Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая беларуская эміграцыя ў Аўстраліі.


Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Кажуць, што Аўстралія – самая разнастайная ў этнічным сэнсе краіна сьвету. Тут жывуць прадстаўнікі ўсіх вядомых народаў і аўстралійскія тубыльцы, якія больш не жывуць нідзе. Не апошняе месца ў гэтай стракатасьці моваў і культураў займаюць тамтэйшыя беларусы.
Пасьля другой усясьветнай вайны ў Аўстралію прыехала каля 40 тысячаў нашых суайчыньнікаў. Сёньня ў выніку самых розных працэсаў беларусамі запісаліся прыкладна 5 тысячаў.

Апошнім часам зьмяншэньне колькасьці беларусаў ў Аўстраліі спынілася, нашых суайчыньнікаў там стала нават больш. Дзякуючы актыўнай эміграцыйнай палітыцы аўстралійскіх уладаў у краіне зьявілася новая беларуская эміграцыя.

З пытаньнем пра існуючыя сёньня ўмовы эміграцыі ў Аўстралію мы зьвярнуліся да Вячаслава Елькановіча з Сыднэю.

(Елькановіч: ) “Іміграцыйная палітыка тут мяняецца штогод. Калі раней, пры лейбарысцкім урадзе, большая ўвага надавалася сямейнай іміграцыі, скіраванай на аб’яднаньне сем’яў і прыём сваякоў аўстралійскіх грамадзянаў, то цяпер націск робіцца больш на прыём бізнэсоўцаў і спэцыялістаў, якія маюць добрыя прафэсіі. Па-першае, гэта кампутаршчыкі, тэхнікі, інжынэры. Сьпіс прафэсіяў удакладняецца кожны год”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Вячаслаў, Вы самі належыце да новай беларускай эміграцыі ў Аўстраліі.Чаму абралі менавіта гэту краіну і як там уладкавалі сваё жыцьцё?”

(Елькановіч: ) “Я жыву ў Аўстраліі 9 гадоў. Выбраў я Аўстралію вельмі лёгка, бо іншага шляху ў мяне не было. Калі мы з жонкаю вырашылі выехаць з Беларусі з-за Чарнобылю, тады адзінай краінай, якая прымала эмігрантаў з былога СССР, была Аўстралія. Я скончыў Менскі інстытут замежных моваў, перакладчыцкі факультэт, спэцыялізаваўся ў францускай і ангельскай мовах, таму мне было ня цяжка адаптавацца.

Мне пашанцавала, я атрымаў працу на Радыёстанцыі SBS, у праграме, якая выходзіць на беларускай мове, дзе і цяпер працую. У мяне таксама ёсьць і свой прыватны бізнэс, я займаюся перакладамі”.

(Карэспандэнт: ) “Якія цяжкасьці перажывала вашая сям’я напачатку?”

(Елькановіч: ) “Вельмі цяжка было псыхалягічна маёй жонцы, яна тут нічога не разумела, бо не валодала ангельскай мовай. Напачатку яна нават мне казала: “Куды ты мяне прывез? Паедзем ужо дадому”.
Дзецям было цяжка з-за матэрыяльных прычынаў. Даводзілася на ўсім эканоміць, не маглі ім купіць нават цукеркі. Мы атрымоўвалі фінансавую дапамогу ад дзяржавы, але гэта былі мінімальныя сродкі. Іх хапала толькі на харчаваньне і аплату кватэры. Дарэчы, жыльлё тут вельмі дарагое.

З моваю таксама былі праблемы, нават у мяне. Тут, у Аўстраліі, ангельская мова вельмі адрозьніваецца ад той клясычнай ангельскай брытанскай мовы, якую мы вывучалі. Мяне разумелі усе, а я вось амаль што тры месяцы цяжка арыентаваўся”.

(Карэспандэнт: ) “Вы сказалі, што Аўстралія бярэ спэцыялістаў, а ці могуць трапіць туды па эміграцыйнай візе людзі без прфэсійнай адукацыі?”

(Елькановіч: ) “Практычна, не. Каб прыехаць па незалежнай эміграцыйнай праграме, трэба набраць пэўную колькасьць балаў. На сёньняшні дзень – гэта 105 балаў. Каб набраць такую колькасьць, трэба размаўляць па-ангельску, мець сярэднюю тэхнічную або вышэйшую адукацыю, а таксама мінімальны ўзрост, чым маладзейшы чалавек, тым больш возьме балаў. Больш за усё балаў налічваецца за адукацыю, перавага аддаецца тым, хто адпрацаваў па спэцыяльнасьці не менш за пяць гадоў”.

(Карэспандэнт: ) “Вячаслаў, на сёньня Вы ўжо маеце аўстралійскае грамадзянства, ці складана было яго атрымаць уцекачу?”

(Елькановіч: ) “Калі чалавек прыехаў сюды на сталае жыхарства, то атрымаць грамадзянства ня цяжка. Патрэбна толькі пражыць, як пастаянны жыхар, у Аўстраліі два гады, не выяжджаючы з краіны. У выпадку, калі вы на нейкі час выехалі, то ўстаноўлены тэрмін будзе прадоўжаны на гэты пэрыяд”.

Уладзімера Канасевіча зь Менску Аўстралія прыняла каля 10 гадоў таму, дзякуючы ягонай прафэсіі праграміста, якая і тут карыстаецца попытам. Па словах Уладзімера ён пакінуў Радзіму з двух прычынаў – перасьлед за палітычную дзейнасьць і Чарнобыль.

