Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДЫРЭКТАР ЦРУ РАІЦЬ НЕ ПРАВАКАВАЦЬ САДАМА ХУСЭЙНА


Алесь Грыневіч, Прага

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш кажа, што ірацкі лідэр Садам Хусэйн ёсьць пагрозай для Злучаных Штатаў, нягледзячы на выснову дырэктара ЦРУ, што Садам ня будзе ўжываць зброю масавага зьнішчэньня, калі яго не правакаваць. Учора на брыфінгу ў Белым Доме журналісты запыталіся: чаму прэзыдэнт Буш пагражае вайной супраць Іраку, калі нават дырэктар ЦРУ лічыць, што Садам можа выкарыстаць у адказ хімічную ці біялягічную зброю. Вось што адказаў прэсавы сакратар амэрыканскага прэзыдэнта Ары Фляйшэр.

(Фляйшэр: ) “Калі Садам Хусэйн трымае пісталет каля вашай скроні, нават калі ён кажа, што ўвогуле ня мае пісталету, ці можаце вы сябе адчуваць у бясьпецы?”

Ліст дырэктара ЦРУ ўчора актыўна абмяркоўваўся падчас дэбатаў у Кангрэсе ЗША. Ён стаў аргумэнтам для тых заканадаўцаў, якія выступаюць супраць рэзалюцыі, што надае прэзыдэнту Бушу права весьці вайну супраць Іраку. Частка кангрэсмэнаў кажа, што вайна не абароніць амэрыканскі народ, але наадварот – павялічыць небясьпеку з боку Садама Хусэйна.

Рэзалюцыя, якая цяпер абмяркоўваецца ў Кангрэсе, дазволіла б Бушу рабіць любыя захады супраць Іраку, у тым ліку і ваенныя, калі ААН ня здолее рэалізаваць уласныя рэзалюцыі і пазбавіць Ірак зброі масавага зьнішчэньня. Паводле рэзалюцыі, Буш павінны паведаміць Кангрэсу за 48 гадзінаў аб пачатку ваенных дзеньняў і афіцыйна засьведчыць, што ўсе дыпляматычныя альтэрнатывы вайне скарыстаныя.

Сам Буш заявіў учора, што ЗША мусяць дзейнічаць хутка менавіта таму, што Садам Хусэйн мае зброю масавага зьнішчэньня і будуе новую.

(Буш: ) “Калі ён не раззброіцца і калі ААН ня будзе дзейнічаць, тады, дзеля нашае свабоды, мы, а за намі іншыя краіны, што любяць свабоду ня меней за нас, пойдзем і раззброім яго. Мы абавязаныя гэта зрабіць для нашых дзяцей. У нашай краіне мы любім мір, і калі мы бачым пагрозы міру, мы зь імі разьбіраемся мэтанакіравана, спакойна, лягічна і, калі трэба, жорстка”.

Нягледзячы на спрэчкі сярод заканадаўцаў, чакаецца, што абедзьве палаты амэрыканскага Кангрэсу прымуць новую рэзалюцыю. Буш кажа, што яна надасьць больш рашучасьці ААН у дзеяньнях супраць Іраку. ЗША і Вялікая Брытанія прапануюць рэзалюцыю Рады бясьпекі, якая б дазволіла ўжыць сілу, калі Ірак не забясьпечыць збройным інспэктарам ААН поўны доступ да любых аб’ектаў. Францыя, аднак, прапануе пакуль прыняць рэзалюцыю без пагрозаў і абмяркоўваць ужыцьцё сілы потым, калі Ірак парушыць абяцаньні перад ААН, як гэта было раней. Расея падрымлівае францускую прапанову. Гэтыя чатыры краіны, як сталыя сябры Рады бясьпекі, маюць права вэта на любыя рашэньні. Аналітыкі кажуць, што пяты сябра Рады бясьпекі – Кітай – хучэй за ўсё ўстрымаецца пры любым галасаваньні.
XS
SM
MD
LG