Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь на тле глябальных зьменаў у гісторыі чалавецтва і вяршэнства права


Віталь Тарас, Прага

Паводле старажытнага міту, Зеўс выкраў багіню Эўропу і перавез яе на востраў Крыт, дзе тая распачала новае жыцьцё. Пазьнейшыя філёзафы трактавалі гэты сюжэт як пераход чалавецтва ад першабытнага стану да цывілізацыі.

Беларусь ёсьць часткай заходняй цывілізацыі. Аднак, яна яшчэ шукае сябе й сваё мейсца ў сучасным сьвеце.

У перадачы гучаць меркаваньні Васіля Быкава і расейкага праваабаронцы Сяргея Кавалёва.

З Кубы ў Прагу вярнуліся чэскія палітыкі – Іван Піліп і Ян Бубенік, які сталіся закладнікамі рэжыму Кастра і правялі некалькі тыдняў у кубінскіх засьценках як “амэрыканскія шпіёны”.

Вызваленьню чэхаў дапамог націск міжнародных арганізацыяў – напрыклад, Міжпарлямэнцкага саюзу. За вязьняў уступіліся таксама Мэксыка і Чылі, якія захавалі добрыя стасункі з Гаванай. Што тычыць самой Чэхіі, дык прэса тут наўпрост называла Фідэля Кастра дыктатарам і тыранам, а ягонаю рыторыку – непрыхаванай хлусьнёй і дэамагогіяй.

Час на Кубе нібы спыніўся. Тамтэйшы рэжым, які пачынаўся з вызвольнага паўстаньня ў 1960-м, ператварыўся ў свайго роду рэлікт камуністычнае эпохі.

Амэрыканскі навуковец Фрэнсіс Фукуяма парадксальным чынам вызначыў крах камуністычных рэжымаў, у тым ліку ў Чэхаславаччыне, напрыканцы 80-х як “канец гісторыі”. Так называлася ягоная кніга, якая ў свой час нарабіла шмат шуму. Пісьменьнік Васіль Быкаў лічыць, што ў нечым гэтая праца ня страціла сваёй актуальнасьці і сёньня, у тым ліку для Беларусі.

(Быкаў: ) “Прыклад Фукуямы вельмі паказальны. Хаця сама кніга “Канец гісторыі” вельмі цікавая, як і яго пазыцыя ў адносінах да антыкамуністычных працэсаў у сьвеце. Ён правільна зразумеў асноўны накірунак сучаснага пастсавецкага нацыяналізму, за што ад сваіх апанэнтаў атрымаў азначэньне “апошняга адвакату нацыяналізму”. Але ягоная спроба прадказаць канец гісторыі – найперш, у сацыяльна-культурніцкім сэнсе, вельмі хутка аказалася памылковай, што, да гонару аўтара, было ім прызнанае. Гісторыя працягваецца, і гэта ў каторы раз сьведчыць пра элемэнтарныя ісьціны: у наш час нічога прадказаць немагчыма. Мабыць, прышласьць, як і гісторыя, няўлоўная непрадказальная, найперш з тае прычыны, што яна,так бы мовіць, мэтафізычна парадаксальная.

Што ж да Беларусі, дык у ёй усё зацыклілася на палітычным аспэкце, які зьмярцьвіў усялякі эканамічны зрух. Беларусь бязглузда адасобілася ад нармальных эканамічных працэсаў, апынулася ў нейкай посткамуністычнай рэзэрвацыі, бы тая Куба ці Паўночная Карэя”.

Так лічыць Васіль Быкаў.

Суайчыньнік Фрэнсіса Фукуямы – прэзыдэнт Цэнтру дасьледваньняў усясьветных тэндэнцыяў разьвіцьця Ван Дузэн Уішард ужо ў нашыя дні вылучыў зусім новы тэзіс адносна сучаснай гісторыі. На думку навукоўца, чалавецтва менавіта цяпер ўступае ў вырашальную стадыю свайго разьвіцьця.

Уішард так патлумачыў свой тэзыс.

(Уішард: )“Глябалізацыя ёсьць нешта большае як пераход краінаў, якія не належаць да Захаду, да ўмоваў свабоднага рынку і дэмакратычнай сыстэмы. У маім уяўленьні глябалізацыя ёсьць грандыёзным калектыўным экспэрымэнтам чалавецтва. Калі ён атрымаецца, для большай часткі чалавецтва можа распачацца новы этап. Калі ён скончыцца правалам, гэта можа запаволіць прагрэс на некалькі пакаленьняў.