(Карэспандэнт: ) “Уладзімер, калі вы прыехалі да Аўстраліі, ці мела ваша сям’я дапамогу ад дзяржавы? Што гэта была за дапамога?”

(Канасевіч: ) “Дзяржава дапамагала добра, але яшчэ больш мы адчувалі падтрымку старэйшай беларускай эміграцыі ў Аўстраліі. Дзяржава дапамагала ў нашых першых кроках фінансавымі сродкамі, пакуль мы былі беспрацоўнымі. Першую кватэру мы зьнялі ў арэнду і дзяржава нам дапамагала яе аплочваць, але гэта была невялікая сума. Калі я знайшоў працу па сваёй спэцыяльнасьці кампутаршчыка – недзе праз два тыдні пасьля прыезду, мы сталі забясьпечваць сябе самі”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Уладзімер, Вы дастаткова хутка знайшлі працу, а як там увогуле з працауладкаваньнем?”

(Канасевіч: ) “80 % эмігрантаў, якія прыехалі зь Беларусі і мелі там добрыя прафэсіі, змаглі знайсьці тут працу. Попытам карыстаюцца, найперш, усе тэхнічныя спэцыялісты. Ня цяжка знайсьці працу тым, хто працаваў тэхнікам, кампутуршчыкам альбо меў другія блізкія да гэтых спэцыяльнасьці ў галіне кампутарнага праграмаваньня ці электронікі”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць магчымасьць перакваліфікацыі для тых, хто ня можа працаваць па спэцыяльнасьці?”

(Канасевіч: ) “Мая жонка, біёляг, не змагла знайсьці працу па спэцыяльнасьці. Дзяржава тут дапамагае у перакваліфікацыі. Жонка гэта зрабіла і зараз працуе ў фірме аднаго вядомага аўстралійскага дызайнэра. Перакваліфікацыя бясплатная толькі ў тым выпадку, калі чалавек беспрацоўны”.

(Карэспандэнт: ) “Адно з праблемных пытаньняў для бежанцаў – атрыманьне мэдычнай дапамогі. Як гэта выглядае ў Аўстраліі?”

(Канасевіч: ) “Мэдычнае абслугоўваньне ў Аўстраліі бясплатнае і для імігрантаў. Ёсьць прыватная мэдыцына, узровень яе больш якасны. Мы ўжо маем і прыватную страхоўку, але гэта не перашкаджае нам лячыцца ў грамадзкіх шпіталях і карыстацца грамадзкімі лякарнямі”.

Яшчэ адзін шлях у эміграцыю – шлюб з замежнікам. Валерыя з Віцебску пад час вандроўкі ў Польшчу пазнаёмілася з прыезджым аўстралійскім інжынэрам Дэвідам Лі. Ён прапанаваў дзяўчыне стаць ягонаю жонкаю. У 1991 годзе Валерыя накіравалася ў далёкую Аўстралію.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Валерыя, мяркую, Вам было лягчэй чым іншым адаптавацца ў чужым сьвеце з падтрымкаю мужа. Але, пэўна, мелі і свае праблемы?”

(Лі: ) “Самай галоўнай праблемаю была мова, я не валодала ангельскай. Другая цяжкасьць – вельмі сумавала па Беларусі, пакінула там родных і сяброў. Запоўніць гэты вакуум было ня проста. Складана было знайсьці людзей, зь якімі хацелася б кантактаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці лёгка беларускай жанчыне ладзіць жыцьцё ў аўстралійскай сям’і?”

(Лі: ) “У мяне вельмі добры муж, выключны чалавек, цудоўны, добры бацька. Я думаю, што беларускай жанчыне з мужам-аўстралійцам можа быць прасьцей, чым нашай жанчыне ў Беларусі. Тут іншае разуменьне адносінаў да жанчыны. Муж стараецца аберагаць жонку, клапоціцца аб сям’і. У Аўстраліі прынята падтрымліваць добрыя адносіны ня толькі ў сям’і, але і навокал. Беларускім жанчынам зь мясцовымі мужчынамі лёгка. Ім падабаецца наша стаўленьне да жыцьця, а нам – іх адносіны да жанчыны і да жыцьця”.

(Карэспандэнт: ) “Я так разумею, што Вы задаволеная сваім лёсам?”

(Лі: ) “Я вельмі задаволеная, але хачу сказаць, што калі б у мяне была магчымасьць жыць спакойна і забясьпечана, як я жыву тут, то я з радасьцю вярнулася б у Беларусь”.

(Карэспандэнт: ) “А як ставіцца ўвогуле Ваш муж да Беларусі і беларусаў?

(Лі: ) “Мой муж вельмі добра ставіцца да Беларусі, ён быў там тры разы, многа ведае пра нашу краіну і ўспрымае блізка да сэрца ўсе праблемы беларускага народу. Тут ён часта са мною ходзіць ў Беларускі клюб і ў царкву”.

Валерыя Лі хоць і размаўляла з намі па-расейску, саромеючыся за сваё недасканалае беларускае маўленьньне, але ня страціла ў чужым асяродку пачуцьця нацыянальнай прыналежнасьці. Яна здабыла павагу сярод чужых людзей ня толькі да сябе, але й да краіны свайго паходжаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG