Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТ ЗША ДЖОРДЖ БУШ ЗАЯЎЛЯЕ, ШТО МIРНАЕ ВЫРАШЭНЬНЕ ПРАБЛЕМЫ ІРАКУ ЎСЁ ЯШЧЭ МАГЧЫМАЕ


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

Акрамя падрыхтоўкi да магчымай ваеннай апэрацыi, ваеннае нарошчваньне мае на мэце яшчэ i цiск на Хусэйна, каб Багдад супрацоўнiчаў з iнспэктарамi ААН, якiя шукаюць у краiне зброю масавага зьнiшчэньня. У сваёй бальшынi аналiтыкi мяркуюць, што вайна ўсё роўна будзе непазьбежнай празь нейкi час пасьля таго, як экспэрты 27 студзеня пададуць на Радзе Бясьпекi ААН сваё спавешчаньне.

Але нават калi магчымасьць мiру ёсьць, як пра гэта цьвердзяць афiцыйныя амэрыканскiя асобы, то якiя ж шляхi да яго? У аўторак на брыфiнгу ў Пэнтагоне мiнiстар абароны ЗША Доналд Рамсфэльд выказаў сваё бачаньне:

“Я ня ведаю, чаму кожны прамаўляе слова “непазьбежная”. Ясна, што не непазьбежная. Першым варыянтам магло б быць, што Садам Хусэйн сам пакiне краiну пэўнай начы. І гэта было б для ўсiх добра. Або ён раптам вырашыў бы памяняць пазыцыю i стаў бы супрацоўнiчаць з ААН, зрабiўшы дзеля гэтага ўсё магчымае”.

Але Рамсфэлд тут ж дадаў, што ня лiчыць верагоднымi гэтыя сцэнары.

Апошнiм часам шмат гавораць, што Садам можа схавацца ў адной з арабскiх краiнаў. Аналiтыкi на гэта глядзяць скептычна. На думку Эдварда Ўолкера, былога амэрыканскага дыплямата, якi цяпер кiруе Блiзкаўсходнiм iнстытутам у Вашынгтоне, праблема палягае на тым, што ў кожным выпадку Амэрыка будзе дамагацца ягонай выдачы суду за ваенныя злачынствы. Таму малаверагодна, што Садам знойдзе сабе дзесьцi бясьпечны прытулак.

Яшчэ адзiн магчымы сцэнар – унутраны пераварот. Аналiтык Вашынгтонскага Інстытуту блiзкаўсходняй палiтыкi Патрык Клаўсан падкрэсьлiвае, што адмiнiстрацыя Джорджа Буша ясна дала зразумець высокапастаўленым iрацкiм вайскоўцам, што адзiны шлях да iхнага ўратаваньня, – гэта самiм зрынуць Садама. Але Клаўсан лiчыць, што ў вынiку перавароту не абавязкова прыдзе да ўлады дэмакратычны ўрад. Зноў кiраваць краiнай будуць баатысты, i яны сутыкнуцца з унутранай апазыцыяй. Пры такiм разьвязаньнi Злучаныя Штаты павiнны быць гатовыя мiрыцца з гэтым. Клаўсан ня вельмi верыць, што ў вынiку путчу падзе Садам. Але адначасна гаворыць, што для дыктатара, якi ўзмацнiў ваенныя сiлы вакол Багдаду, каб абаранiць сябе ад амэрыканскiх войскаў, могуць быць небясьпечнымi неляяльныя iрацкiя атрады.

Такiм чынам, Хусэйн наўрад цi будзе ўцякаць, бо за ваенныя злачынствы ён будзе перасьледавацца. Наўрад цi i ягонае блiжэйшае атачэньне выступiць супраць яго, бо яны таксама дачыненыя да ваенных злачынстваў. Учора з дыпляматычных крынiцаў у Амане прасачылася iнфармацыя, што адмiнiстрацыя Буша падрыхтавала сьпiс з 13 чалавек, якiя павiнны перасьледавацца судом пасьля завяршэньня вайны за ваенныя злачынствы супраць тысячаў iрацкiх шыiтаў, сунiтаў i курдаў у часе паўстаньня ў 1991 годзе. У сьпiсе, сярод iншых, i два сыны Хусэйна. Асобных высокапастаўленых кiраўнiкоў там няма, прыкладам, вiцэ-прэм’ера Тарыка Азiза.
XS
SM
MD
LG