Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Крок да свабоды” Ўладзімера Арлова.


Віталь Тарас, Прага

Беларусі наканавана вярнуцца ў цывілізаваную Эўропу, але беларусы яшчэ толькі шукаюць сябе ў сучасным сьвеце.

У цыклю “Выкраданьне Беларусі”, які падрыхтаваў і вядзе Віталь Тарас, сваім асабістым досьведам дзеляцца вядомыя людзі зь Беларусі й замежжа. Сёньня героем рубрыкі “Крок да свабоды” – пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

(Арлоў: ) “Паўсюль сачу знакі таго, што павінна зьдзейсьніцца ў нашым стагодзьдзі. Паўсюль, дзень пры дні, сачу знакі нашай свабоды”.

Гэтыя словы Ўладзімера Арлова зь ягонага “Вершу на свабоду”, які ўпершыню прагучаў у нашым эфіры 25-га сакавіка, мы ўзялі эпіграфам да сёньняшняй перадачы.

“Уладзімер Арлоў нарадзіўся ў 1953-м годзе ў Полацку. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працаваў у Наваполацку выкладчыкам гісторыі ў школе, потым у газэце “Хімік”. Дэбютаваў вершамі ў самвыдавецкім часопісе “Блакітны ліхтар”.

Аўтар твораў “Дзень, калі ўпала страла”, “Эўфрасіньня Полацкая”, “Адкуль наш род”, “Незалежнасьць – гэта…” ды іншых.

Разам з Генадзем Сагановічам напісаў кнігу “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі”, выхад якой у 1996-м годзе быў спынены цэнзурай.

Сябра БНФ. Абіраўся віцэ-прэзыдэнтам Беларускага ПЭН-цэнтру. Узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны. Ляўрэат літаратурных прэміяў”.

Абмежаваньне свабоды, як ні парадаксальна, мае неабмежаваную колькасьць абліччаў і ўвасабленьняў. У кожнага, хто вырас у таталітарнай краіне – свой досьвед сутыкненьня зь несвабодай, свой асабісты рахунак да яе. І якім бы нязначным ні выглядаў гэты рахунак з адлегласьці гадоў, першы досьвед застаецца самым вострым.

(Арлоў: ) “Упершыню ў жыцьці я сутыкнуўся з праявай несвабоды яшчэ ў вельмі юныя гады, а менавіта ў дзіцячым садку, калі мяне змушалі есьці суп зь вялікім кавалкам блакітнага сала. Калі выхавацелька біла мяне за адмову есьці гэтае сала, я бег у прыбіральню і ванітаваў.

Яшчэ адзін успамін – балючы, безумоўна. Гэта сытуацыя, калі трэба былі лекі для Ларысы Геніюш, для яе хворага сэрца, і я, жывучы тады ў Полацку, пасылаў ёй гэтыя лекі… Яны йшлі па пошце месяц, часам два месяцы да Зэльвы. Змагацца з гэтым можна было толькі, узяўшы квіт на аўтобус ці на цягнік і прывезшы гэтыя лекі непасрэдна ёй у Зэльву, што я з маімі сябрамі часам і рабіў.

Ну, і мабыць, трэцяя праява несвабоды, зь якой я сутыкнуўся, таксама яшчэ ў юнацтве – гэта немагчымасьць выехаць за мяжу Савецкага Саюзу. Я потым ужо даведаўся, што на ўсе мае спробы выехаць за мяжу ў якасьці турыста атрымліваў адмову і ў сувязі з тым, што сябраваў, наколькі можна казаць пра сяброўства пры нашым розным узросьце, розным жыцьцёвы досьведзе, з Ларысай Геніюш. Прыпаміналі мне і ўдзел у самвыдаце…”

У сярэдзіне 70-х Уладзімер Арлоў, будучы студэнтам, стаў адным зь ініцыятараў выпуску ў Менску самвыдавецкага літаратурнага часопісу “Мілавіца”, за што выклікаўся ў КГБ на так званую “прафіляктычную гутарку”.

У 1988 годзе Арлоў становіцца сябрам БНФ, а ў 89-м, яшчэ да скасаваньня славутага 5-га артыкулу савецкай канстытуцыі “аб кіруючай ролі КПСС”, выходзіць з партыі.

Разыходжаньні Арлова з уладамі мелі ня толькі ідэйны, але, так бы мовіць, і эстэтычны характар. Напрыклад, некалі яго выключалі з камсамолу за захапленьне музыкай “Бітлз”.

Арлоў любіць цытаваць словы французкага філёзафа Вальтэра “Грошы – сымбаль свабоды”.

(Арлоў: ) “Для мяне свабода, перш за ўсё – гэта стан душы. Але гэты стан, безумоўна, залежыць ад шмат якіх чыньнікаў і акалічнасьцяў. Напрыклад, ад магчымасьці падарожнічаць па сьвеце, магчымасцьі зарабляць на гэтыя падарожжы грошы. Ад магчымасьці вяртацца ў краіну, дзе няма палітычных вязьняў і палітычных забойстваў”.

