Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая беларуская эміграцыя ў Канадзе - умовы жыцьця і працы, беларускасьць.


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

(Сокалаў-Воюш: ) “13 жніўння 1535 году вадаплаў знакамітага францускага падарожніка Жака Карцье падплыў да ракі Сьв. Лаўрэнція. Два індзейцы-іракезы – удзельнікі першай экспэдыцыі, якія цяпер вярталіся дадому з Парыжу, – пазналі родныя мясьціны і закрычалі на іракеска-францускай трасянцы: chemin de kanata – дарога ў паселішча. З гэтай фразы Карцье пачуў толькі апошняе – кanata, якое потым цягам стагодзьдзяў ператварылася ў назву краіны.

Калі на пачатку 80-х у прадчуваньні рэпрэсіяў нацыянальна-сьведамая беларуская моладзь прадугледжвала шляхі эміграцыі, многія спыніліся на Канадзе, бо клімат і прырода ў гэтай краіне амаль беларускія. Гэты аргумэнт, як высьветлілася, быў не апошнім пры выбары месца жыхарства і беларускай эміграцыяй 40-50 гг. Не апошні ён і для сёньняшняй беларускай эміграцыі на мяжы стагодзьдзяў.

Новыя беларускія эмігранты ў Канадзе маюць сваю адметнасьць. У асноўным, гэта кваліфікаваныя прафэсіяналы. Так Пятро Мурзёнак скончыў Менскі мэдычны інстытут, працаваў у Інстытуце гематалёгіі і пераліваньня крыві, абараніў там кандыдацкую дысертацыю, потым 14 гадоў працаваў у Акадэміі навук Беларусі, абараніў дактарат у галіне імуналёгіі і фізіялёгіі. Працу ў Канадзе ён пачаў шукаць яшчэ ў Менску. Гаворыць Пятро Мурзёнак”.

(Мурзёнак: ) ”На шчасьце я знайшоў сабе часовую працу тут на адзін год у Атаўскім інстытуце кардыялёгіі. Рынак працы для мэдыкаў і біёлягаў тут вельмі вузкі. Тут ёсьць многа маладых людзей, якія займаюцца навукай. Акрамя таго, наш вопыт, які мы маем у Беларусі, у Канадзе не вельмі добра ацэньваецца, бо мы адстаем у разьвіцьці навукі. А калі яшчэ ня вельмі добра валодаеш ангельскай мовай, то таксама будуць праблемы знайсьці працу. Але, тым ня менш, канадыйцы прымаюць вельмі многа навуковых кадраў. Мая жонка – таксама навуковы супрацоўнік, мае кандыдацкую дысэртацыю, яна – імуноляг. Праз год я зьмяніў працу, стаў працаваць таксама ў галіне імуналёгіі. Займаюся зараз імуналёгіяй расьсеянага склерозу.
Жонка займаецца праблемамі вывучэньня вірусу СНІДу”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Сп. Пятро, як выглядае канадыйская сыстэма аховы здароўя?”

(Мурзёнак: ) “Ахова здароўя тут бясплатная. Так што, кожны чалавек, хто сюды прыяжджае, мае спэцыяльную карту на мэдабслугоўваньне. Але ёсьць і свае праблемы. Напрыклад, ёсьць чэргі, часта людзям даводзіцца доўга чакаць дыягностыкі нейкай, калі патрабуюцца складаныя мэтады дасьледаваньня”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Маладзейшае пакаленьне беларускіх мэдыкаў у Канадзе прадстаўляе Руслан Качаткоў”.

