Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ПАЛІТЫЧНЫХ КОЛАХ ЗША АЖЫВІЛІСЯ ДЭБАТЫ Ў СПРАВЕ АТАКІ НА ІРАК


Кастусь Бандарук, Прага

Хаця пераважная большасьць амэрыканцаў падтрымлівае рашучыя крокі супраць Іраку, аднак пра аднадумства ў грамадзтве нельга гаварыць. З крытыкай ваенных плянаў Буша выступілі ўплывовыя вайскоўцы і дэмакраты ў Кангрэсе, улучна з былым віцэ-прэзыдэнтам Альбэртам Горам. Прамаўляючы ў панядзелак у Сан-Францыска, Гор выступіў з найбольш жорсткай крытыкай Джорджа Буша з часу прэзыдэнцкіх выбараў амаль 2 гады таму. Гор заявіў, што пляны атакі на Ірак могуць пашкодзіць асноўнай задачы – вайне з тэрарызмам. На ягоную думку, засяроджваючыся на Багдадзе, Буш хоча адвярнуць увагу ад бясплённага паляваньня на кіраўніцтва Талібану і Аль-Кайды ў Афганістане, улучна з Усамам Бін Ладэнам: “Я ня думаю, што мы можам сабе дазволіць ухіляцца ад асноўнага заданьня (барацьбы з тэрарызмам) толькі з тае прычыны, што яна аказалася нашмат цяжэйшай і працяглай, чым раней меркавалася. Вялікія краіны настойлівыя, і таму яны перамагаюць. Яны ня скачуць ад аднаго незавершанага заданьня да другога”.

Аднак, на думку Джэймса Ліндсэя з Брукіскага Інстытуту, пазыцыю Альбэрта Гора не падзяляюць многія ўплывовыя дэмакраты ў Кангрэсе, напрыклад, напарнік Гора на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах Джозэф Лібэрман і магчымы кандыдат у наступных выбарах сэнатар Джон Кэры. Пасьля прамовы Буша ў ААН зьмяніў думку праціўнік вайны з Іракам, лідэр дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце Том Дашл. Несумненна, усе яны таксама ўлічваюць настроі ў грамадзтве, асабліва перад выбарамі. Аб рознагалосьсях сярод дэмакратаў ведае і Джордж Буш, які на рэпліку Гора адрэагаваў наступным чынам: “Я ўпэўнены, што тут, у Вашынгтоне, ёсьць многія дэмакраты, якія разумеюць пагрозу з боку Садама для Амэрыкі. І я хачу працаваць зь імі над тым, каб моцная рэзалюцыя была прынятая”.

Такім чынам, у часе галасаваньня над рэзалюцыяй аб пашыраных паўнамоцтвах Джорджа Буша большасьць кангрэсмэнаў хутчэй пойдуць насустрач прэзыдэнту. Справа ў тым, што прамовай у ААН Джордж Буш выбіў у дэмакратаў іхны асноўны козыр: што недапаушчальная аднабаковая акцыя ЗША супраць Іраку. Буш сказаў, што будзе дзейнічаць ў аднабаковым парадку толькі тады, калі ААН ня здолее прымусіць Багдад выканаць рэзалюцыі Рады Бясьпекі. На думку Джэймса Ліндсэя, дэмакраты маюць невялікае поле для манэўру: “Прамова Гора не азначае, што дэмакраты кінулі выклік астатняму Кангрэсу. Праўда такая, што адміністрацыя Буша ставіць справу наступным чынам: вы падтрымліваеце нас, ці вы супраць вайны з тэрарызмам. І гэта азначае палітычны ціск на дэмакратаў”.

Зараз ажыўленыя дэбаты ў Кангрэсе разгортваюцца не вакол пытаньня, ці наагул прыступаць да вайны, але ці прыступаць самастойна ці разам з саюзьнікамі. У панядзелак, выступаючы ў камітэце Ўзброеных сілаў, такія вось засьцярогі выказалі чатыры вышэйшыя генералы. Ніхто зь іх ня быў супраць вайны, але тры генэралы заклікалі Буша да стрыманасьці. Паводле адстаўнога генэрала Вэсьлі Кларка, сьпярша патрэбныя дыпляматычныя захады, каб заручыцца зьнешняй падтрымкай для ваеннай апэрацыі. Кларк лічыць, што трэба зрабіць так, каб арабскія краіны не ўспрымалі ЗША як агрэсара. Таксама пазыцыя ААН магла б схіліць памяркоўныя арабскія краіны да падтрымкі ЗША: “Каб пазьбегнуць нэгатыўнай рэакцыі, апэрацыю трэба зьвязаць зь міжнароднымі інстытутамі і падтрымкай краінаў у рэгіёне. Тады, пасьля памыснага заканчэньня апэрацыі ў Іраку, Аль-Кайда будзе мець менш магчымасьцяў вэрбаваць новых сябраў, лягчэй будзе дасягнуць урэгуляваньня араба-ізраільскага канфлікту і падаахвочваць да мірнай дэмакратызацыі шэраг памяркоўных арабскіх урадаў”.

На думку аналітыкаў, зараз пытаньне стаіць такім чынам: на колькі рэзкая будзе рэзалюцыя Кангрэсу. Мяркуецца, што той законапраект, які Белы Дом прадставіў на разгляд Кангрэсу, будзе толькі трохі зьмякчаны, але Буш у асноўным атрымае тое, што хацеў. Некаторыя выказваюць думку, што ў выніку, Джордж Буш можа атрымаць такія ж паўнамоцтвы, як прэзыдэнт Джонсан у 1964 годзе, калі ён прыступаў да вайны ў Віетнаме.
XS
SM
MD
LG