Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НАВІНЫ НАВУКІ Й ТЭХНАЛЁГІІ


Юры Сьвірко, Прага

У дасьледаваньні, апублікаваным у "Брытанскім анкалягічным часопісе", мэдыкі лёнданскага шпіталю сьвятога Георга пішуць, што прэпараты талідаміднай групы аслабляюць працэсы запаленьня, настройваюць імунную сыстэму на барацьбу супраць рака ды зьмяншаюць кровазабясьпечэньне ракавых пухлін.

Талідамід дактары ў 50-х—60-х гадох мінулага стагодзьдзя прапісвалі цяжарным жанчынам як сродак ад ванітаваньня, пакуль ня высьветлілася, што ён парушае кровазабесьпячэньне плоду й таму выклікае дэфармацыю рук і ног у дзіцяці ў целе маці. Як лічыць кіраўнік дасьледаваньня Кіс Дрэдж, менавіта гэтая ўласьцівасьць і тлумачыць супрацьракавае дзеяньне талідаміду: прэпарат пазбаўляе ракавыя пухліны прытоку крыві.

БОСТАН. 29 кастрычніка два навукоўцы – амэрыканец і англічанін – разам паднялі сваімі рукамі невялікі куб і сталі падпіхваць яго адзін да аднаго, адчуваючы ўзаемнае супраціўленьне. Цікава, што навукоўцы знаходзіліся на адлегаласьці некалькі тысячаў кілямэтраў адзін ад аднаго й былі зьвязаныя толькі праз Інтэрнэт. Падчас першага ў гісторыі экспэрымэнту такога кшталту два навукоўцы – адзін у Бостане, а другі ў Лёндане – супольна маніпулявалі кубам, які быў створаны кампутарам, – але яны мелі пры гэтым рэальныя тактыльныя адчуваньні. У будучыні гэтыя тэхналёгіі знойдуць шырокае выкарыстаньне. У прыватнасьці, падобным чынам можна будзе дыстанцыйна вучыць хірургаў праз Інтэрнэт.

КОВЭНТРЫ, Англія. Новы мэдычны тэст, які дазваляе знаходзіць пэўныя малекулы ў ракавых клетках, можа дапамагчы раньняй дыягностыцы хваробы. Гэты просты тэст без усялякага болю, распрацаваны прафэсарам Кэмбрыджскага ўнівэрсытэту Ронам Ласкі ды ягоным калегамі, палягае ў знаходжаньні гэтак званых малекулаў МСМ, якія прыстунічаюць толькі ў тых ракавых клетках, што хутка дзеляцца. "Гэты танны тэст абяцае рэвалюцыю ў масавых аглядах насельніцтва дзеля раньняй дыягностыкі рака", – заявіў нобэлеўскі ляўрэат Поль Нэрс на канфэрэнцыі брытанскіх анколягаў у Ковэнтры.

ВЕНА. Выкарыстоўваючы звышхуткасную фотаздымку, навукоўцы ўпершыню здолелі адсачыць рух электронаў глыбока ўнтуры атамаў. Гэты экспэрымэнт дазволіў удакладніць зьвесткі пра атамную прыроду рэчываў. Навукоўцы спадзяюцца, што непасрэднае вывучэньне электронных паводзінаў атамаў у рэшце рэшт прывядзе да стварэньня кампактных і эфэктыўных рэнтгенаўскіх лазераў. Сэнсацыйны экспэрымэнт ажыцьцявілі ня толькі аўстрыйскія фізыкі зь Венскага ўнівэрсытэту, але й іхныя калегі з унівэрсытэту нямецкага гораду Білефэльду.

ХАЙФА, Ізраіль. Дасьледчыкі "Тэхніёна" – ізраільскага тэхналягічнага інстытута ў Хайфе – апублікавалі ў амэрыканскім "Імуналягічным часопісе" артыкул пра шматабяцальныя экспэрымэнты на жывёлах, якія могуць прывесьці да стварэньня эфэктыўных вакцынаў супраць рэўматоіднага артрыту, склерозу ды іншых вельмі распаўсюджаных цяжкіх і хранічных імунных захворваньняў. Экспэрымэнтальная вакцына вылечвала пацукоў ад артрытападобнай хваробы, прымушаючы адны элемэнты імуннае сыстэмы жывёлаў абараняць іхнія суставы ад атакаў з боку іншых імунных элемэнтаў.
XS
SM
MD
LG