Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія яны – эўрапейцы новага тысячагодзьдзя?


Віталь Тарас, Прага

Беларусі наканавана вярнуцца ў цывілізаваную Эўропу, але беларусы яшчэ толькі шукаюць сябе ў сучасным сьвеце.

Ці адчуваюць сябе маладыя людзі ў краінах Заходняй Эўропы найперш эўрапейцамі? Чым яны адрозьніваюцца ад сваіх амэрыканскіх пагодкаў? Ці імкнецца ў Эўропу беларуская моладзь? Пра гэта – у чарговай перадачы цыклю “Выкраданьне Беларусі”.

Усяго праз два гады да Эўрапейскага зьвязу далучацца некалькі краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Сярод першых прэтэндэнтаў – суседняя зь Беларусьсю Польшча, а таксама Вугоршчына й Чэхія. Здавалася б, насельніцтва гэтых краінаў аднадушна выступае за інтэграцыю з Заходняй Эўропай. Аднак, ёсьць і апасеньні, што новыя эўрапейскія інстытуты пэўным чынам абмяжуюць іх нацыянальны сувэрэнітэт.

У чэскай прэсе вядзецца дыскусія на гэты конт. Прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл, які ў свой час прыклаў шмат намаганьняў, каб Чэхія далучылася да НАТО, піша ў сваім артыкуле ў газэце Dnes: “Зараз перад краінай стаіць найбольш цяжкая задача: завершыць 11-гадовы працэс пераўтварэньняў ўступленьнем у Эўрапейскі Зьвяз”.

Сваю маральную пазыцыю ў гэтым пытаньні Вацлаў Гавэл сфармуляваў ужо даўно.

(Гавэл:) “У эпоху так званай глябалізацыі трэба перш за ўсё паклапаціцца пра глябальную адказнасьць чалавека – адказнасьць за тое, што адбываецца ў сьвеце; усьвядоміць сваю прыналежнасьць да ўсяго чалавецтва, паклапаціцца пра Зямлю, на якой мы жывем.

З улікам гэтай адказнасьці, аб якой мы гаворым як аб маральным імпэратыве, могуць сыйсьціся розныя культуры ці кшталты цывілізацыі”.

Так прэзыдэнт Чэхіі казаў у сваім выступе на Форуме-2000 ў Празе. Але яднаньне на падставе агульных маральных і палітыка-эканамічных каштоўнасьцяў, на ягоную думку, зусім не пярэчыць нацыянальным інтарэсам. У згаданым артыкуле запярэчвае тым, хто лічыць, быццам інтэграцыя ў Заходнюю Эўропу вядзе да страты чэхамі нацыянальнай самабытнасьці.

“Яе характар і далейшае разьвіцьцё залежыць ад нас саміх, – піша Гавэл, – ад таго, якімі будзе нашая краіна, нашыя гарады, якім чынам мы будзем выкарыстоўваць багатыя традыцыі нашай культуры ці як мы будзем клапаціцца пра нашую мову”.

Апытаньне, праведзенае амэрыканскім часопісам Time сярод моладзі некалькіх краінаў Эўрапейскага Зьвязу, паказвае, што пераважная большасьць маладых людзей атаясамліваюць сябе са сваёй нацыяй. Разам з тым, траціна апытаных у Брытаніі, Нямеччыне й Францыі лічыць сябе ў першую чаргу эўрапейцамі, а потым ужо жыхарамі сваёй краіны. У Італіі такіх – каля 40 адсоткаў. Больш за палову маладых эўрапейцаў ведаюць другую мову (найчасьцей гэта ангельская, калі не лічыць саміх брытанцаў), больш як чвэрць валодаюць яшчэ й трэцяй замежнай мовай.

Большасьць апытаных ва ўзросьце ад 21-го да 35-і гадоў лічаць, што федэральныя органы ўлады ў аб’яднанай Эўропе стануць больш моцнымі за нацыянальныя інстытуты цягам бліжэйшых 10 гадоў. Аднак, большасьць маладых ангельцаў, немцаў, італьянцаў і французаў лічаць, што ў цяперашні момант існуе неабходны балянс паміж нацыянальным сувэрэнітэтам іх краінаў і эўрапейскімі органамі кіраваньня.