Барацьба за свабоду далёка не заўсёды ды й не абавязкова мусіць мець палітычны характар. Часам нават сам стыль жыцьця, мова ці нават зьнешні выгляд чалавека могуць быць выклікам таталітарнай сыстэме.

Былы настаўнік, перакладчык замежных моваў Якуб Лапатка, які жыве зараз у Фінляндыі, ўспамінае Наваполацак пачатку 80-х, дзе яны пазнаёміліся з Уладзімерам, ці як яго называюць блізкія знаёмыя – Уладам Арловым.

(Лапатка: ) “Хаця ў горадзе і не было вуліцы Леніна, Наваполацак быў тады горадам вельмі савецкім. І найперш савецкім у тым сэнсе, што мы, падлеткі з навакольных вёсак, зьехаўшыся на ўдарную камсамольскую будоўлю, імкнуліся як мага хутчэй пазбавіцца сваёй вясковай гаворкі і стаць сапраўднымі будаўнікамі камуністычнага грамадзтва, а значыць і загаварыць на мове “міжнацыянальных зносінаў”. А таму асабіста мяне вельмі зьдзівіла старонка літаратурнага аб’яднаньня “Крыніцы” на беларускай мове ў гарадзкой газэце.

А потым адбылося і знаёмства з натхняльнікам гэтага, прама скажам, незвычайнага для Наваполацку выданьня. Я ўжо ня памятаю, чаго мяне занесла ў газэту – пэўна, хацеў пакрытыкаваць “отдельные недостаткі”, і мяне адправілі на размову з намесьнікам рэдактара. Сядзіць малады, калматы і барадаты хлопец. Ну, дык бародамі нас не зьдзівіць. І Маркс, і Энгельс ды іншыя заснавальнікі “адзіна правільнага” вучэньня таксама не без барады. Аднак, яны па-беларуску не гаварылі.

Праўду кажучы, я меней бы зьдзівіўся, калі б пачуў гукі беларускай мовы з барады Карла Маркса, таму што нас так ужо выхавалі, што нармальны савецкі чалавек ня будзе гаварыць па-беларуску. А тут малады хлопец, ды яшчэ намесьнік галоўнага рэдактара, ды яшчэ гаворыць не на трасянцы, а на чысьцюткай беларускай мове.

І гэты хлопец загітаваў мяне прыйсьці на паседжаньне “Крыніц”. Ён назваў мяне лайдаком, які цураецца сваёй мовы і, праўду кажучы, прымусіў заняцца перакладамі з розных моваў на беларускую. А празь некаторы час я сам біў яму чалом і прасіў дапамагчы ў перакладзе фінскага клясыка Маю Ласіла, таму што Арлоў – выдатны стыліст і знаўца беларускай мовы, якіх, на жаль, у нас ня шмат. Мы працавалі над перакладам з год, і сорамна прызнацца, што я, вясковы хлопец, які скончыў беларускую школу, быў вымушаны вучыцца ў гарадзкога дзецюка, за што яму і ўдзячны”.

Пасьля абвешчаньня Рэспублікі Беларусь мінула ўжо амаль дзесяць год. Многае з таго, што здавалася лёгкім і зразумелым беларускай інтэлігенцыі, аказалася насамрэч ілюзіяй. Тое, што здавалася часовым, зьнешнім, цяпер моцна трымае краіну ў мінулым. Дык што трэба, каб вырвацца зь яго абдымкаў, што што трэба, каб беларусы нарэшце адчулі сябе свабоднымі?

(Арлоў: ) “Я думаю, што калі чалавек можа здабыць асабістую свабоду і ў несвабодным грамадзтве, то нацыя можа быць свабоднай толькі, калі жыве ў дзяржаве, якая грунтуецца на дэмакратычных каштоўнасьцях. І каб беларусы адчулі сябе свабоднымі, яны мусяць стаць паўнавартаснай нацыяй. А паўнавартасная нацыя ў маім уяўленьні – гэта тая, якая мае сваё нацыянальнае сьветабачаньне, сьветаразуменьне і сьветаўяўленьне. Гэта, па-сутнасьці, тры складнікі любой нацыянальнай ідэі. Такім чынам, шлях да свабоды для беларусаў немагчымы без вяртаньня да саміх сябе, без вяртаньня да Беларусі”.

Адзін з улюбёных афарызмаў Уладзімера Арлова гучыць так:

“Карабель, які ня ведае, у якую гавань плыве, ніколі не дачакаецца спадарожнага ветру”.

Да героя сёньняшняй перадачы гэта, мабыць, ня мае дачыненьня.
XS
SM
MD
LG