Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКІЯ ПАЛІТЫКІ АСУДЖАЮЦЬ ДЗЕЯНЬНІ ТЭРАРЫСТАЎ І ЗАКЛІКАЮЦЬ МАСКВУ СПЫНІЦЬ ВАЙНУ Ў ЧАЧЭНІІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Усе беларускія палітыкі, з кім удалася сёньня зьвязацца, былі пад уражаньнем ад захопу закладнікаў у Маскве. Кіраўнік сацыял-дэмакратычнай “Народнай грамады” Мікола Статкевіч асуджае дзеяньні тэрарыстаў, аднак лічыць, што, каб пазьбегнуць такіх актаў у будучыні, кіраўніцтва Расеі мусіць спыніць вайну ў Чачэніі:

(Статкевіч: ) “Безумоўна, гэта вельмі страшна, калі сотні ні ў чым не вінаватых людзей, што прыйшлі адпачыць, апынуліся ў закладніках. Безумоўна, гэтая падзея яшчэ раз падкрэсьлівае, што ў цяперашніх варунках чачэнскі канфлікт мае толькі мірнае вырашэньне. Адной мэты гэтыя тэрарысты ўжо дасягнулі — яны паказалі, што чачэнская вайна прыйшла ў Маскву. Пакуль будзе ісьці гэтая вайна, расейцы ня будуць адчуваць сябе ў бясьпецы ў ніводнай кропцы Расеі”.

Гэтую думку падзяляе й намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “Натуральна, я асуджаю мэтады захопу закладнікаў. Невінаватыя людзі не павінныя цярпець з-за таго, што ў Чачэніі ідзе вайна. Але зь іншага боку, эскаляцыя гвалту ў Чачэніі непазьбежна прыводзіць да пераносу гэтага гвалту на тэрыторыю Расеі. Непасрэдна гэтая акцыя не прывядзе да спыненьня вайны. Кіраўніцтва Расеі ня пойдзе на тое, каб прадэманстраваць сваю слабасьць перад ультыматумам тэрарыстаў”.

Былы сьпікер Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб лічыць, што якія б высокія мэты ні ставілі чачэнцы, гэта не апраўдвае тэрарызму:

(Грыб: ) “Калі група ўзброеных людзей па той, ці іншай прычыне бярэ ў закладнікі некалькі соцень чалавек — гэта вельмі небясьпечная справа. Я не падтрымліваю дзеяньні кіраўніцтва Расеі ў Чачэніі, але не лічу, што гэтыя дзеяньні даюць падставу баевікам захапляць людзей, якія ня маюць да вайны ніякага дачыненьня”.

Дэпутат палаты прадстаўнікоў Іван Пашкевіч лічыць, што Расеі трэба неадкладна спыніць чачэнскую вайну:

(Пашкевіч: ) “Тое, што адбываецца ў Маскве, гэта вельмі непрыемны выпадак. Для мяне на гэты момант няважна, чым кіруюцца тэрарысты захапіўшы людзей. Так дзейнічаць недапушчальна. Уся міжнародная супольнасьць павінная разважаць над пытаньнямі, якія нараджаюць такі тэрарызм. Натуральна, гэта вайна ў Чачэніі. Гэтае пытаньне мусіць быць вырашана станоўча і вайна спыненая”.
XS
SM
MD
LG