Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІХ АДКРЫЦЬЦЯЎ ЧАКАЦЬ АД 2003 ГОДУ?


Натальля Судлянкова, Прага

На першым месцы ў часопісу “New Scientist” стаіць вынаходніцтва, якое можа ў значнай ступені дапамагчы двум мільярдам людзей, асноўным прадуктам харчаваньня якіх ёсьць рыс. Гэтыя два мільярды людзей пакутуюць ад анэміі, таму што ў рысе не хапае жалеза. Недахоп жалеза спрычыніўся да 20% сьмяротных дзіцячых захворваньняў у азіяцкім рэгіёне.

Прадстаўнікі Міжнароднага інстытуту дасьледаваньняў рысу, які знаходзіцца на Філіпінах, перакананыя, што 2003 год стане пераломным у стварэньні новага гатунку рысу – з высокім утрыманьнем жалеза. Гэта быў бы самы істотны сельскагаспадарчы посьпех сёлета.

Амэрыканскія адмыслоўцы з НАСА зьбіраюцца праверыць асновы агульнай тэорыі гравітацыі Эйнштэйна, на якой базуецца ўся сучасная тэарэтычная фізыка. Гаворка ідзе аб правядзеньні экспэрымэнту, які будзе адбывацца ў космасе. Навукоўцы вырашылі ўдакладніць, ці сапраўды існуе так званы геадэтычны эфэкт – уплыў масы на прастору і час. Калі ў выніку фізыкі дакажуць праўдзівасьць тэорыі Эйнштэйна, яны стануць гістарычнымі асобамі, якія ўпершыню пацьвердзяць меркаваньні заснавальніка сучаснай навукі, а экспэрымэнт стане клясікай тэарэтычнай фізыкі. Калі вынікі экспэрымэнту абвергнуць тэорыю Эйнштэйна, гэта будзе рэвалюцыя ў тэарэтычнай фізыцы.

Эўрапейскія кліматолягі зьбіраюцца прааналізаваць, якім было надвор’е на нашай плянеце 800 тысячаў гадоў таму. Менавіта ў тыя часы пачалося глябальнае пацяпленьне, якое прывяло да істотных зьменаў у флёры і фаўне Зямлі. Падставай для аналізу стануць пробы, якія навукоўцы зьбіраюцца адабраць з глыбіні амаль 3 км у Антарктыдзе. Адмыслоўцы ўжо даказалі, што ізатопы кіслароду і вадароду тых часоў могуць выступаць у ролі старажытных тэрмомэтраў, якія фіксуюць тэмпэратуру вады ў момант абледзяненьня.

У Вялікай Брытаніі ствараецца новы банк. На гэты раз ён ня мае ніякага дачыненьня да фінансавых установаў. Гэта будзе банк – сховішча так званых матчыных эмбрыянальных клетак, зь якіх, на думку навукоўцаў, можна будзе вырошчваць далей любую частку чалавечага арганізму. Здольнасьць матчыных клетак разьвівацца ў клеткі, якія ствараюць розныя часткі цела, можа драматычным чынам зьмяніць сучасныя мэтодыкі лекаваньня людзей з захворваньнямі, якія зараз лічацца сьмяротнымі. Як, напрыклад, хвароба Паркінсона. Навукоўцы з дапамогай менавіта матчыных клетак зьбіраюцца правесьці фантастычны экспэрпымент – вырасьціць асобны орган чалавека, напрыклад, пячонку.

НАСА зьбіраецца знайсьці адказ на адное з асноўных пытаньнях фантастаў: ці ёсьць жыцьцё на Марсе. І ці было яно там калі-небудзь увогуле? У траўні гэтага году з касмадрому Байканур на Марс накіруецца першая экспэдыцыя зь Зямлі ў складзе амэрыканскага марсаходу Бігл 2. Мяркуецца, што касьмічны карабель прыстане на чырвонай плянэце празь некалькі месяцаў пасьля старту.

Аднак большых посьпехаў чакаюць ад эўрапейскай экспэдыцыі. Плянуецца, што эўрапейскі марсаход пасьпяхова правядзе геалягічныя працы і здолее прывезьці на Зямлю ўзоры ня толькі глебы з Марсу, але таксама і пробы, якія будуць адабраныя з глыбіні прынамсі паўтара мэтра ад паверхні найбліжэйшага касьмічнага суседа Зямлі.

Тэлепартацыя касьмічных караблёў была і дагэтуль застаецца фантастычнай марай. Але першыя крокі на гэтым шляху ўжо былі зробленыя. Фізыкі здолелі пераправіць з аднаго месца да іншага мінімальную частку рэчыва – фатон. Дацкія навукоўцы пасьпяхова зрабілі першы крок на шляху да тэлепартацыі – перавялі ў квантавы стан два атамныя воблакі. Дагэтуль пасьпяховымі былі толькі тэлепартацыйныя экспэрымэнты з аблакамі, якія складаліся з – атамаў – адзінак. Але фізыкі з дацкага ўнівэрсытэту перавялі ў “перадтэлепартацыйны” стан воблака, якое складалася зь мільярдаў атамаў цэзію. Таму цалкам верагодна, што яны здолеюць у гэтым годзе правесьці сэнсацыйную тэлепартацыю аб’екта, які можна ўбачыць неўзброеным вокам.

