Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС БЕЛАРУСІ АБВЯРГАЕ ДАТЫЧНАСЬЦЬ БЕЛАРУСІ ДА ПАСТАЎКІ Ў ІРАК ВАЙСКОВАГА ГРУЗУ, АРЫШТАВАНАГА Ў БЭЙРУЦКІМ АЭРАПОРЦЕ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

МЗС Беларусі цалкам абвяргае датычнасьць афіцыйнага Менску да знаходкі ў аэрапорце Бэйруту, пра якую паведаміла агенцыя Reuters. Прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Савіных заявіў Радыё Свабода:

(Савіных: ) “Рэспубліка Беларусь строга выконвае свае міжнародныя абавязкі і ўсе міжнародныя патрабаваньні што да гандлю таварамі падвойнага прызначэньня. Таму пастаўкі ў Ірак такога абсталяваньня ці тавараў абсалютна выключаныя”.

Прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных абвяргае магчымасьць таго, што груз, які быў знойдзены ў аэрапорце Бэйруту, выраблены менавіта ў Беларусі. “Магчыма, яго набылі ў Курску ці Кіеве, ці дзе заўгодна. Справа журналістаў высоўваць розныя вэрсіі, але што да фактаў, то няма ніякіх зьвестак пра беларускае паходжаньне гэтага грузу”, — кажа Андрэй Савіных.

Паводле яго, Міністэрства замежных справаў Беларусі не зьвярталася да калегаў у Лібане па тлумачэньні, як і да дыпляматычных місіяў Лібану ў суседніх краінах. У Менску дыпляматычнага прадстаўніцва Лібану няма, як няма прадстаўніцтва Беларусі ў Бэйруце. “Тэарэтычна мы маглі б зьвярнуцца па інфармацыю ў лібанскую амбасаду ў Маскве, але навошта? Гэта праблемы тых лібанскіх бізнэсоўцаў, якія перасылалі груз у Ірак. Вось яны хай і разьбіраюцца зь ёй”, — лічыць прадстаўнік МЗС Беларусі.

Між тым, былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі не выключае, што Беларусь сапраўды пастаўляе зброю і вайсковы рыштунак у Ірак празь Лібан. Былы міністар згадвае, што 2–3 гады таму Лібан фігураваў сярод краінаў, зь якім актыўна кантактавалі беларускія вайскоўцы. Аднак дакладных зьвестак дзеля пацьверджаньня гэтай вэрсіі ў яго няма, ён зыходзіць зь іншых меркаваньняў:

(Казлоўскі: ) “Я веру ў датычнасьць Беларусі, бо бачу, як паводзіць сябе кіраўніцтва краіны, таму магчымая такая апэрацыя, але гэта здагадкі”.

Паводле Паўла Казлоўскага, прылады сувязі для танкаў і шлемы для танкістаў, якія былі знойдзеныя ў Бэйруце, могуць і ня мець надпісаў “зроблена ў Беларусі”, але гэта зусім ня ёсьць доказам таго, што яны не пастаўленыя зь Беларусі.

(Казлоўскі: ) “Такія рэчы, як прылады для сувязі ў танках і шлемы танкістаў, не вырабляюцца ў нас, але іх з савецкага часу хапае на нашых сховішчах. Ці іх магчыма набыць ў Расеі — я ня бачу тут ніякай праблемы”.

Паводле Паўла Казлоўскага, на ўзбраеньні ў Іраку стаяць танкі Т-54, Т-55 і Т-62. Гэта простыя ў абыходжаньні, але надзейныя машыны, якія вельмі добра зарэкамэндавалі сябе падчас вайсковых канфліктаў у Афрыцы.

Былы міністар абароны Павал Казлоўскі не зьдзіўляецца, што ірацкія вайскоўцы зацікаўленыя ў пастаўках камплектных дэталяў да гэтых танкаў. Тое, што на гэтую зацікаўленасьць Беларусь можа адказаць станоўча, Павал Казлоўскі тлумачыць спакусай зарабіць вялікія грошы. На ягоную думку, без удзелу найвышэйшага кіраўніцтва краіны такія ўгоды былі б немагчымыя.

(Казлоўскі: ) “Лічу, самі вайскоўцы на такія ініцыятывы ня пойдуць. Калі такія пастаўкі ёсьць, яны санкцыянаваныя зьверху”.
XS
SM
MD
LG