Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці зьезд беларусаў сьвету - вынікі і пэрспэктывы


Аўтары: Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш

5-6 ліпеня сёлета ў Менску Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” правяло свой трэці зьезд. У ім узялі ўдзел больш як 200 дэлегатаў з розных краінаў сьвету і шматлікія госьці.

У параўнаньні з другім зьездам, які адбыўся чатыры гады таму, гэты быў больш прадстаўнічым. Тады, у 1997 годзе, беларускія дыяспары (пераважна заходніх краінаў) байкатавалі форум на знак пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі. Але тактыка байкоту плённая там, дзе іншыя шляхі не вядуць да посьпеху.

Нельга сказаць, што сёньня сытуацыя ў Беларусі лепшая, але сёньня прэзыдэнцкія выбары запалілі сьвятло ў канцы тунэлю.

Байкот другога зьезду нарадзіў думку пра раскол у шэрагах эміграцыі. Некаму вельмі хацелася, каб удзельнікі зьезду перасварыліся зь няўдзельнікамі, а потым і паміж сабой. Але беларусы сьвету ідуць стваральным, а не разбуральным шляхам.

Беларускі Саюз у Польшчы байкатаваў другі зьезд, а на гэты прыслаў сваіх дэлегатаў. Пра атмасфэру зьезду і ягоную значнасьць гаворыць старшыня Саюзу Яўген Вапа:

(Вапа: ) “Зьезд – гэта ёсьць мейсца, дзе можна пабачыць сяброў, якія жывуць па-за межамі нашай супольнай духоўнай Бацькаўшчыны. Гэта ёсьць сьвята людзей, якім наша беларуская справа важная і кожны досьвед, які пачуецца, кожнае дзеяньне можа быць карысным для ўсіх нас. Першая справа - вельмі важны абмен досьведамі, вопытам . Другая – тое, што пад час такіх сустрэчаў ладзяцца ўзаемадачыненьні, робяцца спробы распрацоўкі супольных праектаў паміж рознымі суполкамі. Трэцяе, для ўсіх галоўнае, быцьцё ў Менску, кантакты, сустрэчы з сябрамі, дыскусіі – гэта дае чалавеку сілу і веру ў тое, што наша праца не марная”.

Новаабраная старшыня Рады “Бацькаўшчыны “ Алена Макоўская лічыць, што заплянаваную Аргкамітэтам праграму зьезду ўдалося выканаць поўнасьцю не гледзячы на перашкоды.

(Макоўская: ) “Перашкоды былі. Напрыклад, беларускія амбасады ў краінах былога СССР наўпрост раілі прадстаўнікам дыяспары ня ехаць на зьезд. У апошні момант не далі візы для ўезду ў Беларусь старшыні Згуртаваньня беларусаў Бельгіі сп. Янку Жучку, які ўжо нават заплаціў за яе і купіў квіткі на дарогу. Таксама гэтыя гульні з памяшканьнем, калі нам спачатку далі адно памяшканьне, а потым забралі перад самым пачаткам зьезду і далі іншае, значна меншае”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Алена, якія пытаньні найбольш цікавілі нашых суайчыньнікаў, пра што гаварылася ў прамовах?”

(Макоўская: ) “Асноўныя пытаньні – гэта тыя праблемы, якія стаяць перад суполкамі . Найперш, падтрымка іх з боку Беларусі. Справа ў тым, што да гэтага часу, нягледзячы нават на прыняцьцё яшчэ ў 1993 дзяржаўнай праграмы “Беларусы ў сьвеце”, амаль нічога не рабілася, каб падтрымаць беларускую дыяспару. Патрэбна ня проста даваць разавую матэрыяльную падтрымку асобна выбраным суполкам, а разьвіваць цэлыя праграмы, дапамагаць адкрываць школы, курсы, радыё і тэлебачаньне на беларускай мове, там, дзе жывуць нашы суайчыньнікі.
Да “Бацькаўшчыны” была просьба стаць інфармацыйным цэнтрам, даваць інфармацыю пра падзеі ў самой Беларусі, а таксама ў асяродках беларускай дыяспары, каб нашы суродзічы ведалі, што адбываецца ў беларускім сьвеце, каб “Бацькаўшчына магла спалучыць беларускую дыяспару і Беларусь у адзіную інфармацыйную сетку.
Зразумела, што ўсім ясна, і гэта гучала з трыбуны, што сучасная беларуская ўлада ня здольная і нічога не зробіць для сваёй дыяспары”.

