Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗНОЙДЗЕНАЕ ПАХАВАНЬНЕ БРАТА ІСУСА ХРЫСТА


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Прафэсар унівэрсытэту Сарбоны Андрэ Лям’ер купіў асуарый у прыватнага калекцыянэра, імя якога не называецца. У сёлетнім верасьні ізраільскія навукоўцы, пры дапамозе сучасных тэхнічных сродкаў вызначылі, што ўзрост знаходкі больш як 1900 гадоў. Пры гэтым на асуарыі ня знойдзена ніякіх сьлядоў пазьнейшай апрацоўкі.

Знаходка ўжо выклікала сур’ёзныя спрэчкі. Напрыклад, аўтар кнігі “Якуб, брат Ісуса” Робэрт Айзэнман ставіць пытаньне: “Навошта было дадаваць імя Ісуса? Выглядае, што нехта адмыслова пастараўся, каб мы не сумняваліся”. Андрэ Лям’ер, у сваю чаргу, адказвае, што браты памерлых прыгадваліся на пахавальных вурнах толькі тады, калі яны былі незвычайнымі людзьмі, і такім чынам, імя Ісуса на асуарыі паказвае, што менавіта ён і быў добра вядомым сучасьнікам.

Газэта “Christian Science Monitor” лічыць, што найбольшае пытаньне ў тым, што знаходка была зробленая ў зборы рарытэтаў ананімнага калекцыянэра, які ня кажа пра яе арыгінальнае паходжаньне. На думку адмыслоўцаў, гэта можа сьведчыць пра тое, што знаходка зьяўляецца майстэрскай падробкай, якіх цяпер досыць на археалягічным “чорным рынку”.

Нават калі знойдзены асуарый зьяўляецца аўтэнтычным, магчыма, што згаданыя на ім імёны належылі іншым асобам. Паводле статыстычнай мадэлі, распрацаванай самім жа Лям’ерам, у Ерусаліме тых часоў жылі каля 40 тысячаў чалавек. Імёны Ісус, Язэп і Якуб былі досыць шырока распаўсюджаныя. Падлікі Лям’ера паказваюць, што на пачатку першага стагодзьдзя прыблізна 20 Якубаў маглі мець бацьку Язэпа і брата Ісуса.

Зрэшты, сам Лям’ер не сьцьвярджае, што ягоныя высновы дакладныя на 100%. У сваім артыкуле ён кажа пра “вялікую верагоднасьць” таго, што ў асуарыі некалі захоўваліся парэшткі брата Ісуса Хрыста.

Нагадаю, што паводле хрысьціянскага паданьня сьвяты апостал Якуб, брат Ісуса, быў старэйшым сынам Язэпа ад ягонага першага шлюбу з Салямоніяй. Апостал Якуб суправаджаў сьвятое сямейства пад час уцёкаў у Эгіпет і зь імі ж вярнуўся ў Юдэю. Пасьля Ўзьнясеньня Ісуса Якуб быў першым Ерусалімскім біскупам і прыняў пакутніцкую сьмерць за Хрыста: яго скінулі з даху Ерусалімскага храму. Паводле іншай вэрсіі, якая належыць габрэйскаму гісторыку І стагодзьдзя Ёзафусу, Якуб быў да сьмерці забіты камянямі. Лічыцца таксакма, што ўпершыню менавіта да Якуба зьявіўся ўваскрэслы Ісус.

Адкрыцьцю прафэсара Лям’ера і супярэчліваму стаўленьню да яго з боку тэолягаў і навукоўцаў будзе прысьвечаны наступны выпуск перадачы “Сымбаль Веры”, які вы пачуеце ў гэтую суботу 26 кастрычніка.
XS
SM
MD
LG