Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваім вокам, але з боку – сёньняшняя Беларусь вачыма замежных суайчыньнікаў – ІІ.


Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Пасьля Трэцяга зьезду беларусаў сьвету шмат хто зь яго удзельнікаў, асабліва прадстаўнікі так званага “далёкага замежжа”, вырашылі на нейкі час затрымацца ў Беларусі. Яны пагасьцявалі ў сваіх крэўных, наведалі сяброў і знаёмых і набылі новых. “Сваім вокам, але з боку” – казалі ў беларускай вёсцы пра чалавека, які па доўгай адсутнасьці вяртаўся дадому і сьвежым вокам мог зірнуць на хатнія ды вясковыя зьмены.

Сёньня сваім вокам, але з боку, на беларускую сытуацыю глядзяць як тыя, хто застаўся на радзіме пасьля зьезду надаўжэй, так і тыя, хто ад’ехалі адразу па сканчэньні форуму.

(Сурмач: ) “Вядомы дзяяч беларускага замежжа Янка Запруднік толькі на гэтым тыдні вярнуўся зь Беларусі. Сп. Янка, якім быў ваш побыт на Бацькаўшчыне?”

(Запруднік: ) “Наш побыт на Беларусі, трохтыднёвы, прайшоў добра, памысна. За выняткам толькі фармалізму, зь якім мы там сутыкнуліся, спрабуючы зарэгістравацца – як нам сказалі, кожны чужынец павінен гэта зрабіць. Два дні абівалі парогі пакуль дамагліся той рэгістрацыі”.

(Сурмач: ) “Заўважылі Вы зьмены да лепшага ў краіне?”

(Запруднік: ) “Зьменаў да лепшага там не відаць таму, што лепшае ў Беларусі вымяраецца, найперш, матэрыяльным бокам. Людзі жывуць у нястачы і першае, што іх цікавіць, гэта мізэрныя зарплаты, дарагія цэны”.

(Сурмач: ) “Сп. Янка, Вы адчулі, што грамадзтва, людзі, зь якімі кантактавалі, хочуць нейкіх пераменаў у Беларусі?”

(Запруднік: ) “Пераменаў, безумоўна, хочуць, але мала хто бачыць магчымасьць нешта зрабіць канкрэтнае, каб тыя перамены адбыліся. Усе паглядаюць наверх, а верх цяпер заняты тым, як змахляваць выбары на сваю карысьць”.

(Сурмач: ) “Грамадзтва, з Вашага пункту гледжаньня, як бы ня зьвязвае зьмены да лепшага жыцьця менавіта з выбарамі?”

(Запруднік: ) “Нейкая надзея ёсьць, але шмат скепсісу да магчымасьці нешта палепшыць. У правінцыі татальная глуш. Мы былі ў Жыткавічах, усё, што людзі там ведаюць, гэта што недзе там ёсьць 21 ці 25 кандыдатаў на прэзыдэнта. А хто яны, што яны прапануюць, якая іхная праграма, ніхто нічога ня ведае. Нават прозьвішчаў ня ведаюць, за выняткам можа Пазьняка ці Домаша, пра якога апошнім часам сродкі масавай інфармацыі пісалі крыху. Нават у самым Менску. Уключаеш радыё, слухаеш гісторыю ўвэрцюраў, расейскія рамансы. А вось каб абмяркоўваць бягучыя праблемы, гэтага нічога няма. Крытыкі ў бок ураду, чынавенства, у бок Лукашэнкі шмат, выказваюцца нават рэзка, я чуў і ў таксі, і ў іншых гутарках. Але гатовасьці зрабіць нешта няма, параліч нейкі такі ўсё яшчэ пануе над грамадзтвам”.

(Сурмач: ) “Як Вы думаеце, ці могуць у Беларусі адбыцца цяпер дэмакратычныя выбары?”

(Запруднік: ) “Я моцна сумняваюся. Калі б заносілася на нейкую дэмакратыю, дык яна павінна была б ужо праяўляць сябе цяпер. Павінны былі быць адкрытыя спрэчкі, асабліва ў сродках масавай інфармацыі”.

(Сурмач: ) “На Ваш погляд, можа беларускі народ яшчэ раз абраць Лукашэнку?”

