Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны досьвед Аргентыны і выкраданьне людзей.


Аўтар і вядучы: Віталь Тарас

Паводле сатаражытнага міту, Зэўс выкраў Эўропу і пераплыў зь ёй праз мора на востраў Крыт, дзе тая распачала новае жыцьцё. Пазьнейшыя філёзафы трактавалі гэты сюжэт як пераход чалавецтва ад першабытнага стану да цывілізацыі.

Беларусь, якая ёсьць часткай эўрапейскай цывілізацыі, яшчэ толькі шукае сябе й сваё сапраўднае мейсца ў сучасным сьвеце.

Што мы ведаем пра Аргентыну? Што тамтэйшыя каўбоі – “гаўча”, пасьвяць каровы ў пампасах. Што Аргентына – радзіма танга. І што зборная Аргентыны па футболе – двухразовы чэмпіён сьвету. Дарэчы, апытаньне заўзятараў, якім трэба было назваць лепшага футбаліста дваццатага стагодзьдя, нечакана прынесла перамогу не легендарнаму бразільцу Пэле, але аргентынцу Марадоне.

Зараз мала хто ўспамінае футбольны чэмпіянат сьвету 1978 году, калі Аргентына першы раз заваявала “золата”. Многія тэлекампаніі адмовіліся трансьляваць матчы з краіны, дзе кіравала тады вайсковая хунта і на сумленьні якой былі тысячы ахвяраў. І толькі савецкае тэлебачаньне захоплена распавядала ў сваіх рэпартажах пра атмасфэру спартовага сьвята.

Перакладчык Карлас Шэрман, які нарадзіўся ва Ўругваі ў сям’і эмігрантаў, а потым жыў у Аргентыне, дзе ўдзельнічаў у студэнцкім руху, у 56-м пераехаў у Савецкі Саюз.

(Шэрман: ) “Я прыгадваю 50-я гады, калі панаваў Пэрон, і магу сказаць так: абсалютна ўся сыстэма бясьпекі, абсалютна ўся прапагандысцкая і агітацыйная сыстэмы на сто працэнтаў былі скапіяваныя з Савецкага Саюзу. У Аргентыне былі “пяцігодкі”, там была рэкляма, што Пэрон выконвае свае абяцанкі. Там былі агромністыя “будоўлі стагодзьдзя”, якія ніхто й ніколі не завяршаў. Паглядзіце на сёньняшнюю Аргентыну, якая вымушаная браць крэдыт у сорак мільярдаў даляраў у МВФ – гэта вынік 50-х, 60-х, 70-х гадоў.

Я наведаў Аргентыну ізноў у 88-м годзе. І мне паказвалі дамы, куды забіралі людзей, і адкуль яны зьнікалі. Зьнікненьне людзей – гэта абсалютна лацінаамэрыканскі фэномен. Зьнікалі сотнямі, тысячамі. І пасьля ваеннай хунты дасюль знаходзяць калектыўныя пахаваньні – брацкія магілы”.

(Тарас: ) “Дзеячы апазыцыі, журналісты ўжо не аднойчы параўноўвалі Беларусь ці то з Гаіці, ці то з Кубай у цэнтры Эўропы. Ці няма ў гэтым пэўнага перабольшваньня? Пэрон, наколькі я разумею, прыйшоў да ўлады легітымным чынам. Пры ім была легальная апазыцыя, выходзілі газэты…”

(Шэрман: ) “Па-першае, ён не зусім легальна прыйшоў да ўлады ў першы раз. Ён прыйшоў у выніку вайсковага перавароту. Гэта ў 40-я гады. Па-другое, апазыцыя, калі яна набірала моц, падаўлялася.
Сацыял-дэмакраты набіралі, усё-ткі, троху галасоў, але іх падаўлялі жорстка.

У Буэнас-Айрэсы ёсьць такая турма – Вілья дэ Вота, з агульнымі камэрамі, разьлічанымі на 135 чалавек, і ў гэтых камэрах утрымліваліся 600-800 чалавек. Калі спадар Шчукін піша пра тое, як ён адбываў тэрмін на Акрэсьціна ці недзе яшчэ, і гаворыць пра тое, якую зьнявагу да чалавека ён там адчуваў, як ставіліся да яго – гэта абсалютна тое самае. Такія ж паганыя турмы. Такія ж адносіны да “палітычных”. Іх часта саджалі разам з крымінальнікамі.

Я адчуваю сябе ў Лацінскай Амэрыцы”.

Дырэктар Нью-Ёркскага ўнівэрсытэту ў Буэнас-Айрэсы Марыё Плоткін, які выступаў нядаўна ў Празе, гаварыў пра тое, што Лацінская Амэрыка перажыла некалькі вызначальных этапаў. У ХІХ-м стагодзьдзі гэта былі нацыянальныя рэвалюцыі. У 50-60-я – сацыяльныя, якія, аднак, былі моцна зьвязаныя з ростам нацыянальнай самасьвядомасьці.

(Плоткін: ) “60-я гады распачаліся ў Лацінскай Амэрыцы рэвалюцыяй на Кубе. Гэты час лічыцца “залатым векам” для лацінаамэрыканскіх інтэлектуалаў. Сярод іх большасьць была за левымі інтэлектуаламі, якія мелі калі не манапольны, дык, прынамсі ў патэнцыі, вырашальны ўплыў на грамадзкасьць Лацінскай Амэрыкі. Барацьба за нацыянальную незалежнасьць, кубінская рэвалюцыя, зьвязаныя з халоднай вайной, адчыніла дзьверы для гэтых інтэлектуалаў, якія пачалі гаварыць ад імя народаў Лацінскай Амэрыкі. У тыя гады інтэлектуальная актыўнасьць выклікала бум у літаратуры. Дастакова назваць такія імёны як Габрыэль Гарсія Маркес, Марыё Варгас Льёса, Хуліё Картасар”.

