Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Інфармацыйна-культурны цэнтар выдаў першы нумар “Беларускай народнай газэты”, якую плянуецца выпускаць накладам у 10 тысячаў асобнікаў.

МАЛДОВА. У нядзелю ў Цэнтральным парку сталіцы Малдовы распачаўся этна-культурны фэст, у якім паказаныя традыцыі нацыянальных мяншыняў краіны: грэкаў, палякаў, баўгараў, літоўцаў, немцаў, армянаў, узбэкаў, гагаўзаў, цыганоў, азэрбайджанцаў, а таксама італянцаў і некаторых афрыканскіх народаў. Сярод іншых у фэсьце бяруць удзел і прадстаўнікі беларускай грамады Малдовы, якія паказалі фальклёрную праграму, пачаставалі прысутных нацыянальнымі стравамі і задэманстравалі народныя вырабы.

РАСЕЯ. Лідэр гурту “Песьняры” Ўладзімер Мулявін працягвае лячэньне ў Інстытуце нэйрахірургіі імя Бурдэнкі ў Маскве, куды яму дапамог перавесьціся вядомы расейскі сьпявак Іосіф Кабзон. Цяпер Мулявін знаходзіцца ў аддзяленьні рэабілітацыі. Лекары ацэньваюць ягоны стан як стабільны, аднак ня могуць даць гарантыі поўнага выздараўленьня. Нагадаем, што ў выніку аўтакатастрофы 14 траўня ў Мулявіна цалкам паралізаваныя ногі і рукі. Паводле лекараў, працэс рэабілітацыі ў Мулявіна можа расьцягнуцца на некалькі гадоў.

ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ. Малюнкі і абстрактныя вобразы могуць стаць падмуркам новай міжнароднай мовы – цьвердзяць брытанскія навукоўцы. Прафэсар Сайман Гарад правёў экспэрымэнты, якія паказалі, што два чалавекі, якія ў размове заместа словаў ужываюць малюнкі, вельмі хутка знаходзяць агульную мову. З часам іхныя малюнкі спрашчаюцца, а на канец на месца іх становяцца народжаныя суразмоўцамі сымбалі, зразумелыя толькі ім. “Мова малюнкаў цалкам адпавядае ўсім асаблівасьцям камунікацыі паміж людзьмі,” – кажа прафэсар Гаррад. На ягоную думку, гэтым тлумачыцца вялікая папулярнасьць сярод карыстальнікаў мабільных тэлефонаў паслугі перадачы графічных паведамленьняў.

ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ. У Лёнданскім тэатры King's Head прайшла прэм’ера спэктаклю “Let Us Fly” (“Паляцім!”) сюжэт якога створаны паводле жыцьця і творчасьці Ўладзіміра Высоцкага. У спэктаклі гучаць 24 песьні вядомага барда ў перакладзе Альбэрта Тода, вядомага сваімі перакладамі Пастэрнака, Мандэльштама, Маякоўскага і Еўтушэнкі. Асноўнай крыніцай для дзеі паслужылі ўспаміны жонкі Высоцкага, францускай акторкі Марыны Владзі. Ролю Высоцкага выконвалі адразу тры акторы, а сам спэктакаль рэжысэры са Злучаных Штатаў Моні і Міна Якім паставілі ў лепшых традыцыях Тэатру на Таганцы, дзе пры жыцьці працаваў галоўны гэрой.

КІТАЙ. Улады Пэкіну праявлі інспэктаваньне помнікаў і скульптураў, якія знаходзяцца ў кітайскай сталіцы, і вырашылі, што ажно 40% зь іх “няправільныя”, гэта значыць – не адпавядаюць эстэтычным і анатамічным стандартам. Агулам адмысловая камісія “забракавала” каля 100 скульптураў, большасьць зь якіх былі ўсталяваныя ў 1980-я гады. Паводле навукоўцаў Кітайскай акадэміі мастацтваў, у шмат якіх помнікаў парушаныя прапорцыі цела, а некаторыя выглядаюць папросту “сумна”. Шэраг помнікаў будуць разабраныя і вывезеныя з Пэкіну. Першай скульптурай, якую прыбяруць з тэрыторыі кітайскай сталіцы, будзе “Тоўстая русалка”, якая знаходзіцца на вуліцы Цзынь Сон.

