Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З УЧОРАШНЯГА ВЕЧАРА Ў МАСКВЕ ЎСЕ ПРАВААХОЎЧЫЯ ОРГАНЫ ПЕРАВЕДЗЕНЫЯ Ў РЭЖЫМ УЗМАЦНЕНЬНЯ


Любоў Лунёва, Менск

Яўген Гільдзееў, кіраўнік аддзелу гарадзкога ўпраўленьня ўнутраных справаў Масквы, паведаміў Радыё Свабода:

(Гільдзееў: ) “Злачынства ўчыненае ўчора а 9-й гадзіне вечара. Калі прадстаўнікі сілавых структураў прыбылі на месца, быў створаны апэратыўны штаб. Яго ўзначальвае намесьнік дырэктара Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі. Задача супрацоўнікаў міліцыі — забесьпячэньне грамадзкага парадку на тэрыторыі каля Дому культуры. Яны сочаць, каб у зоне абстрэлу не было цывільных асобаў, выпадковых цікаўных.

Міліцыянты намагаюцца не пускаць у зону абстрэлу прэсу. Былі ўжо прэцэдэнты. Уначы мы чулі стрэлы. Кожны можа трапіць пад абстрэл. Супрацоўнікі міліцыі заблякавалі тэрыторыю. Ад учорашняга вечара з 23-й гадзіны на тэрыторыі Масквы ўведзены сыгнал “Навальніца”. Увесь асабісты склад міліцыі пераведзены на нясеньне службы ва ўзмоцненым рэжыме”.

Паколькі ў будынку ўтрымліваюць каля сямі соцень закладнікаў, усю ноч на плошчу імкнуліся трапіць іх родныя. Ля плошчы адкрылі пункты псыхалягічнай дапамогі. Зь людзьмі працуюць спэцыялісты.

Супрацоўнікам ФСБ і міліцыі забаранілі размаўляць з журналістамі наконт правядзеньня апэрацыі. Кіраўнікі маскоўскай міліцыі скардзяцца, што журналісты іх ужо раздражняюць. Але галоўнай прычынай маўчаньня яны называюць тое, што тэрарысты сочаць за тым, як СМІ асьвятляюць гэтую падзею, могуць скарыстаць інфармацыю і зрэагаваць нейкім чынам супраць закладнікаў.

Ва ўпраўленьні ўнутраных справаў Паўднёва-Ўсходняй акругі, на тэрыторыі якога знаходзіцца ДК з закладнікамі, нам паведамілі, што ўвесь асабісты склад нясе службу на вуліцах. У будынку толькі чацьвёра супрацоўнікаў дзяжурнай часткі і прадстаўніца прэсавай службы Вольга Кулікова, якая патлумачыла, што яе задача — таксама не даваць ніякіх зьвестак журналістам, а адсылаць іх у гарадзкую ўправу міліцыі Масквы.
XS
SM
MD
LG