Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сучасны экстрэмізм


Вiталь Тарас

Удзельнічаюць: былы міністар замежных справаў Ізраілю Шымон Перэс.

(эфір 29.11.2000)

Аўтар і вядучы: Віталь Тарас

Пра левы й правы экстрэмізм, пра тое, ці ёсьць скінгэды ў Беларусі і пра тое, што спрыяе радыкалізацыі беларускай моладзі "У гісторыі цяжка знайсьці дастаткова доўгі пэрыяд, калі не было войнаў, рэвалюцыяў, тэрору. 20-е стагодзьдзе таксама пачалося ангельска-бурскай вайной у Паўднёвай Афрыцы, а завяршаецца чарговым крывавым канфліктам на Блізкім Усходзе.

Тэхналягічныя дасягненьні цывілізацыі й разьвіцьцё эканомікі, глябалізацыя самі па сабе не вырашаюць праблемаў злачыннасьці, гвалту, гандлю наркотыкамі й зброяй, якія захліснулі краіны трэцяга сьвету.

На думку былога прэмьер-міністра Ізраілю Шымона Пераса, прычына цяперашняга ізраільска-палестынскага канфлікту палягае яшчэ й на тым, што Ізраіль ня можа існаваць як нейкая ізаляваная выспа дабрабыту сярод мора жабрацтва.

Выступаючы нядаўна на міжнароднай канферэнцыі ў Празе Шымон Перас сказаў,у прыватнасьці:

(Перас: ) "Вы ня можаце забіваць людзей за тое, што яны купляюць зброю, вы мусіце даць ім магчымасьць дасягнуць эканамічнага працьвітаньня. Нам бракуе земляў, але не бракуе людзей, якім хапае розуму…

Я быў вельмі ўсьцешаны, калі пабачыў мапу чалавечага гэному, (складзеную навукоўцамі). Яна паказала тое, чаго мы ня ведаем – што розьніца паміж людзьмі складае ня больш за 2 сотыя працэнту. На 99,8 працэнтаў у людзей – няважна, чорных, белых, альбо жоўтых – аднолькавыя гэны.

Ёсьць розьніца, мабыць, паміж мужчынамі й жанчынамі, але гэта біялягічная розьніца, а не расавая альбо інтэлектуальная.

Некаторыя людзі лічаць, што раса альбо колер скуры маюць важную ролю, але гэта памылка. Бог даў нам жыцьцё і даў нам роўныя магчымасьці. Няроўнасьць і дыскрымінацыя створаныя людзьмі, а не Богам, таму мы мусім зрабіць так, каб людзі адчувалі сябе свабоднымі й роўнымі, й маглі скарыстацца сучаснай эканомікай."

Гэта было меркаваньне былога міністра замежных справаў Ізраілю Шымона Пераса. Дарэчы, ён нарадзіўся ў Беларусі, у вёсцы Вішнева на Валожыншчыне.

Тэму канфлікту на Блізкім Усходзе мы закранем яшчэ напрыканцы перадачы. А зараз пагаворым пра гвалт як ідэалёгію – дакладней, пра людзей, якія,спавядаюць гвалт як свайго роду рэлігію й нават лад жыцьця і якіх называюць экстрэмістамі.

Пераважная большасьць іх, на жаль, наўрад ці пагодзіцца са словамі Шымона Пераса.

На тэму моладзевага экстрэмізму, які даўно ўжо, здаецца, стаўся часткай паўсядзённага жыцьця на Захадзе ды ўсё больш, і нават пераважным чынам, распаўсюджваецца ў посткамуністычных краінах Эўропы, напісана шмат кнігаў і артыкулаў. У Чэхіі, напрыклад, цікавасьць да гэтай тэмы падагрэтая сёлетнімі вулічнымі беспарадкамі ў Празе з удзелам левых экстрэмістаў.

Днямі тут, у сталічным выдавецтве Trivis выйшаў даведнік "Сымболіка экстрэмісцкіх рухаў". Ён цікавы для нас ня толькі багатым ілюстрацыйным матэрыялам, колькі сьціслымі, зручнымі для карыстаньня вызначэньнямі паняцьцяў, а таксама плыняў сучаснага экстрэмізму.

Аўтар кнігі, прафэсар Ян Хмелік лічыць, што пры ўсёй адрознасьці ідэалёгіяў розных экстрэмісцкіх груповак агульным для іх усіх ёсьць дэманстрацыйнае адкіданьне асноўных каштоўнасьцяў, прынцыпаў і нормаў паводзінаў, прынятых у сучасным грамадзтве.

