Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ЧАС НАГАДАЦЬ ІРАКУ, ШТО ЁН МУСІЦЬ ПАДПАРАДКАВАЦЦА”


Сяргей Шупа, Прага

Міністар абароны ЗША Доналд Рамсфэлд, дзяржаўны сакратар Колін Паўэл, дарадніца прэзыдэнта ў справах нацыянальнай бясьпекі Кандаліза Райс правялі адмысловую нараду з мэтай перагляду амэрыканскага праекту рэзалюцыі ў справе Іраку. Як паведамляе ананімная афіцыйная асоба, у гэтай сустрэчы таксама бралі ўдзел старшыня Аб’яднанага Камітэту Начальнікаў Штабоў генэрал Рычард Маерс, дырэктар ЦРУ Джордж Тэнэт і кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Эндру Кард.

Новая вэрсія рэзалюцыі мае зьявіцца найбліжэйшымі днямі.

Дыпляматычныя намаганьні, прыкладзеныя Злучанымі Штатамі пасьля Бушавай прамовы ў сярэдзіне верасьня, калі ён заклікаў ААН да акцыі супраць Іраку, прывялі да “істотнага зьмяншэньня рознагалосьсяў у Радзе Бясьпекі”, – заявіў прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту Рычард Баўчэр і дадаў, што галасаваньне мае адбыцца адразу пасьля таго, як ААН атрымае адрэдагаваны нанова тэкст рэзалюцыі. На думку некаторых амэрыканскіх палітыкаў, гэта можа адбыцца ўжо ў чацьвер.

Тым часам Францыя і Расея – два ўдзельнікі Рады Бясьпекі ААН з правам вэто – заявілі, што выступяць супраць любой ініцыятывы, якая б дала Злучаным Штатам зялёнае сьвятло на ўжыцьцё сілы супраць рэжыму Садама Хусэйна.

Злучаныя Штаты і Вялікая Брытанія лічаць, што Багдад мусіць быць гатовы да сур’ёзных наступстваў у выпадку нязгоды з новым парадкам ААНаўскіх інспэкцыяў, скіраваных на пазбаўленьне Іраку біялягічнай і хімічнай зброі.

Пяты сталы ўдзельнік Рады Бясьпекі – Кітай – пакуль што адмаўляецца ясна выказаць сваю пазыцыю наконт падтрымкі магчымай акцыі супраць Іраку.

“Настаў час вырашаць. Час прыняць рэзалюцыю. Час даведацца думку Рады Бясьпекі. Час нагадаць Іраку, што ён мусіць падпарадкавацца”, – заявіў Баўчэр.

Тым часам прэзыдэнт Буш зноў папярэдзіў, што калі Садам не раззброіцца, а “Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў ня знойдзе ў сабе дастаткова рашучасьці, каб выканаць свае абавязкі”, дык ён зьбярэ кааліцыю, каб пазбавіць Ірак ад хімічнай і біялягічнай зброі.

Джордж Буш вінаваціць Ірак у распрацоўцы зброі масавага зьнішчэньня і ў парушэньні рэзалюцыяў ААН, прынятых у выніку вайны ў Пэрсыдзкай затоцы, якую вёў супраць Іраку бацька цяперашняга прэзыдэнта Джордж Буш-старэйшы.

Аднак калі Бушу-бацьку ўдалося тады сабраць шырокую міжнародную кааліцыю, улучна з арабскімі краінамі, для выгнаньня ірацкага войска з Кувэйту, цяперашняму прэзыдэнту даводзіцца прыкладаць нямала намаганьняў, каб дамагчыся падтрымкі ў магчымай сілавой акцыі супраць Іраку. Дараднікі Буша-малодшага дагэтуль ня ў стане сказаць – якія краіны гатовыя сёньня разам са Злучанымі Штатамі распачаць барацьбу за ліквідацыю рэжыму Садама Хусэйна.
XS
SM
MD
LG