Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Крок да свабоды” Мікалая Крукоўскага.


Віталь Тарас, Прага

Беларусі наканавана вярнуцца ў цывілізаваную Эўропу, але беларусы яшчэ толькі шукаюць сябе ў сучасным сьвеце.

У рубрыцы “Крок да Свабоды” сваім асабістым досьведам дзеляцца вядомыя людзі зь Беларусі й замежжа. Героем сёньняшняй перадачы “Выкраданьне Беларусі” – беларускі філёзаф Мікалай Крукоўскі.

Нядаўна давялося гартаць кароткі слоўнік эстэтыкі, выданы ў Маскве ў сярэдзіне 60-х гадоў. Амаль кожны артыкул у ім пачынаецца са скарачэнья “бурж.” – буржуазны. Усе, так бы мовіць філязофскія тэксты ў слоўніку прасякнутыя глыбокай нянавісьцю аўтараў, у тым ліку акадэмікаў, да прадмету апісаньня: ці то, напрыклад, акмеізму паэзіі, ці то імпрэсыянізму ў жывапісе.

Самі паняцьці эстэтыка альбо прыгажосьць трактаваліся тады выключна з пазыцыяў марксізму-ленінізму – гэта значыць, адпаведна апошнім устаноўкам партыі.

Аднак, амаль у той самы час у Менску выходзіць кніга “Лёгіка прыгажосьці”. Лёгіка гэтага твору, далёкая ад псэўданавуковых спэкуляцыяў, сталася глытком сьвежага паветра для многіх. А дапамог выдаць гэтую кнігу тады яшчэ малавядомаму філёзафу Мікалаю Крукоўскаму пісьменьнік Алесь Адамовіч.

Мікалай Крукоўскі нарадзіўся ў 1923-м годзе ў вёсцы Машкова Віцебскай вобласьці. Доктар філязофскіх навук. У 1950-м годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. З сярэзіны 90-х гадоў выкладае ў Беларускім унівэрсытэце культуры. Аўтар кнігаў “Асноўныя эстэтычныя катэгорыі: вопыт сыстэматызацыі”, “Кібэрнэтыка і законы прыгажосьці”, “Homo pulсher – Чалавек прыгожы”.

Зь несвабодай у самых жорсткіх і непрыгожых яе праявах Мікалай Крукоўскі сутыкнуўся падчас вайны.

(Крукоўскі: ) “Калі я апынуўся пад нямецкай акупацыяй, то выразна адчуў, што значыць гэтая несвабода, якая атрымлівала форму непасрэдна адчувальную, калі цябе, напрыклад, салдат ботам біў пад зад. Ну, кожнаму чалавеку не спадабаецца такая несвабода. Але калі жывеш быццам бы і свабодна, а можаш атрымаць потым пад зад – вось гэтая несвабода, мабыць, яшчэ вастрэй адчуваецца. Таму што ў першым выпадку яна – скрайняя, жывёльная несвабода. А тут – чалавечая несвабода.

Ну, і там я выйшаў зь яе, пайшоўшы ў партызаны. Вось там адчуваўся, менавіта, кантраст: як жылі пад немцамі, і калі былі ўзброеныя, у лесе. Тут была свабода ўжо. Прычым – свабода, не анархічная, не бандыцкая, як кажуць цяпер ня вельмі разумныя людзі. Але свабода, якая вельмі востра паказвала, што наша “Я”, усё-ткі, – а гэта галоўны носьбіт свабоды, гаворачы па філязофску – ёсьць неадрыўнай часткай “Мы”. Там былі Мы. І мы былі свабоднымі, незалежнымі і г.д.”

Мікалай Крукоўскі лічыць, што лёс быў да яго прыхільны. Пасьля таго, як трапіў у 41-м у нямецкі палон, ён цудам зьбег зь нямецкага эшалёну для ваеннапалонных, калі цягнік стаяў у Воршы. Там быў тады яго родны дом. Потым была партызанская брыгада імя Заслонава, дзе ён стаў начальнікам штабу атраду. Быў паранены, адпраўлены ў тыл. Пасьля шпіталю трапіў у Калініскі 120-ы лягер НКВД. На шчасьце – ненадоўга.

Свабоду для сябе вызначае так.

(Крукоўскі: ) “Што яна для мяне? Гэта перш за ўсё, канечне, свабода духу, як кажуць. Гэта заезжаны выраз. Але ў гэтым вялікі сэнс. Таму што свабода ў сэнсе паесьці, пайсьці кудысьці, куды захачу – гэта свабода нашага ніжэйшага Я; таго, што Бахцін называў некалі “нізам”. Жывёльная свабода. Гэта, канечне, важна – фізычная, фізыялягічная, эмацыйная свабода. Але ўсё-ткі, свабода духу – гэта галоўнае.

Я адчуваю сябе свабодным, калі маё Я ўздымаецца кудысьці ў такія вышыні, дзе яно раптам знаходзіць нешта сабе падобнае – вось гэтае слова “дух”. І гэта тая моц, якую адчувае чалавек, які стаў веруючым.

Вось калі маеш гэтую веру, калі маеш апірышча – гэта як быццам бы чалавек вынырнуў з вады. Пад вадой доўга чалавек хадзіў, пакуль дыханьня хапала (гэта мне знаёмае з падводнага паляваньня, калі я малады быў); вынырнуў, і там – паветра, дух. Я там свой.

