Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САДАМ ГУСЭЙН СТВАРЫЎ САКРЭТНУЮ СЕТКУ НАБЫЦЬЦЯ ЎЗБРАЕНЬНЯЎ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Перад тым як у 1991 годзе Ірак прайграў вайну ў Пэрсыдзкай затоцы, вялікая колькасьць безназоўных прадпрыемстваў, аб'яднаных у вытворчы комплекс “Бадр”, працавала над праектаваньнем і стварэньнем ядзернай бомбы.

У той час Ірак прызнаваў наяўнасьць такога цэнтру ў 20 мілях ад Багдаду. Там працавалі групы адмыслоўцаў, якія стваралі кампанэнты, прызначаныя для ядзернай зброі, а ракетныя тэхнікі працавалі над мадыфікацыяй і стварэньнем ракетаў, якія, як яны спадзяваліся, будуць несьці ядзерныя боегалоўкі.

Пасьля таго, як Ірак капітуляваў перад сіламі саюзьнікаў, “Бадр” (так як і дзяржаўныя прадпрыемствы ваеннага міністэрства) мусіў быць зачынены і правераны, паводле рэзалюцыі ААН у справе скасаваньня ірацкіх магчымасьцяў стварэньня зброі масавага зьнішчэньня. Але навукоўцы і кіраўнікі “Бадр” атрымалі іншы загад ад прэзыдэнта Садама Гусэйна.

Тое, што там адбываецца сёньня, хвалюе ЗША і Вялікую Брытанію. Неспакой выклікаюць далейшыя намаганьні ірацкага прэзыдэнта сабраць навукоўцаў і стварыць кампанэнты ядзернай зброі. Гэта пацьвярджаецца візытам прадстаўнічай дэлегацыі супрацоўнікаў “Бадру” на менскае прадпрыемства “Белбудімпэкс” у ліпені 1995 году.

Візыторы прывезьлі з сабой сьпіс, паводле якога яны меліся набыць станкі для рэзкі алмазаў, стварэньня парашковых мэталаў і антыкаразійных спрэяў – усяго таго, што патрэбна для стварэньня ядзернай зброі і балістычных ракетаў.

Дэлегацыя хавала свае сьляды. Візыт быў сакрэтным, а патаемныя дамовы былі падпісаныя бязь ведама Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Далей Ірак шмат зрабіў, каб вывесьці гэтыя набыткі з-пад ААНаўскіх санкцыяў. Закупленыя рэчы былі высланыя ў краіну празь ярданскі вольны порт Акваба і пасьля прывозу іх у Ірак пасьпяхова схаваныя.

Ірацкія дачыненьні зь “Белбудімпэксам” не былі ўнікальнымі. Паводле збройных інспэктараў і незалежных дасьледчыкаў, цягам апошніх двух гадоў беларускі кірунак быў толькі невялічкай часткай інтэнсіўных спробаў кампаніяў і арганізацыяў, зьвязаных зь ірацкім ваенным міністэрствам, набыць забароненыя тэхналёгіі і матэрыялы ў больш як тузіне іншых краінаў.

Паводле дыпляматычных крыніцаў, беларускі кірунак быў працягнуты два месяцы таму, калі Менск наведаў ірацкі прадстаўнік прэм’ер-міністра і ваеннага міністэрства Абдул Таўаб Мула Хавэіш, які ў часе візыту падпісаў новую дамову пра навукова-тэхнічны абмен паміж дзьвюма краінамі.

У 1998 годзе збройныя інспэктары ААН былі выгнаныя з Іраку. Але перад тым яны знайшлі на гарматным заводзе прывезеныя зь Беларусі станкі з маркіроўкай “Рэспубліка Беларусь, Віцебскі машынабудаўнічы завод”. Тады ірацкія тэхнікі ўсталёўвалі 14 такіх станкоў для вытворчасьці 75-мілімэтровых лінзаў для ўжываньня ў ваеннай галіне.

Ірацкія дачыненьні зь Беларусяй – найбольш выразны доказ таго, што Ірак усё яшчэ працягвае патаемную праграму набыцьця. Гэта, вядома, ня сьведчыць, што Садам Гусэйн ужо мае радыёактыўныя матэрыялы, але гэта паказвае, што Ірак працуе ў такім накірунку.

Ёсьць цьвёрдыя доказы, што цягам дзесяцігодзьдзя пасьля заканчэньня вайны ў Затоцы Садам Гусэйн праз складаную сетку кампаніяў і пасярэднікаў хутка аднавіў свае сакрэтныя гандлёвыя сувязі ў рэгіёне ад Вялікай Брытаніі да Ўсходняй Эўропы, Паўднёва-Ўсходняй Азіі і Афрыкі.

