Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІРАК ВЫКАНАЕ РЭЗАЛЮЦЫЮ ААН


Сяргей Навумчык, Прага

У лісьце, накіраваным генэральнаму сакратару ААН Кофі Анану, ірацкі міністар замежных справаў Наджы Сабры паведаміў, што Ірак без усялякіх умоваў падпарадкуецца рэзалюцыі №1441, за якую прагаласавалі ўсе пятнаццаць сябраў Рады Бясьпекі ААН. Рэзалюцыя абавязвае Садама Хусэйна да пятніцы вырашыць пытаньне зь вяртаньнем у краіну вайсковых інспэктараў.

Прадстаўнік Іраку ў ААН Аль-Доўры наступным чынам пракамэнтаваў ліст міністра замежных справаў:

(Аль-Доўры: ) “У лісьце гаворыцца, што Ірак вырашыў пагадзіцца зь вяртаньнем інспэктараў, паколькі гэта абумоўлена ў рэзалюцыі. Мы абіраем заўсёды мірныя шляхі і сродкі, і гэта – частка нашай палітыкі ў справе абароны нашай краіны, нашай нацыі, абароны ад пагрозы вайны, якая зьяўляецца рэальнай”.

Тым часам прэзыдэнт ЗША Джордж Буш працягвае ціск на Садама Хусэйна, каб прымусіць яго выканаць рэзалюцыю ААН. У сераду Буш заявіў, што ЗША не дапусьцяць ніякага падману. Усялякі падман будзе расцэнены як парушэньне рэзалюцыі, што можа пацягнуць за сабой ужытак вайсковай сілы. У прыватнасьці, прэзыдэнт ЗША заявіў:

(Буш: ) “Я сказаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, што мы зацікаўленыя ў кансультацыях з ААН, але рэзалюцыя не перашкаджае нам зрабіць неабходныя дзеяньні, калі ўчынкі Садама Хусэйна будуць гэтага вымагаць. Мы спадзяемся, што ён раззброіцца. Мы спадзяемся, што ён прыслухаецца да сусьветнай супольнасьці. Яна сваё слова сказала”, – заявіў Джордж Буш.

Генэральны сакратар ААН Кофі Анан, які меў у сераду сустрэчу з Бушам у Вашынгтоне, паведаміў, што інспэктары ў справе кантролю над зброяй павінны прыбыць у Ірак ужо ў панядзелак. Праз тыдзень альбо два інспэктары пачнуць пошук зброі масавага зьнішчэньня. Яны запрошаныя афіцыйна ірацкім урадам, аднак ліст з Багдаду ў ААН ужо цяпер выклікае некалькі пытаньняў. Паводле рэзалюцыі, Ірак павінен забясьпечыць поўны доступ да 8 сьнежня да любых праграмаў, якія могуць мець дачыненьне да вытворчасьці хімічнай, біялягічнай альбо ядзернай зброі. Гэта тычыцца таксама любых рэчаў, якія могуць мець вайсковае прызначэньне – рэчы гэтак званага “падвойнага выкарыстаньня”, а таксама сродкаў іх абслугоўваньня.

Ірацкі прадстаўнік у ААН сказаў, што ягоная краіна ня мае ніякай зброі масавага зьнішчэньня. Але прадстаўнік Белага Дому Скот Мак-Кленан заявіў, што ЗША перакананыя ў наяўнасьці ў Іраку хімічнай і біялягічнай зброі, а таксама ў распрацоўках ядзернай зброі.

Аналітык вашынгтонскага Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў Энтані Кордэсман заявіў у інтэрвію нашаму радыё, што адміністрацыя Буша наўрад ці будзе расцэньваць нейкае нязначнае парушэньне рэзалюцыі як падставу для вайсковай апэрацыі. Алё ён дадаў, што Ірак ужо стаіць на мяжы сур’ёзнага парушэньня – ідзецца пра сьпіс узбраеньняў, які павінен быць пададзены да 8 сьнежня:

(Кордэсман: ) “Калі сьпіс мае істотныя прабелы, калі ён сфальсыфікаваны, як здаралася ў мінулым – гэта, фактычна, дэклярацыя вайны”.

Аналітык Энтані Кордэсман акцэнтуе ўвагу на выказваньні Джорджа Буша пра гатоўнасьць весьці кансультацыі з ААН, але пачаць дзейнічаць, калі ААН апынецца бездапаможнай.
XS
SM
MD
LG