Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ


Кастусь Бандарук, Прага

Кітайская дасьледчыца Лі-Сяо-Цзян, якая цягам дзесяцігодзьдзяў займаецца вывучэньнем жанчыны як асаблівага віду, падаравала музэю ў Шэнсі сваю багатую калекцыю. 600 экспанатаў адлюстроўваюць выдатную ролю, якую жанчыны адыгралі ў гісторыі Кітаю. Паводле дырэктаркі Музэю, экспазыцыя павінна выклікаць у носьбітаў мужской культуры павагу да кітайскіх жанчынаў.

ЛЁНДАН. Пасьля чвэрцьстагодзьдзя ад сваёй канчыны кароль рок-н-ролу Элвіс Прэсьлі ўстанавіў яшчэ адзін рэкорд у гісторыі поп-музыкі. Ужо 18 раз песьня ў ягоным выкананьні – “A Little Less Conversation” – заняла першае месца ў брытанскім гіт-парадзе. Цягам дзесяцігодзьдзяў канкурэнтам Прэслі быў толькі легендарны гурт “Бітлз”. Цяперашняя вэрсія старой кампазыцыі Прэсьлі аказалася на першым месцы ў рэміксе галяндзкага ды-джэя, які выступае пад імем “Джэй-Ікс-Эл” (JXL) Цягам тыдня ў Вялікай Брытаніі прададзена 250 тысячаў дыскаў з гэтым запісам. Песьня гучыць таксама ў рэклямных роліку кампаніі “Nike”, у якім здымаліся вядомыя футбалісты: Эрык Кантана, Ранальда і Рабэрта Карлас.

ОЛЬХАН. Міжнародны фэстываль шаманаў адбудзецца ў канцы ліпеня на адной з выспаў на Байкале. У імпрэзе возьмуць удзел служыцелі старажытнай формы рэлігіі з краінаў Азіі, Афрыкі і Эўропы. Галоўнай падзеяй фэстывалю на высьпе Ольхан будуць шаманскія абрады, у прыватнасьці, рытуальныя танцы пад удары бубна, у часе якіх шаман ўпадае ў транс і нібыта кантактуе з духамі. Пры гэтым шаманы могуць выконваць неверагодна высокія скачкі, трымаюць ў руках распаленае жалеза або вуглі. Акрамя гэтага, удзельнікі фэстывалю падзеляцца сваім дасьведчаньнем ў галіне аздараўленьня, а таксама будуць выконваць рытуальныя песьні і танцы. Доступ на выспу ў часе Фэстывалю для мужчынаў будзе абмежаваны, а жанчыны наагул ня будуць дапушчаныя да ўдзелу ў ім.

КІТАЙ. Гравюра на аленявым рагу была знойдзеная вучонымі ў правінцыі Ксэбэй на поўначы Кітаю. Пасьля навуковай экспэртызы аказалася, што гравюра была зробленая 13 тысячаў гадоў таму. Даўжыня ацалелага фрагмэнту 13 сантымэтраў, а дыямэтар – амаль 4 сантымэтры. На рагу старажытны мастак выразьбіў хвалістыя ўзоры. Паводле вучоных, гэтая археалягічная знаходка мае выключнае значэньне для вывучэньня эпохі палеаліту.

ЛЁНДАН. Брытанская поп-зорка Элтан Джон стане ганаровым доктарам Каралеўскай Акадэміі Музыкі. Афіцыйная цырымонія ўручэньня высокіх узнагародаў адбудзецца 3 ліпеня ў Лёндане. Разам зь ім гэтае-ж званьне атрымае вядомы дырыгэнт Колін Дэйвіс. За ўсе 180 гадоў гісторыі Каралеўскай Акадэміі Музыкі, упершыню званьне доктара атрымае чалавек, які ня мае ніякага дачыненьня да клясычнай музыкі. У дзіцячыя гады Элтан Джон удзельнічаў ў спэцыяльных занятках для маладых талентаў, праводжаных у Акадэміі. “Я заўсёды лічыў, што падрыхтоўка, якую я атрымаў у сьценах Каралеўскай Акадэміі Музыкі, была надзвычай важнай для маёй кар’еры музыкі, які піша і выконвае папулярную музыку”, –сказаў Элтан Джон. Між тым, у мінулую суботу яшчэ адна зорка музыкі Майк Джагер атрымаў з рук каралевы Элізабэт Другой шляхецкае званьне.
XS
SM
MD
LG