Лінкі ўнівэрсальнага доступу

75 год Янку Запрудніку – вядомаму грамадзкаму дзеячу беларускай дыяспары ў Амэрыцы, навукоўцу, былому супрацоўніку Радыё Свабода.


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш

Сокалаў-Воюш: ) ”Арсень Загорны, Радыё Свабода, Ню-Ёрк”, – гэтыя словы вольналюбівая Беларусь чула цягам дзесяцігодзьдзяў напрыканцы матэрыялаў самага рознага кшталту, якія праз трэск савецкіх глушылак прымушалі слухача думаць, аналізаваць, шукаць шляхі да самога сябе, каб урэшце сьвядома вярнуцца да таго, што мы называем Айчынаю.

Калі ў Беларусі зьявілася касэта вядомага беларускага сьпевака зь Ню-Ёрку Данчыка зь песьняю на словы Сяргея Ясеня “Каханая, ня плач па шчасьці”, многія слухачы вырашылі, што гэта карэктарская памылка, а тэкст, перакладзены некім на беларускую мову, належыць пяру Сяргея Ясеніна.

Псэўданімы – Арсень Загорны, Сяргей Ясень, А.Будзіч і інш. – рэгулярна зьяўляліся ў розных выданьнях беларускае эміграцыі. За ўсімі імі стаіць адна і тая ж асоб: доктар Янка Запруднік. Зрэшты, і гэтае імя не сапраўднае.

Янка Запруднік, у сапраўднасьці – Сяргей Вільчыцкі, нарадзіўся 9 жніўня 1926 году ў мястэчку Мір у сям’і настаўнікаў Веры і Мікалая. У часе вайны з фашыстамі 15-гадовы юнак, каб пазьбегнуць службы ў паліцыі і вывазу на прымусовую працу ў Нямеччыну, паступае ў Баранавіцкую прагімназію. Пасьля заканчэньня яе ў 1943 годзе ідзе вучыцца ў Баранавіцкую гандлёвую школу.

Любоў да Бацькаўшчыны прывяла Сяргея Вільчыцкага ў шэрагі патрыятычнае арганізацыі “Саюз беларускае моладзі”. У 1944 годзе 18-гадовы юнак пакінуў Беларусь, а па заканчэньні вайны апынуўся сярод сваіх зямлякоў у так званых лягерох для перамешчаных асобаў у Заходняй Нямеччыне, спачатку ў Рэгенсбургу, а потым у Міхельсдорфе.

Тыя часы прыгадвае былы дырэктар Беларускае службы Радыё Свабода Вячка Станкевіч”.

(Станкевіч: ) ”Зь Янкам Запруднікам я пазнаёміўся недзе ў 1947 годзе. Гэта было ў Рэгенсбургу, дзе быў беларускі лягер, беларуская гімназія. Я тады хадзіў спачатку ў трэцюю, а потым у чацьвертую клясу гімназіі, там былі і старэйшыя вучні, сярод якіх быў Янка Запруднік. Пазьней, як ён ужо скончыў гімназію, я памятаю, што ягоная вялікая дзейнасьць была ў шуканьні беларусаў, якія былі расьцярушаныя ў розных лягерох”.

(Сурмач: ) ”Справаю гуртаваньня беларусаў на чужыне Янка Запруднік займаўся далей праз усё сваё жыцьцё, калі выехаў у 1948 годзе на працу ў Вялікабрытанію, а потым на вучобу ў Лювэнскі ўнівэрсытэт у Бэльгію і на сталае жыхарства у Амэрыку.

Жаданьне працаваць дзеля свайго народу прывяло яго на працу ў Радыё Вызваленьне, якое пазьней стала Радыё Свабода. Дарэчы, менавіта тады і зьмяніў ён сваё прозьвішча Вільчыцкі на Запруднік дзеля бясьпекі сваіх родных у Беларусі.

Ізноў гаворыць Вячка Станкевіч”.