Вялікая Брытанія, магчыма, у гэтым годзе зробіць рэвалюцыйны крок: афіцыйна дазволіць вырабляць лекі, створаныя на аснове марыхуаны. Гэтая навіна будзе доўгачаканай палёгкай для людзей, якія пакутуюць ад розных склератычных і нэрвовых захворваньняў. Доўгія гады яны паціху палілі цыгарэты з марыхуанай – так званыя джойнты – каб зьняць спазмы і заснуць. Напрыканцы мінулага году адная з брытанскіх фармацэўтычных карпарацыяў абвесьціла, што праведзеныя дасьледаваньні даказалі лячэбныя якасьці марыхуаны. Мяркуецца, што новы прэпарат будзе вырабляцца ў выглядзе спрэя.

Каліфарнійская кампанія “TransOrbital of La Jolla” плянуе пачаць камэрцыйную эксплюатацыю паверхні Месяца. У чэрвені будзе запушчаны прыватны касьмічны карабель на арбіту спадарожніка Зямлі, а потым адбудзецца пасадка на Месяц. Прадстаўнікі кампаніі мяркуюць, што знойдуцца людзі, якія захочуць даслаць нейкія дробныя рэчы на Месяц у якасьці ўспамінаў аб сваёй асобе і заплаціць за гэтую магчымасьць. Але праект каліфарнійцаў прыцягвае значную ўвагу яшчэ і таму, што заплянавана зрабіць здымкі той часткі Месяца, дзе, як цьвердзіць НАСА, Нэйл Армстранг зрабіў першыя крокі. Такім чынам, у сярэдзіне 2003 году мы ўжо дакладна будзем ведаць, ці былі амэрыканцы першымі людзьмі на Месяцы.

Наўрад ці ёсьць зараз больш дыскутаванае пытаньне, чым клянаваньне людзей. Прадстаўнікі секты раэлітаў напрыканцы мінулага году абвесьцілі аб нараджэньні першага клёну – дзяўчынкі, якую назвалі Евай. Але і дагэтуль гэтая інфармацыя не была пацьверджаная. Тым ня менш, акрамя раэлітаў ёсьць яшчэ адзін чалавек – знакаміты італьянскі лекар Сэверына Антыноры, які таксама прэтэндуе на прыярытэт у клянаваньні чалавека. 2003 год дасьць адказ, ці магчымае зараз клянаваньне людзей.

Гэты год можа стаць пераломным годам, зь якога пачнуцца генэтычныя войны. Аўстралія, якая пакутуе ад папуляцыі трусоў, вырашыла змагацца зь імі шляхам генэтычна мадыфікаванага віруса, які будзе здольны стэрылізаваць самак. Найбольш верагодным “стэрылізатарам” зьяўляецца вірус міксаматозы. Гішпанія, дзе трусы сталі жывёлай, якой пагражае зьнікненьне, наадварот, зьбіраецца стварыць генэтычна мадыфікаваны вірус, які будзе дапамагаць трусам змагацца супраць міксаматозы. Хутчэй за ўсё, менавіта 2003 год будзе тым годам, калі пачнецца распрацоўка заканадаўства і міжнародных дамоваў у галіне генэтыкі.

Наўрад ці ў наступным годзе будзе магчымым пералёт зь Нью-Ёрку да Токіа за дзьве гадзіны, але першы крок у гэтым накірунку будзе зроблены. Бамбардыроўшчык Б-52 падыме ў паветра беспілётны экспэрымэнтальны самалёт, названы “Гіпэр-Ікс”, які паспрабуе разьвіць хуткасьць 8 300 кілямэтраў за гадзіну. Гэта ўдвая перавышае хуткасьць сёньняшніх рэактыўных самалётаў. Асноўнае, што зараз перашкаджае разьвіцьцю новай сфэры авіябудаўніцтва – немагчымасьць правесьці выпрабаваньні новага матору і канструкцыі самалёту на ўстойлівасьць у зьвязку зь немагчымасьцю стварыць аэрыдынамічную трубу з адпаведнымі гіпэргукавай хуткасьці характарыстыкамі. Таму канчатковы адказ на пытаньне, ці будзе ў найбліжэйшай будучыні магчымым пералёт зь Нью-Ёрку да Токіё за дзьве гадзіны, магчыма, будзе дадзены ў 2003 годзе пасьля выпрабаваньняў у паветры.
XS
SM
MD
LG