"Неад'емнай часткай правага экстрэмізму ёсьць ксэнафобія, альбо нянавісць да чужынцаў. Найбольш тыповымі ягонымі формамі выступаюць расізм, антысэмітызм, а таксама іх мадыфікацыі ў выглядзе фашызму, нэафашызму, нацызму й нэанацызму.

Для левых экстрэмістаў актуальнымі застаюцца колішнія лёзунгі Французкай рэвалюцыі – свабода, роўнасьць, братэрства, а галоўным жаданьнем – пабудова усеагульнага шчасьлівага грамадства на плянэце без дзяржаваў і межаў.

Да іх належаць, напрыклад, анархісты, якія лічаць прымальнымі любыя мэтады, у тым ліку гвалтоўныя, дзеля дасягненьня высокай мэты.

Што тычыць скінгэдаў (альбо ў літаральным перакладзе --людзей з голенымі галовамі), яны таксама ўмоўна падзялюцца на правых і левых.

Сярод найбольш вядомых у Эўропе й ЗША – расісцкія арганізацыі Bohemia Hammer Skins, Blood and Honour, White Arian Resistance, а тасама левыя Skinheads Against Racial Prejudice, (Ськінгэды супраць расавай перадузятасьці), Red Skins.

Ідэлагяічна даволі блізкімі да скінгэдаў ёсьць панкі і ўсім вядомы Ку-Клукс-Клян."

Некалькі словаў пра колеры й знакі, якія выкарыстоўваюцца ў якасьці сымболяў экстрэмісцкія арганізацыі. Напрыклад, белы колер, які сымбалізуе чысьціню й цнатлівасьць, ва ўяўленьні фашыстаў ёсьць сымболем расавай чысьціні, чырвоны колер выступае ў іх сымболем вагню, крыві й рэвалюцыі, а чорны колер, які азначае сьмерць, сымбалізуе таксама нянавісьць да ворагаў нацыі.

У якасьці эмблемаў могуць выкарыстоўвацца самага рознагу роду крыжы, у тым ліку ўсім вядомая свастыка. Варта адзначыць, што як і ў нацыстоўскай Нямеччыне, фашысты ва ўсім сьвеце выкарыстоўаюць свастыку, канцы якой павернутыя направа, а не налева, як у старажытнаіндыйскім узоры.

Аднак, ня толькі прыгожыя сымболі ды ўніформа прыцягваюць маладых людзей у шэрагі "ськіноў." Як лічаць сучасныя сацыёлягі, глебай для іхнага існаваньня ёсьць маргіналізацыя часткі грамадзтва. Нэафашысты, напрыклад, вярбуюуюць новых прыхільнікаў сярод тых, хто быў адкінуты ў бурным працэсе разьвіьцьця эканомікі, так бы мовіць, на ўзбочыну жыцьця, сярод няўдачнікаў – усіх тых, хто разгубіўся ў віры сучаснай цывілізацыі.

Мы працгяваем тэму экстрэмізму ў тэлефоннай гутарцы са студэнтам зь Менску Аляксеем Дайлідавым. Перад гэтым варта зазначыць, што мой суразмоўца, натуральна, ня ёсьць экспэртам, альбо ўсебаковым знаўцам экстрэміцскіх плыняў у Беларусі. Але ў адрозьненьне ад сацыёлягаў, скажам, ён ведае сытуацыю знутры, з уласнага досьведу.

(Тарас: ) "Аляксей, апошнім часам у Беларусі шмат гавораць пра фашызм, але пры гэтым чамусьці згадваюць толькі РНЕ, баркашоўцаў, якія, мне здаюцца ёсьць чыста расейкай зьявай. А ці ёсць у Беларусі сапраўдныя скінгэды, якія вырасьлі, так бы мовіць, на айчыннай глебе?

(Дайлідаў:)"Сярод менскіх суполак апошнім часам, цягам апошніх гадоў вылучаюцца гэтыя так званыя "ськінгэды", якія былі вядомыя шмат гадоў у іншых краінах.

Але я лічу, што яны ня ёсьць сапраўднай суполкай, якія маюць свае, мабыць, нейкія веравызнаньне ці філёзофію.

Мне падаецца, яны проста ёсьць суполкай нейкіх хлопцаў, якія надта агрэсыўныя, ня вельмі разьвітыя ў разумовым пляне…Іхная суполка ня вельмі шматлікая ў Менску, і таму нават з гэтай прычыны там ня можа існаваць нейкай дыферэнцыяцыі паміж імі. Гэта проста суполка паміж хлопцамі, якія вызнаюць пэўную ідэалёгію нейкага фашысцкага кшталту.

(Тарас: ) "А што можна сказаць пра такіх людзей, якіх называюць "гопнікамі"? І наколькі пашыраныя праявы гвалту сярод моладзевых груповак?"

(Дайлідаў: ) "На маю думку, няма пэўнага падзелу, асбліва ў Менску, у Беларусі, на музычныя суполкі, як гэта існуе ў заходніх краінах. У нас, мабыць, толькі пачынаюць зьяўляцца пэўныя суполкі, падобныя да іх. Я маю на ўвазе сапраўдных панкаў ці сапраўдных рэпэраў, якія вызнаюць гэтую музыку як сваю філёзофію ў пэўным сэнсе.

Але зараз у Менску, наколькі я ведаю, існуе падабенства да гэтых суполак, і шмат якія людзі называюць адно аднаго ці то "гопнікам", ці "ськінгэдам", ці "рэпэрам", ці "мэталістам."

А калі казаць пра зьявы гвалту сярод тых хлопцаў і дзяўчат, якія вызнаюць розную музчыную культуру, сярод іх заўсёды існавалі нейкія непаразуменьні. І так часта здараецца, што сярод менскіх суполлак, сярод розных людзей, якія вызнаююць розную музчыную культуру, розную музычную філёзофію, адбываюцца сутычкі".

(Тарас: ) " На тваю думку, ці спрыяе палітыка гвалту з боку ўладаў радыкалізацыі моладзі і зьяўленьню сярод яе сапраўдных экстрэмістаў?"

(Дайлідаў: ) "Так! Я думаю, у кожнай дзяржаве ўлада зьяўляецца першым прыкладам для дзеяньняў усіх грамадзянаў. І таму, што б ні рабіла ўлада, усе яе дзеняньні маюць вялі кі ўплыў на псыхіку, на дзеяньні грамадзянаў.

Таму, я думаю, калі кожны грамадзянін Беларусі бачыць, як штомесяц зьбіваюць на вуліцах людзей, як міліцыянты затрымліваюць апазыцынэраў, гвалт просмта робіцца як бы неад'емнай часткай нашага жыцьця, і беларусы ўспрымаюць гвалт як нешта, мабыць, нават належнае, і ён перастае быць чымсьці дзіўным у нашым жыцьці".

Такім чынам, з нашай размовы вынікае, што гвалт як ідэалёгія пакуль ня сталіся ў Беларусі надта распаўсюджанай зьявай. Дарэчы назвы "гопнікі", "рэпэры", "мэталісты" пахолдзяць ад назваў музычных стыляў – "гіп-гоп", "рэп", "хэві-мэтал".

Так што ў цэлым гэта пакуль выглядае, хутчэй, як даніна модзе – праўда, зусім не бяскрыўднай.

Галоўным носьбітам гвалту супраць грамадзянаў, як і ў Савецкім Саюзе, альбо ў цяперашняй Расеі выступае дзяржава, яе сілавыя структуры. Аднак жа, невыпадкова найбольш небясьпечныя формы той самы рух скінгэдаў набыў у былых сацыялістычных краінах – Вугоршчыне, Польшчы, Чэхіі, усходніх землях ФРГ. Зубы дракона, пасеяныя ў часы таталітарызму, даюць атручаныя парасткі.

Магчыма, многім здаецца, што пашырэньне экстрэмізму й гвалту ў наш час наогул ёсьць непазьбежнай зьявай і што змагацца зь ёй – усё адно што змагацца зь ветракамі.

Ніякія довады разуму не дапамагаюць спыніць, напрыклад, крывавы канфлікт на Блізкім Усходзе. Аднак, Шымон Перас, якога мы ўжо цытавалі на пачатку нашай перадачы, нагадвае скэптыкам: адразу пасьля другой усясьветнай вайны, калі амаль уся Эўропа ляжала ў руінах, калі яшчэ не астылі печкі нацыскіх канцлягераў, ніхто ня мог паверыць, што ўсяго празь некалькі год паўстане новая эканамічная супольнасьць, цяпер вядомая як Эўрапейскі зьвяз. А дзякуючы гэтаму прыйдзе ў Эўропу трывалы мір. Ну, а тое, што гэты мір усё яшчэ не пазбавіўся гвалту – гэта ўжо, як кажуць, зусім іншая гісторыя.

XS
SM
MD
LG