Заходнія ідэі паступова пранікаюць у сацыяльнае й палітычнае жыцьцё ва ўсім сьвеце. Аднак, у яшчэ большай ступені глябалізацыя закранае культуру, традыцыі, гістарычныя сувязі і лад жыцьця. Карацей кажучы, глябалізацыя закранае мэнтальнасьць народаў”.

На думку Уішарда, сьвет перажывае зараз такія ж моцныя духоўныя зьмены, якія адбываліся паміж 8-м стагодзьдзем да нашай эры і 8-м стагодзьдзем ад раства Хрыстова. Нагадайма, што ў гэты час паўсталі асноўныя рэлігіі сучаснасьці – хрысьціянства, будызм і мусульманства, ролю якіх у гісторыі чалавецтва немагчыма пераацаніць. Уся чалавечая этыка будавалася на веры ў Бога.

Зараз, мяркуе Уішард, людзі ўсё часьцей зьвяртаюцца са сваімі асабістымі праблемамі не да сьвятара, але да псыхоляга. Ды й сама рэлігія перажывае драбленьне на розныя сэкты і адгалінаваньні, сярод якіх такія экзатычныя, як “каталіцкі будызм”, альбо “праваслаўны атэізм”.

Эпоха навукова-тэхнічнага прагрэсу прынесла і зусім новыя этычныя праблемы. Гэта і праблема наступстваў генэтычнай інжынэрыі ды зьменаў у чалавечым геноме, праблемы, зьязаныя з клянаваньнем, а таксама праблемы бясьпекі чалавека ў сучасным тэхнагенным сьвеце. Напрыклад, спрэчкі наконт стварэньня сыстэмы проціракетнай абароны ЗША таксама тычацца праблемы бясьпекі – і ня толькі нацыянальнай, але і ўсяго чалавецтва.

І акрамя таго, лічыць Уішард, чалавецтва раней заўсёды шукала рай недзе па-за межамі Зямлі, у космасе. Але толькі зараз, на думку навукоўца, прыходзіць разуменьне, што Зямля – гэта і ёсьць апошняе прыстанішча чалавека, што іншага раю няма.

Ван Дузэн Уішард мяркуе, што глябалізацыя – магчыма, ёсьць самым важным выклікам чалавецтву ў ягонай гісторыі. Прычым, найбольш важным ёсьць пытаньне бясьпекі. Што можа яе забясьпечыць у часе глябальных зьменаў? Рост індэксу Даў-Джонса? Сям’я, сябры? Сацыяльныя структуры? Ваенная моц? Усё гэта ў то й або іншай ступені важна. Аднак, усё можа вельмі хутка зьмяніцца, нават зьнікнуць. І што тады?

Вядомы расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў пад уплывам свайго духоўнага настаўніка і паплечніка – акадэміка Андрэя Сахарава, ужо даўно займаецца падобнымі этычнымі праблемамі. Ягоны падыход палягае на прыярытэце права.

(Кавалёў: ) “Ня толькі ў 30-я гады вайна здавалася непазьбежнай. У пэўным сэнсе вайна непазьбежная й цяпер, бо нельга дзесяцігодзьдзямі падтрымліваць бясьпеку, заснаваную толькі і выключна на раўнавазе страху. І калі мы ня будзем мець рашучасьці пачаць жыць па адным законе ў межах адзінай праўнай прасторы, дык тады, рана ці позна, вайна распачнецца. Рана ці позна, лякальныя канфлікты саступяць мейсца агульнай крывавай бойні.

Такім чынам, глябалізацыя, стварэньне адзінай прававой прасторы ёсьць, на мой погляд, адзіным рэальным спосабам пазьбегнуць гэтага жахлівага самагубства. Я нагадаю, што неабходнасьць такога працэсу ўпершыню абазначыў Нільс Бор, усьлед за ім Альбэрт Эйнштэйн, Бэртран Расэл і, нарэшьце, -- Андрэй Сахараў.

Ужо з гэтай прычыны словы “глябалізацыя” і “этыка” паступова становяцца сынонімамі. Бо ня можа быць сапраўднай маралі на мяжы ўсеагульнага зьнішчэньня”.

