Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ІРАЦКІ ЭНДШПІЛЬ”


Юры Дракахруст, Прага

Бжэзінскі пачынае свой артыкул з канстатацыі адмоўнай ацэнкі справаздачы Багдаду аб ягоных ваенных праграмах. Такім чынам, паводле Бжэзінскага, выклік з боку Іраку застаецца без адказу.

Бжэзінскі разглядае тры магчымыя варыянты разьвіцьця крызысу:

- Ірак прымае ўсе патрабаваньні рэзалюцыі ААН аб раззбраеньні і ідзе на поўнае і шчырае супрацоўніцтва зь міжнароднай супольнасьцю дзеля выкананьня гэтых патрабаваньняў;

- Ірак адхіляе патрабаваньні ААН і ЗША. Праводзіцца ваенная апэрацыя пад эгідаю ААН, у выніку якой ірацкі рэжым скідаецца сілаю;

- ААН і ЗША прыходзяць да розных высноваў, і ЗША праводзяць самастойную ваенную апэрацыю супраць Іраку, хаця і пры пэўнай міжнароднай падтрымцы.

На думку Бжэзінскага галоўным у крызысе ёсьць не Садам Хусэйн і нават не Ірак. Паводле палітоляга, стаўка – законнасьць амэрыканскага глябальнага лідэрства і эвалюцыя бясьпекі міжнароднай сыстэмы. З гэтага пункту гледжаньня ён піша, што толькі два першых варыянты – раззбраеньне Іраку і ваенная апэрацыя пад эгідаю ААН - падвысяць здольнасьць міжнароднай сыстэмы супрацьстаяць падобным пагрозам. Бжэзінскі адзначае, што гэта асабліва важна ў сьвятле дэманстратыўных намераў Паўночнай Карэі стварыць уласную ядзерную зброю. Гэтае пытаньне амэрыканскі палітоляг лічыць у пэўнай ступені нават больш істотным, чым Ірак. Бжэзінскі заўважае, што пры двух першых сцэнарах падвысіцца і прэстыж Амэрыкі, бо посьпех стане вынікам амэрыканскай рашучасьці.

На думку палітоляга, трэці сыход – аднабаковая ваенная апэрацыя ЗША – мае значна больш высокую палітычную цану, утрымлівае небясьпеку росту антыамэрыканскіх настрояў як на Блізкім Усходзе, гэтак і ў Эўропе. “Калі ЗША пакараюць Ірак за грэбаваньне Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў, але пры гэтым самі кінуць выклік ААН – гэта будзе піравай перамогаю”, – піша Бжэзінскі ў “Wall Street Journal”. Ён мяркуе, што прыхільнікі трэцяга варыянту хочуць не раззбраеньня Іраку, а зьмены багдадзкага рэжыму, але яны, паводле Бжэзінскага, ня ўлічваюць доўгатэрміновых наступстваў аднабаковай акцыі. “Яны пачынаюць блытаць паняцьці “перавага” і “ўсясільле”, і няздольнасьць зразумець гэтую розьніцу можа спарадзіць дынаміку, якая стане небясьпечнаю дзеля доўгатэрміновага глябальнага лідэрства Амэрыкі”, – адзначае Бжэзінскі.

Ён заклікае зрабіць усё, каб запабегчы такому разьвіцьцю падзеяў. Дзеля гэтага ён раіць не ствараць уражаньня, што Вашынгтон выключае першы варыянт – добраахвотнае раззбраеньне Іраку – і на самой справе хоча толькі вайны. “Сьцьвярджаць, што Ірак хавае сваю зброю масавага зьнішчэньня, і не прадастаўляць ААН доказы гэтага – гэта зьмяншаць давер да ЗША”, – падкрэсьлівае Бжэзінскі. Ён прыгадвае, што моц пазыцыі Амэрыкі падчас карыбскага крызысу грунтавалася на відавочных доказах намеру Масквы разьмесьціць свае ракеты на Кубе. У сувязі з гэтым палітоляг вітае рашэньне ЗША прадаставіць інспэктарам ААН данныя выведкі аб ваенных праграмах Іраку.

Зараз важней, чым калі-небудзь, каб ЗША зрабілі ўсё магчымае дзеля ўмацаваньня даверу да сваёй пазыцыі”, – піша ў “Wall Street Journal” Зьбігнеў Бжэзінскі.
XS
SM
MD
LG