(Шэрман: ) “Канечне, левы рух атрымаў інтэлектуальны штуршок менавіта пасьля гэтай рэвалюцыі. Таму што ніхто ня мог сабе ўявіць, што гэта ўвогуле мажліва, каб у такой краіне як Куба, літаральна побач з ЗША, раптам атрымалася такое. На пачатку гэта не была марксысцкая рэвалюцыя – гэта была лявацкая рэвалюцыя, безумоўна.

Я магу сказаць, што Габрыэль Гарсія Маркес таксама быў чалавекам левых поглядаў, і застаўся чалавекам левых поглядаў. Я помню, калі ён скардзіўся, што ў Маскве яму не выплочвалі ганарары, рабілі пірацкія выданьні. Ён гаварыў: “Скажыце мне, як жа я буду падтрымліваць тады рэвалюцыю ў Нікарагуа?!” Гэта пры мне было сказана.

Калі ўважліва чытаць Картасара, дык можна адчуць левыя погляды. Я зараз перакладаю ягоную новую кнігу “Толькі золак.” І там ёсьць моманты, дзе яны таксама праяўляюцца. Але ён нам цікавы як стыліст, перш за ўсё”.

Нагадаю, мы гутарым зь вядомым перакладчыкам Карласам Шэрманам пра гістарычны досьвед Аргентыны часоў прэзыдэнта Пэрона і ягонай жонкі Эвіты.

(Шэрман: ) “Мой старэйшы брат доўгія гады любіў хадзіць у начны клюб, дзе сьпявала спадарыня Эвіта – звычайнае кабарэ. А калі Пэрону спатрэбілася стаць прэзыдэнтам, дык яму, паводле канстытуцыі, трэба было быць жанатым. І паколькі ён сустракаўся зь ёй, ён ноччу пад’ехаў на машыне і забраў яе з гэтага кабарэ. Уначы паднялі сьвятара, і ўначы гэта адбылося.

Але трэба сказаць, што Эвіта мела пэўныя здольнасьці – аратарскія, папулісцкія. Мне давялося слухаць ейныя выступы – яна магла й дзьве гадзіны, і тры гадзіны гаварыць, і было цікава слухаць. Яе любілі. Так, як можна любіць дэмагога, папуліста, гэтак любілі і яе. Так любілі й Пэрона, уласна кажучы”.

Дарэчы, гісторыя Эвіты легла ў аснову папулярнага мюзыкла. А потым яшчэ быў зьняты кінафільм з Антоніо Бандэрасам і Мадонай у галоўных ролях. Разьвітальная прамова Эвіты ў фільме гучала так.

(гучыць муз. фрагмэнт з фільму “ЭВІТА”)

Фільм Эвіта – галівудзкі, так бы мовіць, погляд на гісторыю Аргентыны. Але, дзякуючы ў тым ліку і такім кінастужкам, далёкая краіна становіцца нібы блізкай і зразумелай кожнаму чалавеку. І яшчэ. Кажуць, што глябалізацыя адмоўная тым, што яна нівэлюе нацыянальныя адрозьненьні, асабліва ў культуры. І гэта, канечне, кепска. Але ёсьць і адваротны эфэкт. Напрыклад, у Аргентыне пад уплывам гішпанскай культуры ды ўласна лацінаамэрыканскай нарадзілася танга, якое затым заваявала ўвесь сьвет і цяпер сталася неад’емнай часткай культуры ўсяго чалавецтва.

Гаворыць Карлас Шэрман.

(Шэрман: ) “На словы Картасара шмат танга гучаць і па сёньняшні дзень. Кожная нацыянальная зьява – сур’ёзная, глыбокая, грунтоўная – урэшце рэшт становіцца дасягненьнем сьвету. Танга, канечне, ёсьць маленькай навэлай пра каханьне, пра няшчаснае каханьне. Але гэта найперш вельмі цікавая музыка – вельмі дакладная, прадуманая. Гэта ўнікальны фэномен.

Мяне танга і сёньня грэе. Калі агортвае смутак, калі я задумваюся пра штосьці сумнае, я часьцей за ўсё стаўлю касэты з танга – адтуль”.

Паўвека таму Карлас Шэрман вярнуўся на зямлю сваіх бацькоў, якія некалі пакінулі яе ў пошуках лепшай долі. Яны ж першымі й вярнуліся дамоў.

На пачатку дваццатага стагодьдзя Аргентына прыняла мільёны эканамічных уцекачоў – у тым ліку, з Усходняй Эўропы. У тым самым стагодзьдзі мільёны Аргентынцаў пакінулі сваю краіну – і ня толькі з эканамічных прычынаў. У 70-я здавалася, што гісторыя Аргентыны так і застанецца ланцугом вайсковых пераваротаў, і што ноч дыктатуры там – бясконцая. Але аднойчы ёй прыйшоў канец. Дзясяткі тысячаў крэўных і блізкіх тых людзей, што былі выкрадзеныя, не захацелі мірыцца з афіцыйнай маной. Яны паклікалі да адказнасьці усіх, хто спрычыніўся да тых зьнікненьняў...

Народам, як і людзям, наканавана перажыць выкраданьне й вяртаньне.
XS
SM
MD
LG