Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская адукацыя ў замежжы: школа ў Рызе; нацыянальна-культурнае жыцьцё беларусаў Іркуцку.


Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш

(Сурмач: ) “Сёньняшні, дзясяты выпуск нашай праграмы, мы пачнем з новай тэмы, якой зьбіраемся надаваць увагу і далей. Беларуская адукацыя ў замежжы – што маем і чаго не хапае, надзённыя патрэбы і пэрспэктывы разьвіцьця, пра ўсё гэта мы будзем размаўляць з тымі, каго хвалююць такія пытаньні.

Першая наша сустрэча з Вячкам Целешам. Ягонымі намаганьнямі ў Рызе была створаная беларуская школа і сп. Вячка стаў яе дырэктарам. З Вячкам Целешам гутарыць Сяржук Сокалаў-Воюш.

(Сокалаў-Воюш: ) “Напачатку я пацікавіўся ў сп. Целеша, як даўно працуе беларуская школа ў Рызе і які ейны статус?”

(Целеш: ) “Рыская беларуская асноўная школа была створаная ў 1994 годзе, з 1 верасьня адкрыўся першы кляс. Тады яна не лічылася яшчэ асобнай школаю, беларускі кляс быў пры рускамоўнай школе, дзе нам выдзелілі памяшканьне. Статус самастойнай школы мы атрымалі ў 1998 годзе. Быў абвешчаны конкурс на пасаду дырэктара, і я быў абраны кіраўніком школы.

Зараз у нас вучацца 64 вучні ў сямі клясах. Пастаянных настаўнікаў таксама сем чалавек, гэта беларусы, якія атрымалі адукацыю ў Беларусі і жывуць цяпер у Латвіі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “На якіх мовах вядзецца навучаньне?”

(Целеш: ) “У асноўным, навучаньне вядзецца на беларускай мове, ад першага да чацьвёртага клясаў усё выкладаецца па-беларуску, абавязкова выкладаецца латыская мова. З пятага кляса даводзіцца часткова пераходзіць на расейскую мову, бо ў нас няма ўсіх патрэбных падручнікаў. Тыя падручнікі, якія нам прысылаюць зь Беларусі, не адпавядаюць Латыскім навучальным праграмам, па гэтай прычыне мусім выкарыстоўваць расейскія ці Латыскія падручнікі. У школе выкладаецца таксама і ангельская мова. Такім чынам, усяго вывучаюцца чатыры мовы”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ці атрымлівае школа дапамогу зь Беларусі?”

(Целеш: ) “Калі была незалежнасьць, калі яшчэ не было прэзыдэнта і Беларусь жыла пад бел-чырвона-белым сьцягам, тады была значная падтрымка. З амбасады прыходзілі кожны дзень людзі, дапамагалі.
Потым сытуацыя зьмянілася. Хаця амбасада яшчэ стараецца нешта зрабіць, яны шукаюць тут прадпрыймальнікаў, якія маглі б дапамагчы школе, бо з боку беларускай дзяржавы ўжо няма дапамогі.

Адзінае, што Міністэрства адукацыі яшчэ дасылае кніжкі, але сёлета ўжо зусім мала прыслалі. Раней таксама запрашалі нашых настаўнікаў на курсы падвышэньня кваліфікацыі ў Менск, цяпер такіх курсаў ужо не было. Так што належнай увагі з боку Беларусі ўжо няма”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Сп. Вячка, нядаўна нам стала вядома, што Вы пакінулі пасаду дырэктара. Вы працавалі вельмі актыўна, многа сілаў аддавалі школе, што сталася?”

(Целеш: ) “Ад 27 сьнежня я не выконваю абавязкаў дырэктара. Сем гадоў я кіраваў школаю, паставіў яе на добрую каляіну. Атрымалася так, што дамова са мной скончылася ў канцы году, і Рыская ўправа школаў больш яе не прадоўжыла”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Чаму, на Вашую думку, дамова не была працягнутая?”

(Целеш: ) “Мяркую, прычына ў тым, што я пастаянна хадзіў да іх, пісаў, патрабаваў, каб дапамаглі ў рэканструкцыі памяшканьня. Латыская рэспубліка не дала ні сантыма на тое, каб перарабіць выдзеленае нам памяшканьне дзіцячага садка для патрэбаў школы”.

(Сокалў-Воюш: ) “У чым Вы бачыце прычыны такіх адносінаў латыскіх уладаў?”

(Целеш: ) “Няма пагадненьня паміж Рэспублікай Беларусь і Латвіяй на ўзроўні міністэрстваў адуацыі, так як гэта ёсьць адносна польскай, габрэйскай, летувіскай і інш. школаў нацыянальных меншасьцяў”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Вы, відавочна, маеце на ўвазе міждзяржаўнае пагадненьне, дзе былі б прадугледжаныя ўзаемныя абавязкі – у Латвіі падтрымліваць беларускія школы, а ў Беларусі – латыскія”.

(Целеш: ) “Такое пагадненьне павінна быць. У Беларусі патрэбна дапамагчы латыскай нядзельнай школе ў Віцебску. Мне сказалі ў беларускай амбсадзе, што такое пагадненьне рыхтуецца. Я завёз у міністэрства адукацыі Беларусі свае прапановы”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А хто зараз выконвае абавязкі дырэктара школы?”

