Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім хочуць бачыць беларускага прэзыдэнта замежныя суайчыньнікі?


Ганна Сурмач, Прага

Да прэзыдэнцкіх выбараў засталося крыху больш за месяц. Новага беларускага прэзыдэнта будуць абіраць толькі тыя, хто мае грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Але гэтай падзеяю сёньня зацікаўленая і тая чвэрць беларускай нацыі, што жыве ў замежжы. Якога прэзыдэнта, як асобу і палітыка, хочуць бачыць яны на сваёй Радзіме? З гэткім пытаньнем мы зьвя да нашых суродзічаў з розных краінаў сьвету.

Янка Запруднік са Злучаных Штатаў лічыць, што прэзыдэнтам Беларусі павінен быць вопытны палітык з шырокімі поглядамі.

(Запруднік: ) “Ён павінен быць чалавекам, які разумее вартасьць дзяржаўнасьці ў адбудове дабрабыту матэрыяльнага і духовага. Павінен цаніць культурную спадчыну народу, ягоную мову і нацыянальную культуру. Павінен быць таксама прыхільна настаўлены да дачыненьняў з навакольнымі суседзямі. Прэзыдэнт павінен разумець, што тэхналягічны прагрэс залежыць ад добрых дачыненьняў з Захадам – там навука, там прагрэс, там тэхналёгія, там інвэстыцыі. Ён мусіць таксама разумець выгады, якія Беларусь мае з гледзішча на сваё геаграфічнае, геапалітычнае становішча. Ён не павінен быць аднавэктарным, хоць Лукашэнка і яго міністры заяўляюць, што іх палітыка шматвэктарная, яна, фактычна, усходневэктарная”.

(Сурмач: ) “Старшыня Згуртаваньня беларусаў Бэльгіі Янка Жучка выказвае наступныя думкі адносна асобы прэзыдэнта”.

(Жучка: ) “За вонкі краіны трэба было б, каб яна ўсё ж была такі больш прадстаўнічай для міжнароднага погляду. Больш прадстаўнічая – гэта значыць, каб зь ім больш лічыліся, бо, па-мойму, да гэтага часу прэзыдэнт Беларусі ёсьць марыянэтка. Тут у нас на Захадзе яго вельмі мала паважаюць, ён лічыцца як служка расейскай дзяржавы. Трэба, каб ён быў як беларускі дзеяч, беларускі прэзыдэнт, як у іншых краінах, каб ён меў сваю самастойнасьць – гэта было б для нас больш важнае.
Я хацеў бы сказаць і пажадаць, каб выбраны наступны прэзыдэнт зрабіў рэальныя ініцыятывы, каб зрабіць беларускую мову як дзяржаўную, пашырыць веды пра нашу старажытную гісторыю і культуру. Найбольш важна, каб быў памяркоўны. Толькі што гэты памяркоўны, каб ён усё ж такі даваў нейкія вынікі, бо да гэтага часу мы мелі прыклады, калі памяркоўнасьць пераходзіла не на наш бок, а наадварот, на іншы. Ня трэба быць брутальнымі, радыкальнымі, але трэба стаяць на нашых прынцыпах і абараняць нашую пазыцыю”.

(Сурмач: ) “А вось меркаваньні сп. Надзеі Дробінай з Канады”.

(Дробіна: ) “Я хацела б бачыць на мейсцы прэзыдэнта Беларусі інтэлігентнага, высокаадукаванага, адказнага чалавека, дальнабачнага палітыка і, наогул, прыемнага чалавека, які павінен у першую чаргу думаць пра Беларусь, пра мову, пра культур. З мовы пачынаецца дзяржаўнасьць, я думаю, што ні ў воднай краіне сьвету няма прэзыдэнта, які размаўляў бы на чужой мове. Прэзыдэнт павінен змагацца за незалежнасьць нашае дзяржавы”.

(Сурмач: ) “Беларускі мастак і грамадзкі дзяяч Вячка Целеш жыве ў Латвіі, дзе на пасаду прэзыдэнта абраная грамадзянка Канады латыскага паходжаньня. Ён лічыць, што гэта добры прыклад для Беларусі, тым больш, што падобнае сталася і ў суседняй Літве”.

(Целеш: ) “Каб, напрыклад, зараз Івонку Сурвіллу з Канады прапанавалі, то, безумоўна, большасьць беларусаў – прагрэсіўных і патрыётаў, тыя, якія ведаюць, яны бы прагаласавалі за яе. Тыя людзі. каторыя выхаваны ў цывілізаваным сьвеце, як Івонка Сурвілла, яна зрабіла б Беларусь сапраўды цывілізаванаю краінаю таму, што яна ведае, як гэта патрэбна рабіць з досьведу свайго жыцьця на Захадзе. Добра было б, каб яе выбралі. Але мы ведаем, што ў Беларусі большасьць народу – гэта далёкія ад Захаду людзі, яны больш глядзяць на Расею, таму што агітацыя ідзе пастаянная. Але моладзь, тая, каторая пабыла на Захадзе, у іншых краінах, яна, безумоўна, галасавала б за беларуса з-за мяжы і за тое, каб Беларусь сапраўды стала эўрапейскай краінаю”.

