Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫХАРЫ ЭЎРОПЫ ГАВОРАЦЬ НА 150 МОВАХ


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

Разам з пашырэньнем на ўсход Эўразьвязу мае на мэце пашырыцца ва ўсходнiм напрамку i Бюро малаўжывальных моваў – малыя народы, якiя карыстаюцца сваiмi мовамi, могуць далучыцца да Бюро, якое дапаможа iм узмацнiць свае пазыцыi, каб ня зьнiкнуць.

У Эўропе ёсьць мовы, якiя iснуюць толькi ў невялiчкiх горных цясьнiнах. І тым ня меней, яны чапляюцца за жыцьцё i не зьнiкаюць. Прыкладам, ладынская мова, якая iснуе толькi ў Далматыi на поўначы Італii i ў Альпах на ўсходзе Швайцарыi, або сорбская мова, выяўленая ў нiзiннай часцы паўдзённа-ўсходняй Нямеччыны, на якой гаворыць самая маленькая славянская нацыя – сорбы, якiх на зямлi толькi 70 тысячаў. Таксама – аксiтанская мова, якой карыстаюцца абшчыны ў паўдзённай Францыi i ўздоўж межаў Гiшпанii i Італii. Гэта старажытныя мовы, якiя паўсталi раней, чым усталявалiся дзяржаўныя межы. Вось, прыкладам, як гучыць аксiтанская мова.

(гучыць аксітанская мова)

Цяпер, калi Эўрапейскi Зьвяз пашыраецца на Ўсход, Бюро малаўжывальных моваў зьвяртае ўвагу на мовы малых народаў Цэнтральнай i Ўсходняй Эўропы – гагаўзкую ў Малдове, кашубскую i татарскую ў Польшчы, рутэнскую ў Славаччыне. Яшчэ ёсьць цыганская, якая ня мае геаграфiчных межаў, цi iдыш, якая распаўсюджаная па ўсёй Усходняй Эўропе. Натуральна, ня кожная мова сама па сабе можа быць узятая пад апекаваньне Бюро. Крытэр палягае ў тым, каб ёю карысталася нацыянальная мяншыня ў дадзенай краiне.

Прадстаўнiк ЭБУЛу Джыл Бэйкер тлумачыць, што дзеля далучэньня да гэтай эўрапейскай арганiзацыi трэба, каб нацыянальныя мяншынi ўтварылi ў сваiх краiнах свае арганiзацыi, якiя i стануць сябрамi Эўрапейскага бюро малаўжывальных моваў. Яны не абавязаныя мець прызнаньне ўладаў сваiх краiнаў. Прыкладам, Грэцыя не прызнае македонска- i альбанскамоўныя нацыянальныя мяншынi, але мяншынi гэтыя ўтварылi свой камiтэт, у якiм яны сабралiся разам i адстойваюць свае правы. Грэцкiя ўлады ня ўмешваюцца ў гэты працэс. Бэкер падкрэсьлiвае, што для краiнаў-кандыдатаў на далучэньне да Эўразьвязу ўмовы спрыяльныя, бо яны, iмкнучыся ў Зьвяз, абавязаныя адпавядаць нормам Зьвязу ў правох чалавека.

Эўрапейскае бюро малаўжывальных моваў – арганiзацыя непалiтычная, а таму тыя групы мяншыняў, якiя маюць на мэце змагацца са сваiмi ўрадамi, ня будуць мець саюзьнiкам ЭБУЛ.

Натуральна, што адкрыцьцё школаў на мовах нацыянальных мяншыняў цi ўсталяваньне дзьвюхмоўных дарожных знакаў, цi заснаваньне новых мэдыяў для нацыянальных мяншыняў каштуе грошай. Але гэта ня ёсьць пытаньнем эканамiчнай мэтазгоднасьцi, гэта пытаньне захаваньня культурнай спадчыны

Гучаньне аксiтанскай мовы, якое мы толькi што чулi, узятае, мiж iншым, з тэатральнага спэктаклю, пастаўленага паводле п’есы? напiсанай гэтай моваю драматургам Бэрнарам Блуа, былым францускiм дыпляматам, якi цяпер жыве ў Сан-Трапэ. На пытаньне, чаму аксiтанская мова мае быць захаванай для наступных генэрацыяў, Бэрнар Блуа iранiчна адказвае: “А навошта захоўваць францускую цi чэскую, калі можна абысьцiся ангельскай?” Блуа, якi ўсё жыцьцё карыстаўся аксiтанскай мовай, лiчыць, што прыгажосьць формаў гэтай мовы павiнна працягваць жыць. Гэта – арыгiнальная мова трубадураў, яна старэйшая за францускую i выштурхоўвалася пакрысе з ужытку, пачынаючы з вульгарнага лацiнскага пэрыяду.
XS
SM
MD
LG