(Целеш: ) “Абавязкі дырэктара выконвае завуч, якая прыйшла на працу нядаўна, яна па нацыянальнасьці беларуска”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Далей сп. Вячка ўдакладніў, што гэтае прызначэньне трэба было б разглядаць, як часовае, бо, на жаль, цяперашняя дырэктарка не валодае беларускаю моваю і лічыца беларускаю толькі паводле пашпарту. Неабходна правесьці конкурс.

Цяпер беларускай грамадзе ў Рызе патрэбна знайсьці яшчэ аднаго, як былы дырэктар, адданага беларусай справе пэдагога, каб школа ня толькі захавалася, але і разьвівалася далей. Мы будзем цікавіцца падзеямі вакол беларускай школы ў Рызе і паведамім вам аб тым, хто стане яе новым кіраўніком”.

(Сурмач: ) “У мінулай перадачы мы пазнаёмілі вас з кіраўніком беларускай суполкі ў Іркуцку Алегам Рудаковым, які распавядаў пра сьвяткаваньне там Калядаў. А зараз працяг размовы са сп. Алегам пра іншую дзейнасьць іхняй суполкі”.

(Рудакоў: ) “Нашая суполка ўзьнікла ў 1996 годзе, 31 траўня адбыўся першы зьезд беларусаў Іркуцкай вобласьці. Беларусы зьяўляюцца адной зь пяці нацыяў, якія складаюць большасьць жыхароў Іркуцкай вобласьці, па перапісе 1989 года лічылася 25,7 тыс.”

(Сурмач: ) “Якія асноўныя накірункі працы вашай суполкі?”

(Рудакоў: ) “Накірункаў дзейнасьці ў нас шмат. Зараз мы атрымалі памяшканьне ў цэнтры гораду, стварылі там філясофскі клюб, дзе мы зьбіраемся разам і разважаем на розныя тэмы. У нас ствараецца музэй-майстэрня, дзе мы будзем адраджаць нацыянальныя рамёствы. Нашы дзяўчаты жадаюць навучыцца вышываць і самі сабе робяць усе строі на сьвяты. Выпускаем друкаваны бюлетэнь “Маланка”, раней выдавалі яго раз у два-тры месяцы, цяпер плянуем рыхтаваць яго штомесячна”.

(Сурмач: ) “Сп. Алег, скажыце, калі ласка, якое адчуваецца ў Іркуцку стаўленьнье да вашай суполкі, да беларусаў увогуле з боку грамадзтва, мясцовых уладаў?”

(Рудакоў: ) “Сьпярша гэта стаўленьне, асабліва з боку ўладаў, было вельмі складаным. Улады, найперш, шануюць тыя суполкі, за якімі стаяць дзяржавы, што клапоцяцца пра сваю дыяспару. Зараз мы сваёй актыўнай працаю паднялі вельмі значна свой аўтарытэт. Звычайна на нашых мерапрыемствах бываюць мясцовыя тэлеканалы, і гэта ўсё адлюстроўваецца ў іх навінах. Таму цяпер мы ўжо бачым, што ёсьць зацікаўленасьць з боку абласной адміністрацыі і гарадзкой, каб садзейнічаць нашай працы”.

(Сурмач: ) “Якую сымболіку ўжываеце?”

(Рудакоў: ) “У нас ёсьць эмблема: наверсе разьмешчаныя Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг, як сымбалі нашай гістарычнай спадчыны; у цэнтры – абрыс Байкала, што сьведчыць аб тым, што мы жывем каля гэтага знакамітага возера; ёсьць таксама выява Яна Дамінікавіча Чэрскага, знакамітага дасьледчыка гэтага краю, які паходзіў зь Беларусі”.

(Сурмач: ) “Хацелася б, сп. Алег, каб Вы сказалі нашым слухачам, што вашая суполка носіць імя Чэрскага”.

(Рудакоў: ) “Так, нашая суполка называецца – Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Дамінікавіча Чэрскага”.

(Сурмач: ) “Ці мае Таварыства які-небудзь мастацкі калектыў?”

(Рудакоў: ) “У нас дзейнічае тры фальклёрныя і вакальныя калектывы, адзін зь якіх дзіцячы”.

(Сурмач: ) “Якія кантакты падтрымліваеце зь Беларусьсю, ці атрымліваеце дапамогу ад дзяржаўных структураў?”

(Рудакоў: ) “Мы жывем зараз як бы асобна ад сваёй дзяржавы. Я бачу, як дапамагаюць свае дзяржавы, напрыклад, палякам, якіх у дзесяць разоў тут менш, чым беларусаў, або немцам ці габрэям. Што датычыцца нашай дыяспары, то пра нас беларуская дзяржава не клапоціцца зусім. У нас няма ніякіх стасункаў з афіцыйнымі ворганамі Беларусі”.

(Сурмач: ) “Да сказанага сп. Рудаковым патрэбна дадаць інфармацыю і пра такі непрыемны факт. Нядаўна стала вядома, што беларусы ў Іркуцку не змаглі атрымаць бібліятэку на роднай мове, якую сабралі для іх супрацоўнікі беларускай Акадэміі навук. Па дарозе ў Сібір кніжкі аселі ў Маскве і не дайшлі да адрасата. Дзяржаўныя структуры не аказалі ў гэтай справе належнай дапамогі нашым суродзічам, якія разьлічвалі на падтрымку з Бацькаўшчыны”.


XS
SM
MD
LG