(Качаткоў: ) “Пасьля заканчэньня Менскага мэдычнага інстытуту я паступіў у асьпірантуру і пачаў працаваць у галіне дасьледаваньньяў раку. Праз год я падаў дакумэнты на прадаўжэньне навучаньня ў Нямеччыне, у Франкфурце-на-Майне і працягваў дасьледаваньні там. У Нямеччыне абараніў дысэртацыю і застаўся там працаваць у дзіцячым анкалягічным цэнтры, у аддзяленьні перасадкі костнага мозгу. Мне было цікава папрацаваць яшчэ дзе-небудзь. Я даведаўся пра магчымасьць паехаць у Канаду, падаў дакумэнты і атрымаў дазвол.
Спачатку я два месяцы вучыў мову, а потым пайшоў працаваць. Зараз я працую ў Цэнтры па дасьледаваньні раку. Мая жонка таксама скончыла мэдінстытут і працуе навуковым асыстэнтам ў Антарыйскім інстытуце раку, у аддзяленьні перасадкі костнага мозгу”.

(Сокалаў: ) “Сп. Руслан, ці прызнаюцца ў Канадзе беларускія дыплёмы аб вышэйшай адукацыі?”

(Качаткоў: ) “Нашыя дакумэнты прызнаюцца. Але каб доктару працаваць па спэцыяльнасьці, неабходна атрымаць спэцыяльны дазвол. Каб яго атрымаць, трэба здаць два іспыты па ангельскай мове, потым іспыты па мэдыцыне. Праблема ў тым, што у Канадзе не прызнаецца наша інтэрнатура, таму неабходна прайсьці тут інтэрнатуру. Але ў справе інтэрнатуры існуе канкурэнцыя і цяжка туды папасьці. Для гэтага таксама патрэбна здаць яшчэ два дадатковых іспыты – тэарытычны і практычны. Асноўная частка іншаземных дактароў хоча працаваць практычна, але ня ўсе здольныя пераадолець гэтыя перашкоды і некаторыя ад’яжджаюць працаваць у Амэрыку. Ёсьць альтэрнатыўны варыянт, як у мяне, працаваць не практычным доктарам, а навукоўцам, але тады заробкі значна меншыя. Аднак не патрэбны дазвол, дастаткова толькі асабістай дамоўленасьці паміж навукоўцам і загадчыкам лябараторыі, які бярэ яго на працу”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Наколькі складана, наогул, распачынаць жыцьцё ў Канадзе новаму эмігранту?”

(Качаткоў: ) “Для новых эмігрантаў ёсьць амаль бясплатныя курсы ангельскай мовы. Увогуле, у Канадзе памерці з голаду цяжка. Тыя, хто ня можа знайсьці працу, атрымліваюць фінансавую дапамогу, а тыя, хто працуе на невысокааплачвальтнай працы, мае зьніжку на падаткі.
Жыльлё ў Таронце дарагое. Мы здымаем танную 2-х пакаёвую кватэру і плацім за яе 820 канадыйскіх даляраў у месяц. Прыток эмігрантаў у Таронта вельмі вялікі і тут лягчэй знайсьці працу, чым жыльлё”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Сп. Руслан, Вы зьяўляецеся намесьнікам старшыні Каардынацыйнага камітэту беларусаў Канады. Скажыце, як арганізуе нацыянальнае жыцьцё новая беларуская эміграцыя?”

(Качаткоў: ) “Стараемся сьвяткаваць беларускія сьвяты, робім імпрэзы, прэзэнтацыі. Мне прыемна адзначыць, што ўсё больш і больш новых людзей зьяўляецца. Гэта добры знак, што людзі адчуваюць сябе свядомымі беларусамі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Сярод канадыйскіх беларусаў ёсьць і прадстаўнікі Беласточчыны. Наступная ўдзельніца нашай перадачы – жыхарка Таронта Ганна Астроўка, якая працуе ў супэрмаркеце загадчыцай аддзелу жаночага адзеньня. Гаворыць Ганна Астроўка”.

(Астроўка: ) “Я прыехала ў Канаду ў 1988 годзе. Мела тут знаёмых беларусаў, якія мне дапамаглі знайсьці працу ў краме”.

(Сокалаў: ) “Ганна, а ці не прадаюцца ў вас, часам, і беларускія тавары?”