Кожны трэці юны эўрапеец пазытыўна ставіцца да адкрытага рынку і свабоднага гандлю, аднак многія гэтаксама актыўна выступаюць супраць Усясьветнай гандлёвай арганізацыі і Міжнароднага валютнага фонду.

Толькі траціна маладых італьянцаў падтрымлівае глябалізацыю. Немцы ставяцца да яе яшчэ больш стрымана. А найменш падтрымліваюць глябалізацыю брытанцы і французы.

20-гадовыя эўрапейцы маюць вельмі цьмяныя ўяўленьні пра жорсткі ідэалягічны падзел паміж Заходняй Эўропай і краінамі “сацыялістычнага лягеру”, які існаваў на кантынэнце да канца 80-х гадоў. Таму, лічыць часопіс, моладзь Эўрапейскага Зьвязу з энтузіязмам ставіцца да прыёму ў новых сяброў зь ліку краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

А жыхары Ўсходняй Эўропы пазытыўна ставяцца да агульнаэўрапейскіх каштоўнасьцяў, але цалкам абыякава ставяцца да эўрапейскай палітыкі, а значыць, і ня бачаць сябе саўдзельнікамі пабудовы новай Эўропы. Напрыклад, 70 адсоткаў маладых палякаў падтрымліваюць далучэньне сваёй краіны да Эўрапейскага Зьвязу, 60 адсоткаў хацелі б бачыць Эўропу бязь межаў. Але ж амаль сто адсоткаў юных палякаў не жадаюць браць удзел у палітычным жыцьці наогул.

А як ставяцца да інтэграцыі – з усходнім суседам альбо з Захадам –беларуская моладзь? Кім найперш пачуваюцца маладыя беларусы? Ці хочуць яны быць эўрапейцамі? Адказ на гэтыя пытаньне – праз хвіліну.

Паводле апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, праведзенага сярод розных групаў насельніцтва Беларусі ў 1999 годзе, за аб’яднаньне Беларусі й Расеі ў адну дзяржаву выступалі крыху больш за14 адсоткаў маладых людзей ва ўзросьце ад 16 да 19 гадоў. Для параўнаньня: у катэгорыі старэйшых за 50 гадоў такіх – больш як траціна. Гэтыя ды некаторыя іншыя вынікі сацыялігічных дасьледаваньняў камэнтуе мой калега Юры Дракахруст.

(Дракахруст: ) “Нельга сказаць, што беларуская моладзь кардынальным чынам адрозьніваецца ў сваіх меркаваньнях ад астатняга грамадзтва. Мы гаворым, зразумела, не пра групоўкі “прасунутай” палітызаванай моладзі, якія сапраўды вызначаюцца больш празаходніцкімі настроямі, а пра ўсё пакаленьне.

Эўрапэйцамі сябе адчуваюць нязначная колькасьць як моладзі, гэтак і беларусаў больш сталага ўзросту – надта ўжо неэўрапейскае цяперашняе беларускае жыцьцё. Больш распаўсюджаныя імкненьні стаць эўрапейцамі, так бы мовіць, у асабістай якасьці – гэта значыць, зьехаць з краіны, пажадана ў Нямеччыну.

Праўда, цікава адзначыць, што часам пэўныя заходнія каштоўнасьці, ідэі і стандарты трапляюць у Беларусь дзіўным шляхам – праз усходняга суседа. Беларуская моладзь, у большай ступені празаходніцкая, чым старэйшае пакаленьне, больш, чым старыя, аддае перавагу расейскім мэдыям.

Ня выключана, што ў далёкай пэрспэктыве няпэўнасьць нацыянальных пачуцьцяў беларусаў можа адыграць нават станоўчую ролю пры інтэграцыі краіны ў эўрапейскую супольнасьць. Перасьцярогі наконт страты нацыянальнай тоеснасьці ў выніку эўраінтэграцыі, якія часам выказваюцца ва ўсходнеэўрапейскіх краінах, наўрад ці будуць надта моцнымі ў Беларусі.