У жыцьці, праўда, цяжэй вынырнуць. Але ўсё адно, калі падымаешся ўверх, калі чытаеш, калі нейкія ідэі прыходзяць, і ты адчуваеш, што ты зачапіўся за ісьціну – яна дае табе сілу трымацца на гэтым узроўні, а не валіцца назад.

Чалавек свабодны – гэта не адзінокае “я”, а “я”, якое ўжо становіцца часткай вялікага Я, якое можа называцца нават Богам. Я паняцьце Бога не бяру ў міталягічнай форме, а як антычныя філёзафы называлі – “душой сьвету”. І вось калі хапае сілы туды даляцець, узьняцца, даскочыць – я адчуваю сябе там свабодным”.

Напрыканцы 80-пачатку 90-х Крукоўскі ўдзельнічае ў палітычным жыцьці Беларусі. Адзін час узначальваў Хрысьіянска-дэмакратычную партыю. Але ўсё ж палітыка, здаецца, не была і ня сталася для яго галоўнай справай жыцьця.

Гаворыць колішні студэнт Мікалая Крукоўскага філёзаф Ігар Бабкоў:

(Бабкоў: ) “Першае ўражаньне ад Мікалая Ігнатавіча – ён на пачатку 80-х выкладаў эстэтыку на аддзяленьні філязофіі – гэта тое, што мы сустрэліся нарэшце з сапраўдным прафэсарам. Бо палова выкладчыкаў таго часу з такім самым посьпехам маглі б быць інструктарамі гаркаму партыі альбо лектарамі таварыстыва “Веды”. Ягоны голас, манэра, адкрытая арыентацыя на гегелеўскі дыскурс, спроба пераўтварэньня лекцыі альбо сэмінару ў тэатар мысьленьня – усё гэта было як быццам не адсюль, а зь нейкай далёкай ці то мінуўшчыны, ці то будучыні.

Тады слава Крукоўскага як філёзафа была ў самым росквіце. Ён выдаў шмат кнігаў. У гэтых кнігах ён паспрабаваў зрабіць татальную рэдэфініцыю ўсіх катэгорыяў эстэтыкі, і ў выніку атрымаў славутую табліцу эстэтычных катэгорыяў. Гэта было штосьці накшталт эстэтычнага калькулятара: увёўшы на ўваходзе пэўныя эстэтычныя парамэтры, на выхадзе ты атрымоўваў дакладныя характарыстыкі твору мастацтва. У гэтую табліцу можна было нават гуляцца.

Валянцін Акудовіч назваў у свой час Уладзімера Конана и Мікалая Крукоўскага патрыярхамі беларускай філязофіі, якія сымбалічна зьвязваюць беларускае мысьленьне пачатку 20-га стагодзьдзя і беларускае мысьленьне канца 20-га стагодзьдзя-пачатку стагодзьдзя 21-га. Часам ягоная філязофская крытыка можа здавацца анахранічнай, несучаснай. Але мне здаецца, гэта памылковае ўражаньне, бо патас ягонай крытыкі – гэта захаваньне высокай культуры мысьленьня, якая існавала ў прафэсійных філязофскіх асяродках у пасьлеваенныя часы, і якая сёньня паціху страчваецца”.

Нядаўна ў Менску выйшла новая кніга Мікалая Крукоўскага “Філязофія культуры”. Яшчэ адна – “Бляск і трагедыя ідэалу” застаецца ў рукапісы, і яе лёс непакоіць філёзафа.

Ён застаецца верным сваім ідэалам, і не аддзяле сябе ад мы, сваю асабістую свабоду – ад свабоды свайго народу.

(Крукоўскі: ) “Свабода як сукупнасьць Мы – значыць, нацыянальная самасьвядомасьць. Калі я кажу: я, такі і такі, Крукоўскі, беларус – я, значыць, частка 10-мільённага нейкага суб’екту, як кажуць філёзафы. “Я” зь вялікай літары, ці як гэта гаварыў расейскі філёзаф Трубецкой, саборнае Я – гэта значыць, Мы. Вось гэта перадумова свабоды.

Ну, і, зразумела, паняцьце “беларусы”, у сваю чаргу, павінна ўпісвацца ў паняцьце Мы агульначалавечае. Мы – людзі, мы – зямляне. А зараз ня толькі яшчэ такое саборнае Я ня вырасла, але тут зьнешнія перашкоды ёсьць.

Як вось некалі калючы дрот, які я паспытаў на ўласнай скуры і ад немцаў, і ад бальшавікоў – амаль што ня б’юць ботам пад зад. Гэта амаль тое самае, мне гэтак сама хочацца скрыпець зубамі, як калі я малады быў і бачыў у савецкім лягеры калючы дрот і кароткі ляканічны надпіс: “Стой! Стрелять буду!”

Дык вось, нешта такое і зараз адчуваеш – проста злосьць нейкую. Ужо нават калі маё Я ўзьнялося на тыя высокія ўзроўні духу, якія можна было б параўнаць з паняцьцем Бога – гэта дае мне велізарныя сілы. Тут і сьмерць ня страшная, нічога ня страшна. А ўжо нейкае там палітычнае мярзоцьце…

І раптам г э т а нельга! Канечне, гэта пакутліва, і гэта, як некалі Тойнбі пісаў, выклікае вельмі моцную рэакцыю, стымул для барацьбы”.
XS
SM
MD
LG