(Сурмач: ) “Старшыня Каардынацыйнай Рады беларусаў Аўстраліі Яўген Груша на пытаньне пра тое, як ён ўяўляе сабе асобу прэзыдэнта адказаў так”.

(Груша: ) “Перш за ўсё – дэмакратам. Беларусь павінна ісьці ў Эўропу, на Захад, а не на Ўсход. Вядома, памяркоўны, каб паступова вёў да дэмакратызацыі. Трэба, каб увёў беларускую мову як адзіную дзяржаўную. Таксама, каб трымаўся Канстытуцыі 1994 году, прынятай дэмакратычным парлямэнтам”.

(Сурмач: ) “Мы ўсе ведаем, што Лукашэнка ня ёсьць першы беларускі прэзыдэнт, як ён любіць сябе называць. У нашай гісторыі былі прэзыдэнты Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і, пэўна, некаторыя зь іх маглі б быць прыкладам для сучаснага беларускага прэзыдэнта. Якія гэта, на Ваш погляд, асобы?”

(Груша: ) “Крэчэўскі і Захарка – прэзыдэнты Рады БНР. Яны былі дэмакратычнымі і стаялі на пазыцыях незалежнасьці”.

(Сурмач: ) “Сп. Яўген, як старшыня Каардынацыйнай Рады беларусаў Аўстраліі, што можаце сказаць – цікавіцца беларуская грамада там падзеямі ў Беларусі, менавіта выбарамі?”

(Груша: ) “Так, вельмі цікавіцца. Кожны другі чацьвер зьбіраемся, чытаем весткі зь Беларусі. Здымаем газэты зь Інтэрнэту, распаўсюджваем гэта, іншыя інфармацыі, якія тычацца беларускага грамадзтва”.

(Сурмач: ) “Вядомы беларускі гісторык у Польшчы Яўген Мірановіч напачатку выказаў сваё стаўленьне да структуры дзяржаўнага кіраваньня ў Беларусі”.

(Мірановіч: ) “Беларусь зусім не падрыхтаваная да таго, каб мець прэзыдэнцкую сыстэму кіраваньня. Яна патрабуе больш парлямэнтарнае сыстэмы. Таму што шмат яшчэ людзей прывыклі да савецкай сыстэмы. Калі знайшлася неадпаведная асоба на высокім мейсцы дзяржаўнага кіраваньня, прывяло гэта да вельмі трагічнага для Беларусі выніку. Парлямэнцкая сыстэма кіраваньня, калі большасьць кантралюе ўладу, калі можна зьмяняць урад, калі лёгка можна памяняць кіраўніка дзяржавы, прэм’ер-міністра, які кампрамэтуе дзяржаву, была б нашмат лепшая. Гэта таксама прывяло хутчэй бы і да большай дэмакратычнай адукацыі грамадзтва і да большай заангажаванасьці грамадзтва ў кіраваньне дзяржаваю. Найперш за ўсё ў Беларусі ёсьць патрэба самаўрадаў, дзе людзі на ніжэйшым узроўні вучыліся б справе дэмакратыі. Такая сыстэма самаўрадаў нараджала б праз пару гадоў, магчыма праз дзесятак гадоў, сапраўдную грамадзянскую супольнасьць, адказную за лёс свае краіны”.

(Сурмач: ) “Але ў сёньняшніх умовах якога тыпу прэзыдэнт, па Вашаму, быў бы найбольш адпаведным?”

(Мірановіч: ) “Здаецца, найбольш адпаведным быў бы чалавек, які быў бы мэдыятарам паміж рознымі групамі палітычнымі, між партыямі, між парлямэнтам і ўрадам, які ўключаўся б у палітычную сытуацыю ў той час, калі інтарэс дзяржавы гэтага патрабаваў. Зусім Беларусі не патрэбен чалавек, які хоча кіраваць уручную амаль усім – асьветаю, культураю, гаспадаркаю, прымаць на працу дырэктараў калгасаў і вялікіх прадпрыемстваў і здымаць іх з працы. Гэта ўжо не сур’ёзна, гэта проста гратэск, сьмешная сытуацыя , якая цяпер у Беларусі. У Беларусі ёсьць трагедыя такая, што немагчыма было знайсьці такога спосабу, каб паказаць людзей, якія маглі б кіраваць дзяржаваю. Не было адпаведных умоваў для гэтага. Вельмі кароткім быў час дэмакратыі у пачатку 90-х гадоў, ён ня надта спрыяў таму, каб выцягнуць з натоўпу больш адпаведных людзей, якія ўсебакова маглі б прадстаўляць дзяржаву. Пасьля 1994 году ўвогуле такая магчымасьць зьнікла. Перш за ўсё мусіць існаваць нешта такое, каб людзі маглі самі сябе паказаць, выступіць у сродках масавай інфармацыі, прадставіцца, канфрантавацца ў гутарках зь іншымі палітыкамі, у гутарках з журналістамі. Аднак, няма ўмоваў у Беларусі, каб такая сыстэма заіснавала. Таму, перш за ўсё, трэба стварыць сыстэму, а пасьля ўжо ідзе падборка палітычных кадраў”.

Замежныя суродзічы хочуць бачыць на высокай пасадзе прэзыдэнта Беларусі годнага лідэра, які вёў бы краіну да дэмакратыі і дабрабыту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG