Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта зьбіраць архівы эміграцыі ў сучасную Беларусь?


Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Архівы беларускай дыяспары. Дзясяткі, сотні тысячаў каштоўных экспанатаў, безьліч дакумэнтаў, здымкаў, кніжак, відэа- і аўдыёкасэтаў. Усё гэта – неад’емная частка нашай гісторыі. Раськіданыя па свеце, захаваныя ў прыватных зборах беларускія скарбы цярпліва чакаюць гаспадарскай рукі, якая пакладзе іх на стол дасьледчыка, гісторыка, літаратара – кожнага, для каго гісторыя нашага народу не пусты гук.
Зь вяртаньнем да незалежнасьці беларуская дзяржава, як гэта і прынята ў сьвеце, узяла на сябе місію зьбіральніцы і захавальніцы дакумэнтальнай спадчыны ня толькі мэтраполіі, але й дыяспары. У выніку, шматлікія матэрыялы з жыцьця беларускай эміграцыі трапілі на Бацькаўшчыну і ўвайшлі ў шырокі навуковы ўжытак. Найбольш плённа ў гэтым кірунку працаваў Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва. Пра тое, у якім стане гэтая праца сёньня гаворыць дырэктарка памянёнай установы Ганна Запартыка.

(Запартыка: ) “Мы далей надаем значную ўвагу гэтай дзейнасьці. Зараз актыўна супрацоўнічаем зь Беларускім Інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, зь беларускімі літаратарамі ў Польшчы, зьбіраем архівы ў Літве, Латвіі, Расеі, дзе захоўваецца яшчэ мноства беларускіх матэрыялаў”.

(Карэспандэнт: ) “Якія праблемы мае архіў у справе зьбіраньня замежных дакумэнтаў?”

(Запартыка: ) “Звычайна толькі фінансавыя цяжкасьці, з-за чаго супрацоўнікі ня могуць часьцей выяжджаць у замежжа, каб працаваць непасрэдна зь людзьмі. Іншых перашкодаў пакуль не адчуваем”.

(Карэспандэнт: ) “А якія гарантыі таго, што сабраныя ў вас матэрыяы будуць захаваныя?”

(Запартыка: ) “Самыя надзейныя. Я ня буду гаварыць пра далёкую будучыню. Але сёньня мы скарыстоўваем найбольшую колькасьць сродкаў менавіта на забесьпячэньне захаваньня дакумэнтаў. Мы таксама гарантуем усе тыя правы аховы асабістай таямніцы, інфармацыі пра асабістае жыцьцё людзей, якія перадаюць нам свае дакумэнты. Кожны зь іх мае права закрыць свой архіў на 75 гадоў, каб да яго ўвогуле не было доступу, альбо вызначыць абмежаваны парадак выкарыстаньня дакумэнтаў.”

(Карэспандэнт: ) “Сп. Ганна, як я разумею, сытуацыя выглядае так, што беларускія эміграцыйныя архівы бясьпечна і найлепш захоўваць на Бацькаўшчыне?”

(Запартыка: ) “Канечне, на Бацькаўшчыне. Але я не хачу сьцьвярджаць, што людзі ня маюць права захоўваць і там, дзе гэтыя дакумэнты стварыліся, дзе ёсьць беларускія асяродкі, дзе ёсьць спадчыньнікі, якія таксама могуць вывучаць гэтыя дакумэнты, выкарыстоўваць іх дзеля беларускай справы. Як чалавек, які жыве ў Беларусі, я, вядома ж, хацела б, каб эміграцыйныя архівы прыходзілі сюды і захоўваліся тут”.

Такой самай думкі пра мейсца захаваньня архіваў беларускага замежжа прытрымліваецца стваральнік і першы дырэктар Нацыянальнага навукова-асьветнага Цэнтру імя Скарыны прафэсар Адам Мальдзіс.

(Мальдзіс: ) “Паводле майго перакананьня, зьбіраньне архіваў беларускай дыяспары павінна быць цесна зьвязанае зь іх вывучэньнем, Іх трэба захоўваць там, дзе яны найбольш патрэбныя. Зьбіраць матэрыялы толькі дзеля таго, каб яны ляжалі мёртвым грузам, недапушчальна. Яны павінныя жыць і служыць беларускай справе. Але дзеля гэтага іх патрэбна ня толькі сабраць, але й апрацаваць, скласьці неабходны даведачны апарат, каб зрабіць іх даступнымі для выкарыстаньня. Бяз гэтага дакумэнты таксама будуць закрытыя для дасьледчыкаў. Так што зьбіраць можна толькі там, дзе ёсьць магчымасьці давесьці іх да ладу.

У наш Цэнтар, які ад пачатку зьбірае архівы беларускай эміграцыі і вядзе улік месцазнаходжаньня беларускіх матэрыялаў у замежжы, часта прыходзяць людзі. Нашы матэрыялы вывучаюць ня толькі навукоўцы зь Менску, але з усёй Беларусі і з замежжа. Гэтыя дакумэнты патрэбныя людзям і іх трэба зьбіраць на Бацькаўшчыне”.

І ўсё ж палітычная сытуацыя ў краіне выклікае неспакой за лёс архіўных матэрыялаў сярод тых, хто пакуль што іх захоўвае у замежжы. Некаторыя лічаць, што перадаваць у Беларусь свае прыватныя зборы даволі небясьпечна, асабліва, калі гэта дзяржаўныя архівы. Магчыма, выйсьце можа быць у перадачы матэрыялаў у незалежны Архіў Найноўшай Гісторыі, які створаны дэмакратычнай грамадзкасьцю. Але, ці зьбірае гэты архіў эмігранцкія дакумэнты? Гаворыць кіраўніца архіву Ларыса Андросік.

(Андросік: ) “Безумоўна. Вельмі добрыя ў нас кантакты са сп. Лявонам Юрэвічам. Ён дасылае нам розныя матэрыялы, шмат успамінаў вядомых людзей. Таксама маем сувязі са сп. Раісаю Жук-Грышкеіч з Канады, якая перадае розныя замежныя выданьні. З гэтым сапраўды ёсьць пэўныя цяжкасьці, гэта межы, гэта праверкі на мяжы. Бывае, што атрымаць нешта цяжкавата”.

(Карэспандэнт: ) “Вы маеце на увазе, што нешта не праходзіць праз мяжу?”

(Андросік: ) “Так. Напрыклад, сп. Юрэвіч пераслаў нам кніжкі. Але яны затрыманыя на мяжы і зараз знаходзяцца ў мытным камітэце. Там вельмі шмат каштоўных выданьняў, але ніяк не можам іх забраць. Нам кажуць, што ўсё гэта вельмі дарагое, і мы павінны заплаціць вялікія падаткі. Увогуле, не разумеем, што адбываецца, па якой прычыне затрымалі гэтыя кніжкі і ці атрымаем мы іх калі-небудзь”.

(Карэспандэнт: ) “У сувязі з такой сытуацыяй само па сабе напрошваецца пытаньне. А ці ёсьць гарантыя захаваньня ў вашым архіве таго, што ўжо сабрана?”

(Андросік: ) “Прыкладаем усялякія намаганьні каб тое, што маем, папросту скапіяваць і схаваць арыгіналы. Для выкарыстаньня выдаем толькі копіі дакумэнтаў. Толькі такім чынам, бо ў нашай сытуацыі вельмі цяжка штосьці гарантаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Як, на Ваш погляд, ці ёсьць увогуле сэнс зьбіраць эміграцыйныя матэрыялы ў сёньняшняй Беларусі?”

(Андросік: ) “Я так думаю, што ўсё такі ёсьць сэнс. Яны вельмі патрэбныя нам, гэта частка гісторыі беларускай нацыі. Вельмі дрэнна, калі мы ня ведаем, што гэтыя людзі думалі, чаму яны так ці інакш паступалі. Архівы эміграцыі мусяць быць даступнымі для нашых гісторыкаў”.

Прыгаданы супрацоўнік Беларускага Інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку Лявон Юрэвіч упэўнены, што найперш трэба думаць ня столькі пра захаваньне дакумэнтаў, колькі пра іх зьбіраньне

(Юрэвіч: ) “Зьбіраць і захоўваць, не даваць ім згубіцца. Зьбіраць і па магчымасьці друкаваць. Кожны раз, калі я прыходжу да людзей, я прашу, каб паглядзелі дома, можа што ёсьць каштоўнае для гісторыі. Прашу, каб пісалі ўспаміны. Пакуль выдавалася газэта “Беларус”, я заўсёды праз газэту зьвяртаўся да нашых эмігрантаў з просьбаю, каб захоўвалі архівы, перадавалі іх у наш Інстытут, ці ў іншыя сховішчы”.

Сп. Лявон выказаў засьцярогу наконт таго, ці варта эьбіраць эміграцыйныя архівы ў Беларусі, дзе могуць паўстаць пытаньні зь іх бесперашкодным выкарыстаньнем.

(Юрэвіч: ) “Ужо некалькі гадоў я спрабую з афіцыйнай арганізацыі – Музэя Максіма Багдановіча, атрымаць копію дзёньніка паэта. Праз каго толькі я не спрабаваў гэта зрабіць, нічога не атрымалася. Наколькі мне вядома, вэта на яго наклаў былы дырэктар, цяпер вядомы дзеяч апазыцыі. Ён лічыць, што яшчэ ня час друкаваць гэты дакумэнт.
Як бачым, нават калі перамогуць дэмакратычныя сілы, стане сапраўдная незалежнасьць, можа быць усё роўна не гарантавана, што доступ да архіваў будзе свабодны. Некаторыя беларускія дзеячы не разумеюць, што такое свабода. Свабода – гэта ня толькі выходзіць на мітынгі і крычаць “Далоў Лукашэнку!”. Свабода – гэта значыць і даць дарогу тым дакумэнтам, якія можа і ня хочаш, каб публікаваліся”.

Сп. Юрэвіч лічыць, што ў справе збору, захаваньня і выкарыстаньня беларускіх замежных архіваў істотную ролю магло б адыграць выданьне адмысловага часопісу.

(Юрэвіч: ) “На працягу апошніх гадоў я многа разоў спрабаваў сарганізаваць выданьне архіўнага часапісу. Няхай бы гэта быў квартальнік ці выходзіў два разы ў год. Але ён мусіў бы быць прысьвечаны цалкам архівам. Ідэя ў тым, каб гэты часапіс быў зьвязам паміж Лёнданам, Нью-Ёркам, Канадаю і г.д. Калі б маглі ўзьняць такі часапіс, гэта было б крокам наперад, там ужо не было б ніякай цэнзуры, можна было б друкаваць матэрыялы, якія паказваюць сапраўдную гісторыю беларускай нацыі, не прылашчаную”.

Выглядае, што сытуацыя з архівамі беларускага замежжа досыць трывожная. Таму ў сёньняшніх умовах пра іх мусяць дбаць ня толькі спэцыялісты. Збор і захаваньне нашай дакумэнтальнай спадчыны павінна стаць клопатам кожнага беларуса на Бацькаўшчыне і ў замежжы. Іначай гэтыя скарбы нашай гісторыі можа напаткаць лёс дагэтуль не адшуканых цалкам архіваў Беларускай Народнай Рэспублікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG