Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трагедыя ў Ядвабным...


Віталь Тарас, Прага

Чаму палякі гэтак горача дыскутуюць на гэтую тэму? І ці магчымая падобная дыскусыя ў беларускім грамадзтве?

Сёлета 1 траўня польскія біскупы на адмысловай канфэрэнцыі ў Варшаве прынялі рашэньне правесьці імшу, падчас якой будуць прасіць ад імя касьцёлу дараваньня за трагедыю што здарылася 60 гадоў таму ў Ядвабна. Сёлета пазьней прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі будзе ўдзельнічаць у жалобнай цырымоніі, прысьвечанай гадавіне трагедыі ў Ядвабна блізу мяжы зь Беларусьсю. Кіраўнік краіны таксама прынясе прабачэньні ад імя польскай дзяржавы.

Тым часам, у польскім грамадзтве вось ужо амаль год працягваецца гарачая дыскусія наконт падзеяў у гэтым мястэчку Ядвабна ў ліпені 41-га году.

Справа ў тым, што ў масавым забойстве гэбрайскага насельніцтва Ядвабна ўдзельнічалі палякі – мірныя жыхары таго самага мястэчка. Сёньня, мабыць, няма ніводнага паляка, які б ня чуў пра Ядвабна. Толькі ў сакавіку папулярная “Газэта выборча”, напрыклад, зьмясьціла каля 70-і матэрыялаў на тэму трагедыі. Гэтая тэма выйшла па-за рамкі Польшчы, пра яе шмат пішуць і ў заходняй прэсе.

А пачалося ўсё з публікацыі кнігі прафэсара паліталёгіі Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту, польскага эмігранта Яна Гроса пад назвай “Суседзі; зьнішчэньне гэбрайскай абшчыны ў Ядвабным”.

“10-га ліпеня 1941-га году 1600 гэбраяў былі забітыя ў Ядвабным падчас жахлівага й барбарскага пагрому – піша амэрыканскі часопіс Time. “Некаторых жанчын пры гэтым зьбівалі на сьмерць разам зь дзецьмі, якіх яны трымалі ў руках, некаторых тапілі. Гэбрайскай дзяўчыне адрубілі галаву і гулялі ёй у футбол. Паўтары тысячы чалавек сілай загналі ў сьвіран, аблілі яго керасінам і спалілі людзей жыўцом”

Ян Грос сьцвярджае, што гэта зрабілі палякі – звычайныя суседзі будучых ахвяраў генацыду. Як сам нядаўна прызнаўся аўтар кнігі, да пачатку працы над ёй, ён увогуле не цікавіўся тэмай Галякосту – татальнага зьнішчэньня гэбраяў нацыстамі падчас другой усясьветнай вайны. “Галякост ніколі не ўспрымаўся палякамі як частка нашай гісторыі, ніколі ня быў часткай польскай нацыянальнай сьвядомасьці,” – сказаў нядаўна прафэсар Грос падчас свайго выступу ў Вашынгтонскім музэі Галякосту.

Некаторыя людзі ў Польшчы асудзілі кнігу Гроса за тое, што яна паказвае палякаў антысэмітамі, і што ў ёй ігнаруецца польскі супраціў, а таксама гібель 3-х мільёнаў палякаў у вайне. Жыхары Ядвабна, як піша амэрыканскі часопіс Time, адмаўляюцца абмяркоўваць злачынства 60-ігадовай даўніны. Як сказала адна дзяўчына – усе тыя, хто мусіў прасіць прабачэньня за злачынства, даўно памерлі.

Фактычна, польскае грамадзтва раскалолася.

“Паводле сацыялігічных апытаньняў, каля траціны палякаў лічыць, што трэба прасіць прабачэньня ў гэбраяў. Пры гэтым 80 працэнтаў не адчуваюць сваёй маральнай адказнасьці – як палякі – за трагедыю ў Ядвабным. Столькі ж не адчуваюць сваёй адказнасьці і за праявы антысэмітызму ў Польшчы ў мінулым”.

Апытаньне, праведзенае польскім Цэнтрам дасьледваньняў грамадзкай думкі, паказала: амаль палова рэспандэнтаў лічыць: палякі не павінны прасіць прабачэньня ў гэбрайскага народу за трагедыю. Вынікі апытаньня камэнтуе журналіст і дасьледчык Сямён Букчын.

(Букчын:) “Тое, што 53 працэнты апытаных супраць прабачэньня за Ядвабна, не азначае, што ўсе гэтыя людзi нейкiя прынцыповыя антысэмiты. Складанейшая гiсторыя Польшчы, асаблiва найноўшых часоў, адбiлася на самапачуцьцi, сьвядомасьцi палякаў, якiя несьлi цяжкiя ахвяры i ў астатнюю вайну i ў сталiнскi пэрыяд. Палякi – героi шматлiкiх паўстаньняў за незалежнасьць краiны, палякi – ахвяры царызму, фашызму i сталiншчыны... I раптам высьвятляецца, што былi i iншыя палякi, якiя катавалi i палiлi сваiх суграмадзянаў гэбрайскага паходжаньня, нават пераўзыходзячы немцаў-акупантаў. I што было такiх катаў не так і мала, i не ў адным мястэчку цi горадзе. Менавiта таму кнiга амэрыканскага гiсторыка Яна Томаша Гроса „Суседзi” выклiкала сапраўдны шок у польскiм грамадстве.

Але я хачу зьвярнуць увагу i на iншую лiчбу таго ж апытаньня. 34 працэнты апытаных – за тое, каб папрасiць прабачэньня. Трэба ведаць пра стагодзьдзi ўбiваньня каталiцкiм касцёлам у галовы людзей сьцвярджэньня пра „ворагаў Хрыстовых, якiя забiлi Пана нашага Езуса”, каб ацанiць, сапраўды, значнасьць гэтай лiчбы. Яшчэ нядаўна яна была б зусiм мiзэрнай. Так, польскае грамадзтва слухае свайго “папежа” Яна Паўла Другога, якi папрасiў прабачэньня ў гэбрайскага народу за пакуты, прынесеныя яму праз каталiцызм. Яно ўважлiва сочыць за палемiкай вакол трагедыi ў Ядвабна i прымае непасрэдны ўдзел у ёй. Хаця 13 працэнтаў яшчэ ня ведаюць дакладна сваёй пазыцыi, ня вызначылiся.

Вельмi важна тое, што ў палемiцы бяруць удзел вядомыя навуковыя i маральныя аўтарытэты.

Паступова высьветлiлася галоўнае. Сапраўды, няма калектыўнай адказнасьцi, бо ёсць канкрэтныя злачынцы. Але трэба, каб жыло, не зьнiкала пачуцьцё вiны за ганебныя ўчынкi суайчыньнiкаў. Бо толькi пры такой умове можна спадзявацца, што жудаснае мiнулае не паўторыцца. „Няма маёй асабiстай вiны ў Галякосьце, – сказаў вядомы дысыдэнт камунiстычных часоў i вельмi папулярны палiтык сёньняшняй дэмакратычнай Польшчы Яцак Курань. – Але я адчуваю неабходнасць узяць частку гэтай вiны i на сябе”.

Кнігу Гроса крытыкуюць – і ня толькі ў Польшчы, але й за мяжой: за тое, у прыватнасьці, што аўтар зусім абыйшоў ролю немцаў у расправе над гэбраямі ў Ядвабным, што ў ёй удзельнічалі толькі некалькі дзясяткаў палякаў, а ня ўсё польскае насельніцтва мястэчка.

І галоўнае – супрацоўнікі Польскага нацыянальнага інстытуту Памяці пачалі поўнамаштабнае расьследаваньне фактаў, датычных трагедыі. Таму шмат хто ў Польшчы раіць не рабіць пасьпешлівых высноваў да заканчэньня афіцыйнага сьледзтва. Аднак, ужо сёньня ніхто з сур’ёзных навукоўцаў не аспрэчвае сам факт удзелу палякаў у забойстве суайчыньнікаў іншай нацыянальнасьці.

Выпадак у Ядвабным ня быў адзіным у сваім родзе. Прафэсар Стэнфардзкага ўнівэрсытэту, аўтар “Гісторыі Ўсходняй Эўропы” Норман Нэймарк, піша часопіс Time, лічыць, што суседнія з Польшчай краіны таксама мусяць прыкласьці больш намаганьняў у раскрыцьці тагачасных злачынстваў супраць гэбраяў у Літве, Латвіі, Украіне. І ў Беларусі, зразумела.

(Букчын: ) “Цi магчыма такое сёньня на Беларусi? Пытаюся таму, што i ў нас нямала яшчэ невядомых, сарамлiва схаваных старонак i пэрыяду вайны i iншых часоў. I некаторыя зь iх таксама тычацца няпростых беларуска-гэбрайскіх узаемаадносiнаў. Але гэта больш рытарычнае пытанне. Бо адказ вядомы. Калi Курапацкая трагедыя сьвядома фальшуецца ўладай, дык што казаць пра iншае... Прыклад Польшчы пераконвае, што толькi ў дэмакратычных умовах грамадзтва пачынае спасьцiгаць нават самыя балючыя старонкi ўласнай гiсторыi”.

На заканчэньне варта нагадаць, што антысэміцкія “Пратаколы сіёнскіх мудрацоў” нядаўнім рашэньнем Менскага гарадзкога суду прызнаныя ўсяго толькі “навуковай літаратурай”, і таму яе можна прапагандаваць празь дзяржаўную прэсу.

У Беларусі даволі часта гавораць і пішуць пра трагедыю менскага, ды іншых гэта, пра “праведнікаў міру” – простых беларусаў, якія з рызыкай для сябе хавалі гэбраяў ад нацыстаў, дапамагалі ім выжыць. Але ж лексыка дзяржаўнай прапаганды застаецца ранейшай – гаворка ідзе выключна пра “подзьвіг савецкага народу”, пра братэрства беларусаў, рускіх, украінцаў ў змаганьні з фашызмам.

Абмінаючы тэму Галякосту, тэму сапраўднай ЦАНЫ перамогі, хаваючы праўду, улады, насамрэч прыніжаюць і беларускі народ. Нацыянальная годнасьць улучае ў сябе памяць ня толькі пра гераічныя, але й самыя змрочныя ці нават ганебныя падзеі гісторыі. Без асэнсаваньня іх ня можна гаварыць ні аб якой перамозе над фашызмам.
XS
SM
MD
LG