Паводле апытаньняў, нягледзячы на распаўсюджаныя прарасейскія настроі, узорам для Беларусі яе грамадзяне лічаць Нямеччыну і ЗША. А не, дарэчы, Польшчу ці Чэхію, што ва ўмовах Беларусі зьяўляецца мэтай больш рэальнай. У гэтым праяўляецца пэўны інфантылізм грамадзкай сьвядомасьці, няведаньне той высокай цаны, якой каштуе ўваходны квіток у Эўропу. Але з другога боку, гэта, як ні дзіўна, праява ўласьцівага беларусам глябалізму – калі ўжо далучацца, дык да чагосьці вялікага – калі не да Масквы, дык да Бэрліну ці Парыжу. Ня менш”.

Гэта быў мой калега Юры Дракахруст. У Эўропе розьніца паміж пакаленьнямі адчуваецца больш выразна. Найбольш гэта тычыцца валоданьня новымі тэхналёгіямі. На гэтае адрозьненьне, найперш, зьвярнулі ўвагу 33 адсоткі апытаных. На другім месцы ідзе розьніца ў стаўленьні да сям’і – больш як 20 адсоткаў. Затым – да наркотыкаў (звыш 10 адсоткаў) і сэксу. Што тычыць адносінаў да рэлігіі, грошай, адукацыі, дык разыходжаньні ў гэтых і некаторых іншых пытаньнях большасьць не ўспрымае як кардынальныя.

Для заможных маладых людзей – так бы мовіць, “новых эўрапейскіх”, пры ўсім іх індывідуалізьме, грошы ня сталі ўсім у жыцьці. Зразумела, яны імкнуцца укладаць грошы ў банк, атрымліваць дывідэнды. Аднак, у адрозьненьне ад сваіх амэрыканскіх пагодкаў, якія ўвесь час бавяць за кампутарамі, адсочваючы курс акцыяў на біржах, эўрапейцы больш увагі надаюць захаваньню балянсу ў жыцьці – асабістым сувязям, адпачынку, забавам. Дарэчы, дыяпазон музычных захапленьняў маладых людзей, якіх апытваў Time, вельмі шырокі – ад Баха, Бэтховэна й Моцарта да Бітлз, Джымі Гэндрыкса і навамоднага куміра Эмінэм.

І яшчэ колькі словаў пра маральныя каштоўнасьці маладых эўрапейцаў. Вернасьць партнэра ў каханьні лічыць вельмі важным больш як траціна ўсіх апытаных, яшчэ чвэрць лічаць яе пажаданай якасьцю, больш-менш важнай лічаць вернасць 17 адсоткаў апытаных. Астатнія мяркуюць, што гэта ня важна, альбо ня маюць партнэра зусім, і таму ня маюць і свайго меркаваньня на гэты конт.

Што тычыцца інфармацыі – большасьць маладых людзей атрымлівае яе праз тэлебачаньне. Больш шасьцідзесяці адсоткаў у Францыі ды Італіі, каля 40 – у Вялікай Брытаніі й Нямеччыне. На другім месцы ідуць газэты. Іх чытае амаль палова маладых немцаў і ўсяго 20 адсоткаў французаў. На трэцім месцы радыё – колькасьць слухачоў вагаецца ў розных краінах ад 3-х (Італія) да 10 (Брытанія) адсоткаў. Інфармацыяй зь Інтэрнэту карыстаюцца ўсяго ад 2 да 6-і адсоткаў маладых эўрапейцаў. І гэта пры тым, што доступ да Сеціва мае палова насельніцтва Заходняй Эўропы.

Ну а на першым месцы для цяперашняга пакаленьня эўрапейцаў стаіць якасьць жыцьця, улучна з такімі важнейшымі кампанэнтамі, як бясьпека, чыстая вада і сьвежае паветра. Гэтыя тры каштоўнасьці аднолькава неабходныя і зразумелыя сёньня як жыхарам Заходняй Эўропы, гэтак і сёньняшнім беларусам.
XS
SM
MD
LG