Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крок да свабоды Хуана Коба.


Віталь Тарас, Прага


У рубрыцы “Крок да свабоды” сваім досьведам пераадоленьня несвабоды дзеляцца розныя людзі зь Беларусі й замежных краінаў. Сёньня госьцем рубрыкі – гішпанскі журналіст Хуан Коба.

У перадачы прымае ўдзел віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру Карлас Шэрман.

З малюнкаў, якімі былі аздобленыя савецкія школьныя падручнікі, чамусьці асабліва запомніўся такі: пульхлая піянэрка ў чырвоных гальштуку шчасьліва ўсьміхаецца, трымаючы ў руках двух адкормленых трусоў. Мяркуючы па смуглым твары і цёмных вачах дзяўчынкі – яна з гішпанскіх дзяцей, якіх вывезьлі ў Савецкі Саюз у 1937-м.

Гэтая лічба павінна была выклікаць асацыяцыі са шчасьлівым савецкім дзяцінствам ды інтэрнацыянальнай дапамогай, а ня масавымі расстрэламі – у тым ліку, і тых самых “інтэрбрыгадаўцаў”, якія мелі неасьцярожнасьць вярнуцца зь Гішпаніі ў сталінскі “рай”.

Адным з тых, каму давялося ва ўжо сталым узросьце выбіраць паміж новай савецкай радзімай і роднай Гішпаніяй, быў Хуан Коба.

(на тле музыкі Pasadoble)

“Хуан Коба нарадзіўся ў 1933-м годзе ў гішпанскай правінцыі Туруэль ў паселішчы Ольба. Ягоны бацька належаў да партыі анархістаў. Пасьля паразы левых сілаў у грамадзянскай вайне у Гішпаніі Хуан быў вывезены ў СССР, дзе трапіў у дзіцячы дом.

Скончыў філялягічнае аддзяленьне Маскоўскага ўнівэрсытэту. Працаваў на Цэнтральным радыё, потым у тыднёвіку “Новое время”, дзе друкуецца й сёньня. Быў намесьнікам галоўнага рэдактара часопісу “Латинская Америка”. У 83-м годзе адмовіўся ад намэнклятурнай пасады. Зарабляў на жыцьцё перакладамі й публікацыямі ў прэсе. На пачатку 90-х ў якасьці каардынатара выдавецтва “Прагрэс” падрыхтаваў зборнік “Іншага ня дадзена”, сярод аўтараў якога быў акадэмік Андрэй Сахараў.

Працуе карэспандэнтам Расейскага інфармацыйнага агенцтва “Новости” ў Гішпаніі. Жыве ў Валенсіі”.

Калі ўпершыню ў жыцьці Хуан Коба адчуў несвабоду?

(Коба: ) “Гэта вельмі складанае пытаньне. Таму што мяне прывезьлі ў 1937-м годзе, калі мне было пяць гадоў, у СССР. І я жыў у Расеі да 93-га году, калі зноў пераехаў жыць у Гішпанію. Я правёў большую частку жыцьця ў СССР. І ў мяне зьмешваюцца вельмі розныя пачуцьці: і пачуцьцё горычы, і пачуцьцё радасьці. Але можна сказаць, што большую частку жыцьця я пражыў ва ўмовах несвабоды.

Але гэта вельмі тонкая рэч. Скажам, у 1953-м годзе, калі памёр Сталін, я быў студэнтам трэцяга курсу ўнівэрсытэту. І ў той час я лічыў сябе самым свабодным чалавекам у сьвеце. Я быў глыбока перкананы, што ва ўсім сьвеце людзі несвабодныя, а вось мы, савецкія людзі, сапраўды свабодныя.

Калі гэта ў мяне стала праходзіць? Недзе несьвядома, унутры пачалося непрыняцьце гэтага рэжыму. Не таму, што я ведаў, што навокал саджаюць людзей у турмы – ну, падумаеш, ідзе клясавая барацьба, ёсьць ворагі. Мы неяк над гэтым асабліва не задумваліся. А вось жахліва непамернае ўсхваленьне “бацькі народаў”, “лепшага сябра фізкультурнікаў”, “лепшага лекара”, “лепшага гінэколяга”, “лепшага практоляга” – яно было настолькі абсурдным для чалавека, які мог элемэнтарна думаць, што ў нейкі момант ты пачынаў разумець: нешта ня так”.

І яшчэ, паводле словаў Хуана Коба, ён заўсёды адчуваў дыскамфорт паміж уласным “я” і калектывізмам, які насаджаўся ў піянэрскай арганізацыі, потым у камсамоле. Асабліва ненавіснымі для яго былі дзіцячыя дамы, зь якіх ён некалькі разоў зьбягаў – пры тым, што ўмовы ў дамах для гішпанскіх дзяцей былі вельмі добрыя.

Дарэчы, некалькі выхаванцаў тых дзіцячых дамоў жылі потым і ў Беларусі. Як успамінае беларускі пісьменьнік Карлас Шэрман, аднаго зь іх звалі Хазэ Флёрэс Гарсія

(Шэрман: ) “Ён хлапчуком падмятаў падлогі ў тэатры Фэдэрыка Гарсія Лоркі, быў прыхільны да літатаратуры, культуры з маладога веку. Потым, пасьля вайны ўжо, выкладаў у Інстытуце замежных моваў у Менску. Ён рэдагаваў кніжку Аркадзя Куляшова, якую я пераклаў на гішпанскую.

А яшчэ быў такі Арыяс, які лічыўся адным зь лепшых мэханікаў нашага паліграфкамбінату. Ён працаваў тут: у яго была ўжо сям’я – дзеці, унукі.

Я прыгадваю, у семідзесятыя гады рабілі мы пастаноўку на тэлебачаньні паводле твораў Гарсія Лоркі, і мне патрэбны быў антураж, пэўны калярыт. І менавіта Арыяс даў мне пакарыстацца сваёй калекцыяй веераў і хустак. Гэта былі такія карункавыя рэчы, дужа гожыя, якія ўпрыгожылі ўсю пастаноўку.

Былі й іншыя. Быў Луіс, які прывозіў з Масквы газэты кампартыі Гішпаніі. Гэта былі людзі левых прынцыпаў. Людзі, якія жылі мінулым…”

Паводле Карласа Шэрмана, яны былі цалкам савецкімі людзьмі, дзецьмі сваёй эпохі. Тым, ня менш пераважная большасьць такіх самых “савецкіх гішпанцаў” вярнуліся на радзіму, як толькі адчыніліся межы.

Некалі для савецкага кіраўніцтва адным з найбольш ненавісных паняцьцяў было слова “эўракамунізм”. “Эўракамуністамі” называлі сябе тагачасныя лідэры італьянскай і гішпанскай кампартыяў, якія хацелі будаваць у сябе камунізм ня тое што з чалавечым – як у Чэхаславаччыне ў 68-м, а проста зь несавецкім, больш-менш самабытным абліччам. Ужо адно гэта лічылася здрадай. А савецкім студэнтам цікавасьць да твораў таварыша Энрыке Бэрлінгуэра ці таварыша Сант’яга Карылья магло каштаваць, у лепшым выпадку, пераэкзамэноўкі па навуковым камунізме.

Хуан Коба ніколі ня быў дысыдэнтам, хаця са многімі зь іх сябраваў. Лічыць, што да яго асабіста больш падыходзіць слова “нонкамфарміст” – чалавек, які не прымае рэчаў такімі, якія яны ёсьць. Але паколькі Коба быў гішпанцам – яму было болей дазволена, чымся іншым журналістам. Напрыклад, сябры хавалі ў яго доме самвыдат, ведаючы, што гішпанскага журналіста чапаць ня будуць.

Найбольш вострым адчуваньне свабоды, паводле словаў Хуана Кобы, было ў жніўні 1991-га, пасьля краху камунізму ў СССР.

(Коба: ) “Адчуваньня канца гісторыі, як пісаў Фукуяма: усё прыйшло нарэшце да свайго завяршэньня, – няма. Заходняй дэмакратыі, якая напэўна зьяўляецца найбольш аптымальнай, вельмі шмат трэба браць ад іншых культур, іншых цывілізацыяў у сэнсе адчуваньня салідарнасьці, адчуваньня сапраўды большай свабоды.

Адчуваньне свабоды мне зь дзяцінства давала, найперш, магчымасьць чытаць усё, што я захачу”.

Хуан Коба ганарыцца асабістым знаёмствам з Васілём Быкавым. Ён уважліва сочыць і за тым, што адбываецца на радзіме пісьменьніка, дзе нядаўна на дзяржаўным тэлебачаньні яго назвалі “літаратурным паліцаем”.

(Коба:) “Васіль Быкаў для мяне – гэта перш за ўсё “Сотнікаў”. А гэта нешта процілеглае. “Літаратурнымі паліцаямі” акурат былі тыя, хто яго душыў і ціснуў доўгія гады.

Я не магу падказваць народу, што яму трэба рабіць. У Беларусі, наколькі я разумею з таго, што чытаю, – вялікая ступень несвабоды. Тэндэнцыі вельмі нэгатыўныя. Што мусіць рабіць народ – гэта толькі сам народ можа вырашыць. Я далёкі ад таго, каб заклікаць да нейкіх дзеяньняў.

І наогул, успомніце: калі прэзыдэнта Чылі Альендэ пачалі бамбаваць ў ягоным прэзыдэнцкім палацы “Ля Манэда”, ён сказаў народу – ня трэба ісьці да палацу, гэта будуць дарэмныя ахвяры.

Але што для мяне абсалютна ясна: свабода ў любой краіне пачынаецца тады, калі даецца большая свабода прадпрымальніцтва, калі з большай павагай ставяцца да прыватнай уласнасьці. Таму што іншай эканомікі, акрамя рынкавай, не існуе. Усё астатняе – ад лукавага, гэта аўтарытарнае разьмеркаваньне. Прыватная ж уласнасьць надае людзям адчуваньне сілы. У іх зьяўляецца адчуваньне, што ім ёсьць, што бараніць. А ўжо як за гэта змагацца – мне цяжка сказаць.

Канечне, асабіста мне хацелася б, зыходзячы з майго гішпанскага досьведу, – калі беларускі народ даб’ецца зьменаў зьнізу, каб гэта адбылося так, як гэта было ў Гішпаніі. Альбо зусім без крыві, альбо, калі гэта немагчыма, дык хаця б зь мінімальнай крывёй”.
XS
SM
MD
LG