(Запруднік: ) “Беларускі народ Лукашэнкі не абярэ, але Лукашэнка можа абраць сам сябе. Як гаворыцца, ня важна хто галасуе, важна хто галасы лічыць. Я баюся, што трэба рыхтавацца да горшага варыянту, хоць ня трэба выключаць і неспадзевак. У 1994 годзе, як вядома, неспадзеўка выявілася для Кебіча”.

(Сурмач: ) “Ці бачаць людзі альтэрнатыву Лукашэнку?”

(Запруднік: ) “Некаторыя думаюць, што альтэрнатывай для Лукашэнкі павінен быць нейкі пераходны кандыдат таму, што грамадзтва не гатова яшчэ да поўнавартаснага беларускага лідэра. Ну дык вось гэтай пераходнай альтэрнатываю, магчыма, будзе лідэр ў асобе Ганчарыка”.


(Сурмач: ) “Аляксей Арэшка з Брусэлю ня быў на Радзіме пяць гадоў, ён распавядае пра свае ўражаньні”.

(Арэшка: ) “Беларускай мовы я сёлета там ня чуў, але ў 1996 годзе беларуская мова яшчэ была сям-там чуваць. Людзі, якіх я спатыкаў, – аднавяскоўцы, нават яшчэ засталося некалькі маіх аднагодкаў, яны жывуць, мне здаецца, вельмі і вельмі дрэнна. Неяк дрэнна людзі ў нас старэюць, відаць гэта іх забівае праца”.

(Сурмач: ) “Настрой ў людзей, як адчувалі, такі ж самы дрэнны?”

(Арэшка: ) “Многа гавораць пра гэтую выбарчую кампанію, асабліва інтэлігенцыя. Я бачыў і вясковую інтэлігэнцыю і гарадзкую, чыноўнікаў, гаварыў з калгасьнікамі і інш. Склалася такое ўражаньне, што калі выбарчая інфармацыя амаль не даходзіць да калгасьнікаў, дык усе другія лепш азнаёмленыя. Аднак, трэба зазначыць, што ніякай аб’ектыўнай інфармацыі ва ўрадавых сродках масавай інфармацыі няма. А тое, што бубніць увесь час беларускае тэлебачаньне на расейскай мове ці на нейкім невыразным беларускім жаргоне, інакш як дэзынфармацыяй або брахнёю, назваць нельга, так людзі і гавораць.
Людзі, з якімі мне прыходзілася гутарыць, вельмі добра разумеюць драматычную палітычную і эканамічную сытуацыю, у якой апынулася няшчасная Беларусь. 90 адсоткаў зь іх выказвалі варожасьць, часта вельмі вострымі словамі, да існуючага рэжыму. Усе выказваліся за радыкальныя зьмены. Людзі чакаюць пераменаў, а ці дачакаюцца, у гэтым яны ня ўпэўненыя?”

(Сурмач: ) “Ці зьвязваюць яны паляпшэньне сваёй жыцьцёвай сытуацыі з выбарамі?”

(Арэшка: ) “Зьвязваюць толькі тады, калі б рэжым зьмяніўся . Усе гэтага чакаюць. Але, у вёсцы іншая сытуацыя. Вось жанчыны старыя, мае аднагодкі, сядзяць, пагаварылі крыху пра тое, як жывецца. Адна кажа, што ўсё ж такі за Шушкевічам у нас у магазынах тавараў не было, а былі вялікія чэргі. Я ёй адказваў, што яны не бачылі нармальных магазынаў. Але яна гаворыць, што ўсё ж такі ім трэба галасаваць за Лукашэнку. Там гэтых жанчын было можа чалавек пяць, усе падтрымалі яе. І што б я не даказваў, яны за Лукашэнку. Пра іншых кандыдатаў яны ня маюць ніякага ўяўленьня, апазыцыйных газэтаў яны не чытаюць, а па радыё і тэлебачаньню пра кандыдатаў ад апазыцыі, ясна, нічога не гаворыцца”.

(Сурмач: ) “Які Ваш прагноз?”