(Станкевіч: ) ”Ён пачаў у Мюнхэне, і там працаваў ня толькі на Радыё. Тады быў Інстытут вывучэньня СССР, ён таксама браў там удзел.
У 1957 годзе Янка пераехаў у Амэрыку і пачаў працаваць там у Бюро гэтага радыё ў Ню-Ёрку. Беларуская частка Бюро была сапраўдным беларускім офісам у Ню-Ёрку. Там заўсёды можна было спаткаць некага з нашых эмігрантаў, пазнаёміцца з навейшымі падзеямі беларускага жыцьця.

Я памятаю яшчэ ў Амэрыцы, перад тым, як я ад’ехаў на працу ў Мюнхэн, можна было заўсёды на ўсякіх грамадзкіх і палітычных падзеях бачыць Янку Запрудніка з магнітафонам, калі ён браў інтэрвію. Ён як бы прадстаўляў для нас усіх у Амэрыцы Радыё Свабода ў той час”.

(Сурмач: ) ”Вітаўт Кіпель – дырэктар Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Ню-Ёрку – даўні сябра і паплечнік юбіляра. Яны разам працавалі як на ніве навукі, грамадзкай дзейнасьці, так і ў справе выданьня газэты “Беларус”, рэдактарам якой сп.Янка быў доўгі час”.

(Кіпель: ) ”Янку Запрудніка я ведаю недзе ўжо 55 гадоў. Мы пазнаёміліся і адразу сталі сябрамі на доўгія гады. Я магу прыгадаць мамэнты са студэнцкага жыцьця ў Лювэне, дзе мы разам вучыліся. Мы разам часта выяжджалі на розныя мерапрыемствы, арганізоўвалі канцэрты, розныя эстрадныя выступы, дзе Янку Запрудніку бадай заўсёды даводзілася быць вядучым гэтых сустрэчаў.

З пункту гледжаньня ягонай грамадзкай і палітычнай дзейнасьці я лічу, што гэты чалавек зрабіў вельмі шмат. Бадай, не было беларускай арганізацыі ці ўстановы, якая не зьвярталася б да Янкі Запрудніка, каб адрэдагаваць рэзалюцыю ці нейкі іншы дакумэнт ці апрацаваць нейкую кніжку, публікацыю. Вымераць цяжка, колькі дзесяткаў, сотняў розных дакумэнтаў ён апрацаваў.

Што тычыцца ягонай працы ў газэце “Беларус”, то ён быў яе фактычным рэдактарам гадоў 10 пасьля сьмерці Станіслава Станкевіча, але нават пры ім Запруднік рабіў шмат рэдактарскай працы. Журналізм яго, ягоны падыход да журналістыкі быў вельмі глыбокі і адказны. Калі давалася нейкая дата, то яна была праверанаю. Калі нейкія факты, то яны заўсёды правяраліся”.

(Сурмач: ) ”Старшыня міжнароднай асацыяцыі беларусістаў прафэсар Адам Мальдзіс высока ацэньвае дзейнасьць Янкі Запрудніка, як навукоўца”.

(Мальдзіс: ) ”У маім уяўленьні Янка Запруднік сёньня зьяўляецца вядучым гісторыкам беларускай дыяспары. Гэта аўтар грунтоўных дакумэнтальных кніг – “Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях” і “Гістарычны слоўнік Беларусі”. Апошняя зь іх, можна сказаць без перабольшаньня, зьяўляецца ўнікальнаю ў сьвеце. Калі нехта хоча нешта даведацца па гісторыі Беларусі, ня толькі ў ЗША – кніжка вышла на ангельскай мове – але і ў Беларусі, ён зьвяртаецца да гэтай кніжкі таму, што там у сьціслай форме сабрана ўсё, што можа цікавіць і гісторыка і шырокага чытача.

