Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны ўсясьветнай культуры


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

РАСЕЯ. У Маскве ля Цэнтральнага музэю ўзброеных сiлаў адкрыўся помнiк маракам субмарыны “Курск”. Помнiк уяўляе фiгуру марака, якая ўзвышаецца над затанулай субмарынай. Вышыня манумэнту – каля 4-х мэтраў. Выступаючы на адкрыцьцi манумэнту, начальнiк Галоўнага Штабу Ваенна-Марскога Флёту адмiрал Вiктар Краўчанка сказаў, што ў часе аварыi на субмарыне 12 жнiўня 2000 году “загiнуў адзiн зь лепшых экiпажаў падводнiкаў Паўночнага Флёту”. Прэзыдэнт Расеi Ўладзiмер Пуцiн на адкрыцьцi помнiку не прысутнiчаў. Яшчэ адзiн помнiк адкрыты ў гарнiзоне Вiдзяеве, дзе базавалася субмарына “Курск”.

ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ. Брытанскi iнстытут кiнематаграфii абвесьцiў лепшы фiльм усiх часоў i народаў. Паводле самага прадстаўнiчага мiжнароднага апытаньня кiнакрытыкаў i рэжысэраў, iм стала карцiна “Грамадзянiн Кейн”. Разглядалася 700 стужак-прэтэндэнтаў. Фiльм “Грамадзянiн Кейн” выйшаў на экраны ў 1941 годзе. Орсан Уэлс зьяўляўся рэжысэрам, прадусэрам, адным з аўтараў сцэнару i выканаўцам галоўнай ролi газэтнага магната Чарльза Фостэра. Упершыню i крытыкi, i рэжысэры паставiлi на першае месца адзiн i той жа фiльм. А вось на другую пазыцыю крытыкi высунулi карцiну Хiчкока “Галавакружэньне”, а рэжысэры – абедзьве часткi “Хроснага бацькi” Копалы.

ЛАТВІЯ. Улады Латвii аштрафавалi арганiзатараў мiжнароднага фэстывалю “Новая хваля”, якi нядаўна адбыўся ў Юрмале. Прэзыдэнту конкурсу Марку Дубоўскаму трэба заплацiць 50 латаў за парушэньне закону аб мовах – конкурс ня быў забясьпечаны перакладам на латыскую мову. Марк Дубоўскi заўважыў, што ў выпадку з такiм буйным мiжнародным мерапрыемствам можна было б прыняць болей гнуткае рашэньне, але лiчыць яго зусiм законным i пакараньне ня будзе аспрэчваць.

ЗЛУЧАНЫЯ ШТАТЫ. Два знакамiтыя камэдыянты – араб Ахмед Ахмед i гэбрай Боб Альпер – падрыхтавалi сумеснае забаўляльнае шоў, якое з посьпехам паказваюць у розных гарадох ЗША. У час, калi рэпартажы пра крывавыя падзеi на Блiзкiм Усходзе падаюцца ў кожным выданьнi навiнаў, дуэт са сцэны жартуе на араба-iзраiльскiя тэмы. Удзельнiкi камэдыйнага шоў перакананыя, што нават у самыя трагiчныя часiны людзi павiнны мець магчымасьць убачыць сябе з боку i пасьмяяцца над сабой. Публiка прымае прадстаўленьне вельмi прыязна. Цiкава, што праект фiнансуецца ў тым лiку i рознымi мусульманскiмi i юдэйскiмi арганiзацыямi.

МЭКСІКА. Музычная пародыя на прэзыдэнта Мэксiкi Вiсэнтэ Фокса i ягоны стыль кiраваньня краiнай становiцца сапраўдным гiтом паказу – нягледзячы на тое, што бальшыня мэксiканскiх радыёстанцыяў стараюцца не трансьляваць яе ў эфiры. Песенька пад назовам “Кронiка пераменаў” гурту “Los Tigres del Norte” кпiць з карпаратыўных банкiраў, якiя атрымоўваюць “падачкi”, тады як “рабочыя не выжываюць на свае заробкi”. Ёсьць у песьнi i словы пра фэрмэраў, якiх “кiнулi ў пыле” сельскагаспадарчыя палiтыкi ўраду, а ў той самы час нафтавыя бароны “адпачываюць у Ляс-Вэгасе, як прынцы”.
XS
SM
MD
LG