(Арэшка: ) “Не аптымістычны, таму, што я бачу, што там робіцца. Калі глядзіш на вуліцах, то можа адна чвэрць людзей ва ўніформах. Пры такім рэжыме, магчыма, людзі нават і запалоханыя. Таксама, на жаль, грамадзтва палітычна нясьпелае. Многія яшчэ ўяўляюць, што бяз шэфа, бяз “бацькі” існаваць проста ня можна, трэба “бацьку”.

(Сурмач: ) “Старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька таксама наведаў Бацькаўшчыну падчас зьезду. Сп. Хведар, Вы ўжо даўно жывяце ў Літве і перажылі ў гэтай краіне час пераменаў. З досьведу літоўскага, што Вы сёньня можаце сказаць пра перадвыбарчую сытуацыю ў Беларусі ?”

(Нюнька: ) “У Літве выбары былі сапраўды дэмакратычныя – свабодны доступ да ўсіх сродкаў масавай інфармацыі прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду, багаты матэрыял пра ўсіх кандыдатаў быў на стэндах паўсюдна, частыя сустрэчы іх з выбаршчыкамі. Такім чынам, грамадзяне мелі шырокую аб’ектыўную інфармацыю пра ўсіх прэтэндэнтаў і змаглі свабодна зрабіць свой выбар. У Беларусі зусім іншая сытуацыя, там дэмакратыяй, як гаворыцца, і ня пахне. Як сам Лукашэнка, так і ўсе прызначаныя ім улады і выбарчая камісія ў тым ліку зьяўляюцца нелігітымнымі. У краіне ўсталяваўся дыктатарскі антыбеларускі рэжым, таму не прыходзіцца сёньня гаварыць пра свабодныя выбары – дыктатары іх не дапускаюць. Выбары ў Беларусі я расцэньваю, як выбарчы фарс, дзе кантраляваць і падлічваць галасы будуць нелігітымныя ўлады Лукашэнкі”.

(Сурмач: ) “Як удзельнік Трэцяга зьезду беларусаў сьвету, Вы, пэўна, адчувалі ў Беларусі не зусім прыязнае стаўленьне ўладаў да замежных беларусаў?”

(Нюнька: ) “Менавіта, так. Я магу са свайго досьведу сказаць, што мне прыходзілася ў Літве назіраць за такімі падзеямі, як зьезды літоўцаў. Як іх прымалі ўлады, як рыхтаваліся да гэтага, якая цёплая атмасфэра ім тут стваралася. Як самім гэтым дэлегатам было прыемна бачыць і чуць кругом літоўскую мову і культуру. Што ж бачыць беларус, які прыяжджае на сваю гістарычную радзіму? Ужо на памежным пункце ён ня бачыць і ня чуе нічога беларускага. Вуліцы і пляцы названыя ўсюды чужымі нам імёнамі у той час, як сапраўдным патрыётам, якія жылі і гінулі за Беларусь, там месца няма. Нічога беларускага ў краіне няма і, мне здаецца, што пры гэтым рэжыме ня будзе. Вось чаму і ў нас, у Літве, цяжка набраць хаця б 200 вучняў у беларускую школу. Пабудавана нядаўна польская школа, яна мае каля 2,5 тыс. вучняў. Туды пайшлі і дзеці, якія павінны былі ісьці ў беларускую школу, але, з беларускай мовай яны ня маюць пэрспэктывы. Беларуская мова пры гэтым рэжыме стала непэрспэктыўнаю”.

(Сурмач: ) “Кіраўнік беларускай суполкі з Санкт-Пецярбургу Валянцін Грыцкевіч лічыць сытуацыю ў Беларусі напружанай”.

(Грыцкевіч: ) “Старое кіраўніцтва, зразумела, ня хоча здаваць сваіх пазыцый. Але настрой той часткі грамадзкасьці, якая мэтанакіравана думае пра будучыню, пра нармальны ход падзеяў, здаецца, добры, таму змагацца людзі будуць. Нягледзячы на магчымую фальсыфікацыю і падтрымку рэжыму “старэйшым братам”, усё ж такі можна спадзявацца, што нейкія пазытыўныя зрухі будуць. Хоць зразумела, што падлік галасоў будзе не на нашую карысьць”.
XS
SM
MD
LG