РАСЕЯ. Як паведаміў напряэдадні міністар культуры Раеі Міхаіл Швыдкі, ўсе сябры расейскага ўраду атрымалі слоўнікі расейскай мовы для чыноўнікаў. Паводле спадара Швыдкага, адной з галоўных праблемаў з расейскай мовай, якія маюць чыноўнікі – гэта націскі ў словах, таму выкарыстаньне такога слоўніка напэўна будзе карысным. Адначасова міністар культуры Расеі сказаў, што паводле ягонага перакананьня, добрая мова зусім ня сьведчыць пра вялікі розум чалавека.

НЯМЕЧЧЫНА. На Каралеўскай Алеі ў Дусэльдорфе распачалася незвычайная выстава. На першы погляд, экспанатам гэтай выставы маглі б пазайздросьціць найлепшыя музэі сьвету, аднак усе прадстаўленыя карціны – гэта гэніяльныя падробкі, якія, кожная цягам пэўнага часу, лічыліся арыгіналамі. Прыкладам, несапраўдныя “Сланечнікі” Ван Гога былі прададзеныя ў 1986 годзе за 15 мільёнаў марак. Як паьней высьвятлілася, гэтую карціну намаляваў на пачатку 80-х гадоў ХХ стагодзьдзя нейкі японскі мастак. А “Мадона зь дзіцём” Рафаэля, якая таксама прысутнічае на дрэздэнскай выставе, цягам двух стагодзьдзяў лічылася арыгіналам і каштавала каля 100 мільёнаў марак. Паводле некаторых навукоўцаў, каля 1/3 усіх твораў мастацтва ў музэях сьвету – гэта падробкі.

ЗША. Галівудзкі актор і рэжысэр-супэрзорка Мэл Гібсан, які вядомы галоўнымі ролямі ў такіх стужках, як “Сьмяротная зброя”, “Адважнае сэрца” ды іншых, заявіў, што ня верыць у каталіцкую царкву як у структуру. Як павяедамляе агенцыя Times Online, Гібсан, які вучыўся ў каталіцкай школе і лічыць сябе шчырым каталіком, назваў Ватыкан «ваўком ў авечай шкуры», бо царква, паводле ягоных словаў, засяродзілася на гіерархічных інтрыгах. Да таго ж, паводле Гібсана, каталіцкая царква адмовілася ад аднаго са сваіх галоўных прынцыпаў – вядзеньня імшы выключна ў лацінскай мове. Сам Мэл Гібсан добра ведае латынь, штотыдзень наведвае пабудаваную на ўласныя грошы капліцу, а сям'я актора лічыцца самай моцнай ў Галівудзе. Гібсан жанаты 20 гадоў і мае сямёра дзяцей. У хуткім часе Мэл Гібсан заграе ролю Ісуса Хрыста ў новым галівудзкім фільме, але перад гэтым наведае Рым дзеля кансультацыяў з аўтарытэтнымі тэолягамі.

ІТАЛІЯ. Як паведамляе агенцыя Reuters, знакамітая скульптура Давіда, аўтарам якой зьяўляецца Мікілянджэла, упершыню за 129 гадоў будзе пачышчаная ад пылу і бруду. У 1873 годзе скульптура была перададзеная ў флярэнтыйскі музэй і ад таго часу ніколі не чысьцілася. Праца будзе цягнуцца 7 месяцаў; на яе выдаткавана 150 тысячаў эўра. У часе ачысткі скульптура будзе знаходзіцца ў экспазыцыйнай залі, так што наведвальнікі музэю змогуць пабачыць, як ідзе праца. “Давід” быў зроблены з цэлага кавалку мармуру паміж 1501 і 1504 годам.

***

ПАМЯТНЫЯ ДАТЫ:

Сёньня – дзень незалежнасьці Мэксыканскіх Злучаных Штатаў (утвораныя ў 1810 годзе) і Папуа-Новай Гвінеі (утвораная ў 1975 годзе).

540 гадоў таму нарадзіўся італянскі філёзаф, вядучы прадстаўнік арыстатэлізму эпохі Адраджэньня П’етра Пампанацы.

25 гадоў таму ў 54-гадовым узросьце памерла Марыя Каллас – грэцкая сьпявачка (лірыка-драматычнае сапрана), салістка найбольшых тэатраў сьвету й майстар бэльканта.

Сёньня – другі дзень юдэйскага сьвята Ём Кіпур (Судны дзень), якое, паводле габрэйскага календару адзначаецца ў 10-ы дзень месяцу тышрэй. Паводлек грыгарыянскага календару, дата сьвята штогод абвяшчаецца нанова.
XS
SM
MD
LG