары, так ня можа быць, каб Ганчарык атрымаў толькі 15% . Людзі так пакутуюць там і каб так за Лукашэнку шмат галасавалі. І дурны не паверыць гэтым выбарам. Гэта абсалютна – фальсыфікацыя. Я спадзяваўся, што можа, можа… Але гэта ашаламіла проста, некаторыя проста расчараваліся. Усе дзяржавы у сьвеце, як дзяржавы, а у нас быццам бы завісла ў паветры гэтая Рэспубліка Беларусь”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Яўген, якой будзе цяпер тактыка беларускіх арганізацый Аўстраліі ў гэтых новых умовах?

(Груша: ) “Наша тактыка будзе як заўсёды – расказваць пра Беларусь. Мы ў Аўстраліі будзем расказваць усім, што гэта былі недэмакратычныя выбары і каб далей не прызнавалі яго за прэзыдэнта. Будзем расказваць людзям праўду, што выбары былі сфальсыфікаваныя. У цэнтры Эўропы такія выбары, у ХХІ стагодзьдзі, у гэта цяжка, вельмі цяжка паверыць”.

Старэйшы беларускі дзеяч на эміграцыі сп. Міхась Навумовіч з Парыжа выказаў свае думкі.

(Навумовіч: ) “Мая ацэнка вельмі простая. Фальшаваньне было ад самага пачатку, што не дазволіла ўсім кандыдатам дайсьці да гэтых выбараў. Гэтыя мэтады савецкія, яны прадаўжаюцца. Вось тут вялікая бяда, ва ўсходніх краінах прыйсьці да дэмакратыі вельмі цяжка. Але памаленьку ўсё ж такі будзе усё пасоўвацца да дэмакратыі ва ўсім сьвеце, і наша Беларусь таксама да яе дойдзе. Усе перашкоды, якія ён не рабіў бы, яны памалу будуць мець усё менш уплыву, асабліва на нашу моладзь. Яна пачынае падымаць галаву і казаць, што мы маем такія самыя правы, як і іншыя народы. Памаленьку будзем ісьці да дэмакратыі і я спадзяюся, што яшчэ дажыву”.

(Карэспандэнт: ) “Сп.. Міхась, як Вы прадбачыце, Лукашэнка далей будзе ўмацоўваць дыктатуру, ці ўсё ж пойдзе па шляху лібэралізацыі?

(Навумовіч: ) “Я лічу, што яму іншага выбару няма, толькі шлях лібэралізацыі, бо іначай ён прайграе. Калі выбярэ шлях дыктатарскі, то будуць маніфэстацыі кожны дзень, як гэта было ў Чылі ды іншых краінах. Цяпер ужо моладзь не баіцца маніфэставаць, цяпер ужо ёсьць іншыя мэтады, якіх не існавала за часоў Леніна ці Сталіна. Мая думка чалавека вольнага, што наша моладзь усё больш узрастае да сьведамасьці, што наша Беларусь існавала і мусіць прадаўжаць існаваць. Мы ж ня можам сядзець пад пятою нейкіх там расейцаў, гэта ж не дапушчальна”.

(Карэспандэнт: ) “Як сёньня ў Францыі адчуваецца стаўленьне да падзеяў у Беларусі?”

(Навумовіч: ) “Жак Шырак, наш прэзыдэнт, пачаў глядзець на тое, што гэтыя краіны, якія цярпелі пад камуністычным ладам, яны цяпер сталіся вольнымі і зь імі якраз трэба зьвязвацца, больш глядзець на гэтыя краіны і далучаць іх да эўрапейскай супалкі. Таксама, калі мы зьвернемся да яго, ён пэўна будзе нас слухаць. Як ён выйграе новыя прэзыдэнцкія выбары, дык я, магчыма, буду прасіць, каб зь ім спаткацца”.

Дырэктар Інстытуту навукі і мастацтва зь Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель папярэджвае пра новы пэрыяд “мураўёўшчыны” ў краіне:

(Кіпель: ) “Перш-наперш, безумоўна, паўстае пытаньне – наколькі гэта адлюстроўвае сапраўднасьць. Кантакты зь людзьмі, якія на працягу 5 гадоў нам даводзілася мець, паказваюць, што гэта занадта высокі працэнт, зь якім ён выйграў выбары. Нават, калі ён і ён сапраўды выйграў выбары, гэта пацьвярджае, што дыктатар за гэты час зрабіў свой апарат і дзейнічаў мэтадам застрашваньня. Людзі маглі галасаваць за яго, бо баяліся. Я ведаю ў Менску і ў іншых мясьцінах, на Глыбоччыне, Магілёўшчыне некаторым людзям казалі, што здымем з працы, калі будзеце выказваць свае антылукашэнкаўскія настроі”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Вітаўт, як Вы цяпер глядзіце на будучыню Беларусі?”

(Кіпель: ) “З нацыянальнага пункту гледжаньня, гэта наступае пэрыяд “мураўёўшчыны”. Беларускасьць, якая ўжо зьведзена да мінімуму, будзе толькі выжываць. Безумоўна, разьвіцьця здаровай палітычнай, гістарычнай думкі ня будзе. І асноўнае, што будзе вельмі некарысна для будучыні Беларусі, гэта тое, што, бясспрэчна, будуць уцёкі здольных людзей з Бацькаўшчыны. Здольныя людзі, думаючыя, працавітыя, энэргічныя там заставацца ня змогуць і будуць шукаць шляхі, як выехаць”.

(Карэспандэнт: ) “У чым Вы бачыце цяпер ролю заходняй беларускай дыяспары, каб дапамагчы сваёй Бацькаўшчыне?

(Кіпель: ) “На Захадзе эміграцыя будзе працаваць так, як яна і працавала. Усім палітычным дзейнікам на Захадзе будзе гаварыць, паведамляць, што Беларусь – гэта калёнія Масквы і на сёньняшні дзень кіруецца стаўленьнікам Расеі. Усім павінна быць ясна даведзена, што выбары сфальсыфікаваныя, а гэта значыць, што людзі, якія выбраныя у выніку гэтых выбараў, – нелегітымныя: прэзыдэнт, яго ўрад і ўсе, каго ён будзе прызначаць”.
XS
SM
MD
LG