У ліпені сёлета, калі Янка Запруднік прыяжджаў на трэці зьезд беларусаў сьвету ў Менск, адбылося пасяджэньне культуралягічнай сэкцыі Міжнароднай акадэміі навук “Эўразія” і ён быў адзінагалосна прыняты сябрам-карэспандэнтам гэтай акадэміі.

Такім чынам, Янка Запруднік хоць жыве далёка ад Беларусі, ён прысутнічае тут у беларускай навуковай рэчаіснасьці”.

(Сурмач: ) ”Янку Запрудніка сёньня ведаюць і як актыўнага палітыка ў беларускім замежжы, ён – сябра прэзыдыюму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Гаворыць старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла з Канады”.

(Сурвілла: ) ”Запрудніка я ведаю з 50-х гадоў, калі ён быў студэнтам Лювэнскага унівэрсытэту і прыяжджаў у Парыж разам са студэнцкім хорам і танцавальным гуртком.

Цяпер мы супрацоўнічаем у прэзыдыюме Рады БНР. Супрацоўніцтва яго тут надзвычай важнае. Янка – высокаадукаваны разважны чалавек, выдатны навуковец, мовазнаўца і паэт.

Сваёй кнігаю пра гісторыю Беларусі ў ангельскай мове, сваім гістарычным слоўнікам, сваімі дакладамі на міжнародных форумах Янка Запруднік шмат спрычыніўся да таго, каб заходні сьвет даведаўся пра існаваньне Беларусі.Наш народ ня ведае, як старанна Масква хавала ад сьвету, што існуе такая краіна – Беларусь, як цяжка было нашай эміграцыі змагацца з савецкай прапагандаю, каб гэта даказаць. Уклад Янкі Запрудніка ў гэтым змаганьні быў і ёсьць асабліва цэнным.

Адна з функцыяў Рады – змагацца за незалежнасьць Беларусі і за правы чалавека ў Беларусі. Гэта робім рознымі спосабамі. У кожнай краіне, у якой жывуць сябры Рады, вядзецца змаганьне за гэтыя самыя мэты. У ЗША Янка Запруднік адыгрывае вялікую ролю ў рамках арганізацыі, якая там спецыфічна на гэта створаная і якой ён ёсьць сустаршынёю”.

(Сурмач: ) ”Для дасьледчыцы літаратуры беларускага замежжа Лідзіі Савік зь Менску Янка Запруднік – гэта, найперш, паэт Сяргей Ясень”.

(Савік: ) ”Мяне захапляе яго літаратурная дзейнасьць як паэта. Ён абуджаў сваім паэтычным словам беларускія душы, што апынуліся на выгнаньні.

Сяргей Ясень гэта паэт-лірык выразна патрыятычнага накірунку. Вершы яго ў асноўным прысьвечаныя Бацькаўшчыне-Беларусі. Ён апісвае яе прыроду, яе народныя звычаі, сьвяты. Творы паэта прасякнутыя вераю ў адраджэньне свайго народу:

Сустрэнуцца браты,
Сустрэнуць новы дзень на беларускіх гонях,
І шчасьце прынясуць у родныя куты,
Бо зброя ў іх – магутны меч “Пагоні”.

Так пісаў ён у адным са сваіх вершаў.

Напісана ў яго шмат санэтаў, трыялетаў, рамансаў, дзе лірычны герой выказвае свае пачуцьці і перажываньні, зьвяртаючыся да сінявокай беларусачкі, знаходзячы для яе прыгожыя словы, эпітэты, параўнаньні, падуладныя толькі сапраўднаму творцу”.

(Сурмач: ) ”А зараз слова самому юбіляру.

Сп.Янка, Вашыя жыцьцёвыя набыткі, як тут гаварылася, надзвычай грунтоўныя. Што са зробленага Вам асабіста падаецца найбольш значным дзеля беларускай справы?”

(Запруднік: ) ”Найбольш значнай у маім жыцьці была праца на Радыё Свабода. Там я адпрацаваў 37 гадоў, спачатку ў Мюнхэне, а пасьля 1957 году ў Ню-Ёрку.

