Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьменіцца беларускі клімат?


Віталь Тарас, Прага

Тэма сёньняшняга выпуску – глябальнае пацяпленьне. Якім будзе надвор’е ў Беларусі ў бліжэйшыя сто гадоў? Ці могуць уплываць на надвор’е прэзыдэнты? Чаму парніковы эфэкт добры для гуркоў і кепскі для людзей?

У перадачы прымае ўдзел эколяг зь Менску Валеры Трыбіс.

(На музыцы бушмэнаў)

З дагістарычных часоў людзі мараць пра тое, каб мець магчымасьць прадказваць альбо ўплываць на надвор’е. У гэтым сэнсе старажытны чалавек, які выклікаў дождж з дапамогай скокаў, сьпеваў ды замоваў, мала адрозьніваецца ад сучаснага ўладальніка лецішча, які высаджвае расаду ў адпаведнасьці з месяцавым календаром, складзеным якім-небудзь прафэсарам астралёгіі, альбо спрабуе прадказаць надвор’е паводле формы й колеру аблокаў.

Над сіламі прыроды не ўладараць нават каралі й прэзыдэнты. Праўда, бываюць і выключэньні. Напрыклад, Аляксандар Лукашэнка неяк самаўпэўнена заявіў на адной з сэлектарных нарадаў у пытаньнях сельскай гаспадаркі: вы хацелі дажджу – я вам яго даў!

Але калі гаварыць сур’ёзна, дык слова іншага прэзыдэнта – а менавіта, Джорджа Буша-малодшага, адыграла, мабыць, сапраўды важную ролю ў фармаваньні клімату Зямлі ў наступныя 100-200 гадоў. І не ў пераносным сэнсе, а самым непасрэдным.

Нядаўняе рашэньне Джорджа Буша адклікаць подпіс Злучаных Штатаў Амэрыкі пад практаколам Кіёда (паводле назвы японскага гораду, дзе ён быў падпісаны ў 1997 годзе) – гэтае рашэньне выклікала заклапочанасьць у краінах Эўрапейскага Зьвязу. Паводле пратаколу, які падпісаў былы прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, індустрыяльна разьвітыя краіны Захаду забавязаліся зьменшыць выкіды ў атмасфэру вуглякіслага ды іншых прамысловых газаў. Вялікая колькасьць вуглякіслага газу ў атмасфэры, як лічаць навукоўцы, спараджае “парніковы эфэкт” на плянэце.

(на тле дажджу)

Гэты эфект вядомы кожнаму, хто хоць раз заходзіў у парнік ці аранжарэю, дзе ў паветры заўсёды вісіць лёгкі туман, а на шкельцах ці поліэтыленавай плёнцы кандэнсуюцца вадзяныя кроплі. Такі мікраклімат вельмі спрыяльны, напрыклад, для гуркоў. Але ў маштабе плянэты гэта можа весьці да глябальных зьменаў клімату – зімы ў Эўропе становяцца ўсё больш мяккімі й бязь сьнегу, улетку выпадае ўсё больш дажджоў, вясновы й восеньскі сэзоны – больш працяглыя і халодныя.

Пацьверджаньнем гэтаму можа быць і сёлетняя вясна. Праўда, упэўненасьці, што ў бліжэйшыя сто гадоў клімат на плянэце зьменіцца так, як прадказваюць навукоўцы, – няма. Напрыклад, ня спраўдзіліся прагнозы і пра ператварэньне беларускага Палесься ў пустыню з пясчанымі барханамі…

Біёляг Валеры Трыбіс, былы супрацоўнік Навукова-дасьледчага інстытуту меліярацыі, шмат гадоў аддаў вывучэньню ўнікальнай экасыстэмы беларускіх балотаў. У тэлефоннай размове ён падкрэсьліў, што балоты зьяўляюцца натуральным ачышчальнікам прамысловых сьцёкаў, у тым ліку, і вуглякіслых.

(Трыбіс: ) “Тэма глябальнага пацяпленьня даўно вядомая. Апошнія гадоў, можа, дваццаць, яна цыркулюе ў навуковых колах. Але для Беларусі яна не выглядае гэтак востра, як для іншых краінаў – напрыклад, для Японіі.

Нейкія прыкметы заўсёды можна знайсьці, калі нечага чакаеш. Але мне здаецца, яны не выходзяць за рамкі кліматычных ваганьняў, якія былі на Беларусі, напрыклад, у апошнія сто гадоў. Было халадней, было й цяплей.

Зараз вясной былі пылавыя буры на Палесьсі. Дык гэта тыповы гаспадарчы пралік. Няправільна рабілі нашыя аграномы. Ёсьць рэкамэндацыі, як пазьбегнуць гэтых пылавых бураў. Ну, а наконт пясчаных дзюнаў – яны заўсёды былі на Палесьсі, у зоне Прыпяці. Таму што каля вялікай ракі заўсёды можна знайсьці дзюны. Асабліва каля тых рэк, што цякуць па раўніне.

Што тычыцца навуковага прагнозу для Беларусі ў сувязі з глябальным пацяпленьнем – ён не трывожны, нават станоўчы: прагназуецца павелічэньне ападкаў.

Халодная вясна і, як абяцаюць прагназісты, халаднаватае лета – гэта, можа, і лепш для збожжавых, напрыклад. Таму што ў халаднаватае лета зерне добра наліваецца, і ў расьлінаў ёсьць час сфармаваць добры ўраджай”.

Як вынікае са словаў Валерыя Трыбіса, пастаянныя размовы пра неспрыяльныя ўмовы надвор’я для сельскай гаспадаркі Беларусі, проста ня маюць пад сабой глебы.

А што тычыць прагназаваньня зьменаў клімату, дык нават кароткатэрміновыя прагнозы надвор’я застаюцца прадметам кпінаў над сыноптыкамі. Хаця ў іх распараджэньні на Захадзе зараз – самая дасканалая апаратура.

Між іншым, нядаўна ў Брытаніі зачынілася адмысловае бюро, якое займалася вывучэньнем НЛА – нераспазнаных лятаючых аб’ектаў. Прычына – рэзкае скарачэньне колькасьці паведамленьняў пра “лунаючыя сподачкі”. Калі адразу пасьля стварэньня бюро ў 1953-м годзе туды прыходзіла прынамсі 30 паведамленьняў пра НЛА на тыдзень, зараз такіх выпадкаў практычна не назіраецца. Магчыма, прычына ў тым, што ўсё больш мэтэастанцыяў, у тым ліку касьмічных, сочаць за ўсімі магчымымі зьявамі ў зямной атмасфэры і літаральна на кожным мэтры паверхні плянэты.

Прэзыдэнт ЗША, на долю якіх прыпадае зараз 25 адсоткаў усіх прамысловых выкідаў у атмасфэру на плянэце, не задаваўся пытаньнем адносна праўдзівасьці прагнозаў наконт пацяпленьня клімату ў бліжэйшыя сто гадоў і спэкуляцыяў кшталту таго, што лёд у Антарктыдзе й Грэнляндыі растане і наступіць усясьветны патоп. Праўда, падчас сёлетняй паводкі ў Англіі многія ўспаміналі прадказаньне Настрадамуса аб тым, што на мяжы тысячагодзьдзяў Брытанію захліснуць хвалі акіяну.

У Джорджа Буша свой рэзон: большую колькасьць вуглякіслага газу выкідваюць у атмасфэру прадпрыемствы слабразьвітых краінаў. Але асноўныя выдаткі на міжнародную праграму зьмяншэньня гэтых выкідаў, паводле пратаколу Кіёда, павінны былі несьці Злучаныя Штаты Амэрыкі. У момант, калі эканоміка ЗША перастала расьці такімі хуткімі тэмпамі як раней, скарачэньне аб’ёмаў прамысловай вытворчасьці – ня лепшая пэрспэктыва. Прэзыдэнт, параіўшыся са сваімі дарадцамі, прапанаваў альтэрнатыву: разьвіваць найноўшыя тэхналёгіі, якія дазваляюць зьберагаць энэргію.

Навукоўцы жартуюць – на зьмену “парніковаму эфекту” (па ангельску “парнік” – greenhouse) прыйшоў “эфект Белага Дому”, які па-ангельску гучыць White House.

Белы дом на чале з Бушам меў на ўвазе выкарыстаньне энэргіі ветру, сонца, прыліваў і. г. д. Безумоўна, новыя тэхналёгіі шмат каштуюць, і не адразу бачны іх эфэкт.

У Беларусі праца над імі толькі распачынаецца. Магчыма, гэта задача ўжо наступнага пакаленьня беларусаў. Валеры Трыбіс вось ужо некалькі год кіруе моладзевай суполкай “касьмічнай біялёгіі”. Нягледзячы на незвычайную назву, тут займаюцца рэальнай экспэрымэнтальнай працай.

(Трыбіс: ) “Мы з маімі вучнямі Іванам Коўзелем і Кастусём Пятрашкам знайшлі новую крыніцу электрычнага току. Гэта азёры. У большасьці азёраў ёсьць два слаі: верхні слой мае акісьляльнае асяродзьдзе, а ніжні, дзе ёсьць адклады, асбліва арганічныя – мае аднаўляльны патэнцыял. І таму мы маем скачок патэнцыялаў, і можам атрымаць ток зь вялікай плошчы нашых беларускіх азёраў.

Асабіста мы рабілі гэта на возеры Судобле непадалёк ад Менску, і атрымалі каля трох сотых вата на квадратны мэтар.

І апошняе. Ёсьць такая прытча ў хасыдзкай мудрасьці. Менахем Мэндэль зь Віцебску казаў: “Я ня ведаю, чым я лепшы за чарвяка. Бо глядзіце – ён выконвае волю свайго стваральніка і нічога не разубурае. Мне здаецца, будучыня чалавецтва – выконваць волю космасу, калі можна так сказаць, і не разубураць нічога вакол сябе”.

Натуральна, ад экспэрымэнтаў з “вазёрнай электрычнасьцю”, пра якія згадаў Валеры Трыбіс, яшчэ далёка да прыктычнага іх ужываньня. Распрацоўка альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі наогул патрабуе моцных інвэстыцыяў. Сёньня атамныя электрастанцыі, як паказаў досьвед Украіны, застаюцца галоўнай крыніцай энэргіі для прамысловасьці – і ня толькі ў СНД.

Магчыма, на тле праблемаў, якія напаткалі Беларусь з-за наступстваў Чарнобылю, радыяцыйнага забуруджваньня, праблемы шкодных прамысловых выкідаў не ўспрымаюцца надта востра. Нядаўнія дасьледаваньні, праведзеныя Міжнародным экалягічным інстытутам імя Андрэя Сахарава ў Менску, паказалі нават некаторае зьмяншэньне забруджваньня атмасфэры й сьцёкаў прамысловымі газамі з-за агульнага эканамічнага заняпаду. Аднак, дасьледчыкі інстытуту канстатуюць, што пры адсталай тэхналёгіі колькасьць шкодных адпадкаў на адзінку вырабленай прадукцыі ў Беларусі значна вышэй, чымся ў разьвітых краінах. І таму рост вытворчасьці непазьбежна азначае рост забруджваньня.

Дарэчы, адна з галоўных умоваў прыёму Вугоршчыны, Польшчы і Чэхіі ў Эўрапейскі Зьвяз – адпаведнасьць экалягічных умоваў у гэтых краінах заходнім стандартам. Калі цікавіцца ня толькі сёньняшнім надвор’ем за вакном, гэта таксама варта мець на ўвазе.
XS
SM
MD
LG