(Астроўка: ) “Гэта часта бывае. Бываюць беларускія жаночыя паліто, а таксама абутак, зроблены ў Беларусі. Гэтыя тавары высокай якасьці, відаць, што людзі прыклалі да іх рукі. Прыемна бачыць, што Беларусь мае такія тавары, а таксама і само слова на іх "Беларусь”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Гаварыла Ганна Астроўка. Усясьветны дэфіцыт кампутаршчыкаў не абмінуў і Канады. Ужо чатыры гады працуе на гэтай дзялцы ў Атаве Юры Шамецька”.

(Шамецька: ) “У Менску я скончыў радыётэхнічны інстытут, меў кампутарную спэцыяльнасьць. Цяпер я працую праграмістам. Адаптавацца было лёгка. Калі цябе ўжо бяруць на працу, то ствараюць усе ўмовы”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Юры, у вашай сям’і – двое дзяцей, і малодшая дачка нарадзілася ў Канадзе. Ці маюць канадыйскія жанчыны адпачынак для догляду за нованароджаным?”

(Шамецька: ) “Жанчына можа мець водпуск, каб глядзець за дзіцём, толькі поўгода. У гэтым сэнсе вельмі цяжка”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Сп. Юры, Вы бераце ўдзел у беларускім жыцьці ў Атаве і стварылі старонку ў Інтэрнэце”.

(Шамецька: ) “Стараемся неяк падтрымліваць нашыя адносіны паміж беларусамі. Я хачу сказаць, што трэба было паехаць з Беларусі, каб адчуць сябе беларусам. І наша праблема, можа, у Беларусі, што людзі не адчуваюць сябе беларусамі. Калі вы ад’едзеце з Беларусі, вы зразумееце, што вы толькі беларус, а ня рускі, не паляк, не ўкраінец.
А тое, што робім старонку у Інтэрнэце, то гэта дзеля таго, каб нашы людзі мелі нейкую інфармацыю і каб распаўсюджваць зьвесткі пра нашу дзейнасьць. Калі мы маем свой сайт, мы быццам бы ёсьць”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Гаварыў Юры Шамецька. І напрыканцы слова яшчэ аднаму беларусу, інжынэру-будаўніку Валерыю, які папрасіў не называць ягонага прозьвішча”.

(Валеры: ) “Я прыехаў у Канаду 4 гады таму. Хутка высьветлілася, што тут не патрабуюцца інжынэры-будаўнікі. Пайшоў вучыцца ў кампутарную школу і скончыў яе. Працу я шукаў на працягу 7 месяцаў. Знайшоў яе цудам, праз знаёмых. Цяпер працую сыстэмным адміністратарам кампутарнай сеткі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Сп. Валеры мае свой погляд на Канаду. Я спытаў, ці раіць ён выбіраць гэтую краіну для эміграцыі?”

(Валеры: ) “Мой асабісты адказ быў бы – не. Канада мае толькі 30 млн. жыхароў. Штогод прыяжджаюць людзі па ўрадавай эміграцыйнай праграме, толькі ў летась прыехала каля 230 тыс. эмігрантаў, 44 адсоткі зь іх асела ў Таронце. Эйфарыя ад Канады пройдзе вельмі хутка. Тады, як чалавек акунецца ў рэальнае жыцьцё, калі ня здолее знайсьці працу, жыльлё, і ён упадае ў дэпрэсію”.

(Сокалаў-Воюш: ) “І ўсё ж, Канада – прывабная для эмігрантаў і камфортная для жыцьця. Там ахвотна прымаюць замежных спэцыялістаў. І ў той самы час у Канадзе не хапае працы, бо краіна ня ў стане хутка адаптаваць такі вялікі прыток чужынцаў, асабліва тых, што імкнуцца жыць у вялікіх гарадох, а не ў паселішчах, падобных да таго, што некалі паказалі Жаку Карцье мясцовыя іракезы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG