Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЛУЧАНЫЯ ШТАТЫ РЫХТУЮЦЦА ДА ВАЕННАЙ АПЭРАЦЫI СУПРАЦЬ РЭЖЫМУ САДАМУ ХУСЭЙНА


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

Перадусiм, прэса пiша, што ЗША выкарыстоўваюць уласны досьвед з ваенных дзеяньняў на Балканах i ў Афганiстане, дзе яны пераканалiся, наколькi карыснай можа стацца псыхалягiчная вайна i палiтычныя iнiцыятывы, скiраваныя на аслабленьне пазыцыяў ворага да пачатку бiтвы.

Брытанскi часапiс “Times” пiша пра некалькi спосабаў паслабленьня пазыцыяў Садама. Па-першае, ЗША пачалi рэалiзацыю праграмы ў падрыхтоўцы 5 тысячаў iрацкiх уцекачоў, якiя могуць дапамагчы амэрыканскiм войскам у Іраку. Таксама прадстаўнiкi ЗША вядуць перамовы зь iрацкiмi арганiзацыямi, якiя здольныя наладзiць дывэрсii да пачатку буйнамаштабных апэрацыяў. Дасьведчаныя крынiцы падаюць зьвесткi, што ЗША маюць кантакты з асобамi, якiя здольныя арганiзаваць рух супрацiву ў стылi другой усясьветнанай вайны, разбурыць iнфраструктуру i камунiкацыi. Прадстаўнiкi ЗША кажуць, што гэтыя дзеяньнi рыхтуюць глебу для буйнамаштабных ваенных апэрацыяў i нават вельмi магчыма, што гэтага будзе дастаткова для зьвяржэньня Садама без уварваньня ў Багдад.

Назiральнiкi цьвердзяць, што ўсе гэтыя дзеяньнi падштурхнулi Садама да актывiзацыi намаганьняў, скiраваных на падаўленьне магчымага мяцяжу. Асаблiва гэта тычыцца кантактаў iракцаў з замежнiкамi. У кастрычнiку Садам загадаў вярнуцца ў Ірак сем’ям замежных дыпляматаў. Гэта азначае, што сваякi будуць выкарыстаныя ў якасьцi закладнiкаў. У прэсе зьявiлiся паведамленьнi, што супрацоўнiкi спэцслужбаў Іраку выходзяць на кантакт з амэрыканскiмi ўрадоўцамi i абяцаюць, што калi пачнецца вайна, яны пяройдуць на бок амэрыканцаў. Але ўлады ў Вашынгтоне i Лёндане ставяць гэта пад сумнеў, бо, як сказаў адзiн з былых сябраў ураду ЗША, – нiхто ня хоча памiраць за некалькi месяцаў да таго, як ЗША вызваляць iхную краiну. І тым ня меней, прадстаўнiкi ўрадаў дзяржаваў-сябраў каалiцыi выказваюць надзею на тое, што адзiная вайна, якую iм давядзецца весьцi, завершыцца да пачатку рэальных ваенных дзеяньняў.
XS
SM
MD
LG