Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ КУЛЬТУРЫ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ. Брытанскія архэолягі ў часе раскопак на тэрыторыі Лёндану знайшлі старажытны дарожны паказальнік, на якім напісаная сучасная назва брытанскай сталіцы – Ляндыніюм (Londinium). Менавіта так даўжэйшы час называўся Лёндан. Знаходка зробленая ў раёне, дзе ў часы існаваньня Рымскай імпэрыі сыходзіліся тры асноўныя дарогі, пабудаваныя рымлянамі на заваяванай імі частцы Брытаніі. Апрача назвы, на мармуровай таблічцы захаваўся тэкст зь інфармацыяй пра бога Марса і некалькіх рымскіх імпэратараў. Паводле тэксту, усталяваў таблічку лёнданскі купец Тыбэрній Цэлерыяній. Навукоўцы лічаць, што адбылося гэта паміж 50 і 150 гадамі новага часу.

РАСЕЯ. Дзевяцігадовая масквічка Хільда Сьлюсар разгадала таямніцу будаўніцтва піраміды Хэопса, а навукоўцы са Злучаных Штатаў пацьвердзілі слушнасьць ейнай вэрсіі. Два гады таму, на падставе матэматычных разьлікаў і пры дапамозе кампутарнай графікі Хільда зрабіла выснову, што 50-тонныя блёкі заліваліся падобнай да бэтону рошчынай. На думку дзяўчынкі, ад пачатку быў заліты “першы” паверх пустацелай формы, якую пазьней, пасьля рэжыму сушкі, выдалілі, стварылі другі паверх і так далей. Самая маладая расейская праграмістка Хільда Сьлюсар зьяўляецца ўладальніцай шматлікіх грантаў і дыплёмаў.

НЯМЕЧЧЫНА. Нямецкае выдавецтва Klo-Verlag распачынае выпуск паперы для прыбіральняў з тэкстамі літаратурных твораў. “Мы хочам, каб нашыя кніжкі ўжываліся. У гэтым уся філязофія нашай кампаніі,” – кажа кіраўнік выдавецтва Георг Гэмэрстофэр і дадае, што прыкладна палова адукаванага чалавецтва любіць чытаць у прыбіральні. На рулёнах для прыбіральні плянуецца друкаваць творы клясыкаў нямецкай літаратуры, такіх як Гэнрых Гайнэ і Крыстыян Моргэнштэрн, а таксама казкі і дэтэктыўныя гісторыі. Кожны тэкст будзе надрукаваны некалькі разоў, каб чытач не хваляваўся, што наступны наведнік прыбіральні скарыстае яшчэ не чытаныя ім старонкі

ПЭРУ. Пэруанскія архэолягі, якія вядуць раскопкі старажытнай фартэцыі інкаў Мачу-Пікчу, знайшлі муміфікаваныя парэшткі дзяўчыны, якую, на думку навукоўцаў, прынесьлі ў ахвяру каля 500 гадоў таму. Мумія знойдзеная ў пячоры на глыбіні 120 мэтраў. Гэткая знаходка зробленая ў Мачу-Пікчу ўпершыню. Раней там знаходзілі толькі паасобныя косткі чалавека. Мачу-Пікчу, пабудаваная інкамі прыблізна пяць стагодзьдзяў таму ў Андах на вышыні 2500 мэтраў, была знойдзеная дасьледнікамі толькі ў 1911 годзе.

УЗБЭКІСТАН. Урад Узбэкістану прыняў пастанову, паводле якой “у ймя законнасьці і маралі” ў краіне ліквідуецца фэдэрацыя більярднага спорту і зачыняюцца ўсе більярдныя. На думку ўладаў, гэты спорт спрыяе пашырэньню злачыннасьці, бо ў більярдных ідзе гандаль сьпіртнымі напоямі, распаўсюджваюцца наркотыкі, адбываюцца бойкі. Сябры фэдэрацыі більярднага спорту Ўзбэкістану ня згодныя з такой аргумэнтацыяй. Апрача гэтага, яны цьвердзяць, што падобныя зьявы больш характэрныя для кавярняў і рэстаранаў, якіх ніхто не зачыняе. Паводле прэзыдэнта фэдэрацыі більярднага спорту Бахрома Садыкава, закрыцьцё більярдных адбываецца ў той час, калі папулярнасьць більярду расьце і, паводле пастановы Міжнароднага Алімпійскага камітэту, цяпер ён будзе ўлучаны ў алімпійскія віды спорту.

ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ. 16 кастрычніка ў Лёнданскім музэі навукі (London Science Museum) адчыняецца выстава, прысьвечаная знакамітаму «агенту 007» Джэймсу Бонду. На выставе, якая называецца “Бонд, Джэймс Бонд”, выстаўленыя больш за сотню рэчаў, якія ўжываліся пры здымках фільмаў, а таксама вопратка й машыны, залатая зброя і экзатычныя ўборы дзяўчат Бонда. Выставачная кампазыцыя складзеная на падставе 20 фільмаў. Апошні фільм пра Джэймса Бонда “Памры, але не цяпер” (Die Another Day) зьявіцца на экранах у лістападзе.

ЯПОНІЯ. У горадзе Осака скончыла працу ўсясьветная выстава цацачных плюшавых мядзьведзікаў, прымеркаваная да стагодзьдзя ад часу зьяўленьня гэтай цацкі ў продажы. На выставе больш як 5 тысячаў экспанатаў – сучасных і антыкварных мядзьведзікаў з розных краінаў сьвету. Паводле агульнапрынятай вэрсіі, плюшавыя мядзьведзікі ўпершыню пачалі прадавацца ў ЗША й Нямеччыне ў 1902 годзе. Паводле адной з вэрсіяў, назва гэтай цацкі «Мядзьведзік Тэды» (Teddy Bear) узьнікла ад мянушкі прэзыдэнта ЗША Тэадора Рузвэльта, які ў часе паляваньня адмовіўся забіць маладога мядзьведзя. Потым мянушка Рузвэльта Тэды замацавалася за цацачным плюшавым мядзьведзікам.
XS
SM
MD
LG