Пасыланыя праз Радыё на Бацькаўшчыну інфармацыі, думаецца, спрычыніліся ў некаторай меры да тых працэсаў, у выніку якіх развалілася імпэрыя зла – Савецкі Саюз, і Беларусь узышла на шлях незалежнасьці”.

(Сурмач: ) ”Я ведаю, што Вы зараз працуеце над кнігаю ўспамінаў пра так званую “дванаццатку”, беларускі моладзевы гурт на эміграцыі”.

(Запруднік: ) ”Дванаццатка” паўстала неяк стыхійна. Пасьля заканчэньня гімназіі ў 1947 годзе перад намі стала пытаньне далейшай асьветы і далейшай працы. Мы пастанавілі паехаць на працу ў Вялікабрытанію. Па дарозе мы дамовіліся трымацца разам . Потым пачалі выдаваць свой лісток, назвалі яго “Наперад”, ён пасьля перарос у часапіс. Заснавалі сваю касу.

Цяпер я пішу дакумэнтальную аповесьць пра “Дванаццатку”, пра тое, як дванадцацёх “бязбацькавічаў” на чужыне далі рады прабіцца ў жыцьцё, дзякуючы таму, што трымаліся разам у імя беларускай нацыянальнай справы”.

(Сурмач: ) ”Сп.Янка сказаў мне пра тое, што сябры “дванаццаткі” мелі нават паміж сабою дамову жаніцца толькі на беларускіх дзяўчатах. Ня ўсе зь іх зьдзейсьнілі гэты намер. Але сп.Янка ўзяў жонку Вольгу зь беларускага роду, дачку слуцкага паўстанца Юркі Харытончыка.

На жаль, сп.Вольга даўно заўчасна адыйшла з жыцьця з-за цяжкой хваробы, пакінуўшы мужу дзьвюх дачок – Ніну і Веру. Вера Запруднік – шматгадовы старшыня Арганізацыі беларуска-амэрыканскай моладзі.

Сёньняшнія жыцьцёвыя клопаты сп.Янкі падзяляе Надзея Кудасава, вядомая ў беларускім замежжы мастачка, зь якой ён пабраўся шлюбам некалькі гадоў таму.

Сп.Надзея, ці можа Ваш гаспадар гатаваць нейкую беларускую страву?”

(Кудасава: ) ”Дранікі вельмі добра робіць”.

(Запруднік: ) ”Бульбу дзяру, шкваркі смажу і Надзю да стала запрашаю”.

(Сурмач: ) ”Сп.Янка, і на завяршэньне нашай сустрэчы ў эфіры, што Вам хочацца сказаць сваім суродзічам на Бацькаўшчыне ў гэты час перад выбарамі, калі будзе вырашацца лёс Беларусі?”

(Запруднік: ) ”Суродзічам на Бацькаўшчыне я ў гэты момант хацеў бы сказаць наступнае.

Рост колькасьці дзяржаваў у сьвеце і іхняя гісторыя наглядна паказваюць, што найбольшае дасягненьне, якое народ можа здабыць – гэта свабода эканамічнай і культурнай дзейнасьці ў сваёй незалежнай дзяржаве. Беларусь двойчы абвяшчала сваю незалежнасьць – у 1918 і ў 1991гадох.

Сёлетнія прэзыдэнцкія выбары, на маю думку, гэта адначасна і свайго роду плебісцыт аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі і дэмакратызме яе ўнутранага ладу. Спадзяюся, што грамадзяне аддадуць на гэтых выбарах перавагу таму кандыдату, які зможа найбольш забясьпечыць далейшае разьвіцьцё краіны ў накірунку дзяржаўнай незалежнасьці, дэмакратыі ды разьвіцьця беларускай нацыянальнай культуры.

Мне застаецца пажадаць маім суродзічам у Беларусі зрабіць мудры выбар 9 верасьня, бо шанцаў на трэцяе абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі гісторыя можа ўжо і не даць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG