Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІРАК І ІРАН — ПРЫЯРЫТЭТЫ БЕЛАРУСКАЙ ЗАМЕЖНАЙ ПАЛІТЫКІ


Валер Каліноўскі, Менск

Як звычайна, Аляксандар Лукашэнка асабіста прымае гасьцей з Багдаду і Тэгерану. Учора, сустракаючыся зь віцэ-прэм’ерам Іраку, міністрам вайсковай прамысловасьці Абдалам Хувэйшам, ён адкрыта выступіў на баку Багдаду і назваў прэтэнзіі міжнароднай супольнасьці да гэтай краіны “беспадстаўнымі і недаказанымі”.

Пасьля гэтай сустрэчы, паводле інфармацыі МЗС Беларусі, ірацкі міністар вайсковай прамысловасьці меў культурную праграму, а сёньня на цэлы дзень накіраваўся ў Бярэзінскі запаведнік.

На думку апазыцыйнага палітыка Яраслава Раманчука, вельмі сумнеўна, каб падобныя выправы мог сабе дазволіць міністар вайсковай прамысловасьці краіны, якая стаіць перад пагрозай паўнамаштабнай вайны:

(Раманчук: ) “Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што гаворка ня йдзе пра чыста эканамічныя адносіны. Гаворка йдзе пра вайсковае супрацоўніцтва, пра дастаўку нейкіх кампанэнтаў сыстэмаў супрацьпаветранай абароны альбо іншай тэхнікі. І мяркую, што тут Беларусь можа выступаць пасярэднікам паміж Іракам і групамі інтарэсаў, якія прадстаўляюць Расея і нават Украіна, таму што гэтыя краіны вельмі дбаюць аб сваёй міжнароднай рэпутацыі. Беларусі ж, як кажуць, губляць няма чаго. І Лукашэнка хоча выкарыстаць вельмі складанае становішча Іраку, зарабіць грошай і паказаць, што ён можа насуперак усім знайсьці свой вэктар у замежнай палітыцы”.

Надзіва доўгі — шасьцідзённы — візыт ірацкага віцэ-прэм'’ера вонкава носіць выразна гуманітарны характар: наведваньне шпіталяў, прадпрыемстваў мэдычнай прамысловасьці, аб’ектаў сацыяльнай сфэры. Разам з гэтым і сам спадар Хувэйш, і ягоны калега па перамовах Леанід Козік актыўна адмаўляюць, што абмяркоўваецца тэма ўзбраеньня і вайсковай каапэрацыі.

Візыт у Менск гасьцей з Багдаду супаў з наведваньнем Беларусі дэлегацыяй Ірану на чале зь міністрам гандлю Махамадам Шарыятмадары. Дэлегацыя ўдзельнічае ў паседжаньні беларуска-іранскай камісіі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Таксама як і ірацкі віцэ-прэм’ер, міністар гандлю Ірану Махамад Шарыятмадары вызначыў Беларусь як “вельмі сяброўскую краіну”. Адмыслова да гэтага візыту ў Менску была была адкрытая Нацыянальная іранская выстава.

Паводле намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Васіля Пугачова, Беларусь зацікаўленая ў сумесных праектах з Іранам у галіне машынабудаваньня, электронікі, стварэньня ў Іране сваіх зборачных вытворчасьцяў:

(Пугачоў: ) “Перш за ўсё даўно вядзецца прапрацоўка па лініі трактарнага заводу, у справе стварэньня зборачнай вытворчасьці менскіх трактараў. На такі ж канструктыўны ўзровень выходзяць намеры іранскага боку ў галіне зборкі МАЗаў. Гэта два асноўныя прадпрыемствы, якія вядуць сур’ёзныя перамовы, хаця ў іх ёсьць таксама намеры што да “Інтэгралу”, “Белмікрасыстэмаў” ды іншых прадпрыемстваў”.

Цяперашні візыт міністра Махамада Шарыятмадары разглядаецца як адзін з этапаў падрыхтоўкі візыту ў Беларусь прэзыдэнта Ірану Махамада Хатамі. Паводле Васіля Пугачова, гэты візыт, хутчэй за ўсё, адбудзецца ў наступным годзе.

Як паведамляюць у МЗС, за апошняе дзесяцігодзьдзе таваразварот Беларусі і Ірану вырас з 89 тысяч даляраў ЗША ў 1993 годзе да 38,7 мільёнаў — у 2001-м. На такім жа ўзроўні беларускі таваразарот і з Іракам.

Гэтыя ня надта буйныя лічбы сьведчаць, што ў рэальнасьці агульных эканамічных інтарэсаў з Іракам і Іранам і Беларусь ня мае, — лічыць незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Я думаю, што гэтыя кантакты не адпавядаюць лёгіцы нейкіх рынкавых стратэгічных рашэньняў, гэта проста спроба знайсьці адказы на нейкія эканамічныя пытаньні, праблемы ў кантэксьце канфлікту з сусьветнай супольнасцю, які прыбліжаецца. Гаворка не йдзе пра мэдычнае абсталяваньне, нейкія там пастаўкі, вельмі мізэрныя, а пра тое, каб, відаць, вывезьці нейкія капіталы, разьмеркаваць іх у Беларусі ці падрыхтавацца да працы ў рэжыме эмбарга і больш жорсткага канфлікту Іраку са ЗША і сусьветнай супольнасьцю”.

На думку Яраслава Раманчука, пазыцыя Беларусі ў адносінах да Ірану і Іраку ёсьць выклікам Захаду і міжнароднай супольнасьці, якая лічыць рэжымы ў Багдадзе і Тэгеране недэмакратычнымі й нават злачыннымі.
XS
SM
MD
LG