Тэма маральнага выбару заўсёды была цэнтральнай ў творчасьці Васіля Быкава. Можна сказаць, што ягоныя экзыстэнцыяльны погляд на чалавека атрымаў разьвіцьцё і ў поглядах пісьменьніка на грамадзтва, і ягоную гісторыю ў цэлым.

Вось погляд Васіля Быкава на глябалізацыю.

(Быкаў: ) “Як адсюль выглядае, глябалізацыя – гэта зьява, усё-ткі вельмі складаная і непрадказальная. Некаторыя параўноўваюць, дарэчы, нашу інтэграцыю зь іх глябалізацыяй, даводзячы, быццам, гэта дзьве зьявы аднаго накірунку. А я сказаў бы, што гэтыя зьявы абсалютна непараўнальныя. Бо ўсё-ткі іхная глябалізацыя – ад празьмернасьці, ад лішку. А нашая так званая інтэграцыя – ад беднасьці, ад нэндзы. Каб нешта аб’яднаць, трэба яго мець, бо дзьве антыдэмакратыі, ці тыраніі, складзеныя ў адно, ня здольныя ў выніку дэмакратызаваць што-небудзь. А вось падвоіць людзкое бяспраўе і дыктатуру яны здольныя. Гэта бясспрэчна”.

Глябалізацыя, у адрозьненьне ад інтэграцыі, пакуль не выглядае першачарговай праблемай сярод тых, што хвалююць сёньня Беларусь. Прынамсі, беларускія палітыкі надаюць гэтай зьяве ня шмат увагі (калі не лічыць прапагандысцкіх антызаходніцкіх выпадаў прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі.) Пакуль мала хто ўсьведамляе тое, пра што гаворыць расейскі правабаронца Сяргей Кавалёў.

(Кавалёў: ) “Права – гэта тое ўвасабленьне маралі, якая толькі і можа існаваць на зямлі. Перш за ўсё таму, што права -- гэта роўнасьць усіх перад законам, а таксама й таму, што права – гэта поўная свабода, абмежаваная толькі замахам на свабоду з боку нашых суседзяў, іншых людзей. Але, між іншым, адзінае цывілізаванае права – гэта таксама фактар, які забясьпечвае разнастайнасьць культураў і духоўных праяваў. Па вельмі простай лягічнай прычыне. Права прасякнутае ідэяй свабоды, а свабода ёсьць абавязковай ўмовай творчасьці”.

Гэта быў фрагмэнт выступу Сяргея Кавалёва на міжнароднай канфэрэнцыі ў Празе.

А цяпер думка Васіля Быкава.

(Быкаў: ) “Ня першы дзень і ня толькі для Беларусі робіцца неабвержнай ісьціна: толькі пры наяўнасьці свабоды і незалежнасьці магчымы працяг беларускай гісторыі. Калі ж незалежнасьці ня будзе, дык на сёньня і скончыцца нашая гісторыя. У ранейшым вялацечным стане яе гісторыя працягвацца ня зможа.

Такі мой дылетанцкі прагноз. Але як і ўсе прагнозы, гэткі прагноз наўрад ці спраўдзіцца, і тое дае надзею. Надзею на ўсеўратавальную парадаксальнасьць гісторыі. Як пісала калісьці Лэся Ўкраінка, “Без надзеі такі спадзяваюся”. Што ж яшчэ застаецца рахманаму беларусу? Мабыць, здольнасьць, як і патрэба спадзявацца, дадзеная чалавеку ад Бога і далёка не заўсёды падмацаваная доказнай базай”.

Магчыма, словы пісьменьніка гучаць ня надта аптымістычна. Але яны падкрэсьліваюць важнасьць маральнага выбару, які можна зрабіць толькі, калі чалавек мае рэальнае ўяленьне пра тое, што адбываецца зь ягоным уласным жыцьцём і навакольным сьветам . Успомнім яшчэ раз словы Сяргея Кавалёва пра тое, што “глябалізацыя” і “этыка” становяцца сынонімамі. Глябалізацыя проста не пакідае альтэрнатывы як толькі прызнаць на справе вяршэнства правоў чалавека і свабоды. Па-сутнасьці, альтэрнатывы тут няма і для Беларусі.

XS
SM
MD
LG