Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ПАТРАБУЮЦЬ ПАШЫРЫЦЬ ПАЎНАМОЦТВЫ ІНСПЭКТАРАЎ ААН У ІРАКУ


Юры Дракахруст, Прага

Ірацкія прадстаўнікі паведамілі, што першыя групы інспэктараў могуць прыбыць у краіну ўжо праз два тыдні. Багдад пагадзіўся аднавіць інспэкцыі на ўмовах, вызначаных папярэднімі рэзалюцыямі Рады бясьпекі ААН. Паводле гэтых дакумэнтаў, агляду без папярэджаньня не падлягаюць 8 палацаў прэзыдэнта Хусэйна. Размова ідзе пра велізарныя пабудовы, у якіх можна хаваць зброю масавага зьнішчэньня.

Прадстаўнікі ААН і шэрагу краінаў, у тым ліку Расеі, віталі саступкі з боку Іраку. Аднак ЗША лічаць гэтыя крокі Багдаду недастатковымі. Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл заявіў: “Нас не задаволяць ірацкія паўсаступкі, ірацкія кампрамісы, якія ўцягнуць ААН у тую ж дрыгву, у якой яна была ў 1998 годзе. Мы пераканаліся, што ціск зьяўляецца дзейсным. Мы зьбіраемся працягваць яго, мы зьбіраемся працаваць з нашымі партнэрамі ў Радзе бясьпекі, каб прыняць новае рашэньне”.

Сутнасьць гэтага новага рашэньня, новай рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН, якую прапануе ЗША, палягае ў скасаваньні любых абмежаваньняў на працу інспэктараў у Іраку. Амэрыканскі праект рэзалюцыі прадугледжвае ўжываньне сілы супраць Іраку, калі Багдад не пагодзіцца на неабмежаваныя інспэкцыі. Дзяржсакратар Паўэл заклікаў не накіроўваць у Ірак інспэктараў да тае пары, пакуль гэтая новая, больш жорсткая рэзалюцыя ня будзе прынятая.

Як паведаміла “Washington Post”, Садам Хусэйн, са свайго боку, заявіў, што Ірак перагледзіць сваё ўчорашняе рашэньне і ўвогуле адмовіцца дапускаць інсэктараў ААН у краіну, калі ўмовы іх працы будуць вызначацца новай, больш жорсткай рэзалюцыяй Рады бясьпекі ААН.

Аднак пакуль невядома, ці будзе гэты дакумэнт увогуле прыняты. Прапанова ЗША, падтрыманая Вялікабрытаніяй, пакуль не знаходзіць падтрымкі з боку іншых сталых сябраў Рады бясьпекі ААН – Кітаю, Расеі і Францыі. Кожная з гэтых краінаў можа заблякаваць прыняцьцё новай рэзалюцыі.
XS
SM
MD
LG