(Карэспандэнт: ) “Абраны на зьездзе прэзыдэнт “Бацькаўшчыны” Анатоль Грыцкевіч выказвае засьцярогу пра новую праблему, якая паўстае перад Згуртаваньнем”.

(Грыцкевіч: ) “Я б хацеў сказаць, што ёсьць небясьпека. У сваім прывітаньні зьезду Лукашэнка абвясьціў, што ў лістападзе гэтага году будзе скліканы кангрэс суайчыньнікаў пад эгідаю адміністрацыі, зразумела, што толькі тых, хто падтрымлівае ягоную палітыку. Лістапад выбраны таму, што гэта пасьля выбараў, а ўлада спадзяецца на перамогу і робіць усё для гэтай перамогі.

Ідзе вялікая прапаганда, асабліва ў Расеі. Там яны заангажавалі шмат вядомых людзей, якія паводле савецкага пашпарту зьяўляюцца беларусамі, але яны даўно забыліся, што яны беларусы. На аўтарытэце гэтых людзей, потым нейкіх бізнэсоўцаў, якім выгадна, на такой вось аснове яны стараюцца праводзіць свой кангрэс. Усяго можна чакаць , пры ўмове, калі выбары выйграе цяперашні так званы прэзыдэнт”.

(Карэспандэнт: ) “Старшыня беларускай суполкі з Нарвы (Эстонія) Тацяна Караткевіч-Цыганок разам з групаю дэлегатаў брала ўдзел у сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных структураў”.

(Караткевіч-Цыганок: ) “У другі дзень зьезду была магчымасьць сустрэцца з кіраўнікамі дзяржаўных структураў. Былі розныя меркаваньні наконт гэтай сустрэчы, ня ўсе хацелі ісьці, пайшла невялікая група каля 40 чалавек. Але гэта ня значыць , што там былі людзі, якія цалкам падтрымліваюць палітыку дзяржавы. Справа ў тым, што гэта была адзіная магчымасьць непасрэдна сустрэцца з прадстаўнікамі дзяржавы, выказаць свае думкі, зрабіць крытычныя заўвагі, канкрэтныя прапановы наконт таго, як дзяржава і яе кіраўнікі павінны ставіцца да беларусаў сьвету і ўспрымаць прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Крытыка была даволі сур’ёзная.

Тыя законы, якія яны прапануюць распрацоўваць – закон аб суайчыньніках і інш., я думаю, патрэбныя. Можна прыняць удзел у іх распрацоўцы такім чынам, каб яны былі карыснымі ня толькі аднаму кіраўніку і яго рэжыму, а на карысьць беларусаў сьвету. Усё ж такі нас больш за 3 млн., гэта больш у два разы, чым насельніцтва ў нашай Эстоніі”.

(Карэспандэнт: ) “Аналітык нашага Радыё Валер Карбалевіч падае свой погляд на зьезд”.

(Карбалевіч: ) “Гэты зьезд адлюстраваў тыя праблемы, тыя тэндэнцыі, якія існуюць у беларускай дыяспары. Беларуская дыяспара складаецца з дзвюх частак - гэта беларусы з краінаў былога СССР і беларусы з краінаў далёкага замежжа. Гэта людзі з рознымі сьветапоглядамі. Гэтыя розныя мэнталітэты накладваюцца на той раскол, які адбываецца ў самой Беларусі ў адносінах да беларускага рэжыму.
Гэты зьезд, мне здаецца, таксама паказаў , што такі раскол існуе і гэты раскол усяляк хочуць правакаваць улады”.