Ірацкія агенты актыўна працавалі ва Ўкраіне, Расеі, Румыніі і былой Югаславіі. Яны былі заўважаныя ў Конга, Кеніі, Ярданіі і Сірыі, у Малайзіі і Інданэзіі. Іхныя намаганьні не заўсёды давалі плён. Тым часам, некаторыя аналітыкі прыватным чынам кажуць пра тое, што хаатычныя дзеяньні шпіёнскай сеткі Саддама Гусэйна патыхаюць адчаем. Але ягоная ўпартасьць сур’ёзна хвалюе Злучаныя Штаты й Вялікую Брытанію.

“Занадта шмат непрыемнага шуму за кулісамі,” – сказаў адзін эўрапейскі дыплямат. “Адбываюцца шматлікія спробы Іраку набыць. Пераважна яны бясплённыя, але хвалюе тое, што колькасьць зьвестак падобнага кшталту павялічваецца. Яны былі раней і яны ёсьць цяпер. Яны сталыя ад часу заканчэньня вайны ў Затоцы. Яны ня сьведчаць пра тое, што зьявілася нейкая бомба ці новая ракетная сыстэма, але гэта выразны доказ, што яны хочуць іх атрымаць”.

Высокапастаўлены брытанскі дыплямат сказаў, што вялікі неспакой выклікаюць адносіны паміж Іракам і Ўкраінай ды Беларусяй, якія пацяплелі ў апошнія некалькі месяцаў. Тут назіраецца рост актыўнасьці і ўзаемных візытаў. Дыплямат сказаў, што бачыў паведамленьні з розных крыніцаў, у тым ліку і ад выведнікаў, пра ваенныя дамовы паміж гэтымі дзьвюма краінамі і Іракам. Адзін з тых, хто глыбока дасьледаваў тэму Беларусі і Ўкраіны – Цім Макарты, былы супрацоўнік адмысловай камісыі ў справе Іраку. На працягу 1994-99 гадоў ён удзельнічаў у 13 ААНаўскіх місіях у Іраку ў якасьці галоўнага інспэктара групы дасьледаваньня ракетаў. Цяпер ён старшы аналітык Цэнтру Нераспаўсюджаньня ў ЗША, які займаўся ірацка-беларускімі сувязямі.

“Беларусь вельмі хвалюе мяне зь некалькіх прычынаў. Адна зь іх – ірацкія дачыненьні зь менскім трактарным заводам. Агульнавядома, што там вырабляюць трактары. Але там таксама вырабляюць пускавыя ракетныя ўстаноўкі для Пакістану. Гэткім чынам, Беларусь становіцца галоўным пастаўшчыком такіх установак”. Паводле Макарты, Беларусь мае шматлікія пагадненьні зь Іракам. “Абсталяваньне, якое Беларусь пагадзілася пастаўляць Іраку, – кажа ён, – будзе разглядацца як рэальная праблема ў справе нераспаўсюджаньня ядзернай зброі”. Сярод іншага, што найбольш хвалюе Макарты – адмысловыя паточныя лініі для распыленьня антыкаразійных рэчываў на кампанэнты, якія ўжываюцца ў зброі масавага зьнішчэньня.

“Гэта вельмі непакоіць адмыслоўцаў, і мы маем у гэтай справе дакумэнтальныя сьведчаньні. Гэтыя паточныя лініі Ірак ня можа набыць легальна ў сувязі з санкцыямі ААН супраць рэжыму Гусэйна”.

Начале ірацкага сакрэтнага гандлю стаіць Абдул Таўаб Мула Хавэіш – жылісты вусаты ваенны чыноўнік, якому пад 50 гадоў. Ён займае пасаду віцэ-прэм’ера і зьяўляецца адной з самых важных асобаў рэжыму Садама Гусэйна. Яго можна ўбачыць амаль на ўсіх фотаздымках ірацкага дыктатара, якія тыражуюць сродкі масавай інфармацыі краіны.

Хавэіш быў найбольш заўважнай фігурай у ірацкіх дэлегацыях у Беларусі. Менавіта ягонае міністэрства пры папярэднім кіраўніку займалася масавымі сакрэтнымі закупкамі ў 1980-х гадох. Адзінае адрозьненьне (паводле інспэктараў, якія спрабавалі разблытаць новую гандлёвую праграму Іраку) – зьмена назваў кампаніяў і дзяржаваў, гатовых мець справу з Іракам.

Адна з найлепшых ацэнак ірацкіх намаганьняў у сакрэтным гандлі была дадзеная амэрыканскім збройным інспэктарам Скотам Рытарам. Нягледзячы на тое, што Рытар зьяўляецца адным з найбольш жорсткіх крытыкаў ірацкай палітыкі прэзыдэнта Буша, ён адзначыў шлях, якім Ірак набывае забароненыя кампанэнты. Гэта робіцца праз афіцыйных пакупнікоў – кампаніі, што знаходзяцца ў Ярданіі, Сірыі, Малайзіі і іншых краінах.

“Мы, – сказаў Рытар, маючы на ўвазе збройных інспэктараў ААН, – у 1997 і 1998 гадох дасьледавалі інфармацыю пра тое, што Ірак цесна кантактаваў з урадам Сырыі, каб ужываць сырыйскія гандлёвыя каналы з Беларусяй, Украінай і Расеяй. Праз гэтыя каналы сырыйцы набывалі ваенныя тэхналёгіі, абсталяваньне і іншыя сродкі, а потым усё гэта, у сакрэтны спосаб, за нафту перадавалі Іраку”.

Сярод кампаніяў, якія імкнуліся да падазроных кантрактаў, гандлёвыя кампаніі Аль Бушэр і Аль Садзірах. Паводле ААНаўскіх інспэктараў, яны бралі на сябе пасярэдніцкія функцыі ў намаганьнях набыць забароненую тэхналёгію ў Беларусі у другой палове 1990-х гадоў.

Сярод тых, хто сабраў сваё ўласнае дасье адносна новых гандлёвых сетак Іраку – два дасьледчыкі са Злучаных Штатаў. Гэта дырэктар адмысловага праекту Ўправы ядзернай зброяй у Вашынгтоне Гары Мілголін і Келі Моц, якія летась выдалі сьпіс пакупнікоў для Іраку. Шматлікія сабраныя імі доказы грунтаваліся на неапублікаванай інфармацыі, якую сабралі збройныя інспэктары ААН. Гэтыя доказы дэталізавалі падазрэньні адносна доўгачасовых намаганьняў Іраку схаваць буйнамаштабную і патаемную праграму пераўзбраеньня.

“Дасьледаваньне паказала, што сетка закупак Садама добра працуе, нягледзячы на санкцыі,” – сказаў Мілголін. “Ёсьць шмат кампаніяў, якія хочуць парушаць эмбарга”.

“Мы разглядаем усё, – кажа Моц, – ад бясплённых перамоваў, якія вяліся да часу, пакуль фірмы не ўсьвядомілі, што хоча набыць рэжым, да кантрактаў, якія былі рэалізаваныя, а тавары знойдзеныя інспэктарамі ў Іраку. Мы маем кантракты на кампанэнты ракетных рухавікоў і кампанэнты кіраваньня ракетамі. Мы фактычна знайшлі некаторае высокаякаснае абсталяваньне, прыдатнае для стварэньня ядзернай зброі, а таксама ваенныя тавары тыпу звычайных гэлікоптэраў і самалётаў, якія былі забароненыя для набыцьця”.

У той час як прадстаўнікі “Бадру” кіраваліся ў Беларусь, інспэктары ААН знайшлі новыя доказы ірацкага сакрэтнага гандлю. Новы набытак – гіраскопы ад дэмантаваных расейскіх міжкантынэнтальных балістычных ракетаў, якія кантрабандным шляхам былі дастаўленыя ў Ірак, а потым выкінутыя ў рэчку як несумяшчальныя з сыстэмамі ірацкіх ракетаў. Яшчэ адна партыя са 115 гіраскопаў была знойдзеная ў Ярданіі ў кастрычніку 1995 году.

Нягледзячы на сталыя перашкоды цягам апошніх васьмі гадоў, ірацкія сакрэтныя гандлёвыя намаганьні застаюцца актыўнымі ва ўсім сьвеце. Доказы гэтаму мы атрымалі два тыдні таму, калі віцэ-прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дык Чэйні ўлучыўся ў дэбаты і запатрабаваў, каб ЗША спынілі ірацкія намаганьні набыць адмысловыя алюмініевыя трубы, прызначаныя для ірацкай газавай сыстэмы ўзбагачэньня.

“Вы можаце шмат гаварыць адносна таго, што ёсьць Ірак,” – сказаў адзін знаёмы з тэмай дыплямат. “Вы можаце спрачацца адносна таго, якую зброю ён мае і ці мае наагул, а калі мае, то колькі і калі яна зможа працаваць. Вы можаце спрачацца пра тое, колькі часу (два месяцы ці дзесяць гадоў) спатрэбіцца Іраку, каб стварыць альбо набыць ядзерную бомбу. Але вы ня можаце спрачацца з доказамі таго, што Садам Гусэйн зноў стварыў сакрэтную сетку набыцьця ўзбраеньняў, і гэта сапраўдная прычына для хваляваньня”.
XS
SM
MD
LG