(Карэспандэнт: ) “На нашае пытаньне пра тое, якія выніковыя дакумэнты прыняў форум, адказвае адзін з яго арганізатараў, вядомы палітык Аляксей Кароль”.

(Кароль: ) “Была прынятая Дэклярацыя “Наш шлях: вартасьці і мэты”. Там была пададзена характарыстыка сытуацыі, якая тут склалася, абазначаны шлях Беларусі да незалежнасьці, пагроза яе страты. Акрамя таго, была прааналізавана палітыка “двайных стандартаў”, якую праводзяць улады ў адносінах да дыяспары, дзелячы яе на “нашых і ня нашых”, былі абазначаны шляхі. Зьезд прыняў праграму дзеяньняў на пэрыяд да наступнага зьезду, яна грунтуецца на тых праграмах, якія існавалі раней, і на тое, што не было выканана.

У асобнай рэзалюцыі “Беларуская дыяспара і сьвет” зьезд заклікаў урады іншых краінаў, грамадзкія арганізацыі аказваць дапамогу дэмакратычным сілам у Беларусі і беларускім замежжы дзеля таго, каб паскорыць пераход краіны да дэмакратыі.

Што тычыцца ацэнкі перадвыбарчай сытуацыі ў Беларусі, то непасрэднага дакумэнта няма, але ў Дэклярацыі выказаны спадзяваньні на тое, што выбары зьменяць сытуацыю ў краіне і яна стане на шлях дэмакратычнага разьвіцьця і захавае сваю незалежнасьць.

Адносна палітычных прыхільнасьцяў дэлегатаў можна сказаць, што амаль усе выступы былі за дэмакратычны шлях разьвіцьця Беларусі.
У прывітаньні Лукашэнкі зьезду можна бачыць, дарэчы, яно было даслана толькі ў другі дзень, што гэта сваеасаблівая параза ўладаў – перашкодзіць зьезду яны не змаглі і вымушаны былі яго вітаць”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Аляксей, як Вы ацэньваеце палітычны бок зьезду?”

(Кароль: ) “Палітычныя партыі вызначаюць адныя аспэкты палітыкі, а мы вызначаем другое. Гэтым зьездам мы паказалі, што раскол дыяспары Лукашэнку пакуль не ўдаўся. Захавалася арганізацыя (ЗБС “Бацькаўшчына”), якая супроцьстаіць гэтай палітыцы і ён ня можа стварыць, скажам, альтэрнатыўную арганізацыю. Зьезд стрымаў гэтую тэндэнцыю ў палітыцы рэжыму.
Таму, я лічу, што палітычна гэты зьезд - удаўся. Ён ня даў Лукашэнку паказаць, што дыяспара падтрымлівае яго палітыку. Гэтая задума ўладаў зьездам была праваленая цалкам.
Зьезд, па-сутнасьці, у адзінстве выступіў з асуджэньнем рэжыму і палітыкі гэтага рэжыму па ўсіх накірунках”.

Зьезд не палічыў патрэбным рэагаваць на заяву Лукашэнкі пра кангрэс суайчыньнікаў, накіраваны на раскол дыяспары, а таксама не прыняў канкрэтных дакумэнтаў адносна прэзыдэнцкіх выбараў, фактаў перасьледу дзеячаў апазыцыі і парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.

Увогуле, дэлегаты зьезду не выказалі свайго стаўленьня і ў адносінах да іншых балючых пытаньняў з жыцьця сёньняшняй Беларусі – надыходзячых прэзыдэнцкіх выбараў, фактаў расправы рэжыму з апазыцыяй і інш.,менавіта па тых праблемах, якія сёньня трывожаць грамадзкасьць нават чужых краінаў .






XS
SM
MD
LG